100 словаў
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 346с.
2017
I я гэта бачыў!
Валер Дранчук
Юзэф Хэлмоньскі, «Бабіна лепга»
Просты беларускі здымак
Ты едзеш дарогамі сваёй краіны, а цябе з распасьцёртымі рукамі сустракаюць пудзілы. Ты — ня злодзей, табе нічога ня трэба скрасьці, таму ты можаш спакойна ўсьміхацца і фатаграфаваць іх, яны ня супраць. Нават заклікаюць гэта зрабіць, бо хоць і самотныя, ня робяць сэлфі.
I як файна ў глухой палескай вёсачцы Ліпск сфатаграфаваць грамаду пудзілаў. Гэтыя не такія самотныя, бо ахоўваюць не ўраджай, а сонечных куранят. I ты цешысься за куранят, за пудзілаў, за гаспадыню, за тое, што яшчэ цёпла, а на зіму табе застанецца просты беларускі здымак.
Аксана Спрынчан
Карл Шпіцбэрг, «Пляскаты краявід з пудзілам»
Водар лісьця
Над бацькоўскай хатай у Пінску расьце вялізны арэх, лісьце якога штовосень шчыльным дываном пакрывае падворак. Ад непаўторнага водару гэтага лісьця шмат гадоў пачыналіся для мяне восеньскія дні — восень, зрэшты, дагэтуль люблю найбольш. I дзе б ні давялося жыць, дык восеньскімі, крыху марознымі ўжо ранкамі, выходзячы з хаты, шукаў падобнага водару і калі знаходзіў, адчуваў яго — жыцьцё адразу падавалася неяк весялейшым, нават быў сьпяваў часам нешта пад нос сабе. 3 часам водар лісьця, водар восені, пачаўзьнікаць. Сёлета восень ужо канчаецца, а я яго так ані разу і не адчуў.
Аляксей Дзікавіцкі
ІнакВуд Пэры, «Збор асеньняга лісьця»
Зноў вясна
У небе чуецца жураўлінае «прывітаньне, прывітаньне, прывітаньне...» Выходжу на двор. Махаю ім рукою, адказваючы: «Я таксама рада бачыць вас ізноў!»
На вінаградніку ўладкаваліся дзьве незвычайныя птушачкі. Апярэньне яркае, прыгожае. Дзелавіта дзяўбуць леташні вінаград, натуральным шляхам ператвораны ў разынкі. Частка вінаграду наўмысна пакінутая на галінках для птушак. Ім падабаецца гэты ласунак, а мне падабаецца за імі назіраць.
3 асалодай глыбока ўдыхаю сьвежы вясновы водар прыроды... Як жа добра!!!
Вікторыя Грыніна
Генры Джон Кінг, «Зьбіраньне кветак»
Менская машына часу
Сьцюдзёным восеньскім вечарам блукаю па мякка асьветленых вулачках старога Менску. Са
стыльных вінарняў, запоўненых стыльнымі маладымі людзьмі, прабіваецца сучасная музыка. Гудуць піўныя пабы. Сучасны эўрапейскі горад.
Раптам... Кабета ў доўгім паліто з футравым каўняром і дзьвюма торбамі ў руках шэптам прапануе: «Мальбара. Парлямэнт... Дзёшава...»
Я анямеў. Гэта ж пачатак другой дзеі Купалавай трагікамэдыі «Тутэйшыя»! На тым самым месцы, толькі ў годзе 1918-ым:
«Позьняя восень. Сьцюдзёна. Пад вечар. Месца
дзеі — кусок Катэдральнага пляца, называнага іначай мянчанамі „Брахалка”...
Аўгуст Эдўін Малрэдзі, «Прадавачка кветак на вуліцы»
ГАНУЛЯ (да праходзячай грамадзянкі): Панечка, купеце ў мяне пацеркі, а можа, дамскі нэсэсар, а можа, во гэта? — усё за паўцаны аддам, усё за паўцаны».
Вячаслаў Ракіцкі
Аварыйны мост
На мастку праз рачулку майго дзяцінства стаялі моцныя драўляныя парэнчы. Рабілі пераправу сапёры, даючы напрамак бронетэхніцы падчас вучэньняў.
У рэчцы я купаўся, лавіўрукамі печкуроў і вудзіў на глыбокім. «Мірныя» дні хутка скончыліся — прыйшла мэліярацыя. Каналізавалі рачулку. Як скрозь зямлю праваліўся і палевы мост. Паўстала дамба з бэтону й жалеза. I старыя брусовыя парэнчы мне пачалі сьніцца, бо я дужа незалюбіў новыя. Старчакі з мэталёвага вугалка ранілі душу.
Пераяжджаючы днямі рэчку Вусу, перад мастком з бэтонных плітаў я прачытаў таблічку «Аварыйны мост». На ім страхотліва зеўралі дзіркі, з бакоў тырчалі канцамі пакручанага жалеза так званыя парэнчы.
Валер Дранчук
Клёд Манэ, «Водныя ліліі і японскі мост»
Платы
Вакол дому над лугамі растуць катэджы. Напачатку радавалася: новыя шляхі для вячорных прамэнадаў. Але мусіла ад шляхоў тых адмовіцца: не відаць ні траўнікаў, ні кветнікаў, ні гаспадароў. Дый дамоў таксама. Адны дахі, быццам грыбы, вытыркаюцца з-за высачэзных платоў, суцэльных, без аднае шчылінкі.
Нішто не зьмянілася з тае пары, калі нашаніўскі клясык пісаў пра вольныя прасторы і чалавека, які «мяжы, ірвы, тыны рабіў за векам век, хаваўся ў іх, як ліс у норы...»
Што яны імкнуцца схаваць за высокімі платамі, ад каго адгарадзіцца?
Страх, зласьлівасьць, бессардэчнасьць, хцівасьць, здрадлівасьць — усё тое самае. Якім вырасьце дзіця, калі «вакол яго — платы, мяжы»?..
Альжбета Кеда
Александэр Гелвіг Ваент, «Развалены плот»
ф й
ф
Сэксізм
— Чаму твой калега з жонкай чытаюць Маркеса па-гішпанску, а ты са мною ня хочаш пачытаць Джойса нават па-беларуску? — на днях агаломшыла мяне прэтэнзіяй жонка. — Hi хвіліны, каб інтэлектуальна паразьвівацца...
— Hi хвіліны? — зьдзівіўся я. — Разьвівайся сабе зранку да вечара, што замінае?
— А хто згатуе есьці? Памые ўсе вышымайкі? Папрыбіраеўхаце? Хто падрэжа вінаград? Ты хоць ведаеш, што гэта за заняткі?
— А я ўжо не хачу інтэлектуальна разьвівацца. Абрыдла. Калі мне яшчэ і хочацца разьвінуцца, то як таму вінаграду — павіснуць на плоце, пусьціць парасткі, няхай падразаюць...
He паверыла.
Я ёй — таксама не. Жонка патаемна піша якуюсьці кнігу.
Ян Максімюк
Вэйбранд Гендрыкс, «Інтэр’ер з заснулым мужчынам»
Выхаваньне
Пасьля двух хлопцаў нарадзілася ў нас дачка. Наша кветачка, наша зорачка, наша золатка — надзвычайная дзяўчынка! А як яна туліцца і абдымае! Ніхто ня ўмее так чула і так лагодна...
Ладнае мае гадавацца ў ладным, і мы клапоцімся, каб наша малянё было аточана прыгожым і стылёвым. Жонка дбае пра гардэроб, шукаем цікавыя, разьвіваючыя, абавязкова прывабныя і густоўныя цацкі.
Дарынка патрабуе асаблівага стаўленьня да сябе. Ад нас яна чакае нечага асаблівага, нечага ўзьнёслага.
Пакуль прыбіралі ў хаце — пакінулі нашу каралеўну на братоў. Сядаем празь якія дзьве гадзіны есьці, а наша ласачка ўжо ўмее класьці ногі на стол і плюе ў кубак...
Ігар Кузьмініч
Эўджэніё Дзампігі, «Час кармленьня»
Анёд на службе
Малая доўга й настойліва дапытваецца, кім працуюць тата й мама, а таксама бабуля. Чатырохгадовая, яна яшчэ ня ведае панятку «прафэсія» і падступаецца з розных бакоў: а што вы робіце? a куды вы ходзіце на працу? а навошта гэта рабіць?
Урэшце ўсе разам неяк датлумачваем, што мама падказвае людзям, якія тавары лепш купляць, бабуля апавядае гісторыі даўніх часоў, тата абараняе ўсіх пакрыўджаных, бо ён — адвакат.
Выснова агаломшвае: «Мама падКАЗАлка? А дзе сямёра казьлянят?»
Бабуля абвяшчаецца гаварылкай, а тата... анёлам.
I чаму раптам тата — анёл?
Дык ён жа заўжды аберагае людзей — вы самі сказалі. А гэтак умеюць толькі анёлы.
Антаніна Хатэнка
Шарль-Агюст Сэпье, «Два анёлы»
Як мае быць
Сын агаломшыў:
— Вось у цябе правільны мамін твар, такі, як мае быць!
Сьмяюся:
— А ў іншых мамаў хіба няправільныя? I што ўвогуле гэта значыць — правільны мамін твар?
Ён сур’ёзна тлумачыць:
— Я бачыў многіх мамаў, і ва ўсіх твары вельмі розныя... А ў цябе менавіта такі, які заўсёды малююць мамам у кніжках. I ў мульціках усе мамы з такім — правільным, як у цябе, тварам.
Я хацела спачатку яму давесьці, што проста ў кожнай кніжнай маме ён бачыць сваю маму, гэта заканамерна... А потым адчула, што, бадай, упершыню мне так прыемна ня быць асаблівай і незвычайнай, а менавіта такой, як мае быць.
Наста Кудасава
Джэймс Тысо, «Лаўка ў садзе»
Цішыня
Мы з жонкай зь дзяцінства жывем у тлумных месцах. Усюды за вакном нешта грукоча. У маім Краснапольлі я жыў на вуліцы, па якой з раньняй раніцы пачыналі рухацца малочнікі на машынах і калёсах, везучы малако на малочны завод. А ў Бабруйску, дзе нарадзілася жонка, іх хата была ля чыгункі, і цягнікі гудзелі і скрыгаталі, робячы паварот да станцыі. У Нью-Ёрку мы жывем у будынку, міма вокнаўякога пралятае цягнік мэтро, выскачыўшы на паверхню гораду. Грукат яго колаў не спыняецца ні на хвілінку. Але, як гэта ні дзіўна, мы звыкліся. Мы ня чуем грукату. Мы чуем вясковую цішыню.
Марат Баскін
Артур Страхан, «Сцэна каля вясковай хаты»
Гадуецца тэрарыст
Маладая менская сям’я з малым хлопчыкам пераехала ў новую кватэру. Дом стары, сусед па пляцоўцы ў паважным веку, але на шум не зважае, вітаецца, прыязны, трымае дзьверы, дапамагае з каляскай у ліфце. Потым чуе, як мама з малым гуляюць у двары і размаўляюць па-беларуску.
Дзядзька ў шоку:
— Вы з сынам па-беларуску гаворыце?!
— У нас жа білінгвізм, — кажа маці.
Наступны раз сустракаюцца ў ліфце.
— Добры дзень, — кажа малы.
Сусед не вытрымлівае і выдае плён доўгіх роздумаў:
— Тэрарыста расьціце.
— Суседзяў чапаць ня будзем, праўда, Ясік? — пытаецца маці.
Дзядзька выскоквае на лесьвіцу.
Сёмы паверх...
Аляксандар Лукашук
Станіслаў Высьпянскі, «Мацярынства».
Niemen і бацька мой
— Ты песьню хоць адну памятаеш?
— Прычым тут песьні? Ён абставіў усю сцэну апаратурай, зьлева й справа віселі чорныя зьвязкі калёнак з кажановымі крыламі й цмачынымі пашчамі. Ён стаяў на сцэне адзін: пачаўшы сьпяваць, кідаўся з боку ў бок, ад аднаго аргана да другога.
— Квіткі дарагія былі?
— Квіткі былі па тры рублі, але паважаныя людзі праходзілі ў гарадзкі дом культуры бясплатна...
Усьміхаецца бацька: адстаўны фарцоўшчык плытамі ЕМІ, сьлесар пятага разраду на заслужаным адпачынку.
Адным вокам, праз шчыліну для ключа, пабываў і я на пінскім канцэрце Чэслава Немэна ў семдзесят шостым годзе.
Ціхан Чарнякевіч
Чэслаў Немэн на канцэрце
Mein Kampf
Калі мама выказвае надзею на маё вяртаньне да прафэсіі настаўніка, мне хапае дзьвюх сэкундаў, каб «разагнацца да 100 км за гадзіну»... Але, на шчасьце, амаль кожны раз у пікавы момант згадваю ўратавальны заклён: «Мам! Давай ня будзем! Бо пасварымся!» Чую ў адказ: «Добра, добра! He крычы на маці!» — і гутарка працягваецца ўжо ў мірным ключы на тэму далёкую ад прафэсіі, якой скарміў пяць гадоў маладосьці...
Адзін прыяцель, вярнуўшыся з вайсковай службы, адзначыў: «Схадзіўу армію, каб зразумець, што туды ня варта было хадзіць». Вось і ў мяне так. А можа, з раёнам не пашанцавала...
Ігар Канановіч
Франчэска Бэргаміні, «Урок»
Здрадніца
Улетку 1937 году камандзір авіяпалка, дзе служыў мой дзед, засьпеў жонку з каханкам. Каханак скочыў у акно, а здрадніца пабегла ў НКВД. Дзе і напісала на мужа данос — маўляў, бачыла ў мужа здымак чалавека, падобнага да Троцкага.
Праз гадзіну допыту кампалка прызнаўся ў трацкізме і паказаў на саўдзельнікаў. Тыя таксама прызналіся і паказалі на саўдзельнікаў. У выніку чвэрць лётчыкаў былі расстраляныя ці зьняволеныя, а іх сем’і пайшлі ў «лягеры ЧСВР».