Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Зыгмунт Мінейка. З тайгі пад Акропаль

Выдавец: Лімарыус
Памер: 568с.
Мінск 2017
160.92 МБ
Цяпер я зразумеў, чаму п. дырэктар не захацеў апавядаць мне цікавыя дэталі адносна школы. Тады ж я даведаўся, што Русецкі, Рушчэўскі і я, кандыдаты на паступленне ў Школу Генеральнага штаба, былі запрошаныя Камітэтам выкладаць у Польскай вайсковай школе ў Францыі.
Гэты дзень, багаты на нечаканасці для эмігранта, асуджанага на валацужніцтва па Парыжы, скончыўся новым поспехам, які спрашчаў мне магчымасць выконваць абавязкі выкладчыка, бо, наведаўшы нашага ветэрана, генерала Юзафа Высоцкага, які мяне ведаў з часоў апошняга паўстання, я атрымаў літаграфаваны сшытак лекцый па палявой фартыфікацыі са Школы падхарунжых у Варшаве, вучнем якога ён з’яўляўся. Калі я сказаў генералу, што маю на ўвазе знаёмства з польскай тэрміналогіяй па фартыфікацыі, я зразумеў, што яму распавялі пра справы арганізацыі польскай школы і што, верагодна, прызначаныя тры польскія выкладчыкі былі ім абраныя, бо ён усміхаючыся жадаў мне поспеху ў новай прафесіі.
Дакладным было тое, што як з польскай арыстакратыяй, так і з нашым духавенствам генерал Высоцкі меў добрыя адносіны і што з ім перш за ўсё дамаўляліся па вайсковых пытаннях, маючы дрэннае стаўленне да генерала Мераслаўскага і ведаючы толькі некаторых генералаў з паўстання 1863 г.
Пасля, скіроўваючыся да кватэры Канёўскага, каб заняцца як мага хутчэй падрыхтоўкай на польскай мове, якой мяне пазбавілі маскалі, па сэкстэрну573, які я меў, дарогай я думаў аб спрыце нашых ксяндзоў, якія змаглі дасягнуць прыхільнага стаўлення французскага святарства для шчодрага ахвяравання на карысць польскай эміграцыі, а асабліва на адукацыю яе моладзі ў вайсковай прафесіі.
Канёўскі, прызвычаіўшыся бачыць мяне панурым, здзівіўся, убачыўшы гэтым разам вялікія змены, што пазбаўляла яго неабходнасці намагацца мяне развесяліць. Калі я паведаміў яму, што знайшоў працу, у выніку чаго змагу забяспечыць сябе, што, верагодна, вымусійь мяне пасяліцца ў цэнтры Парыжа, дзякаваў яму за гасціннасць, спахмурнеў дарагі Канёўскі, і сітуацыя кардынальна змянілася, я вымушаны быў цяпер суцяшаць яго тым, што гэта не будзе замінаць у захаванні і далей прыязных адносінаў. Мне было вельмі прыемна бачыць земляка, які так шчыра палюбіў мяне.
3 таго дня Канёўскі намагаўся частаваць мяне яшчэ лепей, што дазволіла мне хутка падрыхтавацца да сваіх выкладчыцкіх абавязкаў. Польская тэрміналогія, нечакана выхапленая з фаліянтаў варшаўскага афіцэрскага вучылішча, стала маёй натуральнай маёмасцю, якую збіраўся выкарыстоўваць для сваіх заняткаў па
фартыфікацыі, ужо больш дасканалых, іх я павінен быў распачаць у пэўны дзень, вызначаны п. дырэктарам. Што ажыццявіў з вялікім поспехам.
Асаблівым чынам адбылося, што сэкстэрн гэтых маіх заняткаў, выкананы ў кватэры Канёўскага, да гэтай пары захаваўся ў маім архіве, і таму дадаю яго да выдання, калі гэты томік будзе апублікаваны. Выдавецтва зможа перадаць гэты сэкстэрн п. Раймунду Гасткоўскаму574, які павінен распараджацца выданнем маіх рукапісаў.
У вызначаны дырэктарам Польскай вайсковай школы дзень я з’явіўся падрыхтаваным да пачатку заняткаў па адной з галоўных галін вайсковай навукі, ён правёў мяне ў аўдыторыю, дзе знаходзілася некалькі дзясяткаў юнакоў, якія з нецярплівасцю чакалі нашага з’яўлення. Прадстаўлены ім у некалькіх словах, заклікаў нашых былых змагароў абудзіцца ад сну, у які мы пагрузіліся міжвольна, рыхтуючыся да новай упартай барацьбы, у выніку якой Польшча павінна вызваліцца з агіднай няволі, прагнаць захопнікаў за межы Рэчы Паспалітай.
Я прасіў моладзь разумець, што на дадзены момант яна ўжо знаходзіцца ў стане падрыхтоўкі да барацьбы перад сваім начальнікам, які даў інструкцыі і загады, як трэба рыхтавацца да атакі Bo­para, які хаваецца за акопамі, альбо бараніцца ад нападу большага па колькасці ворага. У выніку за кожным маім словам павінны ўважліва сачыць, каб інструкцыі добра запомніліся для правільнага выканання.
«Таму заклікаю вас лічыць сябе не вучнямі перад настаўнікам, а таварышамі па зброі перад начальнікам, што дае загады, якія павінны выконвацца пад вашу адказнасць, памятаючы, што ад дакладнасці іх выканання будзе залежаць перамога. Палову часу, вызначанага на заняткі, я выкарыстаю для аспрэчвання, каб пераканацца, што мяне добра зразумелі, жадаючы ўпэўніцца, што пакідаючы гэтую залу, вы добра азнаёміліся з маёй інструкцыяй. У выніку чаго дадзеныя мной веды будуць выкарыстаныя ў шчаслівай для нас будучыні».
Схапіўшы крэйду, я падышоў да дошкі, пачаўшы свае першыя заняткі па палявой фартыфікацыі ў даступных словах, вымалёўваючы адпаведныя фігуры і сочачы за ўражаннямі і ўвагай маіх
слухачоў. Я адразу заўважыў, што мае словы падалі на ўрадлівую зямлю, што прыносіла мне вялікае маральнае задавальненне, пераконваючы, што я маю дачыненне з разумнай моладдзю.
Згодна з апісанай у прадмове сістэмай, выклікаў некалькіх вучняў да дошкі, якія даказалі, што кожнае слова з маёй лекцыі было імі выкарыстанае настолькі, што пасля таго, як яны пакінулі аўдыторыю, не мелі патрэбы зазіраць у кнігі, якія, на жаль, яшчэ не былі надрукаваныя на польскай мове. Я зразумеў, што моладзь палюбіла сваіх выкладчыкаў і што непарыўная сувязь усталюецца паміж намі надоўга. Прысутны ў аўдыторыі на лекцыі п. дырэктар, відавочна задаволены яе вынікамі, выказаў мне гарачую падзяку. У сваю чаргу, моладзь, пакідаючы аўдыторыю, развітвалася з намі па-вайсковаму. Гэты дзень я залічаю да нешматлікіх шчаслівых.
Перад адыходам п. дырэктар, міла ўсміхаючыся і не спяшаючыся пазбыцца маёй прысутнаспі, прызначыў мне другі дзень на гэтым тыдні, растлумачыўшы пры гэтым, што кожнаму з нас, трох польскіх выкладчыкаў, былі прызначаныя па дзве лекцыі на тыдзень, з гэтай нагоды мне заплацілі наперад за цэлы месяц. Такім чынам яны хацелі забяспечыць нас неабходнымі сродкамі для паляпшэння гардэроба і штодзённага харчавання. Што датычыць мяне, з гэтага пункту гледжання мне ўсяго хапала з той пары, як я пачаў гасціць у Канёўскага, які і сёння з вялікай цяжкасцю пагадзіўся ўзяць ад мяне дадатковыя грошы на набыццё лепшага віна ў сувязі з прызначэннем мяне на пасаду выкладчыка.
3 гэтага моманту вестка аб пачатку лекцый па вайсковых дысцыплінах трыма польскімі афіцэрамі з апошняга паўстання разляцелася сярод эміграцыі, выклікаючы прыхільнае ўражанне моладзі, настолькі болыпае, што іх імёны былі вядомыя, што таксама разбівала падазрэнні аб фанатычнай прапагандзе, планаванай нашым духавенствам у змове з французскім. У любым выпадку падазрэнні такога кшталту не былі падтрыманыя большасцю старэйшых эміграцыі 1863 г., якія за карысныя намаганні даць вайсковую адукацыю нашай моладзі, не хацелі іх руйнаваць без фактаў, якія змаглі б даказаць вінаватасць. Такога ж меркавання трымаліся мы, трое настаўнікаў, паразумеўшыся з Эміграцыйным камітэтам і гатовыя пратэставаць, заўважыўшы, што гэтая школа будзе ператвораная ў духоўную семінарыю.
Праз тры дні, калі я прыбыў у школу на другую лекцыю, колькасць вучняў падвоілася, а праз два тыдні вучняў было ўжо 70 ча-
лавек. Адначасова адміністрацыя школы, прадбачыўшы далейшы прырост навучэнцаў, вырашыла перанесці яе ў Тулузу, аддаліць яе ў зацішнае месца, каб унікнуць пратэстаў непрыхільных да Польшчы дзяржаў, дзе моладзь адначасова магла б мець забяспечанае ўтрыманне, кватэру і магчымасць аддацца выключна навуцы, без перапынкаў і перашкод, што часта здаралася ў сталіцы Францыі.
Адначасова вучням і выкладчыкам паведамілі, што праз тры дні яны павінны быць гатовымі выехаць, але адначасова далі магчымасць самастойна вырашаць, калі хто-небудзь не захоча ехаць, заставацца ў Парыжы ці не. Нас толькі прасілі даць неадкладна адказ, каб скласці спіс тых, хто едзе, неабходны для атрымання пашпартоў і зніжак за праезд чыгункай. Моладзь, моцна прывязаная да сваіх выкладчыкаў і зацікаўленая ў атрыманні ведаў, прыслухалася да іх рашэння выехаць у Тулузу. Ніхто не застаўся ў Парыжы.
Пан дырэктар, узрадаваны поўным поспехам, падзякаваў за аказаны давер, запэўніваючы, што дырэкцыя школы спрычыніцца да поспеху, згоды і задавальнення ад побыту Польскай вайсковай школы ў Тулузе, дзе будуць арганізаваны ўсялякія выгоды. 3 гэтай нагоды была выдзеленая фінансавая дапамога вучням, якая гарантавала ім трохдзённае ўтрыманне і ў дадатак 20 фр. на выпадак нечаканых выдаткаў. У сваю чаргу, п. дырэктар абвясціў, што выдадзены месячны заробак, яшчэ не выкарыстаны, можа ім служыць на выдаткі падчас падарожжа, бо ў дзень выезду пачнецца новы месяц нашай службы і іншыя ўмовы выплаты, якія забяспечаць добрыя кватэры, сталаванне і выплату месячнага заробку. Пасля мы развіталіся, каб у вызначаны дзень і гадзіну сустрэцца ў чыгуначнай зале чакання.
Дні, што засталіся да ад’езду, я правёў перш за ўсё ў таварыстве Свентаржэцкага, які прыняў на сябе абавязак паведаміць мне аб тэрміне з’яўлення на экзамены ў Школу Генеральнага штаба, каб, атрымаўшы невялікі адпачынак і дазвол на выезд з Тулузы на іспыты ў школу, тыя ж з траіх выкладчыкаў, якім бы не пашчасціла на экзаменах, маглі вярнуцца. Згодна з умовай, заключанай з адміністрацыяй тулузскай школы і Эміграцыйным камітэтам, апошні паабяцаў выслаць новых польскіх афіцэраў на замену прынятых у акадэмію ў Парыжы, нават калі ўсім траім пашчасціць на экзамене.
Правёўшы адзін з апошніх вечароў у таварыстве дарагога Свентаржэцкага, на наступны дзень я развітаўся з ім, адораны сардэчнымі абдымкамі. Чула ўспрыняў расстанне з Канёўскім, які, перапоўнены асаблівай дабрынёй, панёс надзвычайныя выдаткі. Правёўшы апошнюю ноч каля ліхтароў, зусім адмовіўся паспаць, каб суправаджаць мяне падчас ад’езду, да апошняй хвіліны просячы не забываць яго, пісаць час ад часу яму з Тулузы.
Польская эміграцыйная моладзь была размешчаная ў асобных вагонах 3 класа, якія павольным цягніком накіраваліся ў Тулузу; у гэтыя вагоны доступ французам быў забаронены, нас транспартавалі як жабракоў, па зніжаным кошце па спецыяльных пашпартах, выдадзеных урадам, пра што польская моладзь не ведала, бо яны былі атрыманыя праз адміністрацыю школы, якая купіла білеты на цягнік для ўсіх вучняў і іх выкладчыкаў разам.
На спецыяльных вагонах, куды нас правялі супрацоўнікі чыгункі, мы заўважылі надпісы: interdit pour le publique^'’, палічыўшы гэта ласкава прапанаваным прывілеем застацца асобна ад усіх сваім колам. Аднак мы не доўга заставаліся ў гэтым змане, пачуўшы пагардлівыя фразы, кіданыя ў наш адрас публікай, якая з цікавасцю прыглядалася да нас, маладых людзей, здольных да працы, і называла нас гультаямі і валацутамі, выкінутымі парыжскім муніцыпалітэтам з горада. Мы заўважылі, што чыгуначная служба таксама з пагардай ставілася да нас насуперак правілам французскай ветлівасці.