100 словаў
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 346с.
2017
100 словаў
100 словаў
Укладальнік Ян Максімюк
Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода
ІООсловаў. (БібліятэкаСвабоды. XXI стагодзьдзе) — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2017. 346 с.: іл.
Бібліятэкар Свабоды
Аляксандар Лукашук
Укладальнік і рэдактар Ян Максімюк
Мастак Генадзь Мацур
Карэктар Сяргей Шупа
Кніга — анталёгія найлепшых тэкстаў, якія зьявіліся ў рубрыцы «100 словаў» на сайце Радыё Свабода ў 2014-2016 гг. Рубрыка набыла вялікую папулярнасьць сярод чытачоў сайту Свабоды, стаўшы дэмакратычнай плятформай для абмену творчым досьведам паміж прызнанымі аўтарамі і пачаткоўцамі.
У якасьці ілюстрацый у кнізе выкарыстаны рэпрадукцыі карцін, якія знаходзяцца ў свабодным доступе ў інтэрнэце (public domain).
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2017 FOL
ISBN 978-0-929849-83-6
Зьмест
Эвангельле ад Яна. Аляксандар Лукашук 7
Пра што мы думаем, калі ня думаем пра відавочнае. Ян Максімюк 8
Кнігалюбнае 11
Моўнае 29
Паэтычнае 45
Турыстычнае 61
Палітычнае 77
Таямнічае 97
Траўматычнае 121
Невымоўнае 151
Грамадзкае 171
Рытуальнае 221
Пра коцікаў, сабачак і іншых 241
Садова-агароднае 255
Пэйзажнае 269
Сямейнае 283
Любоўнае 297
Кулінарнае 307
Гаспадарскае 313
Паказьнік аўтараў 331
Пра ўкладальніка 336
Summary 337
Форд Мэдакс Браўн,
«Джон Ўікліф чытае свой пераклад Бібліі Джону Гонту»
Эвангельле ад Яна
Аказваецца,
Каб адрозьніць каханьне ад любові, паэзію ад пустаты, свабоду ад спакусы,
Каб падаць і падымацца, дараваць і прасіць прабачэньня, адчайвацца і зноў верыць,
Каб вандраваць вакол сьвету, вяртацца і знаходзіць сусьвет у сабе,
Каб успомніць забытае, пабачыць схаванае і знайсьці згубленае,
Каб расказаць, як мыюць ногі блудніцам, выганяюць гандляроў з храму і ператвараюць вадуўвіно,
Каб біць у сэрца мячом,
Дастаткова ста словаў.
Так вучыць Ян.
Аляксандар Лукашук
Пра што мы думаем, калі ня думаем пра відавочнае
Сьцісласьць як каштоўнасьць
Ідэю «сьцісдай рубрыкі», якая ажыцьцявілася ў выглядзе «100 словаў», мы на Свабодзе абмяркоўвалі некалькі разоў. Існавала больш-менш агульнае перакананьне, што варта знайсьці месца на нашай інтэрнэтнай старонцы для кароткіх занатовак, у якіх аўтары маглі б «адвесьці душу», час ад часу напісаўшы на тэму, не зьвязаную з нашым надзённым палітычна-эканамічна-сацыяльным мэню. Гэта значыць, пра нешта прыватнае, што складае зьмест адзінкавага жыцьця, але, тым ня менш, можа быць цікавае для іншых.
Я запрапанаваў, каб абмежавацца 100 словамі. I напісаў некалькі стаслоўяў на інаўгурацыю. Рубрыка рушыла ў лістападзе 2014 году, тэкстам «Бібліятэка Будучыні». Яна крыху нагадвае энцыкляпэдыю, толькі што без альфабэтнага ключа.
Тэматычная свабода
Аб’ём рубрыкі мы жорстка абмежавалі — ня болей за 100 словаў. Затое далі аўтарам тэматычную свабоду. Хочаце пісаць пра каханьне або нянавісьць — калі ласка. Хочаце пра мурашкаедаў або дармаедаў — давайце. Пра памідоры на градах — неблагая ідэя. Пра сьмерць у сям’і — таксама можна...
Тэматычная раскіданасьць стаслоўяў, мабыць, спачатку бянтэжыла як чытачоў, так і аўтараў. Ці ёсьць тут агульная ідэя, якая аб’ядноўвае гэтыя
допісы? Такая ідэя ніколі не фармулявалася намі экспліцытна, але яна, спадзяемся, абрысавалася сама сабою: «100 словаў» — амбітная спроба духоўнага партрэту граматных беларусаў пачатку XXI стагодзьдзя. Інакш кажучы: пра што мы думаем, калі ня думаем пра Лукашэнку і Расею?
Творчая дэмакратыя і яе межы
У рубрыцы зьяўляюцца тэксты як прафэсіяналаў — у тым ліку вядомых журналістаў і пісьменьнікаў зь білетамі — так і прынагодных аўтараў, якім мы адкрылі магчымасьць для творчага самавыяўленьня. Можна сказаць, што ў «100 словах» літаратурны дэмакратызм дасягнуў свае вяршыні. Але нават вяршынная дэмакратыя мае аўтарытарныя моманты. Гэта тычыцца кваліфікацыі допісаў у друк. У мяне, галоўнага кваліфікатара, няма часу, каб весьці карэспандэнцыю з кожным з магчымых і немагчымых аўтараў, якіх ужо далёка за сотню. Публікую або не, не тлумачачы чаму. Адчуваю, што тым, каго я не апублікаваў, лепш не трапляцца на вочы. Але я гатовы несьці і большыя ахвяры для беларускай літаратуры.
Карцінкі
Без карцінак сёньня няма жыцьця.
Кожнае стаслоўе ілюструецца жывапісам XIX стагодзьдзя або ранейшым. Як ні дзіўна, стары жывапіс настолькі «жывучы», што ім магчыма праілюстраваць практычна кожны сюжэт XXI стагодзьдзя. Гэта якраз той выпадак, калі кажуць: ars longa, vita brevis. Шкада, канешне, што зь меркаваньняў па-
замастацкага характару мы не змаглі апублікаваць гэтыя ілюстрацыі ў колерах.
У прынцыпе я магу апраўдаць выбар кожнай карціны, толькі што для гэтага спатрэбілася б аб емістая кніга. Усім незадаволеным адсутнасьцю такога апраўданьня я раю глянуць на ілюстрацыі стаслоўяў як на асобны праект, паралельны да тэкставага: прыгадваем славутыя карціны і паказваем малавядомыя. Два зайцы адным стрэлам.
Кніга
У гэтай кнізе — 300 тэкстаў ад 100 аўтараў. Калі ня браць пад увагу паэтычныя анталёгіі, дык мы, магчыма, устанавілі рэкорд у беларускай выдавецкай справе паводле колькасьці тэкстаў і аўтараў, апублікаваных пад адной вокладкай. Але рэч тут не ў выдавецкіх ці літаратурных рэкордах.
Як сказаў славуты ірляндзец Джэймс Джойс, «літаратура ёсьць адвечным сьцьвярджэньнем чалавечага духу». Я ўпэўнены на ўсе 100 адсоткаў, што наша рубрыка «100 словаў» на Свабодзе ў першую чаргу служыла і служыць якраз гэтаму адвечнаму памкненьню — зразумела, у меру нашых магчымасьцяў і нашай вагі ў літаратуры. I спадзяюся, што наша кніга — годнае сьцьвярджэньне беларускага духу сёньня.
Ян Максімюк
Кнігалюбнае
Бібліятэка Будучыні
Маргарэт Этвуд напісала твор, які апублікуюць толькі праз 100 гадоў. Канадзкая пісьменьніца — першая ўдзельніца праекту пад назвай Бібліятэка Будучыні, прыдуманага шатляндзкай мастачкай Кэйты Патэрсан. Праект пачаўся сёлета пасадкай 1000 дрэваў на ўскраінах Осла. Штогод на працягу стагодзьдзя адзін пісьменьнік будзе дадаваць тэкст да збору, які запачаткавала Этвуд. У 2114 годзе ўсе дрэвы сьсякуць і зробяць зь іх паперу, на якой надрукуюць тэксты Бібліятэкі Будучыні.
Праект, безумоўна, файны, але ён грунтуецца на дзьвюх аптымістычных прадпасылках: 1) людзі праз 100 гадоў яшчэ будуць цікавіцца літаратурай; 2) папяровая кніжка ўсё яшчэ будзе заставацца жывым артэфактам культуры. Адно і другое — ня факт.
Ян Максімюк
Іван Шышкін, «Лясныя могілкі»
Аітаратура як інструкцыя
Найлепшыя пэрспэктывы ў будучыні маюць тэксты-інструкцыі.
Інструкцыяй ёсьць нават Біблія. Гісторыі мінулага — таксама інструктаж: насьледуй праведнікам, будзеш выратаваны. Эстэцкіўхіл літаратуры апошніх стагодзьдзяў быў часовым. Утылітарнасьць зноў мусіць заняць цэнтральнае месца. Даўным-даўно «інструктаж» адбываўся вусна — не было ні пісьменьнікаў, ні пісьменнасьці. Усё паўтараецца: мастацка-забаўляльны фармат вяртаецца ў аўдыё-візуальныя сфэры. Літаратура з маўкліваграфічных вышынь спускаецца ў анлайн-размоўнае балота. Людзі часьцей глядзяць ды слухаюць, чым чытаюць і думаюць. Але інструктаж — самая прагматычная літаратура — будзе запатрабаваны. Новыя машыны, тэхналёгіі, мэтодыкі аздараўленьня патрабуюць новых тэкстаў-тлумачэньняў. Каб выратаваць мову — стварайма інструкцыі. На ўсе выпадкі жыцьця. Мо так выжывем і самі?
Васіль Аўраменка
Тэадор Русэль, «Чытачка»
Аітаратура без канца сьвету
Многія беларускія празаікі па-ранейшаму пачынаюць кнігі з апісаньня прыроды, за іх акном усё той жа пастаральны пэйзаж, цішыня ды супакой, качкі ў сажалцы, кароўкі ў полі. Нават наваліўшыся ўсёй грамадою, яны ня здолеюць стварыць раман, у якім мэгаполіс застаецца зімою бяз сувязі і электрычнасьці — горад ім дасюль чужы, навукоўцаў, інжынэраў сярод нашых пісьменьнікаў замала. I калі праз пару гадоў у Беларусі будзе ўласная АЭС, пісьменьнікі не спытаюцца: «А што здарыцца, калі яна лясьнецца?» і ня зробяць прагноз, а толькі паправяць сваю карцінку на сьцяне і, уладкаваўшыся на канапе, працягнуць плесьці кашалі.
Няхай Армагедон пачакае — заўтра выйдзе новы «ЛіМ».
Павел Абрамовіч
Пітэр Брэйгель Старэйшы, «Трыюмф сьмерці»
Перамога слабых
Нобэлеўская прэмія для Беларусі — як Чарнобыль наадварот.
Ейнае выпраменьваньне прасякнула б жыцьцё нацыі на пакаленьні наперад і асьвяціла б на пакаленьні назад. У гэтым сьвятле адкрылася б і стала існай уся Беларусь, мінулая і будучая, для сьвету і для сябе самой. Спраўдзілася б Купалава мэтафара пра пачэсны пасад між народамі.
3 Нобэлеўскага п’едэстала загаварыла б уся наша задушаная, закатаваная, расстраляная ў XX стагодзьдзі літаратура і мова. Яна б уваскрэсла, як Хрыстос пасьля зьняцьця з крыжа.
Усё гэта — аргумэнты слабасьці. Вонкавае прызнаньне — пацьверджаньне істотнасьці існаваньня, яго вартаснасьці — патрэбнае тым, хто сумняваецца ў сабе. Беларусы сумняваюцца.
Толькі слабыя ведаюць, што такое перамога.
Аляксандар Лукашук
Эліяс Марцін, «Густаў III наведвае Каралеўскую акадэмію мастацтваў»
Фолкнэр сустракае Маркеса
Архіў Габрыэля Гарсіі Маркеса, які памёр сёлета на 88-м годзе жыцьця, пераяжджае ў ЗША.
СМІ не паведамляюць, колькі Тэхаскі ўнівэрсытэт у Остыне заплаціў сям’і пісьменьніка за ягоныя рукапісы, нататнікі, фотаальбомы, лісты, дзьве пішучыя машынкі Smith Corona і пяць кампутэраў Apple. Але адзначаецца міжвольная іронія гэтай трансакцыі. Маркесу, сусьветна вядомаму прыхільніку Фідэля Кастра, амэрыканскія ўлады забаранялі ўезд у ЗША ажно да 1995 году. Маркес казаў, што хоча туды паехаць толькі дзеля таго, каб пабачыць мясьціны, дзе жыў і пісаў ягоны літаратурны кумір — Уільям Фолкнэр. Цяпер жа архіў Маркеса будзе захоўвацца дакладна там, дзе і архіў Фолкнэра — у Тэхаскім унівэрсытэце.
Ян Максімюк
Ёзэф Дангаўзэр, «Чытаньнераману»
«Згубная звычка»
Усе надарылі мне ў сераду столькі кніг, моцных і пякучых, што ўжо тыдзень жыву ў нейкай іншай рэальнасьці. Кніжкі глытаюць мяне, і я ім аддаюся. Адно што стала дужа неўраўнаважанай. Я раней думала, што вось людзі дарослыя — яны загартаваныя, умеюць хаваць пачуцьці, быць цьвярозымі, цьвёрдымі і несэнтымэнтальнымі. Фігушкі — так, відаць, дурай і памру... Учора на вакзале, напрыклад, сядзела і раўла над Казанцавай (сын, як заўсёды, далікатна рабіў выгляд, што нічога не адбываецца). Мабыць, мне сапраўды лепш з дому не выходзіць, a то, бывае, магу ўспомніць якісьці верш і заплакаць, проста ідучы па горадзе.