Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
160.92 МБ
Мне падабалася ідэальная чысціня горада, вулічны брук і маляўніча-прыгожа пабудаваныя тратуары. Вечарам паводле падказак, дадзеных у гатэлі, я накіраваўся да вялікага парка за горад, багатага на рознага кшталту забавы, тэатры і канцэрты, дзе шматлікая публіка бавіла час. Можна было падумаць, што ў гэтай краіне ніколі не бывае смутку і што захоп драпежнымі немцамі Гольштайна і Шлезвіга ніяк не паўплываў на іх.
Я хутка пераканаўся, што моцна памыліўся, бо ўсе гэтыя забавы былі накіраваныя супраць немцаў і выкрывалі заганы гэтай агіднай нацыі, каб выклікаць агіду ў народа, распаўсюджваць і падтрымліваць неабходны патрыятычны дух для выгнання драпежніка. Усё гэта павялічвала маю сімпатыю да датчанаў, тым больш што гэты малаколькасны народ адчуваў у сабе абавязак
рыхтавацца да помсты. Нягледзячы на тое што ў мяне не было кампаніі, я застаўся да канца забавы, забіраючы з сабой багаты запас успамінаў з дацкай сатыры, выкарыстанай супраць тэўтонцаў.
Пасля таго як я вярнуўся ў гатэль, мяне доўга мучылі жахі нямецкіх карыкатур, якія паказваліся ў тэатрах дацкага парка, яны сваёй агідай папсавалі мне адпачынак, трэба было пазбаўляцца іх уплыву. Перад тым як на наступны дзень пакінуць Капенгаген, у мяне была магчымасць дэтальна агледзець гэты горад, захоўваючы да сёння добрыя ўспаміны.
Акрамя мяне, на англійскі карабель вярнулася сям’я інжынера, якая падарожнічала са мной з Кранштата ў Капенгаген, каб працягнуць на ім рэшту дарогі ў Гуль. Мы былі задаволеныя нашай сустрэчай, бо адчувалі ўзаемную сімпатыю, хоць размовы да гэтага абмяжоўваліся ветлівымі выразамі за агульным сталом падчас сняданкаў і абедаў. Цяпер мы віталіся як даўнейшыя знаёмыя, узаемна рэкамендуючыся, у выніку чаго я даведаўся іх прозвішча, цяпер забытае, і пра тое, што нашае падарожжа скончыцца ў горадзе Гуль, адкуль яны паедуць у Гельдэр528, а я ў Францыю.
Я знаходзіўся ў прыемнай кампаніі галандца, ён вяртаўся з Расіі дамоў разам з маладой жонкай і дзіцем, якому было некалькі месяцаў, пасля завяршэння інжынернай службы на будове нейкай чыгункі. Што тычыцца мяне, я ўсё яшчэ з’яўляўся баронам фон Мэбертам і, прыняты за эстонца, заслужыў прыязнае стаўленне, бо з размовы з інжынерам я зразумеў, што ён не быў надта прыхільна настроены да маскалёў і па вяртанні ў Галандыю не жадаў аднаўляць кантактаў. Мы былі адзінымі, хто падарожнічаў першым класам, і гэта нас яшчэ больш зблізіла.
Пакуль мы праходзілі праз вузкі канал, пасля таго як пакінулі порт, мы прадбачылі, што будзе дрэннае надвор’е, бо часам раптоўны вецер калыхаў карабель. Яшчэ да ночы, калі выплылі ў Нямецкае мора, пачалася бура, што вымусіла маладую сям’ю спешна спусціцца ўніз карабля, падчас чаго я ім дапамагаў пераносіць дзіця, бо служанка, якая даглядала яго, як і бацькі, раптоўна занядужылі. Я, у сваю чаргу, не маючы марской хваробы, вярнуўся на палубу карабля, жадаючы быць сведкам распачатых спроб выратавання ад смерці пары коней, дасланых у падарунак каралеве Вікторыі ад расійскага цара, іх павесілі на пасах дзеля выратавання галоў ад удараў аб дошкі загарадак і забяспечылі падушкамі. Бура замест таго, каб супакоіцца, усё ўзрастала, а калыханне ка-
рабля набірала незвычайную моц, праз што хутка гэтыя прыгожыя пародзістыя стварэнні загінулі, а трупы былі выкінутыя ў мора.
Капітан і ўся абслуга знаходзіліся ў руху, намагаючыся выратаваць карабель, які хаатычна хістаўся ў розныя бакі. Бура ператварылася ва ўраган. Машына перастала функцыянаваць, падалі мачты, вада праз усе магчымыя адтуліны залівалася ў сярэдзіну карабля. Капітан загадаў іх заваліць, каб уратаваць пасажыраў, да якіх належаў і я, каб хвалі не змылі іх з карабля. Небяспека затаплення была відавочная. Карабель без мачтаў і пары мог разбіцца, несены ветрамі ў незразумелым напрамку.
Апынуўшыся ў вялікай зале карабля, дзе пару гадзін таму пакінуў сімпатычную пару галандцаў, я знайшоў іх у страшэнным стане, змучаных хваробай, змоклых, яны стагналі. Маленькае дзіцятка моцна плакала, таксама зусім мокрае, а хворая маці не была ў стане нешта зрабіць, не маючы сухой бялізны, каб сагрэць замерзлае дзіця. Я парваў прасціну ў сваёй каюце і, нарабіўшы сухіх пялюшак, належным чынам загарнуў маленькага сыночка, аддаючы яго роспачнай і спакутаванай маці, каб яна яго накарміла. Далей апекаванне над супакоеным і сагрэтым сыночкам заставалася ў маіх руках, бо бацькі і малая служанка не былі ў стане паклапаціцца, ім самім неабходна была дапамога ў пераходзе на вышэйшы паверх, каб размясціцца на сухіх месцах, у чым я і адзін са слуг, які заставаўся здаровым, дапамаглі ім.
Я быў бясконца шчаслівы, што прырода абараніла мяне ад марской хваробы; часта ў даўнейшых падарожжах маракі здзіўляліся, што толькі мой апетыт падвойваўся з узмацненнем буры. Часам гэтая хвароба апаноўвала нават маракоў, а я заставаўся здаровым і абыякавым да яе. Мне не падабалася, што я быў замкнуты. Я хваляваўся, што ў выпадку затаплення карабля не змагу выратавацца. Мне не хацелася патануць у канцы сваіх уцёкаў.
Тым часам раптоўныя штуршкі часта паўтараліся на працягу доўгага перыяду, што выклікала дрыжыкі і стогны ў хворых сяброў, а таксама ваніты, яны, абапершыся, трымаліся за парэнчы сваіх пасцеляў. Маленькае дзіця знаходзілася пад маёй апекай, я змяняў пялюшкі і ў моманты больш спакойныя перадаваў прыгожай збалелай маці накарміць згаладалага сына. Позіркам яна бязмежна дзякавала мне за апеку над яе сынам. Бацька слабым голасам таксама дзякаваў мне, называючы барона іх збаўцам і апекуном. Доўга паўтараліся жудасныя сцэны і пакуты.
Толькі раніцай заўважыў, што раптоўна надышлі змены. Хутка хворыя пачалі засынаць на сваіх ложках, а рэзкія рухі карабля паволі сціхалі. Надышла доўгачаканая хвіліна, калі запасы карабля былі адкрытыя і з’явіўся капітан карабля, каб аб’явіць пра нашае выратаванне і забяспечыць згаладалых ежай і напоямі, есці хацеў толькі я, бо хворыя яшчэ не зусім ачунялі ад перажытых пакутаў.
Хутка на золку раптоўна запанавала абсалютная цішыня, а карабель у момант, калі я накіраваўся на палубу, аддаючы дзіця маці, заставаўся нерухомым, бо мачты і ветразі былі абадраныя і пары ён не меў. У сваю чаргу, карабельная служба пад кіраўніцтвам афіцэраў замацоўвала на звязаных жэрдках, каб падоўжыць іх, чорны сцяг, просячы так дапамогі ў караблёў, якія выпадкова маглі праплываць паблізу.
На моры запанавала цішыня, якая даводзіла нас да роспачы, бо мы дачакаліся поўдня, застаючыся на адным месцы. Дапамога не з’яўлялася. Гэтая страшэнная бура на вялікую адлегласць ачысціла мора ад руху, топячы альбо разбіваючы аб скалы марскіх узбярэжжаў караблі, ад чаго ў нашага капітана атрымалася нас выратаваць, затрымліваючы свой карабель на марскіх глыбінях далёка ад берага.
Выратаваным прыходзіла ў галаву думка, што выклятая марская моц асудзіла нас на згубу ў сваіх глыбінях, даючы тым часам адпачынак для таго, каб набрацца сілаў для наступнай буры. Доўгія гадзіны працякалі ў стане вар’яцтва ў напаўсонных пацярпелых ад крушэння, што калі яны абудзіліся, убачылі на заходзе сонца набліжэнне маленькага парахода, упрыгожанага галандскім сцягам, ён спяшаўся нам на дапамогу. Радаснае вітанне хутка скончылася, а вялікі ангельскі карабель быў прышвартаваны да маленькага галандскага парахода, ідучы ўслед за ім, відавочна саромеючыся сваёй няздатнасці.
Падарожнічаючы такім чынам пад ценем ночы аж да раніцы наступнага дня, мы прыбылі ў порт горада Гельдэр, які знаходзіўся на галандскім узбярэжжы каля ўваходу ў праліў мора Зёйдэрзэ529. Капітан англійскага карабля паведаміў пасажырам, якія аплацілі дарогу да порту ў горадзе Гуль у Англіі, што грошы ім не вернуць, а яны маюць права застацца на караблі да канца яго рамонту, карыстаючыся магчымасцю атрымліваць кожны дзень у вызначаныя гадзіны ежу. Працы па ўзнаўленні былі сур’ёзныя; падлічана, што працягнуцца яны пару тыдняў.
Капітан карабля ў сувязі з праверкай маёй вытрымкі перад марской хваробай моцна сімпатызаваў барону фон Мэберту. Ён вельмі запрашаў мяне застацца з ім у гэты час на караблі, робячы выправы на сушу, каб вудзіць рыбу. Да гэтага яшчэ мацней узрадавалася галандская пара, што іх падарожжа нечаканым чынам завяршалася, яны з карабля, які набліжаўся да берага, паказвалі свой дом, запрашаючы застацца ў іх у гасцях, пазнаёміцца з сям’ёй, яны лічылі мяне выратавальнікам і сябрам.
Падзякаваўшы капітану, я сказаў, што пан інжынер разам са сваёй жонкай апярэдзілі яго з запрашэннем, якое я прыняў; не адмаўляючыся ў любым выпадку, пакуль буду ў Гельдэры, наведваць яго на караблі, карыстаючыся мілым для мяне таварыствам і ўдзелам ў прапанаваных забавах. Так я нечакана апынуўся ў Галандыі, маючы магчымасць затрымацца, забываючы пра сумныя прыгоды і перажытыя клопаты.
3 карабля я адразу накіраваўся ў госці да галандскай сям’і, мяне прынялі надзвычай гасцінна старыя бацькі інжынера і яго шматлікія браты і сёстры, з якімі адразу сышоўся, нібы мы даўно былі знаёмыя, без прынятых цырымоній. Пачуўшы подых волі і сямейнага шчасця, якое атрымліваў ад мілых чужынцаў, што прымалі мяне, як сваяка, я прымаў сваіх равеснікаў і маладзейшых за мяне як кузэнаў, так і любых кузіначак. Паміж намі запанавала гармонія, жаданне бесперапынных гульняў і руху, у чым старэйшыя не перашкаджалі. Нам заўсёды было добра. Так незаўважна прайшоў тыдзень, нічый настрой за гэты час не змяніўся.
Разам мы наведалі капітана, пасля яго запрасілі на абед да нас, такім чынам наш час праходзіў у падарожжах і прыгожых прыёмах на караблі. Мне нават думаць не дазвалялі аб хуткім выездзе, пакуль карабель рамантаваўся, маючы ў дапамогу капітана, які саюзнічаў з імі супраць вясёлага барона, як мяне называлі.
Нарэшце адноўлены карабель, з выдатнымі мачтамі, пакінуў порт Гельдэр, яго былыя пасажыры развітваліся з ім, а я застаўся ў гасцях. Маленькая паслуга, абсалютна натуральная, стала прычынай таго, што ў ёй бачыўся геройскі ўчынак. Гэтая ўзорная сям’я шчыра палюбіла мяне, а я да яе прывязаўся настолькі, што не лічыў сябе лішнім сярод іх, адкладаючы свой выезд з дня на дзень. Я ведаў, што мог бы скончыць сваю вандроўку, знаходзячы гарантаваную бяспеку ў Галандыі пад прозвішчам Мінейкі, уцекача з Сібіры, пры дапамозе гэтай сям’і, якая таксама, безумоўна,