• Газеты, часопісы і г.д.
  • 100 словаў

    100 словаў


    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 346с.
    2017
    61.3 МБ
    Хутарская гасьціннасьць
    1986 год, блізка Гальшанаў. Фальклёрная экспэдыцыя.
    — Ды родненькія, ды калі ласачка!.. Франачак!.. — гаспадыня хутара совае грошы ўнуку. — Ходзь да крамы, а я засьпяваю!..
    Неўзабаве мы, шчасьлівыя і падпітыя, слухаем аўтэнтыку:
    Агні гараць ціхенькія
    А дымяць галубенькія!..
    А цэдзяць у нас празь сітачка,
    А гоняць акавітачку!..
    На стале — відавочна не «акавітачка», а паскудная «Московская водка» і «Столнчная колбаса», прынесеныя Франачкам. Але зь сенцаў чароўна тхне беларускай кулінарнай казкай: настоянкі, паляндвіцы, кумпякі...
    Нас гэтым чамусь не частуюць.
    — Свойскае ніц не каштуе, — тлумачыць Франачак. — Госьцям тутай падаюць толькі «крамнае», за што грошы вытрачаюць... Каб ня думалі, што нам грошай шкода!..
    Уладзіслаў Ахроменка
    Пэдэр Сэвэрын Крэер, «Сьвята мастакоў у Скагене»
    Здаровае харчаваньне
    Ідзем зь сябрам па Дрэздэне. Хочам штось зьесьці. Прапаную KFC.
    — He! — кажа. — Ніўякім разе! Мы заразу сям’і перайшлі на здаровую ежу. А гэтае хуткае харчаваньне — чыстая страта здароўя! Гэта шайзэ — есьці немагчыма. Лепш да мяне дахаты прыйдзем — жонка штось хуценька і смачна прыгатуе.
    Хоць зь вялікай неахвотай, але пагаджаюся. Па дарозе доўга спрачаемся, што можна, а што ня варта есьці. Пра страшныя перадачы на тэлебачаньні аб тым, як дадаюць усялякае гаўно ў выглядзе хімічных дадаткаў, асабліва ў перапрацаваныя мясныя вырабы...
    Прыходзім да яго дахаты. Жонка накрыла на стол.
    Галоўная страва: сасіскі з макаронамі!
    Ігар Кузьмініч
    Анібале Карачы, «Ядок фасолі»
    Аладкі
    На яе разьвітальнай вечарыне ва ўнівэрсытэце, якую сама і зладзіла для калегаў шаноўных, для студэнтаў, Паэтка прадказала:
    Яна знойдзе справу, ня будзе аладкі пячы.
    Сапраўды, справаў тых у яе — хоць адбаўляй. Здараецца, ужо і адбаўляе, бо не пасьпявае ўсюды. Але аладкі часам пячэ. Для сваіх дзетак, унука адзінага. Сустракала яго ў аэрапорце па прылёце з далёкае краіны, першае, што спытаў:
    Аладкі для мяне сьпячэш?
    Два гады мінула, як адляцеў ад яе, на многае забыўся, а пра аладкі памятаў.
    Любіць пачаставаць мілых гасьцей, што ў яе кветкавы рай завітваюць. Смачныя аладкі, бо рэцэпт мае ад мамы, адмысловы, дасканалы: усё — на вока.
    Альжбета Кеда
    Адрыян дэ Лелі, «Выпяканьне аладак»
    Посуд
    Посуд пасьля вайны ў хаце быў у асноўным з гліны ды дрэва. Разнастайны быў посуд: талеркі ды лыжкі, місы ды збаны, гаршкі ды таўкачы, гарлачы ды кубачкі. На кірмаш прывозілі самаробны посуд з усяго раёну: аж вочы разьбягаліся, гледзячы на гэткую прыгажосьць. На вазах стаіць, вока лашчыць! А як прыдбаеш што, падарунак ад майстра атрымаеш для дзіцяці: хлопчыку — сьвістульку, дзяўчынцы — ляльку.
    А паглядзіш сучасны посуд, дык дзівісься: чаго толькі не панавыдумлялі! I хутка ў новым посудзе ежа гатуецца, і вітаміны зьберагаюцца, і сам посуд бязь печкі варыць...
    Ды ў старым гліняным посудзе смачнейшая ежа была!
    Марат Баскін
    Флорыс ван Схотэн, «Кухонная сцэна»
    ф
    3 «з
    Я12ПО
    Доля там, дзе воля
    Нешта добрае зрабіць, глянуць збоку, сказаць самому сабе: «I хапіла ж табе волі на гэта!» 3 ваколічнае глыбіні прыцягнуў днямі камень, які было не зварушыць, не пасунуць — кіло пад 100 ці мо болей. Ня друзачка на далоні! I даў жа рады: знайсьці-вывалачы старую каляску, агледзець яе тэхнічны стан, падпампаваць колы, пакласьці пад шурпатыя цяжкія бакі добрую посьцілку, не забыцца пра лом і рыдлёўку, падужацца з долам, нарэшце, пакласьці-ўскаціць на вазок і прывезьці да прыбранага месца.
    А часам, едучы па дарозе, бесклапотна аб’едзешмінеш, не парупіўшыся прыбраць, старчак на шляху, ці, праходзячы міма, ня вырвеш з клюмбы благую травінку — не стае волі!
    Валер Дранчук
    Жан-Франсуа Міле, «Селянін з тачкай»
    Каб дабро не прападала
    За нашай вёскай растуць грэцкія арэхі. Некалі гэтая дзялянка была ўскраінай вялізнага калгаснага саду. Цяпер яе вярнулі спадкаемцу колішняга ўласьніка, якога арэхі зусім не цікавяць. Ходзяць чуткі, што ён хоча прадаць зямлю будаўнічай фірме.
    Дрэвы якраз пачынаюць плоданасіць. Летась я нацягаўу хату пад 10 кіляграмаў арэхаў, якіх ніхто не зьбіраў — запасу хопіць яшчэ на некалькі гадоў. Але жонка ўжо пачынае мяне цьвяліць: калі ж гэта я прынясу ёй болей?..
    Яна — з гораду. А я — з хутару, на якім пасьля жніва хадзілі па пожні і падграбалі каласкі, а пасьля капаньня бульбы яшчэ раз пераворвалі загоны, «каб дабро не прападала».
    Ян Максімюк
    Луіс Мэпендэс, «Натурморт»
    Зямля: парадак і памяць
    He люблю корпацца ў зямлі. Брудна, нудна, цяжка. Але тут на дачы давялося капаць траншэю. Натыкаючыся на старыя боты, капронавыя панчохі, пляшачкі з-пад пэніцыліну, падумаў: а на якую халеру гэта закопвалася? Навошта хаваць рэчы, нібы нябожчыкаў? Парадак на зямлі па-беларуску? Каб зьверху чыста, а ў нетрах — праблема самой зямлі? Хай «ператраўлівае» гуму, капрон, плястмасу...
    Сьвятая наіўнасьць — вера ў зямельку-маці, якая ўсё вытрывае. Мо лепш па-індыйску: пакінуць сьмецьце сонцу, ветру, вадзе? Яны зробяць гэтую справу хутчэй? He! Мы шкадуем свае рэчы, бо аддаючы іх зямлі, спадзяемся на памяць. Самую надзейную ў прыродзе — памяць зямлі.
    Васіль Аўраменка
    Коні
    Мы назвалі яго Адольфам. У той час па тэлевізары паказвалі сэрыял «Дзяжурная аптэка», і каню наўмысна падбіралі імёны герояў зь любімага шоў. На ўсе прапановы ён адмоўна хітаў галавой, і толькі імя Адольф упадабаў — нібы пагадзіўся адгукацца на яго.
    Дзядуля ўпарта клікаў каня проста Шэрым, а пасьля, як і ўнукі, пачаў ласкава называць яго Адольфікам.
    Адольф састарэў, і дзед набыў мужнага Буяна, вялікага і моцнага. Ледзь не на другі дзень у хату завіталі цыганы ды прапанавалі памяняцца коньмі. Дзядуля пагадзіўся: усё роўна скралі б упадабанага жарабца. А так хоць нейкі каняка застанецца.
    Так і прыжыўся ў гаспадарцы Буян-другі.
    Марына Весялуха
    Джон Фрэдэрык Гэрынг (малодшы), «Коні на панадворку»
    Бацькі і дзеці
    Пасучы кароў, загналі статак напрасткі праз адкаласавалае жыта на сярэдзіну поля, дзе на месцы панскае сядзібы захавалася непрыдатная для ворыва лапіна з добрай травою. Кароў жыта не цікавіць, яны нікуды ня лезуць, скубуць траву, ляжаць на ёй. Мы дасыпаем недаспанае, ямо і гуляем. Наша баба з-пад рукі пільна сочыць за падзеямі з хутара на пагорку. «Столькі збожжа спляжылі!» — дакарае па нашым вяртаньні. Яе дачка — маці маіх стрыечных калег па пашы — удакладняе: «Ды халера зь ім, з гэтым калхозным жытам. Добра што старшыня не наехаў. От даў бы штрафу!» Гора-пастухі толькі пасьмейваюцца. Ані сорам, ані страх сялянскі іх ужо не кранае.
    Яўген Чапко
    Франц фон Ленбах, «Пастушок»
    Медны таз
    У кожнай хаце ёсьць рэч, якая перадаецца ў спадчыну. Звычайная рэч — напамінак аб мінулым. У нас гэта быў бліскучы медны тазік, у якім бабуля, a потым мая маці гатавалі варэньне. У двары ставілі трохкутнік, бацька наразаў тонкія бярозавыя лучынкі, і маленькае вогнішча лашчыла тазік пад салодкае вуркатаньне ягадаў. У эвакуацыю бабуля яго не ўзяла, не да таго было. Лічыла, што згубіла яго назаўсёды. Але калі вярнулася ў мястэчка, таз прынесла вясковая жанчына, якая забрала яго, калі у мястэчку былі немцы:
    — Мне чужога ня трэба. Дзякуй Богу, вярнуліся, і я вам тазік вяртаю!
    Марат Баскін
    Жан Батыст Шардэн, «Натурморт са ступай, тазам, медным катлом, цыбулінамі і нажом»
    Самае смачнае ў сьвеце піва
    Аднагрупнік набыў у краме смачнае піва.
    — Беларусы такога варыць ня ўмеюць — у нас адна газіроўка са сьпіртам.
    Я пагаджаюся, толькі за беларусаў мне крыўдна.
    — Што за піва? — пытаюся.
    — «Dinaburg» называецца, нямецкае, напэўна.
    Насамрэч латыскае. Дынабург — нямецкая назва цяперашняга Даўгаўпілсу, колішняга Дзьвінску. Гэта Латгалія — край, заселены пераважна беларусамі, працяг Полацкай зямлі. Цяпер беларусы там паперапісваліся рускімі, палякамі, латышамі... Але гледзячы па крыві, атрымліваецца, што якраз беларусы вараць смачнае піва «Dinaburg».
    3	гісторыяй і геаграфіяй у нас бяда. Лаюць (заслужана) беларускае, хваляць самае лепшае «нямецкае» і ня маюць зялёнага ўяўленьня, наколькі ў гэтым сьвеце ўсё ня так.
    Сяргей Дубавец
    Вільгельм Цымэр, «Піўны рэстаран з аркестрам»
    Пан вялікі
    Пакідаючы родны куток сярод белай бязьмежнай прасторы, выношу з хаты рассоўнае летняе крэсла, стаўлю яго на сьнег, захінаюся ў кажушок, усаджваюся, прымаючы найлепшую ўтульную позу, і працягваю жонцы фотаапарат — прашу зрабіць мне партрэт з выглядам на Поўнач, дзе поле, пойма рачулкі і туманны асьнежаны гарызонт за гарою... Гэта ад маёй, ужо пажыцьцёвай нязьменнай радасьці — бачыць менавіта гэты паўночны бок зімовага краявіду на спадчынным хутары як самы цёплы для вока...
    Вярнуўшыся ў горад, разьмяшчаю партрэт у фэйсбуку. Першы камэнтар не прымусіў доўга чакаць. «Пан вялікі!» — напісала сталая сяброўка. А праз колькі гадзінаў вынікі статусу перасягнулі «чаканую» колькасьць упадабанак.
    Валер Дранчук
    Клёд Манэ, «Павозка. Засьнежаная дарога каля Анфлёр»
    Пакінутая хата
    Каму належыць хата, у якой перасталі жыць?
    Фармальна яна, канешне, камусьці належыць — калі гаспадары зьяжджаюць назаўсёды або паміраюць, хата застаецца юрыдычнаму спадкаемцу. Але ў «людзкім» сэнсе — чыю долю яна захінае ад чужых вачэй? чый сон ахоўвае? каму ў ёй радасна на Каляды?
    Дваццаць гадоў таму, пасьля сьмерці бацькі, мы з братам забіралі маму з нашай хутаранскай хаты ў горад. Мама паглядзела на два клункі са сваімі рэчамі і сказала:
    — Усё, што я нажыла за сорак гадоў. Нічога больш мне тут не належыць.
    Юрыдычна хата засталася нам з братам. Але наша доля таксама пакінула роднае гняздо.
    Хата бяз долі — нічыйная.
    Ян Максімюк
    Джордж Морланд, «Зімовы краявід»
    Дзьве душы. Год 2016
    Красавік! Дзень адолеў ноч, сонца набрыняла цяплом, паглыбелі выбоіны асфальту, паднялася расада на падвоканьнях кватэр. Ачуняла другая душа: пацягнулася да зямлі, ад зімовага, віртуальна-бюракратычнага існаваньня сярод чужых сэнсацый — да сваіх, будзённых рытуалаў-клопатаў пра будучы ўраджай. I чым далей адплываеш ад сярэдзіны жыцьця, тым ясьней разумееш — зямля ніколі не адрыне цябе, але прыме і зразумее любым, якім бы ты ні быў.
    Тое, што ў беларуса ёсьць дзьве душы — сучасна-ўрбаністычная і старая, вясковая — не загана, а наканаваньне. Бо як ніколі мы цалкам не аддамося ўсходняму ці заходняму Цмоку, так ніколі не зрачомся адвечнага шляху зямлі дзеля ракавых новаўтварэньняў гарадоў.