Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
160.92 МБ
Вечарам таго ж дня ішла размова сярод падзеленых на групы ўдзельнікаў альбо апавядалася пра якую-небудзь гістарычную падзею пэўнага перыяду кім-небудзь з прафесараў, вялікая колькасць якіх была сярод нас. Апавядаліся таксама цікавыя і доўгія
байкі, не спяшаліся ісці спаць, бо дастаткова было часу для адпачынку пасля абеду. Сярод нас было некалькі музыкаў, у якіх былі скрыпкі і флейты, таму арганізаваны быў ціхі вячэрні канцэрт, а таксама хор, які выводзіў слёзныя гукі адпаведна з пачуццямі, якія жылі ў душах, напоўненых горыччу. 3 такімі ўражаннямі мы заснулі.
На наступны дзень, адпачыўшы, мы пераадольвалі дарогу з адноўленымі сіламі; моцныя дапамагалі слабым, дадавалі бадзёрасці тым, хто не вытрымліваў. На такіх умовах пераходу вечарам мы дайшлі да этапу маленькіх памераў, каб там пераначаваць, дзе зноў страшэнна смярдзела ад цэбара, мы задыхаліся, плавалі ў поце, нас грызлі насякомыя, што выклікала страшэнную агіду, перад якой блякнуць пякельныя пакуты, вядомыя нам, а ўсё дзякуючы маскалям. [...]
Пасля таго як мы другі раз перажылі пакуты на начлезе на малым этапе вялікага шляху, што вёў нас у Сібір, сілы нашыя знікалі, мы прадбачылі немагчымасць змагацца з сабачай доляй, вызначанай чалавечаму племю маскалямі. У такіх сумневах мы крочылі на ўсход праз панурыя ваколіцы, якія засялялі людзі дзікунскай знешнасці, ад якіх не варта было чакаць спачуванняў да пакутнікаў, што крочылі цярністай дарогай на згубу.
Абыякава ставіліся да нас у вёсках, якія былі на нашым шляху. Ніхто нас не прывітаў і не суцешыў. Часамі толькі ляцелі праклёны ад маладых і старых. На гэтай дарозе не было славянаў, і рэдка здаралася пачуць славянскае слова. Мы не маглі чакаць тут ні спачування, ні дапамогі. Мы даведаліся ад цывільных арыштантаў, што ў гэтых мясцінах ніводзін выгнаннік не прадпрымае спробаў уцячы, ведаючы, што мясцовымі жыхарамі быў бы схоплены, збіты і аддадзены ўладам на пакуты ад бізуна, гэта амаль заўсёды сканчалася смерцю правапарушальніка. За схопленага ўцекача давалі ўзнагароду ў памеры аднаго рубля; мясцовыя задавольваліся такім маленькім заробкам. Знаходжанне ў такім варожым асяродцзі атручвала нашае існаванне, павялічваючы цяжар, які пераносілі няшчасныя нявольнікі вялікай Расіі. [...]
Праз два дні, зусім зняможаныя, мы зноў затрымаліся на вялікім, трэцім этапе, дзе мы павінны былі аднавіць нашыя сілы, выкарыстоўваючы дзень разам з дзвюма начамі на адпачынак. MacKani разлічвалі, што за такі доўгі час можна пазбегнуць дрэнных
наступстваў, якія прывялі б нявольнікаў да немагчымасці далейшага падарожжа.
Вымушаныя падпарадкоўвацца такога кшталту арганізацыі, мы адпаведна з яе правіламі вызначылі расклад часу на наш трэці адпачынак. Знаёмячыся пры такіх варунках з кожным разам лепей, мы ядналіся ў адпаведныя групы для ўзмацнення карысных спраў, без рызыкі аслабіць нашую еднасць, мы ўяўлялі з сябе адно непарыўнае цэлае. Узаемныя сімпатыі аб’ядноўвалі вялікую колькасць людзей, паміж імі завязвалася сапраўднае сяброўства. У будучыні такі лад прыносіў шчодры ўраджай. Еднасць выгнаннікаў рабілася ўзорнай. Яны знаёміліся з рамёствамі, вучыліся чытаць і пісаць, хутка дасягалі жаданых вынікаў. Выкладчыкі чыталі лекцыі, дазваляючы студэнтам аднавіць перапыненае навучанне. Пропаведзі і малітвы, а таксама маральныя павучанні ў святочныя дні ўлагоджвалі спёку і мацавалі крок у час пераадолення крыжовага шляху. Губляючы і аднаўляючы свае сілы, так мы пражывалі кожны дзень, знаходзячы патрэбную падтрымку для ратавання ад вынішчэння.
Падчас трэцяга адпачынку начальнікам этапу мне быў аддадзены наш заробак за некалькі дзён, які я павінен быў падзяліць паміж таварышамі. 3 дапамогай памочнікаў мы змаглі хутка гэта зрабіць, маючы вялікую колькасць дробных медзяных манет. Найвышэйшы заробак выдзяляўся асобам шляхецкага паходжання, высланым на пасяленне ў гарадах Усходняй Расіі і Сібіры адміністрацыйным чынам без падлягання вайсковаму суду і з захаваннем грамадзянскіх і шляхецкіх правоў, выдаленым з краю па падазрэнні ва ўдзеле ў паўстанні. Яны атрымлівалі па 15 капеек штодзённа. Па 12 капеек атрымлівалі асуджаныя на цяжкія працы асобы шляхецкага паходжання, а па 8 капеек — толькі катаржнікі, што не належалі да шляхты, а таксама ўсе мяшчане і сяляне, асуджаныя на пасяленне ў сібірскіх вёсках.
Асуджаныя да цяжкіх прац дзяліліся на тых, хто павінен быў адбываць пакаранне ў рудніках, раскіданых па розных мясцовасцях Сібіры, дзе здабывалі розныя руды. Да найбольш аддаленых шахтаў належалі Нерчынскія, што знаходзіліся ў Іркуцкай губерні, дзе здабываецца белы мыш’як. Я быў высланы ў тыя апошнія.
Асуджаныя на цяжкія працы ў рудніках павінны былі заставацца ў іх, згодна з пакараннем за здзейсненае злачынства, на працягу 6, 8, 12, 15 гадоў, а таксама на ўсё жыццё. У Нерчынскія
капальні не высылалі болей чым на 12 гадоў, відавочна ведаючы з практыкі, што больш у іх пражыць немагчыма. Другая катэгорыя цяжкіх, ці катаржных, прац, згодна з выракам, была прызначаная асуджаным у сібірскія крэпасці ад двух да чатырох гадоў. Тыя, хто працаваў у крэпасцях, адчувалі хіба найбольшыя пакуты, чым тыя, хто працаваў у капальнях, падвяргаючыся эксплуатацыі адразу вялікай колькасцю службоўцаў, у той час калі прывязаны да тачкі меў толькі аднаго наглядчыка, які назіраў за вялікай групай адразу.
Існаваў яшчэ адзін від цяжкіх прац для афіцэраў, асуджаных за ўдзел у паўстанні ў дысцыплінарныя батальёны, дзе павінны былі працягваць службу, пакутніцкую, у статусе простага жаўнера. Пасля адбыцця пакарання, якое звычайна цягнулася 6,8 і 12 гадоў, той, хто вяртаўся дамоў, не меў магчымасці аднавіць страчанае афіцэрскае званне. Дысцыплінарныя батальёны знаходзіліся толькі ў Арэнбургу495 і на Каўказе.
Асуджаныя на цяжкія працы ў капальнях і ў крэпасцях пасля таго, як вызначаны тэрмін пакарання сканчаўся, не вярталіся ў свой край, а высылаліся на пасяленне ў сібірскіх вёсках да канца іх жыцця. Асаблівай міласцю для катаржніка з’яўлялася атрыманне амністыі на вяртанне дамоў па адбыцці тэрміну пакарання, нават у капальнях. Няшмат было тых, хто атрымаў дазвол вярнуцца ў Польшчу пасля адбыцця пакарання за ўдзел у паўстанні 1831 г., а сярод іх было некалькі чалавек, якія змаглі дажыць да часоў паўстання 1863 г., узяць актыўны ўдзел зноў і быць асуджанымі на вяртанне да цяжкіх прац у Сібіры. Да такіх належаў Далеўскі496, член аддзела Нацыянальнага ўрада ў Вільні.
Сярод злачынцаў і амаральных людзей, якіх высылалі на пасяленне ў сібірскія вёскі і стварэнне там новых пасяленняў, колькасць палякаў была такая нязначная, што бясследна гублялася ў моры расейцаў. У сваю чаргу, паўстанцы 1831 г. і выгнаныя Кацярынай польскія грамадзяне, якія пасля пакутаў, перажытых у капальнях, былі расселеныя па вёсках у якасці пасяленцаў, засталіся нежанатымі і памерлі, не пакінуўшы пасля сябе нашчадкаў. Тое самае адбылося б і з паўстанцамі 1863 г., калі б смутны лёс затрымаў іх вызваленне з няволі і яны засталіся б на пасяленні ў Сібіры пасля доўгіх пакут у капальнях, дзе не было адпаведнай магчымасці для заключэння шлюбаў і нараджэння дзяцей.
Паводле пачутых расповедаў, здаралася сустрэць лядашчых старых у сібірскіх глыбінях, але не сустракаліся там палякі, народжа-
ныя выгнаннікамі. Часта здаралася сустракаць польскіх жанчын, якія добраахвотна ішлі на катаргу, суправаджаючы сваіх мужоў, хоць паводле існуючых правоў у расійскай імперыі жонка асуджанага на цяжкія працы лічылася разведзенай са сваім мужам, яна мела права выходзіць замуж за іншага. Застаецца фактам тое, што сібірскія палі шчодра ўсыпаныя польскімі касцямі, але хоць крыху нават трохі каланізаваць тыя мясціны не атрымалася.
Трэцім элементам высланых у Сібір палякаў з’яўляліся грамадзяне, асуджаныя на пасяленне ў гарадах, якія не страцілі грамадзянскіх правоў і пасля прыбыцця ў прызначанае месца былі вызваленыя, маючы права жыць у горадзе з абавязкам рэгістравацца кожнага першага дня месяца ў прэфектуры паліцыі, пад нагляд якой былі скіраваны. Ім дазволена было займацца гандлем, быць на цывільнай службе ці нават чыноўніцкай і займацца рамёствамі. Для высланых на пасяленне ў гарадах час не быў акрэслены, яны маглі вельмі хутка быць памілаванымі і хутка вярнуцца дамоў, вядома ж, за свае грошы альбо заставацца доўгія гады ў выгнанні, аж нават да смерці.
На працягу некалькіх месяцаў гэтым асуджаным выдзялялася дапамога ў памеры 15 капеек на дзень, іх выплачвалі адразу за месяц падчас рэгістрацыі. Праз некаторы час мясцовыя ўлады маглі дазволіць такога кшталту асуджаным выезд за горад, асабліва тым, хто займаўся гандлем, паляваннем альбо лоўляй рыбы. Часта сем’і гэтых грамадзянаў прыязджалі да іх з Польшчы, каб палегчыць ім цяжар выгнання. Ніколі не надарылася, каб нехта з гэтай катэгорыі нявольнікаў рабіў спробу ўцячы, і толькі тыя, хто быў пазбаўлены пратэкцыі альбо не меў магчымасці даць хабар, заставаліся забытымі доўгія гады выгнання і там марнелі. Ніхто не ажаніўся з расіянкай, хоць усе кавалеры былі ўвесь час пад увагай.
У той самы дзень апоўдні мяне выклікалі ў канцылярыю начальніка III вялікага этапу для справаздачы за выдадзеныя мне за некалькі дзён грошы для нашай партыі, яшчэ ўчора спехам зробленай, якая толькі-толькі была падрыхтаваная. Як стараста, я для пазбаўлення ад доўгіх клопатаў меў права распісвацца за ўсіх. Карыстаючыся гэтай магчымасцю, я праглядаў дакументы ці, дакладней, «статейные спнскн» кожнага з нас паасобку, а таксама наш агульны каталог, які падчас змены кожнай варты падпісваўся, пераходзячы з рук у рукі, і ўвесь час нас суправаджаў.
Сёння вечарам і ўвесь час пасля поўдня мы правялі трэці доўгі адпачынак з большай карысцю і заняткамі. А еднасць наша ўзмацнялася ўсё выразней. Рамесніцкія курсы памнажаліся, павялічвалася і колькасць практыкантаў. Таксама ствараліся новыя майстэрні па рамонце гадзіннікаў і мастацкіх скульптурных вырабаў з дрэва і косці. Рабіліся спробы маляваць, рабіліся партрэты і камедыйныя прадстаўленні.
Усё гэта ажыўляла цяжкае існаванне, ратуючы ад маральнага заняпаду нашу дружыну. Нягледзячы на тое што сярод нас было шмат сталых і абяссіленых людзей, ніхто да гэтай пары не захварэў, а некаторыя з нас, якія занемаглі падчас учарашняга маршу і якіх прывезлі на вазах, дзе змяшчаліся нашы мяхі з вопраткай, вярнулі здароўе пасля агляду дактароў, якіх шмат было сярод нас, багатых на прадстаўнікоў з усіх універсітэцкіх факультэтаў. У нас былі дактары, якія толькі атрымалі адукацыю, а таксама і тыя, якія ўжо даўно практыкавалі. Нам не хапала толькі неабходных лекаў. Мы чакалі магчымасці закупіць іх пасля прыбыцця ў горад, дзе будуць аптэкі.