Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
160.92 МБ
Аднойчы ў мяне была незвычайная сустрэчы з адной пані, яна прыбыла з Вільні і, знаходзячыся ў Пецярбургу сярод палякаў, распавядала, як пакутуюць ад балючай злосці нашыя жанчыны ў краі. Як прыклад прыводзіла просьбы старой Мінейкавай, калі тая даведалася пра яе паездку ў Пецярбург, каб паабяцала і прысягнула, што будзе шукаць яе сына Зыгмунта, высланага ў Сібір, бо ўвесь час бачыць у сне, як ён гуляе па горадзе. Ёй падаецца, што ўцячы вельмі лёгка, хоць да гэтай пары ніхто гэтага не ажыццявіў. «Бедныя маткі! Я не магла яе супакоіць. Вымушана была ёй паабяцаць, што буду шукаць, тым болыл што ў час майго ад’езду ўсучылі мне 400 рублёў, каб я перадала яму, а адначасова з гэтым і маленькі вандзэлачак з дзвюма кашулямі. He магла супрацьстаяць гэтай жанчыне, яна вымусіла мяне туляцца па свеце з пакункам для яе цудоўнага сына, які невядома ў якім сібірскім глухім кутку цяпер
пакутуе. Адбылося, выканала, што паабяцала і на што прысягнула: даведвалася пра яе сына!»
Гэта быў незвычайны выпадак: на гэтым вялікім сходзе патрыятычнай польскай дыяспары прысутнічаў пан прафесар Гейштар523, які працягваў удзельнічаць у нацыянальных патрыятычных справах, ён ведаў ад Плаксіна, што я знаходжуся цяпер у Пецярбургу. Праз некаторы час ён знайшоў магчымасць тайна перамовіцца з гэтай пані, што сон маці адносна яе сына спраўдзілася і што яна можа перадаць прывезеныя грошы і пакунак пры яго пасярэдніцтве мне.
Шаноўная пані, як добрая сяброўка маёй маці, жадаючы павялічыць яе радасць, прасіла аб магчымасці сустрэцца са мной і асабіста перадаць падарункі, што і адбылося праз два дні на нейкай прыватнай кватэры, дзе я наведаў сяброўку сваёй маці і расцалаваў ёй ручкі. Тая самая пані, убачыўшы, што пара кашуль — гэта недастаткова для мяне, занялася падрыхтоўкай цэлага камплекта бялізны, падзяляючы клопаты шматлікай грамады сябровак. Тое самае адбывалася з вопраткай не толькі для мяне, але і для Акінчыца і Вашкевіча. Зрэшты, амаль увесь час я змяняў вопратку, бо жыў у краўца, які шыў для Плаксіна і яго памочнікаў, маючы вялікі выбар разнастайнай вопраткі ад самай лепшай аж да лахманоў.
Доўгі шэраг дзён правёў бяздзейна, шпацыруючы па вуліцах Пецярбурга, пакуль аднойчы пад вечар Плаксін не паведаміў мне, што мае паперы гатовыя і надыходзіць момант энергічных захадаў для атрымання пашпарта для выезду за мяжу на вялікім ангельскім караблі, які праз некалькі дзён адыходзіць з Кранштата ў Гуль524, і што трэба рыхтавацца да выезду.
Прыгожа апранутага, згодна з інструкцыяй Плаксіна і маёй ідэяй, атэлье і краўцом, мяне адвезлі ў гатэль на адной з галоўных вуліц, дзе былі падрыхтаваныя апартаменты для барона фон Мэберта, які прыбываў з Эстоніі, пад імем якога я і пасяліўся на некалькі дзён да часу выезду за мяжу, маючы сваю прыслугу і па-сапраўднаму панскія ўмовы. Момант быў крытычны, я павінен быў іграць ролю барона, дакументы якога былі падробленыя і па якіх я павінен быў рабіць намаганні перад губернатарам Пецярбурга для атрымання пашпарта на выезд за мяжу.
Трэба было ўзброіцца сіламі і не траціць адпаведнага такту, каб з вынікам і гладка прытрымлівацца арыстакратычных звычаяў, для чаго неабходна была практыка, якой даўно ўжо не меў. Перш
за ўсё я сачыў, каб у аднойчы прынятай манеры, нават калі б яна была арыгінальная, паводзіць сябе, выклікаючы прыхільнасць людзей, з якімі сустракаюся.
Губернатарам Пецярбурга тады быў, наколькі памятаю, князь Арлоў525, адзін з найвялікшых вяльможаў. Узброіўшыся адвагай і элегантна апрануты, з маноклем, зайшоў да князя спружыністым крокам, падаючы яму сваё прашэнне. Генерал і князь з ветлівасцю прыняў маладога барона і без затрымкі падпісаў пашпарт, загадаў аднаму з чыноўнікаў накіравацца ў амбасаду Англіі і Францыі зацвердзіць яго і аднесці мне ў гатэль, дзе я жыў. Жадаючы шчаслівай дарогі, хутка развітаўся са мной, бо спяшаўся на аўдыенцыю да цара.
Я не чакаў, каб так хутка і лёгка ўся гэта цяжкая справа вырашылася. He марнуючы часу, зноў жа спружыністым крокам пакінуў палац, каб парадным экіпажам, які мяне чакаў, вярнуцца ў гатэль, куды прыкладна праз гадзіну былі аднесеныя завізаваныя пашпарты, за якія вытанчаны барон меў адпаведныя грошы, каб шчодра ўзнагародзіць спраўнага чыноўніка.
Да ад’езду за мяжу я павінен быў прабыць у Пецярбургу яшчэ два дні і працягваць іграць гэты складаны фарс. Я мусіў прымаць наведвальнікаў барона, яго сяброў і з імі раз’язджаць па горадзе. Сярод іх з’явіўся арыгінальна і элегантна апрануты Плаксін пад гучным імем нейкага барона, якога з цяжкасцю змог пазнаць, ён па сакрэце выказаў сваё захапленне ігранай мной роляй і папрасіў, каб я дапамог яму ў вырашэнні містычнай справы, якая вісіць на ім, але ўзяў з мяне абяцанне, што я не буду цікавіцца і задаваць пытанні, каб разгадаць сутнасць справы. Ён мне казаў, што гэтым я разлічуся з ім за ўсё тое, што ён зрабіў для нас траіх. Жаданне Плаксіна абмяжоўвалася тым, каб вечарам таго самага дня я ўзяў нумар у гатэлі і пад пэўным прозвішчам у ім пасяліўся і чакаў на прыбыццё маладой асобы, загад якой я павінен выканаць без ваганняў, не чапляючыся і не нападаючы. Асоба гэтая павінна была пастукаць у мой пакой асаблівым чынам. Зразумела, што я без ваганняў пагадзіўся выканаць пажаданне Плаксіна, нават нягледзячы на тое, што гэта магло мяне выдаць.
He думаў, каб суўдзельнічаючы ў гэтай справе, я рабіўся адказным за амаральны ўчынак; дапускаў, што тут адбываецца нейкая любоўная альбо нігілістычная інтрыга. Я не мог адмовіць, хоць ніколі не любіў удзельнічаць у справах, не ведаючы мэты. He хацеў,
каб маскаль мог абвінаваціць паляка у тым, што пасля аказання значнай дапамогі збаяўся, не жадаючы дапамагчы ў такой нязначнай справе. Да сёння не ведаю, ці ляжыць у выніку на мне нейкая адказнасць за дачыненне да здзяйснення амаральнага ўчынку, а можа, і злачынства.
Я выканаў усё дакладна па інструкцыі. Праз нейкі час у маім пакоі з’явілася маладая, прыгожа апранутая жанчына, і калі я сказаў, што я застаюся ў яе распараджэнні, папрасіла, каб я пакінуў яе адну і не вяртаўся ў гатэль. Я падпарадкаваўся яе жаданню, а калі адыходзіў, пачуў паварот ключа ў замку майго пакоя.
Наступны дзень быў апошнім днём майго побыту ў Пецярбургу. Прыкладна ў 9 гадзін раніцы я быў ужо ў Кранштаце, у порце якога знаходзіўся выдатны англійскі карабель на пары, што павінен быў хутка адысці ў Капенгаген, да якога на лодках накіроўваліся пасажыры і рэшткі запозненага грузу. Вялікая колькасць стройных мужчын і дастатковая колькасць таксама зграбных пань абкружала барона фон Мэберта, каб развітальным пацісканнем рукі і пацалункамі абараніць яго ад падазрэнняў і небяспекі. Калі я быў ужо ў лодцы з парай валізак з маёй вопраткай і служачых з гатэля, якія мне дапамагалі, прыгожыя пані, не задаволіўшыся развітальнымі пацалункамі, доўга махалі хустачкамі.
Плаксіна ў Кранштаце не было, ён развітаўся са мной яшчэ ў Пецярбургу, сардэчна дзякуючы за аказаную яму паслугу, якая засталася вялікім цяжарам на маім сумленні, бо была цёмная.
Раздзел XVIII.
У дарозе морам з Кранштата ў Капенгаген і Гельдэр
Хоць і скончылася ўсё паспяхова, даючы мне права лічыць сябе стварэннем зачараванага кола, неспакой не пакідаў мяне, ён сядзеў глыбока ўсярэдзіне, бо я быў моцным і не дапускаў, каб ён праявіўся знешне.
Пасля размяшчэння на караблі я мог застацца адзін у багата аздобленых пакоях першага класа, пазбягаючы кантактаў з людзьмі, якія суправаджалі да апошняй хвіліны карабель, які адплываў. |...] Я ведаў, што лепш працягваць іграць блазнаватую ролю барона з абсалютным поспехам, застаючыся навідавоку, чым хавацца, што магло выклікаць адносна мяне падазрэнне. Я таксама хацеў увесь час быць сведкам таго, што вакол мяне адбываецца, каб у неабходных выпадках абараніцца, калі б гэта было магчыма. Таму пасля агляду маёй каюты і размяшчэння багажу я зноў апынуўся на палубе, каб быць сведкам падрыхтоўкі да адплыцця карабля ў адкрытае мора, удзельнічаючы ў развітаннях, сланых здалёк.
Я спакойна ўздыхнуў, калі порт знік з далягляду, ведаючы, калі б нават стала вядома пра мае ўцёкі, што ніхто нас не дагоніць да Капенгагена, сталіцы Даніі, дзе карабель, на якім мы плылі, павінен будзе затрымацца і дзе мой арышт мог бы адбыцца толькі дзякуючы прыхільнаму стаўленню да Расіі як англійскай каманды карабля, так і дацкага ўрада.
Я яшчэ не быў абсалютна вольным, яшчэ быў вымушаны карыстацца псеўданімам і іграць ролю барона, карыстаючыся добразычлівасцю капітана карабля падчас абеду за сталом і падчас падарожжа, ад чаго я марыў пазбавіцца як мага хутчэй. Я хацеў пахваліцца і распавесці ўсяму свету, што ў мяне атрымалася вызваліцца з нявольніцкіх кайданаў, ад пакутаў сібірскай катаргі, на што быў асуджаны за тое, што падтрымаў святую справу барацьбы за вызваленне бацькаўшчыны. На жаль, пасля падзення Польшчы, дэспатызм так распаўсюдзіўся па свеце, што нават прагрэсіўныя
і цывілізаваныя краіны, сярод якіх знаходзілася Англія, ухвалялі маскалёў за ўсталяванне варварскага ладу ў нас і нядаўні захоп Даніі Германіяй526, які да гэтага асацыявалі з Расіяй.
Я ўпэўнены, што той самы капітан англійскага карабля, які кланяўся мне як маскоўскаму барону, неадкладна мяне б арыштаваў, калі б даведаўся, што я польскі ўцякач; тое самае зрабілі б дацкія ўлады ў Капенгагене, жадаючы падлашчыцца да Расіі, нягледзячы на тое што яна не пратэставала супраць таго, каб немцы захапілі частку Даніі, нягледзячы на тое што Дагмара527 была царыцай. Гэта прывяло да таго, што, знаходзячыся далёка ад Расіі, я павінен быў усё яшчэ ад яе хавацца перад маральна спарахнелай Еўропы не толькі тады, але і сёння, калі гэта пішу.
Прыгожае надвор’е суправаджала нас у час падарожжа ў Капенгаген, таму падарожнікі ажывіліся, а я, забываючыся пра перажытыя клопаты, спакойна разважаў пра далейшы лёс, які павінен быў мяне напаткаць ужо ў блізкай будучыні.
Я ўжо дакладна не памятаю, як доўга гэтае шыкоўнае падарожжа цягнулася, ведаю толькі, што пад вечар прыбыў у Капенгаген і затрымаўся ў гатэлі «Фенікс», дзе быў зарэгістраваны як барон фон Мэберт, губернскі сакратар расійскай дзяржавы. Тытул і ранг забяспечвалі мне асаблівае стаўленне персаналу гатэля, сярод якога былі і тыя, хто ўмеў размаўляць па-руску. Я ніколі не думаў, што буду гасцяваць у гэтым цікавым для палякаў горадзе, некалі з поспехам здабываным нашай кавалерыяй. Я хутка выбег, каб як мага падрабязней яго разгледзець, даючы самому сабе справаздачу аб перажытых уражаннях.