• Газеты, часопісы і г.д.
  • 100 словаў

    100 словаў


    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 346с.
    2017
    61.3 МБ
    Прэзыдэнт Біл Клінтан адведаў Менск ў 1994 і атрымаў імпічмэнт.
    Гілары Клінтан правяла тады ў Менску адзін дзень і прайграла выбары.
    Кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч адведаў Белы дом ў 1993 і страціў пасаду.
    Першы прэзыдэнт Беларусі ніколіў Белым доме ня быў і ўсё яшчэ першы.
    Наступны прэзыдэнт ЗША у Менску таксама пакуль ня быў...
    Цікава, ці будзе абмен візытамі на найвышэйшым узроўні?
    Аляксандар Лукашук
    Грант Вуд, «Амэрыканская готыка»
    Разам
    Я люблю слухаць гісторыі. Некаторыя зь іх вартыя раману. Гэтая не была апісаная ў аніводнай з кніг.
    Сьведкам быў вязень ГУЛАГу, беларус Мікола Канаш. У бараку жылі сотні людзей. Штодня ім прыносілі хлеб. Потым адчыняліся дзьверы, заходзілі крымінальнікі з нажамі і забіралі гэты хлеб. Тры асобы ў сотняў. Усе галадаюць. Усе баяцца. Ніхто нічога ня можа зрабіць. I так кожны дзень. Першымі аб’ядналіся эстонцы. Яны кінуліся на гэтых бандытаў, і тады кінуўся ўвесь барак. Бандзюкі былі страшныя датуль, пакуль людзі не аб ядналіся.
    Па вялікім рахунку, нават і мільён можа быць нічым, калі кожны сам сабе.
    Дзьмітры Гурневіч
    Ўільям Паўэл Фрайт, «Адплата»
    Таямнічае
    Могілкі талерантнасьці
    Адно з самых таямнічых месцаў Прагі — старыя, даўно не дагляданыя Талеранцыйныя могілкі. Схаваўшыся між загарадных дамкоў на паўночным схіле трагічнай для чэскай гісторыі Белай Гары, гэтыя самыя малыя (10x16 мэтраў) праскія могілкі найперш уражваюць сваёй назвай, карані якой хаваюцца ў гістарычнай смузе. У 1781 годзе аўстравугорскі імпэратар Ёзэф II выдаў «Талеранцыйны патэнт», які дазволіў у пэўных рамках дзеяньне пратэстанцкіх веравызнаньняў. Увайшоўшы ў браму, нібы трапляеш у зачараваны лес — удзірванелыя магілы спавітыя густым плюшчом забыцьця. Малы лапік талерантнасьці, схаваны ў сонным прадмесьці вялікага гораду, прымушае задумацца, як мала талерантнасьці і спагадлівасьці мы бачым у віры штодзённага жыцьця.
    Сяргей Шупа
    Каспар Давід Фрыдрых, «Могілкі пад сьнегам»
    забарона
    калі я ўзяў яе за руку, яна сказала, што на гэта існуе табу. яе прыватнае табу, як у Палінэзіі. я сказаў, што паважаю прыдуманыя ёю законы. але табу на рукі выглядае як забарона на дэсэрт: навошта мне яе вусны, калі яны цалкам даступныя, і мне непатрэбны яе грудзі, бо, да таго як іх крануцца, мне неабходны яе рукі. яна сказала, гэта прынцыпова, бо абяцала сваёй маці, што калі ўжо возьме кагосьці за руку, то гэта будуць толькі яе муж і дзеці.
    і мы вырашылі павянчацца, бо рукі яе былі маленечкія, малочнага колеру, з кашэчымі кіпцюрыкамі, і да ўсяго пахлі цытрынамі.
    а. і. бацкель
    Ян ван Эйк, «Парпгрэт Джавані Арнальфіні і ягонай жонкі»
    Варшава магічная
    Хадзеце па вуліцы Вароніча ў Варшаве.
    Ішла я раз там уначы дахаты і бедавала, што яблыкаў дома няма, а шарлоткі нараніцу захочацца. Гоп! — на дарозе ў пляме сьвятла ляжаў румяны і бліскучы яблык велічынёй з малы гарбузік. Падабрала, не пагрэбавала. А сёньня іду па Вароніча і думаю: а колькі ж гэта я цяпер важу? Гоп! — ля плота пры сьметніку стаяць фіялетавыя вагі. Узьлезла — працуюць.
    Буду думаць пра вялікія жаданьні на вуліцы Вароніча, a то дзьве спробы страчаныя.
    Сьвятпана Курс
    Бэрнарда Бэлёта (Каналета), «Від на Варшаву з прадмесьця Прага»
    Гаючыя імпульсы
    Не заўжды стае сьмеласьці сказаць асабіста... але я так удзячная тым, хто здалёк, з адлегласьці, пасылае мне свае гаючыя імпульсы, хто добрым словам (ці нават зусім бяз словаў) падтрымлівае мяне цеплынёй. Мне гэта цяпер проста жыцьцёва неабходна. Часам нечаканая чуласьць амаль незнаёмага чалавека здольная зрабіць цуд. Я таксама нашу ў сэрцы многіх людзей, хоць не заўсёды кажу пра гэта, памятаю пра вас, люблю, малюся аб вашым шчасьці і спадзяюся, што мае нябачныя гаючыя імпульсы даходзяць да ўсіх спраўна.
    Наста Кудасава
    П’ер Агюст Рэнуар, «Маладыя дзяўчаты пры піяніна»
    Вераніка
    У Празе на моўных курсах жонка пазнаёмілася зь Веранікай. Веранічыны бацькі эмігравалі ў Нямеччыну ў 1968, там дзяўчынка засвоіла ад іх крыху чэскай. Выйшаўшы замуж, пастанавіла лепей навучыцца мове дзядоў і прыехала ў Прагу. Малую дачку запісала ў тутэйшы садок.
    Вераніцы я паказваў Радыё Свабода.
    «Вам у нас было цікава?» — спытаўся я пры разьвітаньні.
    «Надзвычайна, — адказала яна. — Раней я ніколі ня бачыла столькі людзей, якія зарабляюць на жыцьцё мазгамі».
    Вераніка была жонкай пастара, яны жылі ў рабочым квартале вялізнага прамысловага гораду.
    Жыцьцё часам пасылае мэсыдж, сэнс якога цяжка разгадаць. Але ўвесь час табе рупіць гэта зрабіць.
    Ян Максімюк
    Макс Лібэрман, «Трапальня льну ў Лярэне»
    Жывое чуе жывое
    Каля крыніцы — ручнікі на крыжы, грошы — на вадзе, зямлі. Адны ручнікі навейшыя, а тыя, што бліжэй да зямлі, нагадваюць анучы. Тканіна, як і чалавек, урэшце пераўтвараецца ў тло.
    Стаю каля крыніцы, якая жыве (ад слова «жывец») паміж Вялікімі Нямкамі і Антонаўкай. Каля яе растуць алешыны. У часы Літвы былі яны ляснымі німфамі. Імі засталіся.
    Скажы «Бог у помач! Паглядзі, што будзе!» — прыадкрыла таемнае Сьцепаніда Дзеньдобрая, якая жыла ў Навілаўцы.
    — Бог у помач!
    Крыніцы, як падагрэтае малако, на вачах пачалі біць мацней!
    Так і цяпер: вада адгукнулася.
    Жывое чуе жывое.
    Ларыса Раманава
    Джон Ўіпьям Ўотэргаўз, «Гілас і німфы»
    Знак
    Я ня надта пільна зьвяртаю ўвагу на навакольнае. Шматлікіх рэчаў не заўважаю, і мяне гэта не турбуе. Іншыя заўважаю, але не запамінаю, бо для мяне яны — фонавыя. Некаторыя трапныя рэчы я памятаю, бо пабачыла ў іхнай істоце нейкі сымбаль. Але іхны глыбокі сутнасны аналіз пакідаю на пазьней...
    Таму цяпер разумею, што ён мог зьявіцца тут сёньня, раней, а магчыма — даўно. Але ў маёй галаве на гэта няма аніводнага ўспаміну. Здагадак, адкуль ён — безьліч. А сам ён — не падабаецца!
    ...Насупраць нумару маёй кватэры на дамафоне — чырвоны крыжык.
    Юлія Цяльпук
    Джорджа дэ Кірыка, «Чырвоная вежа»
    Дзень нараджэньня
    Адчуваю невытлумачальную сымпатыю і блізкасьць да творцаў, якія нарадзіліся ў адзін дзень са мной (натуральна, у розныя гады). Пісьменьніца і грамадзкая дзяячка, выбітны паэт і перакладчык, музыка і заснавальнік знакамітага рок-гурту.
    Сьвяткуючы ўласныя народзіны, штогод згадваю і іх, шкадую, што лёс гэтых выдатных асоб ня склаўся. Раньняя сьмерць ад хваробы, шматгадовае зьняволеньне, самагубства... Узьнікае трывожная думка: мо, дата нараджэньня сапраўды фатальным чынам уплывае на жыцьцё, прадвызначае лёс?
    Але маю выдатнае суцяшэньне. За 577 гадоў да майго зьяўленьня на сьвет адбылася бітва, пераможная для многіх народаў. Яна прынесла спакой на некалькі стагодзьдзяў.
    Думку, што дата паспрыяла посьпеху, не адганяю.
    Марына Весялуха
    Ян Матэйка, «Бітва пад Грунвальдам»
    Сястра
    Займела сястру. He, не знайшлася невядомая мне крэўніца. Займела ў шпіталі. Ня тую, што называецца сярэднім мэдычным пэрсаналам. Хоць называюць іх сёстрамі, але хіба яны міласэрныя, як было задумана? «Дзе тае міласэрнасьці на ўсіх набярэсься», — відаць, так думаюць. А мо і ня думаюць...
    Вось жа, сястра — тая, якой у адзін дзень зробяць тую самую апэрацыю, як і вам. А калі яшчэ ў адной палаце будзеце, то зусім крэўныя. Адным болем, адною крывёй назаўсёды зьвязаныя.
    Хоць разыдзецеся, разьедзецеся зь ёю ў розныя бакі, хоць мо ніколі не сустрэнецеся болей, а ўсё роўна — не-не ды згадаеце: «Як там мая сястра?..»
    Альжбета Кеда
    Мікаэль Анкер, «Шпацыр па ппяжы»
    Вясна як навяртаньне да Бога
    Сыход зімы — найбольш трапная прыродная мэтафара чалавечага навяртаньня да Творцы.
    Пакуль ты ня верыш у існаваньне абсалютнага дабра і крыніцу ўсякай маралі — ты белы і пухнаты, як сьнег. Чысты і іскрысты.
    Але вось ты сустракаеш у сваім жыцьці Бога (ці, лепш сказаць, гэта Ён цябе сустракае) — растопліваецца лёд, растае сьнег, і з-пад усёй гэтай уяўнай прыгажосьці табе робіцца бачна, што было там, унутры, схавана бялюткім покрывам. I вылазіць навонкі сьмецьце, бутэлькі і скарыстаныя прэзэрватывы, недапалкі і нечыстоты.
    Радасьць, аднак, у тым, што чым актыўнейшая навокал вясна, тым гэтага бруду становіцца менш. I болып становіцца жыцьця.
    Аляксей Шэін
    Ўільям Мактагарт, «Вясна»
    Памагла
    Закончыў сярэднюю школу. Як і ўсе тады — камсамолец. Адслужыў у арміі. Уладкаваўся на работу.
    Расказвае: «Ня знаю чаму, але неадступна цягнула мяне ў царкву. Кожны выходны даходзіў да храма, а зайсьці не адважваўся. Так было і гэтым разам. Падышоў сябра. Стаім, гаворым. Каля нас спыняецца машына, выходзіць шафёр і просіць дапамагчы ўнесьці ў царкву ікону. Гэта была вялікая па разьмерах ікона Божай Маці. Нам сказалі несьці ікону за Царскія дзьверы».
    Такім чынам пераступіў ён парог царквы і цяпер кожную нядзелю прыслужвае сьвятару на літургіі.
    Яўгенія Чаплінская
    Аляксей Карзухін, «Перад споведзьдзю»
    тунэль
    ёсьць штосьці невымоўна трагічнае і рамантычна жудаснае ў назіраньні за сьмерцю.
    гэта адначасова заварожвае і пужае, і набліжае нас да пошукаў невядомага... прымушае нас дасьледаваць гэта і нават не міргаць, сачыць і спрабаваць раскрыць нейкія таямніцы... знайсьці сэнс і адказы быцьця...
    у кнізе Сьвятланы Алексіевіч прачытаў пра старога, які ў вёсцы не прапускаў ніводнай сьмерці, прыходзіў і ціха сядзеўу куце... назіраў... разважаў... быццам чорт, і пражыў шмат гадоў.
    я тады ўспомніў сваю прабабку Гэлю, якая пахавала дзясяткі сваякоў, дажыўшы да ста трох гадоў.
    а. і. бацкель
    Поль Дэлярош, «Пакараньне сьмерцю лэдзі Джэйн Грэй»
    Небясытечная Сьвіслач
    У маленстве я жыў у Менску на плошчы Перамогі. У нас, падшпаркаў, было хобі — «выратоўваць тапельцаў». Зімой людзі пракладалі сьцежкі па Сьвіслачы ад парку Купалы да супрацьлежнай набярэжнай. Увесну лёд падтаваў, хто там ішоў, аступаліся. Часьцей пасьпявалі адскочыць. А бывала — правальваліся. Мы клікалі дарослых ці падпаўзалі да «тапельцаў», падавалі свае курткі.
    Аднойчы пад лёд праваліўся здаравяк. Побач нікога з дарослых. Папаўзьлі самі. Утрох ледзьве справіліся. Пасьля адаграваліся каля батарэі ў пад’езьдзе. На здаравяку было фірмовае адзеньне, што ў савецкія часы было рэдкасьцю.
    — Я марак, — сказаў ён. — У Канаду хадзіў. На пабыўцы... Акіяны прайшоў і ледзь не патануў у Сьвіслачы...
    Серж Мінскевіч
    Андрэас Схэльфгаўт, «Канькабежцы на замерзлай рацэ»
    Адчуваньне