Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII— XVIII стст
Міхась Ткачоў
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 147с.
Мінск 1978
38 Замкавы «пушкар» павінен быў штогод даваць па 200 фунтаў пораху ручнічнага і дзельнага.
Мірскі замак
Даўнія традыцыі каменнага дойлідства і высокае прафесіянальнае майстэрства мясцовых будаўнікоў — знакамітых «муралёў-дойлідаў» — знайшлі сваё ўвасабленне ў манументальных замках, памураваных з каменю і цэглы. Найбольш яркім узорам ваеннага будаўніцтва тых часоў з’яўляецца велічны Мірскі замак. Гэта адзіны замак, які амаль цалкам захаваўся да нашых дзён.
Мірскі замак з’яўляецца найбольш яркім узорам прыватнаўласніцкага ваеннага будаўніцтва XVI ст. на Беларусі і мае найважнейшае
Рыс. 33. Міускі замак. 3 літаграфіі сярэдзіны XIX ст.
значэнне для разумення асаблівасцей і характэрных рыс беларускага дойлідства той пары.
Замак знаходзіцца на ўсход ад г. п. Мір Гродзенскай вобласці, на
процілеглым ад яго правым беразе рачулкі Міранкі.
Мір як горад упамінаецца ўпершыню ў 1395 г., калі крыжаносцы на чале з грссмайстрам Тэўтонскага ордэна Конрадам фон Юнінгемам, не здолеўшы ўзяць Навагрудак, напалі на Ліду і Мір і спустошылі іх ушчэнт. У 1434 г. вялікі князь літоўскі Сігізмунд Кейстутавіч падараваў Мір баярыну С. Гедыгольдавічу, ад якога ён у 1490 г. перайшоў да роду князёў Ільінічаў39.
У 1506—1510 гг. (па іншых звестках у 1508—1510 гг.) князь Юрый Ільініч, маршалак і ваявода брэсцкі, пабудаваў сабе 5-вежавы замак, які па тых часах быў, несумненна, адным з самых магутных на Беларусі.
39 Bal inski М. Historia m. Wilna, t. 1. Wilno, 1836, str. 154; Рукапісны аддзел бібліятэкі AH ЛітССР (далей РАБАН), ф. 9-3032, л. 30; Syrokomla Wl. Wgdrowki ро niegdys moich okolicach. Wilno, 1853, str. 40; Mir.— «Kresy». Wilna, 1923, № 13, str. 3.
Для яго ўзвядзення ў вёсках Прапашы і Бірбашы адкрылі 2 цагельні. Вапну дастаўлялі са Свержаня каля Стоўбцаў 40.
Род Ільінічаў валодаў замкам да 1568 г., потым ён перайшоў да Радзівілаў нясвіжскай лініі і належаў ім да канца XVIII ст. Пасля ім валодалі розныя асобы і князі Гогенлоэ, Вітгенштэйны, а з другой паловы XIX ст. і да 1939 г. ён належаў князям Святаполк-Мірскім.
На працягу стагоддзяў замак не раз быў аб’ектам аблог і штурмаў, У 1655 г. ён пацярпеў ад працяглай аблогі шведскімі войскамі. Пад час Паўночнай вайны ў 1706 г. шведы зноў бралі замак штурмам і спалілі
Рыс. 34. Замак у Міры. Малюнак Я. Драздовіча
яго. У 1794 г. замак узялі прыступам войскі A. В. Суворава. Найбольш замак быў разбуран у Айчынпую вайну 1812 г. 9—14 ліпеня 1812 г. пад яго сценамі адбыліся жорсткія баі паміж ар’ергардам 2-й рускай арміі П. I. Баграціёна — кавалерыяй генерала М. I. Платава — і французскай кавалерыяй маршала Даву. Замак моцна пацярпеў: была ўзарвана паўночна-ўсходняя вежа, разбуран і спален палац, пашкоджаны земляныя валы. 10—11 лістапада 1812 г. тут зноў адбыліся баі паміж арміяй адмірала П. В. Чычагава і французамі 41.
У 1870 г. на чатырох вежах замка (акрамя ўзарванай) пабудавалі шатровыя дахі, а пазней аднавілі палац, у якім жылі да 1939 г. У канцы XIX ст. быў зрыт паўднёвы вал і каля замка выкапан вялізны стаў.
У пачатку 50-х гадоў нашага стагоддзя Мірскі замак дэталёва вывучаўся архітэктарам А. Я. Міцяніным, які зрабіў абмерныя чарцяжы і апублікаваў шэраг змястоўных артыкулаў аб архітэктуры замка.
Летам 1971 г. даследаванні археалагічнага характару былі праведзены аўтарам.
‘"Мірскі замак у плане нагадвае сабой некалькі перакошаны 4-вугольнік, утвораны замкавымі мурамі. На вуглах, выступаючы за перыметр сцен, узвышаюцца чатыры магутныя вежы. Пятая — праезджая — вежа размешчана пасярэдзіне заходняй сцяны, звернутай у бок горада. Усе вежы маюць шматлікія байніцы. Магутныя абарончыя прыстасаванні
40 Калнін В. В., Трэпет Л. В. Мірскі замак.— ПГКБ, 1975, № 1, с. 30—31.
41 Мнтяннн А, Я. Замок в Мнре. Автореф. канд. днс. Мннск, 1954, с. 9.
знаходзіліся і на замкавых сценах. Упутры замкавага двара стаіць 3павярховы палац, прыбудаваны да паўночнай і ўсходняй сцен замка. Вакол замка насыпан магутны земляны вал.
Сцены і вежы стаяць на масіўных падмурках, складзеных з вялікіх камянёў, памеры якіх дасягаюць 1,5—1,6 м. Глыбіня закладання падмуркаў, калі адлічваць ад дзённай паверхні пачатку XVI ст., раўняецца 2,5 м. Аднак ніжняя зона веж да вышыні ад 4—4,5 да 7,3 м (улічваючы і вышыню фундаментаў) выкладзена змешанай муроўкай — камень і цэгла на вапне. Прычым памеры камянёў паступова змяншаліся. Сцены змешанай муроўкі дасягаюць вышыні 8 м.
Мірскі замак узводзіўся з велікамернай брусковай цэглы — «пальчаткі» памерамі 30—30,5X13,5—14—14,5X9—9,5—10 см і меншымі — 28X14X10.
Як паказалі археалагічныя шурфы, фундаменты веж, і ў прыватнасці паўднёва-заходняй, складзены ў тыповай тэхніцы паласатай муроўкі, якая шырока ўжывалася пры пабудове Навагрудскага, Гродзенскага і іншых замкаў.
Цагляная абліцоўка вежы зроблена ў тэхніцы гатычнай муроўкі— чаргаванне аднаго лажка і аднаго тычка. Замкавыя сцены ўзведзены ў тэхніцы лусковай муроўкі, пры якой ядро сцяны забутоўвалася дробным каменнем і бітай цэглай на вапнавым растворы. Толькі «шчокі» сцен Мірскага замка ў адрозненне ад іншых помнікаў (Навагрудак, Гродна) цалкам выкладзены з камянёў і цэглы.
Усе вежы Мірскага замка маюць аднолькавую аб’ёмную будову — ніжняя 4-гранная частка ўверсе пераходзіць у 8-граннік, памалу памяншаючыся ў аб’ёме. Тып такой вежы быў шырока распаўсюджан на Беларусі (вежы Віцебскага замка XVII ст., вежа ў Любчы, Ятвяжскі слуп, навагрудская вежа Дазорца і інш.).
Акцэнт мастацкага афармлення Мірскага замка зроблен на вежах. Архітэктурная апрацоўка іх фасадаў грунтуецца на чаргаванні розных па форме і велічыні дэкаратыўных ніш і арнаментальных паясоў. Такі прыём быў шырока распаўсюджан у беларускай архітэктуры XVI ст.
(франтоны СыЕковіцкага, Маламажэйкаўскага і Супраслеўскага хра-
маў і інш.).
Арнаментальныя паясы веж падхопліваюцца ідэнтычнымі па малюнку і тэхніцы выканання паясамі на замкавых сценах і лініяй паўцыр-
кульных ніш на ўзроўні сярэдняга бою сцен. Дзякуючы гэтаму ўсе элементы замка звязваюцца ў цэльную архітэктурную кампазіцыю. Маляўнічасць Мірскага замка, якая ствараецца багаццем і разнастайнасцю архітэктурных дэталей, яшчэ болыіі узмацняецца каляровым
афармленнем. Унутраныя плоскасці ніш і паясоў былі атынкаваны ў белы колер, што ў спалучэнні з цёмна-чырвонай фактурай асноўнага
Рыс. 36. Натурны здьшак замка. Фота В. Ждановіча поля цагляных сцен і праёмаў вежавых байніц садзейнічала выразнасці архітэктуры замка. Дзякуючы гэтаму ўсе вежы Мірскага замка, якія па стылю і канструкцыі вельмі блізкія адна да адной, маюць свой індывідуальны архітэктурны воблік. Прыгажосць і велічнасць веж як бы адводзілі магутнасць сцен на другі план, ствараючы разам з імі адзіны вобраз непаўторнага збудавання 42.
Багаты дэкор Мірскага замка выгадна адрознівае яго ад простых і суровых гарадскіх умацаванняў, надае яму выразны характар палацавай пабудовы.
Мірскі замак адпавядаў усім патрабаванням ваеннай навукі XVI— XVII стст., якія ўзніклі ў сувязі з развіццём артылерыі. Яго вежы пастаўлены з разлікам вядзення флангавага агню ўздоўж сцен і былі даволі магутнымі, бо большасць байніц прызначалася для стральбы з гармат. Усе вежы разглядаліся як вузлы абароны; на выпадак прарыву праціўніка ў замак яны мелі з усіх бакоў байніцы для кругавога абстрэлу. На кожнай вежы было 5 ярусаў баёў з вялікай колькасцю байніц і складаная сістэма пераходаў. Вежы завяршаліся байніцамі-машыкулямі, праз якія кідалі камяні, лілі вар або смалу да падэшвы сцен.
4? МнтянннА. Я. Мнрскпй замок, с. 12.
Самая цікавая з усіх веж Мірскага замка галоўная. Па сваіх формах і арнаментыцы фасадаў яна найбольш дасканалая.
Аснова вежы ў плане блізкая да квадрата памерамі 12X12 м. Вежа 6-ярусная. Пяць верхніх ярусаў маюць шматлікія байніцы, накіраваныя ў розныя бакі. Вышыня каля 25 м. Фасады ўпрыгожаны паясамі і дэкаратыўнымі нішамі рознай велічыні і формы: круглымі, 3-часткавымі з вісячымі гіркамі, паўцыркульнымі, спічастымі, прамавугольнымі і інш.43
Першы паверх вежы праразае адзіны ў замку праезд. Ён запіраўся дзвюма дубовымі брамамі — адной пры ўездзе ў вежу, другой — пры выездзе ў двор. Акрамя таго, брама баранілася спецыяльнай засцерагальнай рашоткай — герсай, якая апускалася з другога паверха праз спецыяльны праём памерамі 0,4x2,8 м. Палотнішчы брамных створаў запіраліся на велізарныя драўляныя брусы. Ад іх у бакавых сценах захаваліся спецыяльныя гяёзды памерамі 30X30 см. У паўночнай сцяне першага паверха мелася мушкетная байніца, якая давала магчымасць фланкіраваць прасла сцяны, што ішла да паўночна-заходняй вежы. Пад вежай знаходзіўся склеп. У сценах праезду ёсць чатыры нішы для вартаўнікоў брамы. Тут жа пачынаецца каменная лесвіца.
На другім паверсе цэнтральнай вежы ёсць 4 мушкетныя, 2 гарматныя байніцы і 4 нішы. Сюды ж паднімалася герса. 3 другога паверха можна было трапіць у галерэю сярэдняга бою заходніх праслаў сцен, Пазней тут размяшчалася замкавая капліца.
На трэцім паверсе ёсць тры гарматныя і чатыры ружэйныя байніцы, з якіх можна было страляць унутр замкавага двара. Тут знаходзіўся гадзіннік з боем, звернуты цыферблатам у бок палаца 44. Астатнія тры паверхі па сваёй планіроўцы падобныя паміж сабой. Яны мелі міжпавярховыя перакрыцці па бэльках. На кожным з іх ёсць па 8 гарматных байніц. Завяршалася вежа поясам абламаў — машыкуляў, якія існавалі да пераробкі і рамонту вежы ў другой палове XIX ст. Цэнтральная вежа. замка праз нейкі час была ўзмоцнена. Да яе прыбудавалі барбакан—абарончую сцяну ў выглядзе падковы, якая надзейна засланіла браму ад прамога агню праціўніка. Узведзен барбакан з цэглы ў тэхніцы гатычнай муроўкі з чаргаваннем лажкоў і тычкоў, што надзейна датуе час яго пабудовы не пазней сярэдзіны XVI ст.45 У сувязі з гэтым датаванне барбакана канцом XVI—XVII ст. і сцверджанне, што ён пабудаван з пясчаніку, беспадстаўнае 46. Барбакан згадваецца ў інвентары замка за 1688 г., адкуль вынікае, што па цэнтру яго мелася брама на два палотнішчы, якая запіралася драўляным брусам. Унутры барбакана быў выкапаны 2-мятровай глыбіні катлаван. Праходзілі ў замак толькі па пад’ёмным мосце. Ен паднімаўся і апускаўся на двух ланцугах спецыяльным калаўротам, размешчаным на трэцім паверсе вежы. Апускаючыся, мост закрываў катлаван унутры барбакана, а ў паднятым становішчы быў своеасаблівай дадатковай абаронай замкавай брамы. Сцяна барбакана, як паказалі разведачныя раскопкі, дасягала таўшчыні каля 1,25 м і глыбіні залягання падмурка 2,65 м.