100 словаў
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 346с.
2017
Вазьміце водар
Такімі словамі мяне спыняе мужчына каля ўваходу ў гандлёвы цэнтар.
Бяру белую паперку, абыякава кладу яе ў кішэню: сумняваюся, што далі нешта добрае.
Блукаю па крамках, у кішэні намацваю «водар»... Мне прапанавалі цяжкаваты драўляны, зь дзёрзкімі ноткамі, пах. Ён падышоў бы жанчыне ўпэўненай, амбітнай, сьмелай, якая ня носіць туфлі на высокіх абцасах і валасы стрыжэ каротка.
Але лепей за ўсё гэты водар пасаваў бы мужчыну. Фантазія намалявала амаль клясычнага героя ў доўгім чорным паліто, капелюшы, са скураным партфэлем праз плячо. Твар непаголены, у вачах — сум і расчараваньне.
Пах з паперкі хутка зьнікае, як і вобразы са сьвядомасьці.
Джон Ўільям Ўотэргаўз, «Мая салодкая ружа»
Марына Весялуха
Плошча Ленана
3 найбольшых уражаньняў за апошнія пару гадоў — цырымонія закрыцьця лёнданскай Алімпіяды, дакладней, невялікі адтуль эпізод, калі на вялікім стадыённым экране паказаўся Джон і зайграў на белым раялі «Imagine», а пакуль іграў, з розных канцоў стадыёну, проста ў цёмны ягоны цэнтар, памкнуліся асьветленыя дробачкі-фрагмэнты і ўтварылі ўрэшце сьветлы Ленанаў твар, што праіснаваў усяго сэкундаў дзесяць і распаўся з апошнім акордам.
Калі пачынаюцца выбухі, падае долу пасажырскі самалёт і на парад выпаўзаюць чарговыя танкі, заплюшчваю вочы, уяўляю сябе чалавекам з кавалачкам ленанаўскага твару на плячах, і справа мая — дайсьці ў патрэбную кропку. Пакуль не прагучала «and the world will live as one».
Ціхан Чарнякевіч
Сцэна з цырымоніі закрыцьця Алімпіяды 2012 у Лёндане
Чорныя птушкі
Яны выпырхнулі зь дзьвярэй бажніцы спуджанымі птушкамі і паскакалі па сходах на шырокі цьвінтар. Падраўняўшы шыхтоўку па двое, сьпешна пакрочылі ў ягоны дальні кут. Постаці іх, худыя, але зграбныя, хавалі пад шырокімі чорнымі апранахамі сваю маладую вабнасьць. Адварочваючыся ад цікаўных позіркаў, хілячы галовы долу, уціскаючы іху плечы, яны нібы імкнуліся найхутчэй занурыцца ад зыркіх колераў летніх убораў турыстаў у свае паўзмрочныя кельлі.
Зьбянтэжанасьць адной перацякала разгубленасьцю на другую, ніякаватасьць трэцяй ахапляла страхам чацьвёртую, скаронасьць пятай рабілася наканаванасьцю шостай...
Апошняя ішла адна. Крыху адстаўшы. Сталая, выпрастаная, з прыўзьнятай галавой і позіркам наперад. У правай руцэ — жазло. Як у царыцы. Ігуменьня.
Валянціна Аксак
Ян ван Гельмант, «Партрэт манашак-аўгустыянак чорнага канону ў Антвэрпэне»
спаць
падлеткам я спаў пакуль цела не пачынала ныць і пасьля абеду быў вымушаны ўставаць хаця б у прыбіральню.
юнаком я спаў паўсюль — на лекцыях, у грамадзкім транспарце...
сталеючы, я пачаў заўважаць, што пачынаю ўсё менш спаць. і тады мяне супакоіла бабуля, яна неяк прамовіла ўвечары, калі мы разам зь ёй сядзелі ля вогнішча на хутары:
вось з кожным днём я ўсё больш радуюся жыцьцю і магчымасьці бачыць ранішнія промні сонца, і кожны дзень я разумею, што мне ўсё менш жыць засталося, і таму сплю як мага меней, каб яшчэ болып пажыць.
і цяпер я хачу ўсё менш і менш спаць у гэтым сьвеце, і разумею, чаму я так хачу.
а. і. бацкель
Аўгуст Эдўін Малрэдзі, «Вандроўныя мэнэстрэлі»
Асеньні жаўранак
Апошнія дні лістапада. Суботняй раніцай еду ў Менск. Апранулася, бадай, не па надвор’і — крыху падмярзаю ў сваёй «эканомклясе». Перад Дзяржынскам (звычайны малюнак для нашых электрычак) у вагон заходзяць двое, адзін з акардэонам. Ну, думаю, нешта з ардэнаноснага Дробыша зараз забацаюць. Або яшчэ што вясельна-рускамоўнае ці настальгічнае, каб расчухаць-падлашчыць народ.
Сама — нуль увагі, паглыбляюся ў сваё.
А тут, быццам аднекуль, здалёку...
«... самотным жаўранкам зьвініць і плача май».
3 куляшоўскага паднябесься заляцеў, зазьвінеў мэлёдыяй чароўнага сьпеву асеньні жаўранак. Слухала, гледзячы ў акно. I не заўважыла, як стала цяплей. Здаецца, і апранулася па надвор’і.
Сьпявайма ж беларускае — зіма наперадзе.
Натальля Плакса
Жуль Брэтон, «Песьня жаваранка»
Прадчуваньне
Калі апошнім разам быў прыехаўшы да мамы, тая завінулася паказаць, дзе ляжаць пахавальныя грошы. Спрабаваў аджартавацца. Пакрыўдзілася: «Коцік жа мой сышоў. Гэдак робіцца на нечую з хаты сьмерць». «Сышоў, бо стары. Мо дзе поездам забіла — пуці ж пад вокнамі». «Памру я скора, сын. У мяне картофля сёлета — як ніколі, а ў людзей скрозь уся пагарэла». «Парасло, бо соткі ў лагчыне». «Квахтуха выседзела пятнаццаць куранятак, ніводнае не прапала, і ўсе курачкі. Сьмерць ідзе ў хату, сынок». Так і не далі рады згаварыцца. Празь пяць тыдняў маму пахавалі. Грошы не знайшліся.
Яўген Чапко
Джэймс Мак-Нэйл Ўістлер, «Партрэт маці»
Просты герой
Яе не паставіш у адзін шэраг з агульнапрынятымі героямі: не ваявала, з-пад колаў аўто нікога не дастала, з пажару ня вынесла. Яна — узорна памерла.
Муж, пяцёра дзяцей, пакліканьне — служэньне, прыстойны дабрабыт, 40 гадкоў зь невялічкім хвосьцікам, цяжкая хвароба і прысуд дактароў: «Вам засталося 2 гады... 2 месяцы... 2 тыдні».
He наракала, ня кідалася ў роспач, не гаравала, рабіла штодзённыя справы, прымала наведнікаў, малілася аб выздараўленьні, але і спакойна рыхтавалася ў дарогу. Казала: «Я гатовая». Пайшла...
Думаю: адкуль такая мужнасьць і супакой? I ведаю адказ. Яна глядзела ня ў вочы сьмерці, а ў вочы Бога. Мой герой, мая сяброўка Вольга Кухарчук.
Алеся Унукоўская
Талерантныя беларусы
Ва ўнівэрсытэце я неяк запытаўся ў студэнтаў, якая вызначальная рыса беларуса.
Чакана, зь вялікім адрывам перамагла талерантнасьць. Пытаюся, што азначае талерантнасьць? Ну, кажуць, гэта калі ўспрымаюць і ставяцца да іншых, чужых і непадобных да нас з шанаваньнем, не варожа...
— Добра, — кажу, — а што будзе, калі, напрыклад, вы, — і я паказваю на ладную дзяўчынку, — закахаліся б у чарнаскурага афрыканца і прывялі яго дахаты? Што Вам сказалі б Вашы бацькі?
— Я не закахаюся! Нэгры павінны жыць у сябе, мы ў сябе... — адказала пасьля шоку яна.
I тут яе сяброўка па парце, вельмі ўпэўнена:
— Сказалі б: СУЧКА!
Ігар Кузьмініч
Больш няма
Скрып, скрып, скрып... Міма майго акна кожны дзень, зь дзіўнай пунктуальнасьцю, праяжджае сусед па вуліцы. Ровар такі ж старэнькі, як і яго гаспадар. Яны заўсёды разам, як адзінае цэлае. Я ўжо так прызвычаілася да гэтага павольнага, мернага і абавязковага ў пэўны час парыпваньня, што міжволі чакала яго зьяўленьня кожны раз. Год, два, тры...
Але аднойчы я не пачула звыклага «скрып, скрып...» I на другі дзень, і на наступны... А потым я даведалася, што іх разлучыла сьмерць. Цяпер старэнькі ровар, самотны і маўклівы, стаіць у закінутым усімі хляве.
Як быццам я таксама нешта страціла ў сваім жыцьці.
Вікторыя Грыніна
Карл Юліюс фон Лейпальд, «Вандроўнік у час навальніцы»
Новыя іконы
Заходжу ў хату. Вітаюся з бацькамі. Стаю ў чаканьні адказу.
А яны маўчаць. Проста глядзяць на мяне зьверху, з-пад самае столі. Маладыя. Усьмешлівыя. Прыгожыя. Шчасьлівыя.
Аблямованыя вішнёваю самаробнаю рамай. Такой жа, як і Маці Божая і Ісус Хрыстос побач.
I самі ўжо сталі іконамі.
Валянціна Аксак
Джон Эвэрэт Мілэй, «Хрыстос у доме сваіх бацькоў»
Спрэчка з Шэксьпірам
Прачытаў душэўны ўспамін пра знакамітага актора. Пра бліскучыя ролі. Пра майстэрства і прафэсіяналізм. Пра служэньне сцэне. Пра тое, як ён на сконе СССР нечакана выступіў у падтрымку беларускай мовы, калі прымалі закон.
He прачытаў пра яго служэньне марыянэткай у тэатры лялек — цацачным сэнаце новай улады, якая пахерыла і закон, і мову. He прачытаў пра скокі ў інтэграцыйнай апэрэце, дзе паяцам раздавалі пазалочаныя кароны. He прачытаў пра ролю вялікага глуханямога, калі зьбівалі, арыштоўвалі, судзілі яго публіку, забаранялі і цкавалі яго знаёмых творцаў.
Увесь сьвет — тэатар.
Але тэатар — ня ўвесь сьвет.
Аляксандар Лукашук
Дэйвід Скот, «Каралева Вікторыяў Тэатры „Глобус” на п’есе Шэксьпіра „Віндзорскія насьмешніцы”»
Каза
Як у кожным мястэчку, у нас таксама была свая вар’ятка. Вар’ятка была прышлая, не мясцовая. Бабуля клікала яе паесьці, давала ёй што магла з адзеньня. Заходзячы да нас, яна заўсёды расказвала пра сваю казу, якую маляваў сябрук яе дзяцінства.
— Вельмі ён любіў маляваць нашу казу. Што б ні маляваў, а на малюнку наша каза ёсьць, — казала яна і паказвала заскарузлую скамечаную паперку з намаляванай казой. Паперку яна трымала у падраным рыдыкюлі, зь якім ніколі не разлучалася.
Я запомніў погляд той казы. I, убачыўшы, праз шмат гадоў карціны Шагала, пазнаў на іх казу вар’яткі!
Марат Баскін
Артур Страхан, «Кармленьне казы»
Журба
«У садзікубыло добра! Усюды цацкі, назанятках весела. Сяброў харошых можна знайсьці. Нават у кутку стаяць цікава, бо там лесьвіца і розныя мячыкі. Толькі я тады гэтага не цаніла... Шкада...»
Васьмігадовы чалавек вучыцца тужыць па мінулым.
Тацяна Барысік
Джон Джордж Браўн, «Хпопец са скрыпкай»
Анёд
У кожным з нас жыве Анёл. Пачуўшы знаёмую сэрцу мэлёдыю, адчуўшы смак запыленага ўспаміну, выходзіць на сьвет. Ён расхінае душу так шырока, што ты падаесься сабе нібы аголенай перад іншымі. Табе радасна і сьветла, Анёл сьмяецца. Ён дурэе і танчыць у тваіх успамінах, гарэза!
Бывае, у гэты ўзьнёслы час ты натыкаесься на позірк непаразуменьня — і ў адкрытую Богу і людзям душу задзьме халодны вецер. Захочацца сагрэцца, закрыўшы душу, затуліўшы Анёла ад усіх скразьнякоў.
А хочацца — наадварот... Каб ад гучнага сьмеху няўрымсьлівага Анёла вакол прачыналіся іншыя. I танчылі разам, узяўшыся за рукі, каб нікому болей не хацелася спаць.
Наста Дашкевіч
Хуга Сімбэрг, «Паранены анёл»
Грамадзкае
Крыху шчасьця ў халодны дзень
Найлепшае, што здарылася за апошнія дні зь іх масай падзей — добрых і дрэнных, лаянкі і камплімэнтаў, і працы, працы, працы...
Выходжу з пад’езду. Стаяць прасьцецкія такія, нармальныя дзядзькі, дамафон рамантуюць. Пузатыя, чырванатварыя і чырванарукія. Праходжу міма. Адзін адрываецца ад дамафона, шырока ўсьміхаецца ўсімі дзіркамі ў роце і кажа: «Прывітаньне, прыгожая!» Адчуваньне дзіцячай радасьці.
Дамафон яны так і не адрамантавалі.
Юлія Чарняўская
МІЛОСЬЦІ ЗЛОСЬЦІ
Адзін мой знаёмы жыхар сацыядьных сетак заўважыў, што многія яго пазытыўныя запісы лайкаюць і перапошчваюць, але нэгатыўныя, зьедлівыя, кпіны — утрая больш. Чаму так?
У псыхалёгіі гэта называецца «гіпэркрытыцызм». Нэгатыўнае выказваньне ад пачатку ўспрымаецца як болып слушнае, чым пазытыўнае. Вядомы экспэрымэнт, калі студэнтам давалі два тэксты аднаго літаратурнага крытыка бяз подпісу, пазытыўны і крытычны — і прасілі ацаніць «аўтараў». Прысуд быў адназначны — крытычны «аўтар» быў прызнаны больш кампэтэнтным і разумнейшым. Калі мы хочам уразіць каго-небудзь, крытычныя заўвагі б’юць фантанам.