100 словаў
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 346с.
2017
Паваюйма.
Пасталелыя актывісты пашыраюць беларушчыну гэтак аддана, як і ў юнацтве. Толькі мэтады іншыя, кошт вышэйшы і права на бязьдзейнасьць няма.
Наста Дашкевіч
Франц Людвіг Катэпь, «Молі Пічэр у бітве пад Монмутам»
Усе — патрыёты
«Купляйце беларускае!» Цешыць, што гэта на цяперашні час — рэклямны заклік, а ня сутнасьць дэкрэту, дзе па пункціках расьпісана, хто, калі і колькі павінен... Чаму — «на цяперашні час»? А з магчымасьці ўводу забароны на спакойнае «туняядзтва» таксама спачатку кпілі ды пасьмейваліся...
Хоць месцамі сам заклік ужо набыў моц закону. Нават заможная і строгая «Карона» мусіла перагледзець свае прынцыпы, і цяпер у адпаведным аддзеле побач з добрым віном красуе дзясятак найменьняў «электаральнага напою». А як жа?! У цяжкія для краіны часы ўсе — патрыёты...
Ігар Канановіч
Яахім Бэйкелар, «Добра забясьпечаная кухня»
Паўгадзіны не было электрычнасьці. He працаваў ні інтэрнэт, ні тэлефон, не было гарачай вады (у нас электракалёнка). У дзяцінстве ў вёсцы электрычнасьць прападала ў навальніцу і ў моцныя мяцеліцы. Летам сьвятло падключалі праз паўдня, а зімой часам і праз тыдзень. Бацькі рана клаліся спаць, а я пры лямпе чытаў. Чытаў, але мне вельмі хацелася паглядзець тэлевізар. I я прасіў у Бога, каб зьявілася электрычнасьць. Часам яна тут жа зьяўлялася, і я верыў, што мне дапамог Бог. Цяпер, калі зьнікла электрычнасьць, я не зьвяртаўся да Бога. Я проста чакаў, калі загарацца лямпачкі.
Віктар Шніп
Новыя грошы
Апошнім часам, калі ў нас зьявіліся свае манэты, людзі сталі больш уважлівымі да сваіх грошай. Як толькі ў краме ці на вуліцы пачуецца звон манэт, дык амаль усе, хто знаходзіцца ў радыюсе пачутага звону, пачынаюць вельмі пільна ўзірацца сабе пад ногі...
«А раптам МАЁ!»
Часьцей за ўсё суседа! Але ж...
А якім скарбам падаецца знойдзеная манэта!
Дакладна, я так ня радаваўся, калі раней знаходзіў папяровыя грошы. Усё ж «цьвёрдыя» грошы неяк больш надзейныя і грунтоўныя. Ці гэта проста вельмі далёкі адгалосак продкаў зь іх талерамі ды солідамі...
Яўген Мартыновіч
Квэнтын Масэйс, «Мяняла і ягоная жонка»
Самагонка
Бацька гоніць самагонку. Час ад часу зазіраю да яго з пытаньнем: «Колькі ўжо там нацякло?» I недзе апоўначы бацька сам ужо кліча мяне, каб дапамог спарадкаваць апарат. На стале поўнае вядро. Бацька каштуе і мне дазваляе памачыць палец і аблізаць. Самагонка цёплая і пахне хлебам. «Нясі паперу. Паглядзім, як гарыць», — гаворыць бацька і дастае запалкі. Я мачу паперу і падношу да агню. Самагонка капае і гарыць сінім агнём. Бацька ўсьміхаецца: «Вось так будуць вантробы гарэць...»
Віктар Шніп
Васілі Максімаў, «За прыкладам старэйшых»
ф
л
ыту
Мода — наша ўсё...
Мама казала — гулялі вясельле. Мы — гулялі на вясельлі.
Яны — ладзілі Купальле. Мы глядзім тое, што ладзяць.
Адчужэньне абрадаў. Пазбаўленьне сакральнасьці сьвятаў.
Мне тыцкаюць фатаздымкамі: ёлка ў нацыянальным стылі! Стужачкі раздаём!
Стужка, мова, сьцяг, «Пагоня» — модна, кайфуюць тысячы.
Раздавайце стужачкі. Танцуйце ля ёлкі ў нацыянальных сымбалях.
Зьбірайцеся на моўных курсах.
Але мода — мінае. У моды ня дух — душок.
Мама не была супраць маіх клёшаў на 32. Мама ведала — мінецца.
Але мама ведала, калі гуляла вясельле, што рабіць з кавалкам вясельнага караваю.
Мы гуляем на вясельлі — ня ведаем.
Што рабіць са стужкай — ня ведаем.
Наступнае пакаленьне будзе ведаць, нашто яму мова?
Валеры Гапееў
Ян Стэн, «Вясковае вясельле»
Пра майго Дзеда Мароза
Майго дзядулю ўсе звалі Дзед Мароз, проста прозьвішча ў яго было такое. Таму пытаньня «Дзед Мароз — сапраўдны?» для мяне не існавала. Ён быў самы сапраўдны, самы добры і самы вясёлы. Нават нарадзіўся, як і належыць Дзеду Марозу, пад Новы Год, у сьнежні.
Жаданьне і ўменьне жартаваць — адна зь ягоных неспасьціжных таямніцаў.
Рэпрэсіі, страта бацькі, брата, Сыбір, падлетак на вайне, цяжкія раненьні... Такім было ягонае жыцьцё.
Усьмешкі, жарты-прымаўкі, любімы трафэйны гармонік... Такім запомніўся.
Аднойчы яго ня стала. Ён сышоў у студзені, пасьля Новага Году. Як і належыць самаму сапраўднаму Дзеду Марозу.
Лі. К.
Робэрт Ўолтэр Ўір, «Сьвяты Мікалай»
Абярог нацыі
Нас ня ведае Сьвет. Зьнікнем — не заўважаць! Што зрабіць? На дэманстрацыю! Але апынесься за кратамі, паб’юць, звольняць. Старыя ногі баляць.
Эўрапейцы прыдумалі дыктоўку. Мы на 90-годзьдзе БНР напісалі першую агульнанацыянальную дыктоўку — «Дудку беларускую» Багушэвіча. Пісалі ў ЗША, Эўропе, Беларусі. Пішам штогод. Зладзілі інтэрнэт-дыктоўку «Ліста з-пад шыбеніцы» Каліноўскага. Але нас мала. Нас пачнуць паважаць, убачыўшы агульнанацыянальную інтэрнэт-дэманстрацыю — дыктоўку мільёнамі рук і душ. Вядомыя дзеячы прадыктуюць, а мы разам напішам. Прасьпяваем. Тэкст агульнанацыянальнай дыктоўкі трэба напісаць. Супольна абмеркаваць. Уключыць тэстамэнты нашых продкаў.
Агульнанацыянальная дыктоўка можа стаць гімнам Мове, абярогам нацыі на стагодзьдзі, «каб ня ўмёрлі».
Упадзімер Падгол
Альбэрт Анкер, «Вясковая школа 1848 году»
Уладарніца Кроснаў
Дзедаў дом — сьвет бязьмежнага, магічнага і Боскага! Бабуля шэптам слоў-чараў продкаў бярэ маю душу ў палон...
Гіганцкія Кросны ператвараюць дом у палац драўлянага чараўніка. Бабуля, уладарніца Кроснаў, распавядае значэньне кожнага малюнку-арнамэнту, кожнага колеру ніткі! Пачынаецца мудрая праца рук і душы!
Ніткі фарбавалі разам, стары і малы! Іх чароўным водарам прасякнута навакольле. Ператвараюся! Я, арнамэнт і будучыня!.. Ніткі, запраўленыя ў чоўніках, як радкі аповедаў, якія ў сваім чароўным танцы перапляценьня саткуць новы твор! Рыпеньне, ляскатаньне, прыглушаныя словы песьні... Кросны ажылі і засьпявалі. Гамоняць разам, жывое зь нежывым.
У Храм сутворчасьці, з малітвай аб Беларусі, увялі мяне бабуля і Бог!
Аляксандар Таўстыка
Люі Лё Нэн, «Сялянскі інтэр'ер са старым фпейтыстам»
He настраляліся?
Па вуліцы не прайсьці: пад нагамі — гільзы, парэшткі пэтардаў (некаторыя нагадваюць сыстэму «Град» у маштабе 1:30), на слупах абвесткі «Зьнік сабачка!» (уцёк, напужаўшыся навагодняй страляніны). У паветры — устойлівы пах пораху. I так — штогод. Незразумелая гэтая прага да фэервэркаўу дарослых мужыкоў. Мне дык хапіла на ўсё жыцьцё страляніны ў савецкім войску — і з «макарава», і з «калашнікава», і па-пластунскі ў сьнезе, ці, яшчэ горш, па вясновай мокрай зямлі. Пасьля службы прайшло амаль тры дзесяцігодзьдзі, але прашу родных і блізкіх: калі раптам мне захочацца ўзяць у рукі пэтарду, адвядзіце мяне да псыхіятра.
Сяргей Навумчык
Франсіска Гоя,
«Манах Пэдра страляеў бандыта Эль-Марагата»
чаканьне
гэта як быццам ты доўга клеіў мадэль самалёціка, і засталася адна дэталь да завяршэньня.
гэта калі ты сядзіш перад экранам кампутара, і праз сэкунду пачнецца фільм любімага рэжысэра, які ты чакаў два гады.
гэта калі ты бяжыш зь мячом і разумееш, што ня толькі пас быў трапным, але ёсьць усе шанцы забіць вырашальны гол, і яшчэ сэкунда, галкіпэр пасьлізнуўся, а наперадзе пустая брама.
гэта калі ты атрымліваеш доўгачаканы ліст і пачынаеш ірваць капэрту, ведаючы, што ўнутры цябе чакае прыемнасьць.
так я сяджу аголены ўвечары на ложку і чакаю, калі яна выйдзе з ваннага пакою, бо шуму вады больш не чуваць.
а. і. бацкель
На Казюк — па настрой
Сёлета зноў хадзіла на Казюк. He кажыце, што дорага і ня так, як раней!
Ну, камэрцыя. Гэта ж Казюк, а не Каляды. Традыцыя, сэнс якой і ў прыбытку. Усё жывое, цёплае і сапраўднае. Краўчыха прадае ільняных зайцаў не таму, што любіць цацкі. Так і кажа: «Зайцоў разьбіраюць, а куплялі б сланоў, я б сланоў нарабіла».
Каштую шакоціс і хвалю: «Дымам пахне...» Гаспадар напружваецца. «Не саступім, тут адных вяршкоў колькі! На адкрытым агні, бярозавыя дровы! Печыва дымам павінна пахнуць!»
Мне нібыта не патрэбныя ні зайцы, ні шакоціс на вяршках і бярозе. Толькі настрой. Але з Казюка з пустымі рукамі не вяртаюцца.
ТацянаПоклад
Зыгмунт Фогель, «Вуліца ў Вільні»
Хаўтуры
«Як жа ты ўсох, Іванка!»
«Чулі, у старшыні за студзень васямнаццаць мільёнаў. Мне год трэба рабіць на гэтулькі».
«А які будзе бацюшка? Нясьвіскага паклічце — харошы, мала бярэ».
«У майго работа лёгкая — толькі падграбай камбікорм цялятам і ўсё».
«А мой дык нічога ня есьць, толькі п’е карвалол. Аўталаўка прывозіць. Купіць сем па 0,7, і на тыдзень хапае».
Ён ляжаў, слухаў і думаў пра свае пчолы і сад. Ягоны рай на зямлі. Ня ведаў яшчэ, якім будзе ягоны рай на небе.
Валянціна Аксак
Мікалай Багатаў, «Пчаляр»
Рэцэпт унівэрсальны
Каб сьпячы з малым дзіцём аладкі, вам спатрэбіцца:
Бутэлька плястыкавая — 1 шт„ рондаль — 1 шт., лыжка дэсэртная — 1 шт., магніты — 2 шт., імбрык — 1 шт„ котка (жывая) — 1 шт.
Бярэм імбрык, ставім на кафлю і пачынаем грымець аб яго лыжкай. Пакуль малое зацікавіцца, ёсьць шанец замясіць цеста. Калі цеста гатовае, a малое ўжо падпаўзае да коткі па чарговую партыю драпінаў, бярэм рондаль і магніты. Калі магніты лепяцца на рондаль, вам пашанцавала — сьпечаце аладкі з чатыры. А як заўважыце, што малое ўжо падпаўзае да вазонаў, каб пасмакаваць зямлі, то п лястыкавая бутэлька дапаможа яму на тыя чвэрць гадзіны, каб яшчэ з чатыры аладкі дадаліся ў місу. Паўтараем рэцэптуру зноў, і — смачна есьці!
Наста Дашкевіч
Пітэр Артсэн, «Пякарня бліноў»
Каб і ў труне можна было сьпяваць
У калегі памерла цётка, пахавалі яе на Чыжоўскіх могілках. А помнік ставіць ёй і ня трэба — ён даўно стаяў. Цётка сама яго замовіла, дату нараджэньня выбіла і працяжнік. Засталося дадаць дату скону.
Абмяркоўваючы падрыхтаванасьць беларусаў да сьмерці, другая каляжанка апавяла пра бабулю мужа, якая жыла ў Гатаве і сама сабе замовіла труну, бо не хацела, каб у труне цесна было, а ёй жа яшчэ і сьпяваць трэба. Труну зрабілі, прынесьлі. Бабуля і кажа майстрам: «Я лягу, а вы вечка зачыніце, мне ж трэба спраўдзіць». Майстры не хацелі, але за дадатковую пляшку пагадзіліся. Труна выявілася прасторнаю, і сьпявалася ў ёй добра.
Аксана Спрынчан
Поль Дэлярош, «Кромуэл адчыняе труну караля Чарлза I»
Сорак дзён
Няма як пазваніць і спытацца, як справы.
Ці была ў лекара.
Ці хадзіла ў тэатар.
Ці стаяць яшчэ кветкі з дня народзінаў.
Ці прыходзілі ў адведкі бацькі з адзінай у горадзе беларускай клясы.