• Газеты, часопісы і г.д.
  • 1984  Джордж Оруэл

    1984

    Джордж Оруэл

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 338с.
    Мінск 2022
    61.86 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    Паступова ён стаў меней часу траціць на сон, але ўсё яшчэ не адчуваў ніякай ахвоты ўстаць з ложка. Яму хацелася толькі ляжаць спакойна і адчуваць, як цела ўбіраецца ў сілу. Часам ён абмацваў сябе то тут, то там, каб упэўніцца, што сапраўды мускулы ў яго робяцца круглейшыя, а скура пругчэйшая. Урэшце ён без ніякіх сумневаў зазначыў, што паступова гладчэе. У клубах ён цяпер быў шырэйшы, чым у каленях. I, спачатку з цяжкасцю, Ўінстан пачаў рэгулярна рабіць фізічныя практыкаванні. Неўзабаве ён ужо мог прайсці тры кіламетры, мераючы крокам камеру, яго ўгнутыя плечы паступова выпрасталіся. Ён паспрабаваў рабіць больш складаныя практыкаванні і са здзіўленнем і сорамам заўважыў, што не ўсё ў яго атрымліваецца. Ён не мог прыспешыць хаду, ён не мог трымаць зэдлік у выцягнутай руцэ, ён не мог пастаяць на адной назе не ўпаўшы. Ён сеў на кукішкі і здолеў устаць, толькі перасіліўшы нясцерпны боль у клубах і лытках. Ён лёг на жывот і паспрабаваў прыўзняць цела на руках. Марна, ён не здолеў прыўзняцца ні на сантыметр. Але мінула яшчэ некалькі дзён — некалькі кармленняў, — і ён зрабіў гэты подзвіг. А яшчэ праз нейкі час ён ужо змог зрабіць гэта шэсць разоў запар. Ён пачаў ганарыцца сваім целам і пеставаць кволую надзею, што яго твар таксама
    паступова набывае нармальны выгляд. I толькі калі ён часам выпадкова дакранаўся рукой да свайго лысага чэрапа, яму прыгадваўся зморшчаны змардаваны твар, што глядзеў на яго з люстэрка.
    Розум яго зрабіўся больш актыўны. Сеўшы на дашчаны ложак, прыхінуўшыся да сцяны і паклаўшы на калені дошку, ён рашуча ўзяўся за перавыхаванне самога сябе.
    Ён капітуляваў, ён сам прызнаваў гэта. У сапраўднасці, як ён цяпер бачыў, ён быў гатовы да капітуляцыі задоўга да таго, як прыняў гэтае рашэнне. Ад таго моманту. як ён трапіў у Міністэрства Любові — і нават ужо ў тыя хвіліны, калі яны бездапаможна стаялі з Джуліяй, пакуль сталёвы голас з тэлегляда загадваў. што ім рабіць, — ён зразумеў усю легкадумнасць, дробязнасць сваёй спробы паўстаць супраць улады Партыі. Цяпер ён ведаў, што ўжо сем гадоў Паліцыя Думак назірала за ім, як за жуком пад лупай. He было ніводнага ўчынку, ніводнага прамоўленага ўголас слова, якое яны б не заўважылі, ніводнае чарады думак, за якой бы яны не прасачылі. Яны нават асцярожна прынялі светлы драбочак пылу з вокладкі дзённіка. Яны давалі яму слухаць запісы размоў, паказвалі фатаграфіі. На некаторых ён быў з Джуліяй. Так, нават... Ён болей не мог змагацца супраць Партыі. Да таго ж, Партыя мела рацыю. Так і мусіла быць — хіба можа несмяротны, калектыўны розум памыляцца? Якімі знешнімі меркамі можна было спраўдзіць яго меркаванні? Здаровы розум можна было падлічыць. Пытанне было толькі ў тым. каб навучыцца думаць, як думалі яны. Але!..
    Аловак у пальцах здаваўся тоўстым і няўклюдным. Ён пачаў запісваць думкі, што прыходзілі яму ў галаву. Спачатку ён напісаў вялікімі нязграбнымі літарамі:
    СВАБОДА ГЭТА РАБСТВА.
    Пасля амаль адразу за гэтым, ніжэй:
    ДВОЙЧЫДВА ПЯЦЬ.
    Пасля ён нібы спатыкнуўся. Яго розум, нібы нечага спалохаўшыся, ніяк не мог засяродзіцца. Ён ведаў, што ведае, што было далей, але нейкую хвіліну ніяк не мог прыгадаць. Калі ж урэшце прыгадаў, дык і тое толькі шляхам свядомых разважанняў — яно прыйшло не само па сабе. Ён напісаў:
    БОГ ГЭТА ЎЛАДА.
    Ён прымаў усё. Мінуласць можна было змяняць. Мінуласць ніколі не зменьвалася. Акіянія ваявала з Усходазіяй. Акіянія заўсёды ваявала з Усходазіяй. Джоўнз, Эрансанс і Радэрфорд былі вінаватыя ў злачынствах, у якіх іх абвінавачвалі. Ён ніколі не бачыў фатаграфіі, якая аспрэчвала іх віну. Яна ніколі не існавала, ён сам яе выдумаў. Ён памятаў, што памятае супярэчлівыя рэчы, але гэтыя ўспаміны былі несапраўдныя, гэта былі прадукты самападману. Як усё было проста! Толькі здайся, а астатняе прыйдзе само. Гэта было падобна на тое, як плыць супраць вады, калі цячэнне цягне цябе назад, як бы зацята ты з ім ні змагаўся, а пасля раптам павярнуцца і паплыць за вадой. He змянілася нічога, апроч тваёй пазіцыі, ва ўсялякім разе, адбылося тое, чаго трэба было чакаць. Цяпер ён ужо і не ведаў, нашто ён узбунтаваўся. Усё было проста, апроч...!
    Усё магло быць праўдай. Гэтак званыя законы прыроды былі бязглуздзіцай. Закон прыцягнення быў бязглуздзіцай. «Калі б я захацеў, — казаў О'Браен, -я мог бы ўзняцца над падлогай, як мыльная бурбалка». Ўінстан расшыфраваў гэтую фразу: «Калі ён падумае, што ён узніма-
    ецца над падлогай, а я ў той самы час падумаю, што бачу, як ён гэта робіць, дык гэта на самай справе адбудзецца». I раптам, як кавалак карабля, што ўсплыў пасля крушэння, у галаву ўварвалася думка: «Так не можа быць. Мы гэта сабе ўяўляем. Гэта галюцынацыя». Ён адразу ж адкінуў гэтую думку. Памылка была відавочная. Мелася на ўвазе, што недзе па-за свядомасцю ёсць «рэальны» свет, дзе адбываюцца «рэальныя» рэчы. Але як мог існаваць такі свет? Якія веды мы можам мець пра штосьці, калі толькі не праз нашу свядомасць? Усё адбываецца толькі ў свядомасці. Усё, што адбываецца ў свядомасці, адбываецца на самай справе.
    Яму было няцяжка пазбавіцца ад гэтай памылковай думкі, не было ніякай небяспекі, што ён паддасца ёй. Аднак ён падумаў, што яна не мусіла прыйсці яму ў галаву. Розум павінен схавацца за глухі мур, як толькі з’яўляецца небяспечная думка. Працэс гэты мусіць быць аўтаматычны, інстынктыўны. На навамове гэта называлася стопзлачын.
    Ён узяўся практыкавацца ў стопзлачыне. Ён выбраў два сказы — «Партыя кажа. што Зямля плоская» і «Партыя кажа, што лёд цяжэйшы за ваду» — і пачаў практыкавацца ў тым, каб не бачыць або не разумець аргументаў, што пярэчаць гэтым сцверджанням. Гэта было няпроста. Гэта патрабавала глыбокага ўмення разважаць і імправізаваць. Напрыклад, арыфметычная праблема, узнятая сцверджаннем «Двойчы два — пяць», была вышэйшая за яго інтэлектуальныя магчымасці. Тут патрабаваўся яшчэ і пэўны разумовы атлетызм, здольнасць у пэўны момант ужываць найскладанейшыя лагічныя прыёмы, а ў наступны момант не заўважаць найгрубейшых лагічных памылак. Дурасць гэтаксама патрэбная, як і розум, і дасягнуць яе таксама цяжка.
    I ўвесь гэты час нейкай часткай мозгу ён не пераставаў думаць адно: як хутка яны яго расстраляюць? «Усё
    залежыць ад вас», — казаў О’Браен, але ён ведаў, што ён не наблізіць гэта ніякім свядомым учынкам. Можа, гэта адбудзецца праз дзесяць хвілін, а можа, і праз дзесяць гадоў. Яны маглі гадамі трымаць яго ў адзіночнай камеры, маглі паслаць яго ў лагер прымусовай працы, маглі вызваліць яго на нейкі час, як яны часам рабілі. Было цалкам магчыма, што, перш чым яго расстраляюць, увесь спектакль яго арышту і допытаў будзе разыграны зноў. Пэўным было толькі тое, што смерць заўсёды заспявала неспадзеўкі. Паводле традыцыі — не выказанай словамі, усе пра гэта ведалі, хоць ніхто пра гэта і не казаў, — яны заўсёды забівалі ззаду: заўсёды стралялі ў патыліцу без папярэджання. падчас пераводу з адной камеры ў другую.
    Аднаго дня — хоць, можа, слова «дзень» тут не надта пасавала, бо з гэткай жа верагоднасцю гэта магла быць і ноч; карацей кажучы, аднойчы яго ахапілі дзіўныя, шчасныя летуценні. Яму мроілася, што ён ідзе па калідоры, чакаючы кулі ў патыліцу. Ён ведаў, што праз хвіліну яна яго дагоніць. Усё было вырашана, прыладжана, узгоднена. He было болей ніякіх сумневаў, ніякіх пярэчанняў, ніякага болю. ніякага страху. Яго цела было здаровае і дужае. Ён ішоў лёгка і радасна, ён уяўляў сабе, што гуляе пад сонейкам на вольным паветры. Ён быў ужо не ў вузкіх белых калідорах Міністэрства Любові, ён ішоў прасторным, на кіламетр ушыркі, праходам, залітым сонцам. тым самым праходам, які ён бачыў у трызненні. выкліканым лекамі. Ён ішоў па Залатой Краіне, па сцежцы, што вяла праз луг, сям-там паточаны кратавіннем. Ён адчуваў пад нагамі пругкі дзірван, пяшчотныя сонечныя промні лашчылі твар. На краі поля павольна калыхаліся вязы, а недзе за ўсім гэтым цякла рачулка, а ў ёй у зялёных затоках пад ніцымі вербамі плавалі маленькія рыбкі.
    I раптам ён ускочыў, працяты жахам. Спіна ў яго ўкрылася халодным потам. I ён пачуў свой адчайны крык:
    — Джулія! Джулія! Джулія, каханая! Джулія!
    На нейкі момант у неадольнай галюцынацыі яму прымроілася. што яна побач з ім. Здавалася, што яна не проста з ім, а ўнутры яго. Яна нібы запоўніла сабою кожную клетачку яго цела. У гэтую хвіліну ён кахаў яе значна болей, чым тады, калі яны былі разам і на волі. I яшчэ ён ведаў, што яна жывая і чакае ад яго дапамогі.
    Ён лёг на ложак і паспрабаваў супакоіцца. Што ён нарабіў! Колькі гадоў дадаў ён да свайго рабства гэтай хвілінай слабасці!
    Праз нейкі момант ён пачуе грукат ботаў у калідоры. Яны не пакінуць гэтага выбуху пачуццяў без пакарання. Цяпер яны даведаюцца, калі толькі не ведалі гэтага раней, што ён парушае пагадненне, заключанае з імі. Ён падпарадкоўваўся Партыі. але ён усё яшчэ ненавідзеў Партыю. Раней ён хаваў ерэтычныя думкі пад маскай добранадзейнасці. Цяпер ён адступіўся на крок: у думках ён здаўся, але спадзяваўся захаваць чыстай душу. Ён ведаў, што не меў рацыі. але ён палічыў за лепшае не мець рацыі. Яны зразумеюць гэта — О’Браен гэта зразумее. Усё гэта выявілася ў адзіным неразумным выкрыку.
    Яму давядзецца пачынаць усё спачатку. Можа, на гэта пойдуць гады. Ён правёў рукою па твары, спрабуючы прызвычаіцца да новых абрысаў. Шчокі былі парэзаныя глыбокімі барознамі, скулы тырчалі, нос прыплюснуўся. Апроч гэтага. з таго часу, як ён апошні раз глядзеўся ў люстэрка, яму выдалі новы зубны пратэз. Было вельмі цяжка захоўваць непранікальнасць твару, калі не ведаеш, як твой твар выглядае. Ва ўсялякім разе, простага кантролю над тварам было недастаткова. Упершыню ён зразумеў, што, калі хочаш захаваць таямніцу, ты мусіш хаваць яе і ад са-
    мога сябе. Мусіш ведаць заўсёды, што яна з табой, але пакуль не надыдзе патрэба, яна не павінна ўсплываць у тваёй свядомасці ні ў якай выразнай форме. Адгэтуль ён мусіў не толькі правільна думаць, але і правільна адчуваць. і правільна марыць. I ўвесь гэты час ён мусіў трымаць сваю нянавісць замкнёнай унутры сябе, як нейкі цвёрды шарык, які быў бы часткай яго і разам з тым не быў бы звязаны з рэштай цела, накшталт кісты.
    Аднойчы яны вырашаць яго расстраляць. Немагчыма сказаць. калі гэта адбудзецца, але за некалькі секундаў перад тым можна здагадацца. Заўсёды ззаду, калі вядуць па калідоры. Дзесяці секундаў было б дастаткова. За гэты час свет унутры яго мог бы перакуліцца. I тады раптам, не кажучы ні слова, не прыпыняючы хады, не мяняючы выразу твару раптам ён скіне камуфляж і бабах! стрэляць батарэі яго нянавісці. Нянавісць ахопіць яго, як нястрымнае разлютаванае полымя. I амаль у той самы момант бабах! — грымне стрэл, занадта позна ці занадта рана. Яны выб’юць яму мазгі, так і не выправіўшы іх. Ерэтычная думка застанецца непакараная. нераскаяная. назаўсёды для іх недасягальная. Застрэліўшы яго, яны прастрэляць дзіру ў сваёй дасканаласці. Памерці, ненавідзячы іх, — вось у чым была свабода.