• Газеты, часопісы і г.д.
  • 100 словаў

    100 словаў


    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 346с.
    2017
    61.3 МБ
    Кажуць, гэта вынік эвалюцыі — у суровых умовах увага да дрэнных навінаў дапамагала выжыць.
    Верагодна, эвалюцыя працягваецца. Або сямтам яшчэ ходзяць у скурах...
    Аляксандар Лукашук
    Габрыэль фон Макс, «Малпы як крытыкі мастацтва»
    Можна жыць
    Гаспадыня кватэры, дзе я здымаю пакой, зьехала на некалькі дзён у вёску. Гаспадынін сын, саракагадовы Дзімон, не марудзячы, прывёў «надзейнага таварыша». На бальконе яны ўпотай абкурыліся нейкімі зёлкамі і цяпер блукаюць па кватэры, старанна імітуючы перада мной адэкватнасьць.
    Раблю выгляд, што веру. Тут яшчэ можна жыць. Два папярэднія кватэрадаўцы — адзінокія пэнсіянэры-алькаголікі з прыкметнай маніяй велічы і навязьлівым жаданьнем павучыць маладога-зялёнага. Гаспадыня ж цяперашняй «хаты» — вельмі прыстойная. Дый Дзімон — неблагі мужык, а «па абкурцы» — наогул ціхі, малазаўважны. He, ён можа пашумець, калі глыне гарэлкі, але тое здараецца рэдка: аддае перавагу «траве»...
    Ігар Канановіч
    Жыцьцё і... жыцьцейка
    Раніцою, ідучы на працу, сустрэў жанчыну зь дзяўчынкай-інвалідам. Беднае дзяўчо ідзе-валюхаецца з боку на бок — нялёгка ёй жыць на гэтым сьвеце белым...
    Побач родная маці-матулечка — самы блізкі ёй чалавек.
    Уразіў позірк жанчыны, у яе вачах — насьцярожанасьць, гатовасьць абараніць сваю хворую дачушку-крывіначку хаця б і ад злых насьмешак, бо сьвет гэты жорсткі, а яшчэ ўваччу — хранічная стомленасьць.
    Дай, Госпадзе, гэтай жанчыне-маці сілаў, а ім абедзьвюм — хаця б маленькіх (дасягальных у іхнім становішчы) радасьцяў жыцьця-жыцьцейка...
    Юрась Півуноў
    Трэцяе пакаленьне
    Званілі з-за мяжы: нумар з кодам краіны высьвеціўся на дысплэі. Незнаёмы голас: я ўнук вашага былога дырэктара, Юркі Сянькоўскага, шукаю яго магілу...
    Я пазнаёміўся зь Юркам у Мюнхене — ён быў на пэнсіі, але заходзіў у рэдакцыю, жыў пераменамі ў Беларусі, перадаў у Менск цэлы грузавік забароненых эміграцыйных выданьняў. Я ня ведаю падрабязнасьцяў яго жыцьця: жонка і дзеці гаварылі, здаецца, толькі па-нямецку. Ён памёр у 1994. Я быў апошнім наведнікам у шпіталі ў апошні дзень яго жыцьця — апошні голас, які гаварыў зь ім па-беларуску.
    I вось праз два дзесяцігодзьдзі — беларускі голас, які шукае дзеда.
    А я думаю — гэта дзед знайшоў унука.
    Аляксандар Лукашук
    Каспар Давід Фрыдрых, «Этапы жыцьця»
    На Бацькаўшчыне
    Па вяртаньні ў Беларусь мінула чатыры месяцы, а ўсё не адпускае эўфарычнае пачуцьцё ад таго, чым аказалася для мяне жыцьцё на Бацькаўшчыне. Само сабой гэта клімат, калі ўдыхаеш зь дзяцінства знаёмае паветра; прырода — найпрыгажэйшая ў сьвеце; людзі, сярод якіх ніякім бокам ня ўбачыш сябе чужым ці наежджым; мова, якую штодня чуеш у транспарце. Проста фізычна пачуваесься грыбам з гэтага лесу. Ёсьць, натуральна, і бюракратыя на кожным кроку, самае горшае ў сьвеце начальства (Караткевіч). Аднак усе выдаткі тутэйшага сацыяльнага ўладкаваньня ня могуць і блізка параўнацца з тым натуральным душэўным уздымам, які перажывае чалавек усяго толькі ад таго, што жыве на Бацькаўшчыне.
    Сяргей Дубавец
    Барталямэ Эстэбан Мурыльё, «Вяртаньне блуднага сына»
    Як здымаюць стрэс ад заробку
    Атрымаўшы аванс, меншы за мільён, непітушчая знаёмая завітала ў краму, набыла малако-хлеб і шклянку «Сяброўкі» (і такая тара ёсьць). Прыйшоўшы да хаты, яна прычакала, пакуль дзеці ўлягуцца, кульнула чарку і спакойна заснула.
    Атрымаўшы аванс, меншы за мільён, я зайшла ў краму і набыла насеньня. Паразглядаўшы карцінкі і памарыўшы пра пасяўную, я спакойна заснула.
    Назаўтра, калі знаёмая апавяла пра «Сяброўку» (а яна месьцічанка ў н-ным пакаленьні, якая ня бачыла, як квітнее бульба), я зразумела: якое шчасьце мець маленькі лапік зямлі, які натхняе.
    Прыйшоўшы дахаты, дастала самагонку, выпіла чарку за Сваю Зямлю і спакойна заснула.
    Аксана Спрынчан
    Ян Вэрмэр, «Келіх віна»
    Салодкае
    Пакуль я думаю, як зьвесьці канцы з канцамі, чым у наступным месяцы заплаціць за кватэру чужой цёці і ў каго пазычыць, каб раздаць даўгі, некаторым дык і зусім салодка жыць зрабілася...
    Сябар працуе ў раёнцы. Тэлефануе раніцай і расказвае навіны, пра якія ў газэце не напішаш, але падзяліцца хочацца. Кажа: а ў нас ужо пачалі заробак грэчкай і згушчонкай выдаваць, а не грашыма, а ў крамах людзі ўвогуле не купляюць нічога, бо няма тых грошай. Думаю сабе: ну, а ў наступным месяцы мо чым іншым выдадуць — навошта тады ўвогуле ў краму хадзіць.
    Я сабе рэдка магу дазволіць згушчонку...
    Ірына Бельская
    Вінсэнт ван Гог, «Бульбаеды»
    Біятлён
    Чэмпіянат сьвету пачынаецца! Зноў сотні тысяч беларусаў адначасна з сотнямі мільёнаў заўзятараў па ўсім сьвеце дзесяць дзён будуць жыць вялікім біятлёнам — самым папулярным зімовым спортам у Беларусі. Мы будзем прыкутыя да тэлевізараў, будзем радавацца, смуткаваць, лічыць мэдалі і заліковыя пункты. На эмоцыях будзем нібыта ляцець па лыжнай трасе разам зь «беларускай ракетай» Домрачавай і яе сяброўкамі і сябрамі па камандзе.
    Наша Даша будзе самай папулярнай беларускай у сьвеце. Яе імя будуць скандаваць і трыбуны фінскага Кантыялахці, роднага стадыёну галоўнай Дашынай канкурэнткі — Кайсы Макарайнен. Перамогуць мацнейшыя. Пераможам і мы, як у сваёй любові да спорту, так і ў агульным патрыятызьме.
    Вячаслаў Ракіцкі
    Кнуд Бэргсьлін, «Лыжнікі-біркебэйнэры праходзяць горы з каралеўскім дзіцём»
    Памылка
    Памыліўся. Атакуюць. Пагаджаюся, папраўляюся, баранюся. Дыскусія кіпіць. Тэмпэратура нарастае. Дэмаршы адбываюцца. Бо тэма большая за памылку.
    Але ня большая за чалавека.
    Аляксандар Лукашук
    Жорж дэ Лятур, «Сварка музыкантаў»
    Дзе беларусы?
    У мястэчку-райцэнтры на пляцы некалі ўзвышалася клясычная беларуская трыяда з бажніцаў. Царква захавалася, на падмурках касьцёла — крама. Дзе была сынагога, мала хто памятае. Але могілкі ёсьць...
    — Рускія могілкі унь той вулачкай і налева, на пагорку, ага, — кажа местачковец гадоў шасьцідзесяці. — А польскія, значыцца, непадалёк, толькі бліжэй да парку. Жыдоўскія пад гарою.
    — To слухайце, дзядзька, хто ж у вас у мястэчку даўней жыў?
    — Ну, я ж і кажу: рускія, палякі і жыды. Жыдоў ужо нямашака, а рускія і палякі жывуць, ну.
    — А беларусаў што, не было?
    Яраш Малішэўскі
    Ўільям Чэйз, «Хованкі»
    Тутэйшы пазытыў
    Золкай раніцай брыду па неабсяжных прасторах магілёўскага Задняпроўя ў пошуках аўтобуснага прыпынку. Mae ногі няўдала спрабуюць абраць сушэйшы шлях. Рукі мерзнуць, а галава занятая роздумам на тэму: «Бальнічны як прычына грашовага крызысу ў асобна ўзятай кішэні».
    «Бросайте мусор в урну — м всё у вас будет хорошо!» — абнадзейвае надпіс на сьцяне панэльнага шматпавярховіка.
    25 сакавіка. Мой тэлефон радасна пішчыць чарговым CMC. Я падсьвядома чакаю віншавальнай прапановы ад мабільнага апэратара: «Сустракай Дзень Волі разам з life! Закачай мэлёдыю Ваярскага гімну за 0 рублёў...»
    Тэкст на экране выпраменьвае: «Наберм 2244 м говорм голосом Бобра йлм Страшылы!»
    Тутэйшы пазытыў не заўжды ратуе.
    Тацяна Барысік
    Эдвін Остын Эбі, «Маладая жанчына ў лесе»
    Дэзарыентацыя
    Калядны вечар. Іду бязьлюднай вулачкай на ўскраіне мястэчка. 3 боку цэнтральнай плошчы даносіцца буханьне расейскай папсы.
    Насустрач ідзе жанчына. Паходка няўпэўненая, цёмныя валасы раскіданыя па плячах, паліто расшпіленае, доўгі шалік цягнецца па сьнезе. Халоднае сьвятло вулічнага ліхтара робіць малады твар падобным да аблічча нябожчыцы.
    Накіроўваецца да мяне: «Мужчына, дапамажыце!»
    Спыняюся: «Што здарылася?»
    I тут жанчына задае пытаньне, якое агаломшвае мяне: «Мужчына, скажыце мне, дзе я і хто я?»
    Я ашалела маўчу, ня ведаю, што адказаць...
    Пазьней прыходзіць думка: «Так і нашая краіна — падпіўшы, танчыць пад расейскую nancy, а потым забываецца, дзе яна і хто яна».
    Кастусь Сырэль
    Пітэр Брэйгет Старэйшы, «Прыпавесьць аб сьпяпых»
    А дворнікам сам Лукашэнка
    На рагу плошчы Леніна і Пушкінскай у Берасьці саджаюць дрэўца. Пралетарыят завіхаецца — трымаюць, прымяраюць, падказваюць. Адзін, два, тры, чатыры работнікі ЖКХ. Збоку пяты і шосты, падыходзіць яшчэ адзін, і яшчэ адзін стаіць. Восем! Побач тры машыны.
    Дрэўца адно, як помнік правадыру. Ільліч паблажліва глядзіць з высокага п’едэстала.
    Плошча чыстая. Вуліца чыстая. Усё, зрэшты, такое, якім я памятаю са сваіх школьных гадоў, за часамі Хрушчова і Брэжнева. Заўсёды было чыста, і на гэта не зьвярталі ўвагу, бо такая норма.
    Цяпер гэта палітыка, а палітык у краіне, як вядома, адзін.
    Таму дрэўца садзяць восем яго выбаршчыкаў
    Аляксандар Лукашук
    Джордж Клаўсэн, «Пасадка дрэва»
    Abjava na slupie
    Karotkaja abviestka na prypynku — jak adbitak i vycarpalnaja charaktarystyka svajho casu, etapu historyi, epochi. Rasstanobka pryjarytetau, intanacyja, pieravahi i niedachopy — takija, jakich nie bylo dahetul i nia budzie uzo zautra. Z vulicnych abjavau mozna skiasci partret usiaho nasaha zyccia, jakomu buduc dzivicca nascadki. Nas cas u hetym zanry vyhladaje nastupnym cynam:
    Zaprasajuc na pracu dziaucynu abo chlopca.
    Music lohka znachodzic ahulnuju movu z klijentami.
    Nie zamarocany na sacsietkach.
    Kab i kuryu, ale тіей rasucy namier kinuc.
    Kab lubiu vypic, ale tolki zialonaj harbaty.
    Sto za praca?
    — Nia sietkavy markietynh.
    — Nia spajsy.
    — Nie viarbouka va Ukrainu.
    Zaprasajuc na pracu pradauca.
    Siarhiej Dubaviec
    James Tissot, «Pradavacka»
    Пярэдні край
    Жывучы ў Менску на вуліцы Мірашнічэнкі, калі-нікалі вяртаюся са шпацыру «ўзьбярэжжам» задуменна-шумлівага хвойніку, дзе ў пагодныя дні паміж дрэвамі блукае спакусьлівы шашлычны дымок і на ўтульнай палянцы вядзецца ўзбадзёраная чаркай сяброўская размова. Тут жыхары бліжэйшых дамоў ладзяць, нярэдка — сямейныя, пікнікі. I часам дзіцячы мячык дабягае да каменя з мэмарыяльнай шыльдай або да першых крыжоў, якія нязьменна вартуюць пярэдні край урочышча Курапаты...
    Цікава, наважыліся б гэтыя прыстойныя людзі вольна адпачываць каля самых могілак ці нават седзячы на крайніх магілах? Думаю, што не. Але як ёсьць — так ёсьць.
    «Вось сымбаль твой, забыты краю родны!..»
    Ігар Канановіч
    Джэймс Тысо, «Пікнік»
    Чыста на вуліцах
    1971 год, Гомель, мне шэсьць гадоў. Вяртаемся з бабуляй ад крамы дахаты. Бабка — з валізай, я зь вялізнай цукеркай. Падыходзім да нашага плота.
    — А куды абгортку падзеў? — пытаецца бабуля.
    — Куды... На дарогу выкінуў!