Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
160.92 МБ
Падчас нашых адпачынкаў на вялікіх этапах увесь час адбываўся рух. Усе былі нечым занятыя, размяркоўваючы час на выкананне гаспадарчых патрэб, навучанне якому-небудзь рамяству і заспакаенне духоўных патрэб. Заўсёды трымаліся высокай і ўзорнай маральнасці і ніколі не дазваляліся злоўжыванні, хоць жартачкі і гумар прысутнічалі, для выпраўлення памылак і чалавечых заганаў.
У нашай партыі было некалькі жанчын, асуджаных на працы ў капальнях, а большасць паняў і паненак былі высланыя ў сібірскія вёскі і гарады. Адносна нашых жанчын усе трымаліся строга. Усе захоўвалі належную павагу да гэтых жанчын, ахвярнасць якіх на карысць радзімы выправіла іх на цяжкі выгнанніцкі лёс. Падчас начлегаў на вялікіх этапах ім выдзяляліся асобныя памяшканні пад апекай і наглядам некалькіх ксяндзоў, таварышаў па падарожжы.
У сваю чаргу, на малых этапах кабеты размяшчаліся выключна пад нарамі, маючы там вялікую прастору, па баках якіх размяшчаліся нашыя капланы, не дапускаючы ніводнага маладзёна зазірнуць. У выніку чаго нарадзілася жартаўлівая песенька, якая пачыналася наступным чынам:
Poszly panny pod nary, pod nary, A za nimi wikary, wikary wlazl502.
Доўгі час яна была модная. Яе пелі пад акампанемент жанчын, якія за гэтыя нявінныя жарты зусім не злаваліся, бо і ў цяжкой нашай сітуацыі і ў жахлівым становішчы чалавек не можа смуткаваць увесь час.
Сярод нас і далей з’яўляліся ахвяры тыфу. У Пярмі мы пакінулі некалькіх чалавек у мясцовым вялікім шпіталі і сярод іх старасту нашай партыі. Я зноў быў вымушаны пад націскам таварышаў прыняць гэтыя абавязкі, хоць пра гэта я траціў шмат часу і не мог рабіць столькі шапак, як раней, а таксама займацца іншымі справамі. Таварыш, які выконваў гэтыя абавязкі, а цяпер закрануты хваробай, даведаўшыся, што я выконваў раней абавязкі старасты, хацеў падаць у адстаўку, але я сказаў, што ні ў якім выпадку не прыму гэтыя цяжкія абавязкі, пры тым, што стан майго здароўя з-за хваробы заставаўся не найлепшым. Цяпер гэты аргумент не прымаўся, я зноў быў зусім здаровы і вымушаны падпарадкавацца агульнаму жаданню.
Пасля таго як мы пакінулі Перм, нашае падарожжа ў паўночнаўсходнім напрамку праходзіла па гарыстым краі, з багатымі лясамі, поўнымі дзікай жывёлы, да вяршынь Уральскіх гор, дзе знаходзіліся багатыя капальні. Горы, якія мы праходзілі, паднімаліся паволі, і, нягледзячы на тое што мы выпраўляліся да высокай кропкі, дзе знаходзілася вяршыня ланцуга Уральскіх гор, мы не маглі яе адзначыць, гэтая вяршыня, аддзяляючы Расійскую імперыю ад азіяцкай Сібіры, не магла нам спадабацйа. Толькі веданне геаграфіі дазволіла нам канстатаваць факт, што мы прыбылі на вяршыню, хоць і не ведалі, дзе менавіта мы яе дасягнулі і калі яе пакінулі, бо вяршыня гэтая больш падобная да шырокай даліны, з якой павінен пачацца павольны сібірскі спуск да Табольска503.
Увесь час на працягу доўгага падарожжа з Пярмі аж да гэтай вяршыні, выконваючы абавязкі старасты, мне неабходна было
вырашаць разнастайныя праблемы і ўлагоджваць справы, што ўзнікалі паміж намі, і супакойваць сваркі, якія распачыналі начальнікі этапаў, што хацелі пакараць каго-небудзь з нас за непадпарадкаванне, праяўленае перад салдафонамі падчас падарожжа. У большасці сваёй начальнікі гэтых этапаў ставіліся да нас паблажліва і з жаданнем ліквідаваць звады, якія маглі іх саміх прыцягнуць да адказнасці і да страты займанай пасады, але трапляліся сярод іх жорсткія і бязлітасныя, яны шукалі зачэпак, якія не так лёгка можна было стрымаць. Я добра ведаў рускую мову, а таксама характар маскалёў, таму ў мяне заўсёды атрымлівалася быць у добрых адносінах з усімі.
Шмат цікавых выпадкаў я мог бы распавесці, калі б пісаў гэтыя дзённікі пасля маіх уцёкаў у Францыю, але тады ў мяне не было на гэта часу, а цяпер, праз 60 гадоў пасля гэтага падарожжа, у 85 гадоў майго жыцця я ўжо забыў шматлікія дэталі; шмат фактаў, імёнаў, людзей і мясцін сцерліся ў памяці. У мяне няма ніякага матэрыялу, на які я мог бы спаслацца альбо зачытаць, калі б нешта падобнае знайшоў, і прагледзець геаграфічныя мапы, бо зрок мой сапсаваўся. Толькі ўдзень я з цяжкасцю чытаю і пішу, а вечарамі я здольны займацца толькі кабалой разам са сваёй дарагой жонкай, з якой пражываем 51 год нашага шчаслівага сумеснага жыцця. Вячэрнія газеты мне акуратна чытаў мой першынец Станіслаў, якога я страціў 15 лістапада мінулага года. Ён быў доктарам, заразіўся ў час вайны, даглядаючы хворых жаўнераў. Цяпер я адзінокі з маёй жонкай, якая яшчэ мацней за мяне хворая.
Маё доўгае жыццё прывяло да таго, што я павінен закрываць вочы сваім дзецям, адчуваючы жахлівыя пакуты, страчваючы іх назаўсёды. Цяпер я пішу, наколькі мне дазволіць час, я нават часта не перачытваю і нічога не папраўляю, пакідаючы гэта сваім наступнікам, калі яны захочуць мае дзённікі выкарыстаць. Пішу, не жадаючы марнаваць часу, бо прадбачу, што час ляціць, а я хачу скончыць гэты вялікі томік, да фіналу якога яшчэ далёка.
Вяртаючыся да пакінутага зместу адносна стаўлення да начальнікаў турэмных этапаў на нашай доўгай дарозе, я павінен дадаць цікавы факт, які здарыўся са мной на нейкім вялікім этапе паміж Пермю і вяршыняй Урала, дзе начальнікам быў афіцэр грэцкага паходжання, народжаны недзе ў Расіі, з прозвішчам Пападопулас. Ён праявіў да мяне асаблівую зацікаўленасць пасля завязвання
адносінаў са мной, як са старастам. Яму хацелася даведацца пра маё мінулае, пра якое яму павярхоўна распавёў, і ён даведаўся, што я быў начальнікам паўстання на Літве.
Ён выказаў вялікую сімпатыю адносна Полынчы, якая ўвесь час змагаецца супраць туркаў, ворагаў грэкаў, і за сваю волю. Запрасіў мяне пасля таго, як падзялю выдзеленыя грошы паміж землякамі, вярнуцца да яго на абед. Гэты незвычайны выпадак асабліва мяне здзівіў. Я не мог падумаць, каб афіцэр, маскоўскі службовец, нават іншаземнага паходжання, мог захоўваць такія ўзнёслыя пачуцці з рызыкай сябе скампраметаваць. Падчас абеду ён праяўляў асаблівую гасціннасць, нібы я быў яго дарагім госцем. А пасля таго як мы перайшлі ў асобную залу, прапанаваў мне ўцёкі проста з яго кватэры, упэўніваючы, што не арганізуе пагоні аж да наступнай раніцы, пакідаючы мне дастаткова часу, каб я ўцёк на дастатковую адлегласць. Прапаноўваў грашовую дапамогу, просячы не адмаўляцца ад яе.
Я дзякаваў яму за яго дабрыню і ахвярнасць, за адказнасць, на якую ішоў, але сказаў, што не магу так рызыкаваць, бо не маю інфармацыі аб магчымым поспеху ў невядомым краі і дрэнна настроеным да палякаў; усё гэта вымушае мяне адмовіцца ад прапановы, тым больш што я рыхтуюся да ўцёкаў падчас падарожжа ў Сібір, ведаючы, што жыхары славянскіх рас, якія там жывуць, прыхільна ставяцца да ўцекачоў, не ловячы іх і не адцаючы ў рукі маскоўскіх уладаў, як гэта адбываецца ў еўрапейскай частцы Расіі. Доўга разважаючы, п. Пападопулас504 прызнаў рацыю маіх меркаванняў і затрымаў мяне ў сябе ў гасцях да позняга часу. Пра гэты выпадак я не забыў, ён уганароўваў высокія пачуцці, што захоўваюцца і ў сучасных грэкаў. 3 таго часу я стаў вялікім прыхільнікам Грэцыі.
Акрамя лекцый і прамоў, што адбываліся падчас адпачынку, было арганізаванае штотыднёвае выданне пад нацыянальнай назвай для асвятлення розных пытанняў і падтрымкі прынцыпаў, якія ўмацоўвалі дух, для выратавання ад заняпаду і сумневаў асуджаных на цяжкі лёс. Шмат таленавітых людзей было ў нашай грамадзе для стварэння выбітных артыкулаў, якія перапісваліся на некалькіх аркушах паперы выдатнымі каліграфамі, пасля іх зачытвалі публічна, а пасля іх складалі ў архівах партыі для захавання для далейшага карыстання землякамі. У фельетоне гэтай газеты я апісваў падзеі з генуэзскай школы.
Праз тыдзень выйшла ілюстраванае выданне «Аса» пад рэдакцыяй Напалеона Дэмбіцкага505, вядомага па выданні «Варшаўскіх буслоў»506. Гэтае гумарыстычнае выданне служыла ддя паказу недахопаў, што ўзніклі ў нашым выгнанніцкім грамадстве, і для таго, каб развесяліць выдатнымі карыкатурамі асуджаных, якія апынуліся ў сумным стане. Выключны талент Дэмбіцкага ўпрыгожваў гэтае выданне першакласнымі малюнкамі. Памятаю, што ў першым нумары «Асы» Дэмбіцкі намаляваў Юліуша Косака, нашага вялікага мастака, пасаджанага ў сані, накрытага пледам у вялікія квадраты, які ўвесь час быў яго галоўным накрыццём, сані цягнула худая кляча. Нягледзячы на зімовую вопратку, якая рабіла твар Юліуша невідочным, усе пазнавалі яго, чым і славіўся вялікі талент Напалеона Дэмбіцкага507.
Натхнёныя вышэйапісанымі чыннікамі, мы набіраліся неабходных сіл, каб перамагчы сумневы і ўпадніцтва, якія нам пагражалі, паднімаючыся да ўральскіх вяршыняў зімой па шляху, які быў высланы касцямі польскіх выгнаннікаў, хаваных у дарозе таварышамі па падарожжы. Мы ішлі праз землі, заселеныя чувашамі і чарамісамі508 і іншымі паганскімі народамі, якіх расійскі ўрад разам з маскавітамі хоча залічыць да славянаў, гадуючы ў гэтых дзікуноў нянавісць да палякаў як да бунтаўнікоў супраць белага цара, які прадстаўляўся сапраўдным боствам. Зразумела, штоўтакога кшталту ваколіцах падарожжа праходзіла з вялікай цяжкасцю. Акрамя халоднага надвор’я, холад агідных пачуццяў і позіркаў жыхароў ужо доўгі час нас пераследваў, ствараючы невыноснае становішча.
Ад аднаго з таварышаў па падарожжы, які паўторна яго пераадольваў, асуджанага за ўдзел у паўстанні, а даўней за нейкае іншае злачынства, мы даведаліся, што пасля пераходу праз Урал у Сібір нашая сітуацыя раптоўна зменіцца, што нас паўсюль будуць па-сяброўску вітаць, таму што ва ўсёй Сібіры, дзе ўздоўж выгнанніцкага шляху аселі ссыльныя, якія ў значнай ступені былі славянскага паходжання, утварылася вальнадумнае племя, прасякнутае сімпатыяй да новапрыбылых, якое лічыла іх братамі, не звяртаючы ўвагі на нацыянальнасць і веравызнанне. Гэтым чалавекам быў п. Вашкевіч509, жыхар Варшавы, якому ўдалося ўцячы з Сібіры і які, зноў схоплены за ўдзел у паўстанні, быў асуджаны на катаргу; у яго атрымалася схаваць, што ён даўней ужо быў асуджаны на пасяленне ў Сібіры. Гэты пан Вашкевіч, чалавек вельмі спрытны, раіў мне як старасту, каб я выкарыстаў
гэтае прыязнае стаўленне жыхароў Сібіры, якое магло палепшыць нашую сітуацыю.
Я палічыў, што мне трэба бліжэй пазнаёміцца з Вашкевічам, каб падрабязней даведацца ад яго як чалавека, які добра ведаў гэты край, пра розныя асаблівасці мясцовага жыцця, яшчэ да таго, як мы дойдзем да яго межаў. Я часта падоўгу размаўляў з ім. Вашкевіч раіў мне, каб пасля таго, як мы ступім на сібірскую зямлю, якая распачынаецца за хрыбтом Уральскага горнага ланцуга ў Табольскай губерні, калі з паўдарогі мы пяройдзем пад ахову сібірскага начальніка першага вялікага этапу, каб я пастараўся атрымаць яго прыхільнасць і давер, размаўляючы з ім і гарантуючы яму ўзорны парадак і беручы на сябе адказнасць, што ніводзін з нас не будзе спрабаваць уцячы, нават калі мы не будзем пад аховай. Гарантыі такога кшталту, казаў мне п. Вашкевіч, будуць прынятыя афіцэрам этапу з разуменнем, бо звычайна ў Сібіры набор турэмнай аховы паменшаны ў сувязі з вялікай адлегласцю, якая памяншае рызыку магчымых уцёкаў асуджаных. Паводле парады, таксама дадзенай п. Вашкевічам, неадкладна пасля ўваходу ў вёску, у якой знаходзіцца турэмны этап, я павінен загадаць усім таварышам замест таго, каб ісці начаваць на турэмны этап, разбегчыся групкамі па жылых дамах, дзе іх прымуць з гасціннасцю.