• Газеты, часопісы і г.д.
  • 100 словаў

    100 словаў


    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 346с.
    2017
    61.3 МБ
    Вось як раней можна было моцна траўмаваць беларуса!
    Павел Абрамовіч
    Пітэр Кваст, «Выдапеньне каменя дурноты»
    «Дурное гасударство»
    — Вот жа, дурное гасударство, — казала кожны раз мая бабуля, калі паштальён прыносіў ёй пэнсію: 12 рублёў, а недзе пасьля пачатку 1970-х ажно цэлых 20 рублёў!
    — Як я працавала ў калгасе, ад цямна да цямна, без выхадных, дык яны мне нейкія палачкі ставілі, — працягвала яна. — А як цяпер я сяджу дома, на працу не хаджу, унукаў даглядаю, дык яны мне грошы плацяць?!
    — Дурное нейкае гасударство, — рабіла выснову мая старэнькая бабуля.
    А мы, малыя ўнукі, сьмяяліся зь неадукаванай бабулі.
    Прабач мне, мілая бабуля, за мой сьмех, за зьдзек улады, за цяжкае гаротнае жыцьцё, якое ты пражыла!
    Кастусь Алешка
    Адольф Эхтлер,
    «Бабуля распавядае гісторыю ўнукам»
    За «рускіх» ці за «немцаў»?
    У дзяцінстве мы гулялі ў «вайнушку». Драматычны момант наставаў тады, калі пачыналася разьмеркаваньне роляў: «Ты за “рускіх” ці за “немцаў”?» I тут высьвятлялася, што «немцаў» альбо зусім няма, альбо дужа мала.
    Пазьней, калі разваліўся Савецкі Саюз, мой выбар быў цалкам вызначаны. I вось, здарылася, што наша дачка зьехала ў Нямеччыну. Там нарадзіліся дзьве ўнучкі. Жонка ўжо тройчы наведвала іх. Цяпер і яна — за немцаў.
    Апесь Анціпенка
    Антон фон Вэрнэр, «Абвешчаньне Германскай імпэрыі»
    Абразок
    На маёй далоні маленькі бронзавы абразок — Божая Маці. Памяць вяртае мяне ў далёкія гады дзяцінства...
    Зь вялікім задавальненьнем хадзіла з бабуляй у маленную — царкву «па-свойму». Для шасьцігадовай дзяўчынкі з гораду ў гэтым храме стараабрадцаўусё было незвычайнае, чароўнае! Старанна малілася, цярпліва выстойваючы ўсю службу, чым аднойчы і прыцягнула ўвагу нейкіх прыежджых духоўнікаў. Абразок — іх падарунак для мяне.
    Школа зьмяніла мой сьветапогляд. На вакацыях я ўжо «адукоўвала» сваіх: «Бога няма! Мы — будаўнікі камуністычнай будучыні!» Дзед толькі нездаволена тапырыў вусы. Бабуля не вытрымлівала: «Ат, што з табой гаманіць...»
    На жаль, шмат што мы разумеем праз гады. Ды запозна...
    Вікторыя Грыніна
    Жан Франсуа Міле, «Вячэрняя малітва»
    На радзіме
    На тым тыдні наведалася я на радзіму. Каторым разам пад яжджаю да будынку касьцёла, дзе мяне хрысьцілі, але зноў зачынена, ксёндз адзіны на некалькі вёсак. Касьцёл даўнішні. Пішуць, Ігната Дамейку калісьці хрысьцілі ў ім.
    На дзьвярах прышпілены нумар тэлефону сьвятара. Тэлефаную, каб спытаць, мо ён дзе недалёка. Вітаюся па-беларуску і размаўляю таксама. У адказ чысьцюткая руская мова з выразным вымаўленьнем гукаў на расейскі лад, а прозьвішча беларускае, здаецца. Чым далей гутарым, тым афіцыйней.
    Летась у Міры ксёндз да мяне і стрыечнай сястры зьвярнуўся з ласкавым прывітаньнем па-расейску, як да чаканых гасьцей-турыстак. I не адказаў пабеларуску.
    Госпадзе высокі, як мне шкада.
    Апа Жак
    Уладзіслаў Малецкі, «Краявід з касьцёлам»
    Факультэт непатрэбных рэчаў
    Час ад часу ўспамінаю сваю «alma mater». Аналізую, прыгадваю, якія рэальныя веды я атрымаў пасьля заканчэньня ВНУ. Але так і ня здолеў прыгадаць хоць што-небудзь, што спатрэбілася ў рэальным жыцьці. Да ўсяго прыйшлося даходзіць (дапаўзаць, дабягаць) сваім розумам і шмат працаваць над сабою! А галоўнае — праз тысячы памылак і гузакоў рабіць самастойныя крокі: разьвівацца, дабівацца пастаўленых мэтаў, руйнаваць стэрэатыпы, выціскаць зь сябе страхі (раба), лічыцца з інтарэсамі іншых людзей, вучыцца паважаць сябе і шмат чаго яшчэ...
    Але, на жаль, гэтаму не вучылі ў маім унівэрсытэце.
    Як і шмат чаму яшчэ.
    Яўген Мартыновіч
    Бомба на палубе
    На пачатку вайны майго бацьку, як і сотню іншых юнакоў з Адэсы, перавозілі на баржы ў Наварасійск. Раптам «Мэсэр». Баржа — як мішэнь у ціры пасярэдзіне Чорнага мора. Немец вырашыў паказаць баявое майстэрства, скінуў бомбу за некалькі мэтраў над караблём. Але бомба ў бамбалюку «Мэсэршміта» ляжала гарызантальна, з-за «пантоў» лётчыка яна не пасьпела павярнуцца пад сілай прыцягненьня ўзрывальнікам уніз, бокам на палубу і ўпала. I ня выбухнула. Немец паляцеў па сваіх справах. Хлопцы з бомбай на палубе да Наварасійску і даплылі.
    Юры Дракахруст
    Хор
    Я жадаў сьпяваць. Але ў мяне не было голасу.
    — Ты павінен маўчаць, — казала настаўніца сьпеваў, запісваючы мяне у хор, — ты не для сьпеваў, а для колькасьці.
    Неяк наш хор трапіў на конкурс. Сьпявалі вясёлую песьню. Усе былі вясёлыя. Толькі я сумны. Гэта заўважыла жанчына з журы. I спыталася, чаму я такі. Я сказаў, што мне не дазваляюць сьпяваць, таму што ў мяне няма голасу.
    — Сьпявай! — дазволіла жанчына.
    Я засьпяваў. Адзін, бяз хору. Усе запляскалі ў далоні.
    А жанчына сказала, што ёй таксама не дазвалялі сьпяваць. I, падміргнуўшы мне, дадала:
    — Таму я цяпер у журы!
    Марат Баскін
    Томас Ўэбстэр, «Вясковы хор»
    Згубденае пакаленьне
    У 90-я нам па 20.
    Мы чакалі зьменаў і надлому сыстэмы. Тры гады перад Лукашэнкам мы думалі, што гэта — пачатак і краіна будзе мяняцца далей.
    Потым прыйшоў ён. У канцы 90-х мы хадзілі на акцыі і думалі, што сыстэму можна зьмяніць мірна. Мы пісалі артыкулы і кнігі, спрабуючы такім чынам усё перайначыць. Але «сыстэма» зьмяніла нас.
    Частка з нас, згубіўшы надзею, зьехала за мяжу. Другія — пайшлі ў сыстэму, мяркуючы зьмяніць яе знутры. Трэція — засталіся ў сваім «змаганьні».
    Мы — згубленае пакаленьне з надзеяй ў сэрцы.
    Андрэй Мялешка
    «Ліст дадому»; здымакз часоў Першай сусьветнай вайны
    Дзіцячыя гульні
    Аліку падабалася абзываць мяне фашыстам. У ягоных вуснах гэта гучала нават з падвойнай нянавісьцю: «У-у-у, жыд пархаты! Фашыст!»
    Я і сёньня, калі Алік, па зьвестках, жыве ў Брукліне, ня ведаю, чаму ён да мяне чапляўся. Мо таму, што быў вышэйшы і дужэйшы за мяне. Аднойчы я ня вытрымаў: скочыў яму на сьпіну, адной рукой учапіўся за чупрыну, а другой калаціў па вуху: «Гітлер! Гітлер!» Чупрына насамрэч рабіла Аліка падобным на Гітлера, бо матлялася па лбе наўкось.
    Але тады, у 1948-м, я ня ведаў яшчэ, што менавіта Гітлер забіў у гета Алікаву бабулю і старэйшую сястру.
    Мо і Алік ня ведаў.
    Сяргей Ваганаў
    Джон Морган, «Бойка»
    Партызанскай сьцежкай
    Ходзіць па мястэчку бабулька, апіраючыся на ядлоўцавы кіёк. Заходзіць у аптэку, просіць даць ёй бінтоў ды ёду, кажа, што панясе ў партызанскі атрад параненым. Дзяўчаты з аптэкі бабульку ведаюць, кажуць, што самі перададуць патрэбнае ў партызанскі атрад. Бабулька згаджаецца, ідзе ў суседнюю краму, там просіць хлеба, таксама для партызан — яны ж там галодныя. Прадавачкі з крамы яе таксама ведаюць, абяцаюць самі перадаць хлеб партызанам.
    Бабулька не пярэчыць, ідзе далей. Постаць пад цяжарам пражытых гадоў сагнутая пытальнікам, выцьвілы руды палітончык даўно страціў першапачатковы колер. Што вымушае старую хадзіць сваёй бясконцай партызанскай сьцежкай, якая недаробленая ў гады вайны справа, якая нявыказаная думка?
    Кастусь Сырэль
    Джарджонэ, «Старая жанчына»
    Невымоўнае
    Перамагчы
    Колькі нас, адчайных, у гэтым сьвеце? Кожны. На шчасьце, ня кожнаму, як мне, даводзіцца наведваць псыхіятра.
    He кажыце, што я займаюся глупствам, калі купляю за апошнія грошы лекі, ад якіх я поўная і моцна хачу спаць!
    Я чытала, што біпалярнае расстройства цалкам ня лечыцца — яно як цукровы дыябэт.
    За мяжой гэта часты і модны дыягназ, але беларускае грамадзтва глядзіць на псыхічныя хваробы па-іншаму.
    Людзі, прыміце мяне!
    Раніца. Трэба зьбіраць рэчы ў бальніцу (напэўна, восьмы раз), няўжо зноў дарэмна?
    Маладая.
    Хто і навошта хоча зьнішчыць маю шчасьліваю зорку?
    Яшчэ буду трымаць у далонях вясёлку, абяцаю. Ніколі не зьміруся.
    Аляўціна Макулінка
    Гюстаў Курбэ, «Джо, прыгожая ірляндка»
    Адзінота
    Учора ўпершыню ў жыцьці дачку забралі з дому на некалькі тыдняў — да бабулі пагасьціць. Шчасьлівая і радасная, Маша сядзелаў дзедавай машыне, прадчуваючы цікавае падарожжа. I я таксама за яе радавалася, бачачы, зь якім захапленьнем яна выправілася ў вандроўку.
    А пасьля... пасьля чамусьці ўсё пачало валіцца з рук: і ежа не гатавалася, і машына не кіравалася, нібыта ўсе рэчы застылі ў нейкай сарамлівай разгубленасьці.
    Так я і прахадзіла ўвесь дзень на непрытомных нагах, з кута ў кут, спрабуючы знайсьці сабе занятак.
    А потым села ля вакна і нарэшце заплакала, зразумеўшы раптам, што яшчэ далёка ня ўсё ведаю пра адзіноту.
    Наста Кудасава
    Александэр Джон Ўайт, «Лугавая кветка»
    чорны
    я ведаю, як выглядае рак. ён глыбока чорны, матавы, бясконцы і паглынае астатнія колеры. такі колер належыць чорным дзіркам у космасе.
    мама доўга хварэла, напрыканцы мы зарэгістраваліся пры хосьпісе і засталіся дома. быў жнівень.
    у сакавіку мы паехалі за горад і адкапалі тры бярозкі.
    я бегаю пад вокнамі першага паверху. мама глядзіць на мяне з пакоя і рукой паказвае, куды садзіць бярозкі, худая, стомленая, але абсалютна моцная і нязломленая.
    калі яе ня стала, акурат на Пасху, бярозкі пачарнелі. засталіся жывымі знутры, але звонку іх ахінула вусьцішная чарната. пачарнелае лісьце апала, і яны цяпер стаяць самотнымі, бо былі патрэбныя толькі маме.
    а. і. бацкель
    Ані слова, ані ста словаў
    — Колькі нас маладых, — пачынае пералічваць Анатоль, — адзін, два, тры, чатыры... са мною сем.
    Маладому Анатолю шэсьцьдзесят чатыры гады. I няма ані слова, ані ста словаў, каб нешта сказаць жыхару цудоўнай вёскі Малая Кракотка Слонімскага раёну, брату Янкі Саламевіча. Хіба што слухаць і пэрыядычна пачынаць пералічваць сьпелыя вішні, якіх дакладна болей за сто.
    Аксана Спрынчан
    Аляксандар Герымскі, «Мужыцкая дамавіна»
    Нянавісьць
    Ты адчуваў, як нянавісьць трапляе ў тваё нутро? Як хутка яна набірае сваю моц і ўладу? За пару сэкундаў ты ўжо пэўны ў тым, што яна справядлівая і разумная. Ты ўжо не заўважаеш, як атручаны ядам, падманваеш сваё сэрца і думаеш, чыніш, кажаш ліхое. Ты выліваеш увесь гэты бруд і адчуваеш трыюмф: ты — моц, ты — улада, ты — справядлівасьць! Ты пачынаеш ганарыцца сваім судом, і о — што гэта?..
    Немінуча прыходзіць спусташэньне... А пасьля раскаяньне... А пасьля горыч.
    Праўду кажуць, што грэх — падман. Замест «задавальненьня» — пакута, «радасьці» — сорам, нянавісьці — зьніякавеньне.
    «Зьмяя ўнутры цябе» альбо Любоў.
    Выбар робіш кожны дзень. He. Кожную хвіліну.
    Наста Дашкевіч
    П’етра Паета, «Нянавісьць»