Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
160.92 МБ
Французы паводзілі сябе з намі, як з бедакамі, якіх можна штурхаць. Забыліся, што мы палякі, якія мужна змагаліся за іх, і добра частавалі, зводзячы нас да становішча бедакоў, пра якіх можна клапаціцца, даглядаць, але і зневажаць. Французы ж ведалі, што мы за іх шчодра пралівалі кроў, за якую паляк ніколі і ў нікога ўзнагароды не патрабаваў, а ад ахвяраванага адмаўляўся. Іх неадпаведныя паводзіны дазвалялі нам падазраваць, што ў сувязі з дыпламатычнымі захадамі французы заляцаліся да нашых ворагаў маскалёў, а прыніжаючы нас, хацелі спадабацца ім.
Наш падзёншчык увогуле не вытрымаў і адкінуў прапанаваную ямудапамогу як непатрэбную. Наша інтэлігенцыя была вымушаная браць ахвяраванні, бо знаходзілася ў безвыходным стане. Мільён,
выдзелены для эміграцыі 1863 г., рос у размовах французаў да шматмільённай міласціны, шчодра кінутай для бедных палякаў. Ператвараліся ў клапатлівых апекуноў, забываючыся, што зусім нядаўна мы таксама былі моцныя і маглі з ахвотай праліваць сваю кроў за французаў.
Пераезд у новыя кватэры.
Вялікая нястача і барацьба з нэндзай.
Дапамога згаладалым у наваствораных польскіх майстэрнях.
Майстэрня мужыка са Жмудзі
Праз некалькі тыдняў, пражытых у Парыжы, калі я, частаваны адшуканымі таварышамі і сябрамі, пражываў рэшткі запасаў, якія засталіся з уцёкаў, зразумеў, што мне пачынае пагражаць нястача, вымушаючы пакінуць дарагі гатэль «Карнэль». Карыстаючыся дапамогай таварышаў Курневіча і Жэляшкевіча, я пераехаў у іх жытло ў гатэлі «Дэ Ларыве», прымаючы яго ў спадчыну пасля таго, як яны скіраваліся ў вайсковую школу Сен-Сір. У новай кватэры — аплачанай за месяц наперад — я мог заставацца яшчэ некалькі тыдняў.
Пасля разліку ў гатэлі «Карнэль» значную частку наяўных грошай я выкарыстаў на закупку кніг, неабходных для ўзнаўлення праграмных ведаў і здачы экзаменаў у Школу Генеральнага штаба ў Парыжы, да якіх я вырашыў рыхтавацца, не марнуючы часу. У мяне атрымалася пасля таго, як прайшоў тэрмін бясплатнага пражывання, знайсці ў тым самым гатэлі гарышча, пакойчык за 10 фр. у месяц, у якім змяшчаўся вузкі ложак, стол і крэселка. На большы камфорт нельга было разлічваць, бо грошы мае імгненна знікалі.
Аказалася, што, нягледзячы на ўведзеную вялікую эканомію, я хутка застануся без сродкаў да існавання. Я добра ведаў, што мне нельга было звяртацца па дапамогу да маці, якая без роздуму дасылала б мне грошы. У краі яшчэ панавала нястача. Я не меў права патрабаваць дапамогі з радзімы.
Таму я вырашыў звярнуцца па дапамогу, вызначанай эмігрантам 1863 г. французамі, згодна са значнасцю маёй асобы, як гэта рабіла вялікая колькасць землякоў. Намаганнямі Баляслава Свентаржэцкага, які па-асабліваму ставіўся да мяне з самай першай сустрэчы, Эміграцыйная камісія змагла атрымаць месячны крэдыт у памеры 35 фр., які прызначаўся мне як старшаму афіцэру. Гэтага мне павінна было хапіць для забеспячэння разнастайных
патрэб. Мне выплацілі грошы за ўвесь час майго знаходжання ў Парыжы, таму ў мяне аказалася пэўная лішка, якая, далучаная да рэштак маіх капіталаў, забяспечвала магчымасць паляпшэння маёй гаспадаркі, я мог купіць новы абутак і адрамантаваць вопратку.
У мяне заставалася 35 фр. на месяц, з якіх 10 служылі для аплаты кватэры, a 25 фр. было на харчаванне і на мыццё бялізны, якую трэба было змяняць хоць бы раз на тыдзень. Я разлічваў, што з наяўных 83 сантымаў кожны дзень буду мець магчымасць у сталовай за 25 сантымаў раніцай выпіць шклянку кавы з малаком і з’есці булачку, а ў дзень за 30 сантымаў вялікую лыжку супу і кавалак хлеба ў дабрачыннай арганізацыі, куды скіроўваліся бедныя і галодныя. На астатнія 28 сантымаў трэба было купіць хоць бы кавалак хлеба, захоўваючы трошкі грошай на астатнія патрэбы, хоць бы пару разоў на тыдзень, калі не кожны дзень, сустрэцца і пачытаць газеты ў кавярні з землякамі, што падтрымлівала нас маральна.
Таксама трэба было пакінуць трошкі грошай, каб быць чыста апранутым, бо інакш і без цыліндра на галаве ўваход у вялікія кавярні быў недапушчальны, дзе, седзячы на працягу доўгага часу, мы маглі, акрамя чытання газет, іграць у шахматы і размаўляць з таварышамі. Ашчаднасці такога кшталту атрымлівалася зрабіць, ходзячы ў госці да самых багатых землякоў, якія сталаваліся ў суполцы, альбо да землякоў з працоўнага класа, якія змаглі адчыніць свае майстэрні і дзе меліся порцыі для гасцей.
Адной з такіх майстэрняў было вялікае прадпрыемства па вырабе цудоўнай мэблі, якое належала мужыку са Жмудзі, аднаму з адважных начальнікаў паўстання, які, уцёкшы ў Парыж і ведаючы сталярную справу, на працягу некалькіх месяцаў вучыўся і, стаўшы дасканалым майстрам, заснаваў фабрыку цудоўнай мэблі, дзе некалькі дзясяткаў палякаў знайшлі працу ў якасці майстроў і практыкантаў. На гэтым прадпрыемстве рабілася мэбля з мастацкім аздабленнем па зніжаным кошце і добрай якасці, што забяспечвала яму вялікую колькасць заказаў, а таксама заробак, але стваральнік гэтай фабрыкі, ахоплены тугой па радзіме, пакінуў яе, вяртаючыся ў ваколіцы Палангі, каб там рыхтаваць новае паўстанне для вызвалення любімай радзімы з няволі. Ён быў перакананы, што ўжо надышоў адпаведны момант для нашага адраджэння, і ніхто не змог яго стрымаць.
Больш за ўсіх землякоў ён любіў мяне, бо сямейнае гняздо Мінеек, якое знаходзілася недалёка ад Палангі, было яму вядомае,
як і маё мінулае. Ён хацеў мяне пераканаць, каб я вярнуўся з ім на радзіму, аддаючыся пад мае загады і абяцаючы сфармаваць вялікія, на гэты раз пераможныя атрады. Я даказваў яму, што ён памыляецца і што цяпер на тых эмігрантах, якія знаходзяцца за мяжой, ляжыць абавязак падрыхтаваць будучае паўстанне, атрымліваючы веды ў вайсковых навуках і збіраючы грошы для закупкі зброі і матэрыялаў, у чым даходы з яго фабрыкі маглі б добра дапамагчы.
Я не змог яго пераканаць. Ён пакінуў цалкам арганізаваную і з вялікай колькасцю матэрыялу сваю фабрыку на карысць людзей, якія там працавалі, а сам, узяўшы невялікую суму на дарогу, паехаў у Польшчу, гнаны моцнай настальгіяй. Я забыўся прозвішча нашага адважнага мужыка і знакамітага начальніка паўстання ў Жмудзі. У мяне няма пад рукой матэрыялаў, каб асвяжыць памяць. Пакідаю маім чытачам узгадаць гэта, што з лёгкасцю яны зробяць, бо я спяшаюся, не ведаючы, ці дажыву да заўтра, а хацеў бы як мага болей напісаць пра тое, што яшчэ памятаю. Пакуль ён знаходзіўся ў Парыжы, затрымліваў мяне ў сябе, жадаючы, каб я пасяліўся ў яго. Я не мог пагадзіцца, бо павінен быў заставацца ў адзіноце, рыхтуючыся да экзаменаў. Ніколі я не чуў пра далейшы лёс гэтага вялікага патрыёта. Найверагодней, ён трапіў у рукі маскалёў і быў імі закатаваны.
Былі і меншыя прадпрыемствы, якія належалі нашым эмігрантам, дзе частавалі наведвальнікаў з вялікай сардэчнасцю, чым была хата багатай, звычайна павялічваючы колькасць віна, каб выпіць за іх здароўе, але нашая інтэлігенцыя не была навязлівая і не хацела злоўжываць іх дабрынёй, умеючы пераносіць нястачу.
Мне ўзгадваецца п. Малінары, адвакат з Вільні, які, уцёкшы ў Парыж, убачыў, што не зможа знайсці адпаведнага занятку, пайшоў практыкантам да шаўца, задарма працуючы цэлы год. Пасля гэтага арганізаваў сваё прадпрыемства ў маленькім гарадскім завулку, у сваёй кватэры, займаючыся рамонтам і латаннем зношанага абутку. У хуткім часе ў яго было столькі кліентуры, што ён змог перавезці з Вільні сваю жонку і дзяцей. Увесь час п. Малінары працаваў, стукаючы малатком, але ён меў платных памочнікаў і вучняў, каб выканаць пажаданні вялікай кліентуры на рамонт старога абутку і пашыў новых чаравікаў і ботаў. У спадарства Малінараў часта збіраліся эмігранты з Вільні, я таксама ў іх быў жаданым госцем.
Пра Баляслава Свентаржэцкага і пра яго намаганні аб прыняцці палякаў у Школу Генеральнага штаба
Найбольш блізкія адносіны ў мяне ўсталяваліся з Баляславам Свентаржэцкім; мы адчувалі ўзаемную сяброўскую сімпатыю, знаходзячы абавязковай патрэбу правядзення аднаго дня ў тыдзень разам. Хоць ён быў на 10 гадоў старэйшы за мяне, мы не адчувалі гэтай розніцы. Баляслаў Свентаржэцкі быў вельмі багаты, кіраваў вялікім маёнткам, атрыманым у спадчыну па бацьку на Гродзеншчыне, і пасагам жонкі, якую нядаўна пахаваў у Паўднёвай Францыі, яна памерла ад сухотаў. Вялікі свой маёнтак ён выдаткаваў на паўстанне, а рэшту капіталаў — на ратаванне жыцця сваёй маладой жонкі.
Прыгожы, вялікі сваімі ўчынкамі грамадзянін Баляслаў Свентаржэцкі быў любімцам эміграцыі 1863 г., якая абрала яго сваім прадстаўніком у Саюзнай камісіі, у той час калі п. Рушчэўскі прадстаўляў перад французскім урадам эміграцыю 1831 г. Нададзены момант Свентаржэцкі быў у крытычнай эканамічнай сітуацыі, быў вымушаны прадаваць астатнія рэчы, каб аплаціць і звольніць служанак, якім належала месячная аплата. Я наведваў яго прыкладна раз на тыдзень у той самай яго кватэры, дзе ён сам сябе абслугоўваў.
Будучы ў яго ў гасцях, мы самі накрывалі на стол і спажывалі купленую ў горадзе ежу. Вялікі графін з вадой і бутэлька чырвонага віна дапамагалі нам з’ядаць парэзаную на скрылі чырвоную галоўку галандскага сыру з адпаведнай колькасцю хлеба. He заўсёды былі ў нас такія абеды. У час вялікіх святаў Свентаржэцкі заказваў у charcuterie551, што знаходзілася недалёка ад яго кватэры, дзве вялікія катлеты a la saucepiquante552, па франку за кожную.
Звычайна, знаходзячыся ў яго ў гасцях, я заставаўся начаваць, каб працягваць яшчэ на доўгія гадзіны нашыя дэбаты адносна здзейсненых памылак у недалёкім мінулым і пазбягання іх паўтарэння ў будучыні. Перш за ўсё Баляслаў Свентаржэцкі клапаціўся аб палёгцы для мяне падчас здачы экзаменаў у Школу Генеральнага штаба, якія павінны адбыцца ў наступным годзе, лічачы, што я маю адпаведную адукацыю і здольнасці, каб з карысцю вывучаць вышэйшае вайсковае майстэрства для будучых паслуг бацькаўшчыне.
У гэтай школе кожны год выдзялялася ад двух да трох месцаў іншаземцам, бо ўсе астатнія лекцыйныя залы былі занятыя французскімі афіцэрамі, якія паспяхова скончылі школу Сен-Сір і політэхнічную553, а таксама канкурсантамі з войска. 3 усіх іншых краін, якія не мелі дома вышэйшых навучальных устаноў па вайсковым майстэрстве, высылалі прэтэндэнтаў асабліва ў Парыж, бо ў французскай Школе Генеральнага штаба была практыка. Каб мець гэтую магчымасць, папярэдне трэба было дасканала авалодаць тэорыяй у іншых навучальных установах.