• Газеты, часопісы і г.д.
  • 100 словаў

    100 словаў


    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 346с.
    2017
    61.3 МБ
    Ці дайшлі лісты ў турму да палітвязьняў.
    Ці хапіла асобнікаў маёй новай кнігі для ўсіх сяброў.
    Ці бура не сарвала сьцяг з балькона.
    Ці працягнула падпіску на «Наша слова», «Народную Волю» і «Дзеяслоў».
    Ці раздрукавала фота з падарожжаў у Варшаву, Вэнэцыю, Прагу.
    Ці трэба грошы.
    Ці што перадаць.
    Ці што прывезьці.
    Ці што зрабіць.
    Мама памерла сорак дзён таму.
    Толькі сорак?
    Ужо сорак?
    Аляксандар Лукашук
    Арнольд Бёклін, «Востраў памерлых»
    сьмерць
    у бальніцы пачалі паміраць пацыенты пасьля апэрацый. і менавітаў пятніцу, увечары.
    доўгі час ніхто ня мог разабрацца.
    субота, раніца — у блёку рэабілітацыі пасьля апэрацыі зноў хтосьці адышоў у лепшы сьвет.
    прааналізавалі, прасачылі, даведаліся.
    вечар пятніцы, у адзін з пакояў заходзіць жанчына сталага ўзросту, крыху поўная, перад сабою завозіць прылады прыбіральшчыцы.
    ходзіць акуратна па пакоі, працірае і так стэрыльны пакой, стараецца не пабудзіць пацыента.
    потым дастае з разэткі вілку, устаўляе бязгучны партатыўны пыласмок, і хуценька вакол зьбірае пылінкі.
    а ў гэты час пацыент сыходзіць у іншы сьвет, бо апарат падтрымкі жыцьцядзейнасьці і вэнтыляцыі лёгкіх адключаны — прыбіральшчыца працуе.
    а. і. бацкель
    Яцэк Малчэўскі, «Танатас»
    Партал
    У дзяцінстве, бывала, пабойваўся засынаць. Стомленая сьвядомасьць рапартавала, што правальваюся ня ў сон, а паміраю. Праз чвэрць стагодзьдзя аказалася, што мае дочкі пэўны пэрыяд ставіліся зь недаверам і некаторай боязьзю да чараў Марфэя.
    Гэта распаўсюджаны дзіцячы страх. Можа таму ў фальклёры столькі калыханак?
    He заўважыў моманту, калі пачаў трактаваць засынаньне як партал да свайго альтэрнатыўнага жыцьця: там дзе сустракаюся з колішнімі сябрамі, куру цыгары і выступаю за баскетбольную зборную Літвы.
    He скажу, што менавіта гэтага мне не хапае пад час чуйнаваньня. Ад тытуню, некаторых сяброў і спартовых амбіцыяў адмовіўся даўно і сам. Мне проста надзвычай прыемна бяскарна весьці падвойнае жыцьцё.
    Андранік Антанян
    Гюстаў Курбэ, «Сон»
    рост
    добра, прыгадайце, калі ласка, сваю школьную спартовую залю і тое, як фізрукі строілі нас паводле росту.
    больш прыніжальнага нават уявіць немагчыма... Ната, самая высокая ў нашай клясе, заўсёды ішла першаю і станавілася пад вясёлае ўлюлюканьне хлопцаў, пад абразьлівае «дылда». Ната ішла і валачыла ногі, ёй было зусім не да сьмеху...
    альбо апошнія аднаклясьнікі і аднаклясьніцы... малыя ростам, тумбачкі... якіх ня бралі граць у валейбол і баскетбол.
    і гэта ўжо ў школе нам прышчаплялі парасткі сэксізму, расізму і эўгенікі... а вы кажаце, што ўсё ідзе зь сям’і...
    я быў самым шчасьлівым у пастраеньні, бо, як большасьць, заставаўся стаяць сярод сярэдняроставых.
    а. і. бацкепь
    Ралф Гэдлі, «Турнір»
    Варыянты сьвяточнай традыцыі
    Усё-ткі выходжу на прыпынак раней — надвор’е спакушае прайсьціся дадому пахкім, сонечным хвойнікам. Іду, неўзабаве сустракаецца карціна: над маёй сьцежкай на вышыні блізу трох мэтраў небясьпечна навісла немаладая, сьвежазламаная на ўзроўні чалавечай галавы елка — толькі галіны суседніх дрэваў і трымаюць.
    Спрабую прыгадаць, калі на тыдні быў такі вятруга. I раптам цюкае ў галаву: нядаўні Дзень памежніка, кампаніі мужчын у зялёных бэрэтах — з узьнятымі кілішкамі, у гэтым самым невялікім бары... Ня вецер прычына. «Дэсантура» напрыканцы свайго сьвята зухавата б’е аб уласныя галовы спустошаныя пляшкі, а ў памежнікаў, значыць, болей суровы варыянт...
    Ігар Канановіч
    Заўтрашняя газэта
    Калі бачу даваенны Дом друку, мімаволі кідаю позірк на акно на трэцім паверсе — амаль 15 гадоў жыцьця...
    Самае дзівоснае ад тых гадоў — нараджэньне газэты. Ад ранішняй, у спрэчках, планёркі; дзённай, у тэлефонных трэлях ды грукатаньні друкарак і ляскатаньні тэлетайпу, мітусьні; начнога, да сьвітаньня, дбаньня над палосамі ды пасьпешлівай бегатні ў тыпаграфію да таго шчасьлівага моманту, калі, стомлена ўладкаваўшыся на сядзеньні, працягваеш таксісту пахнучую друкарскай фарбай газэту:
    — Вось, заўтрашняя...
    — Заўтрашняя?!..
    ...Сьцьвярджаюць, што папяровыя газэты зьнікнуць. Але нават калі людзі будуць чытаць навіны проста ў паветры, усё роўна гэта будзе Газэта.
    Бо Слова і Друк ня выжывуць паасобку.
    Сяргей Ваганаў
    Ўільям Кэкстан, ангельскі першадрукар (гравюра XIX cm.)
    Мама
    Ня стала матулі. Узьнікла спрэчка адносна пахаваньня: я хацела нармальнае разьвітаньне і пахаваньне, сястра з татам — крэмацыю без цырымоніі, без сваякоў, попел разьвеяць. Нібыта ім не патрэбны мэмарыял, маўляў, маму маюць у сэрцы. Вынік дзіўнага кампрамісу — дваццаціхвіліннае разьвітаньне сярод найбліжэйшых, высыпаньне попелу ў яміну на лужку на могілках.
    Прайшоў амаль год. Бацька, якому непатрэбны мэмарыял, штотыдзень носіць кветкі да ўяўнай магілы з попелам, сястра, якая мае маму ў сэрцы, пачціва перасьцілае мамін ложак і не дае дазволу аднесьці яе вопратку на дабрачыннасьць.
    А мяне турбуе, дзе мама цяпер; ці яна, хоць у апошні момант, аддала сваё жыцьцё ў Божыя рукі?
    Svetlana Vranova
    У чаканьні Дзядоў
    На зашарэлым небе нясьмела праяўляюцца табункі трымцьлівых зорак. Яны зазіраюць у нашы вокны, лашчаць сваім прыцьмелым сьвятлом нашы стомленыя пустою мітусьнёю душы, уздрыгваюць ад гучнай гаманы бяседнікаў за вячэрнім сталом і зьнікаюць, не сустрэўшыся ні з чыім поглядам.
    Я адыходжуся ў кут, цісну на плюскаўкі кампа, і з глыбіняў сеціўнага космасу выплываюць родныя абліччы. Размытая графіка твараў, на якіх ня бачна вачэй. Дзьве пары блакітных зорак падміргваюць мне з-за вершаліны клёна, які паскідваў усё золата сваёй лістоты на стары ганак чужой мне ўжо хаты.
    Валянціна Аксак
    Каспар Давід Фрыдрых, «Мужчына і жанчына сузіраюць месяц»
    Дзяды ў Вільні
    У другой палове кастрычніка, напярэдадні восеньскіх Дзядоў, Вільня фарбуецца найбольш яркімі колерамі.
    На вулічках і ў супэрмаркетах немагчыма пазьбегчы візуальнага кантакту зь яркімі, стракатымі вяргінямі, астрамі ды штучнымі імітацыямі кветак, якія прадаюцца для ўпрыгожаньня могілак.
    Звычайна сьціплыя ў праяўленьні эмоцыяў літоўскія ўдовы (менавіта яны асноўныя пакупнікі падобнай прадукцыі) праз шалёную, неўтаймаваную палітру відавочна спрабуюць выказаць бязьмежны, невымоўны смутак.
    Спачуваю кабетам, якіх лёс жорстка пакінуў старэць у самоце, але мяне гэтыя флюарэсцэнтныя кветкі раздражняюць. I ня толькі таму, што іранічна стаўлюся да тутэйшай паўсюднай танатафіліі. Нічога асабістага: на кантрасьце з палымянымі суквецьцямі, восеньскае неба выглядае неяк зусім безнадзейна пахмурным.
    Андранік Антанян
    Люі Мары дэ Шрывэр, «Прадавачка кветак»
    Сымулянт
    Наш сабака раптам пачаў прыпадаць на пярэднюю лапу і скуголіць. Ой, як баліць!
    Жонка агледзела лапу і нічога ня ўбачыла. Завезла сабаку да вэтэрынара, але ён таксама нічагуткі не знайшоў.
    Я сказаў жонцы, што сабака — сымулюе. Яна з дачкою зашмат лашчаць нашага ката, і сабака пачаў раўнаваць. Захацелася і яму больш увагі...
    Тры дні сабака-хітрун кульгаў, акружаны агульнай увагай, спагадай і пяшчотай.
    Наш кот не пускаецца на такія хітрыкі. Яго любяць проста так, хоць ніякай карысьці зь яго няма. Сабака — хоць брэша.
    Жыцьцё — моцна несправядлівае. Любяць у ім не за тое, што робіш, а так — ні за што.
    Ян Максімюк
    Чарлз Бэртан Барбэр, «Напружанасьць»
    Самі па сабе
    Не сьпяшаючыся іду па вузкай дарожцы старажытнага парку. Побач з гэтымі магутнымі, велічнымі дрэвамі я заўсёды адчуваю спакой і нейкую ціхую радасьць.
    Раніца дыхае зімовым марозікам. Часам пад нагамі храбусьцяць тонкім шклом учорашнія лужынкі, парыпвае пашэрхлая за ноч трава. «I лісьце жоўтае, апалае на сьцежку, заслала покрывам замёрзлую траву...» — міжволі складваецца у галаве.
    Наперадзе на дарожцы зьявілася суседзкая котка. Ідзе насустрач. Таксама не сьпяшаючыся. Зь відавочнай годнасьцю. Як гаспадыня парку, азірае навакольле.
    Сустрэліся.
    — Прывітаньне, суседка!
    — М-р-р...
    Дазволіла сябе пагладзіць. Потым кожная з нас пайшла сваёй дарогай, бо мы гуляем самі па сабе. Так нам абедзьвюм падабаецца.
    Вікторыя Грыніна
    Маргерыт Жэрар, «Падмацунак ката»
    Каб падбадзёрыць сяброў у хваробе
    У сучасным сьвеце шмат гаворыцца пра правы чалавека, меншасьцяў, народаў, нацыяў і, вядома ж, жывёлаў, асабліва тых, якія браты нашы меншыя. Але ці памятаем мы заўсёды пра тое, што нашы любімцы, якіх мы прыручылі і якія палюбілі нас з усяго свайго шчырага жывёльнага сэрца, маюць права быць з намі як сапраўдныя сябры, нават у тыя хвіліны, калі паводле чалавечых парадкаў і ўстаноўленых правілаў ім гэта не дазволена? Напрыклад, у шпіталі? Пра гэта вядзецца ў адной цікавай ініцыятыве ў італьянскай Таскане, дзе хатнім жывёлам, паводле папярэдняга ўзгадненьня са шпітальным пэрсаналам, дазволілі наведваць хворых гаспадароў у палаце.
    Ната Куліцкая
    Луіс Ўэйн, «Кавалерская вечарынка»
    Барсік
    Барсік жыў на ледзяным бальконе, на старым халадзільніку. Раніцай бег да акна насупраць, дзе часам лавіў з форткі галаву селядца.
    У той марозны вечар сядзеў ля тыну крамы.
    Ад вулічнага натоўпу рэзка аддзяліўся «круты». I з усяго размаху садануў цяжкім чаравікам у ката. Той бразнуўся аб сьценку агароджы.
    «Круты» рвануў міма натоўпу, бо я з крыкам кінулася за ім — пазнаць. He дагнала.
    Я доўга шукала коціка ў сьнезе. Знайшла, узяла і прытуліла маленькае жывое сэрца да свайго. Пад раніцу Барсік асьцярожна драпаўся ў мае дзьверы — прасіўся на вуліцу.
    Паехала разьвітвацца з братам.
    Барсік паміраў мужна. Як і брат.
    Марыя Баравік
    Джон Генры Долф, «Сьмеласьць — палова перамогі»
    Мурашкаед
    Паводка ў Тбілісі, адстрэльваюць ашалелых ад страху жывёл-уцекачоў з заапарку.
    У 2002 у праскім заапарку гэтак жа застрэлілі слана, льва, мядзьведзя. Дырэктар публічна плакаў ад гора.
    Пасьля паводкі заапарк расквітнеў. Над жывёламі чэхі ўзялі індывідуальную апеку. Напісана на шыльдачцы: «Гэты жыраф усыноўлены панам Коваржам». Грашыма дапамагае нехта канкрэтны.
    Мне карціць таксамаўзяць апеку. Прыглядаюся да мурашкаеда. Зь дзяцінства помню верш Барадуліна:
    Сказаў мурашкаед-няўклюда:
    Чапаць мурашынкаў ня буду!
    Хаваецца мурашка Яму паверыць цяжка!
    Памятаю крыўду за мурашкаеда: абяцае, што ня будзе, а яму ня вераць! Я дагэтуль веру абяцаньням. Але, магчыма, Барадулін больш ведаў жыцьцё зь ягонымі мурашкаедамі.