Алесь Пушкін
Выдавец: Misericordia
Памер: 248с.
Віцебск 2013
Няхай гэтая выстава мастака з палымяным сумленнем, высакароднай верай у сваю ахвярніцкую місію будзе данінай гэтаму святу і новай мастацкай сенсацыяй, якая яшчэ больш паскорыць працэсы духоўнага адраджэння беларускай нацыі і яе культуры.
Мастацтвазнаўца Яўген Шунейка, сакавік 1991 года
Сто твораў XX стагоддзя.
Алесь Пушкін. «Эпітафія дзеду»
Гэта адно з першых палотнаў Пушкіна. He зважаючы на ўзрост і яшчэ сціплы даробак учорашняга выпускніка мастацкага інстытуту, гэты твор быў адразу пастаўлены ў шэраг славутых і класічных. Яго шматкроць рэпрадукавалі, выстаўлялі, ды, нарэшце, прыдбалі ў Нацыянальны мастацкі музей.
Сярод таго, што стваралася напачатку 90-х гадоў, творы Алеся Пушкіна, дый сама ягоная постаць, прыцягнулі ўвагу гледача сваёй сюжэтнасцю і натуралістычнасцю выяваў. Папярэдні савецкі перыяд аддаліў гледача ад мастака, найперш з-за адсутнасці мастацкае асветы, а па-другое, з-за адсутнасці рынку і, адпаведна, мастацкай крытыкі. Беларускі глядач не бачыў розніцы паміж Далі і Ісачовым, паміж Савіцкім і Ароска. Мастакам не падабалася публіка. Публіцы былі не даспадобы мастакі. А вось жа карціна Пушкіна спадабалася ўсім. Чым?
Найперш тым, што ў яе можна ўзірацца доўга і ўважліва, складаючы сабе розныя аповеды, цешачы свае ўспаміны ці гледзячы ў люстэрка свайго ж побыту. Нанізаныя, нібы пацеркі на нітку, розныя сюжэты складаюцца ў адзіны ружанец, перабіраючы які, мы перабіраем і фрагменты свайго жыцця...
Кампазіцыя складаецца са звычайных, нават банальных для нашага мастацтва элементаў. Нацюрморт: ссохлыя зёлкі, цыбуля, часнык, бабы... Пейзаж: местачковы краявід, без нейкіх адрасных прыкметаў... Людзі: нясуць труну на капцы, а ваду дахаты, колюць дровы і кабана... Птушка: нейкая расцярушаная паўгалкапаўварона, рыхтык як у Брэйгеля, ляціць скрозь чорныя каруны галля... Усё як паўсюль, але на тым і палягае абаяльная прыцягальнасць «Эпітафіі» — на яе ўніверсальнасці.
Белая драпіроўка абруса, элеганцкі скамечаная, сыходзіць з першага плану ў далягляд, распускаючыся ў снягах. Холад абрусу на шэрым коле стала падкрэслены звонкімі барвамі залатых цыбулінаў ды лісцікаў-пісяжкоў леташняе травы. Гэтак проста — хата астывае. Хата, дзе быў дзед. А там, там, у сінеючай імжы блізкае адлігі, туды, куды яго знеслі, па-ранейшаму варушацца, жывуць людзі... Рэзкае спалучэнне розных планаў, занадта блізкіх ды бясконца далёкіх, утварае ілюзію невераемнае манументальнасці невялікага станкавага палатна.
Сціплая каляровая гама (тры-чатыры колеры) пры бліжэйшым разглядзе аказваецца цэлым калейдаскопам паўтонаў ды адценняў. Сама жывапісная тэхніка Пушкіна ў гэтым палатне цікавая: нешта працёрта, як у лаках, недзе прадрапана, нібы на гравюры, а недзе, нібы акварэллю, пакладзены празрысты блік. Пазней Пушкін звяртаецца да розных прасцейшых тэхнікаў: алей, тэмпэра, уласная кроў... Зрэшты, гэты, ужо іншы Пушкін, ставіць сабе іншыя задачы...
Ен запамінаецца ўсім па-рознаму. Для адных ён — рэстаўратар унікальных роспісаў XVIII стагоддзя Станіславаўскага касцёлу ў Магілёве і аўтар роспісаў царквы ў сваім родным Бабры. Для іншых — мастак-авангардыст, які стварыў у Віцебску галерэю ўласнага імя і здолеў-такі здзівіць места Шагала ды Малевіча сваімі бязлітаснымі перформансамі. А для кагосьці... Запомніўся, найперш, элегічнай і нягучнай «Эпітафіяй».
Сяргей Харэўскі, «Наша Ніва»
Фрагмент. Пленэр на Беларусі, 2000 /.
Алесь Пушкін — аўтапартрэт праз творчасць
Выразнае мастацкае слова нярэдка нараджаецца на мяжы, дзе кантактуюць разнастайныя нацыянальныя культуры і розныя віды і жанры мастацтва, адрозныя шляхі выказвання. Няхай дазволіць мне чытач пачаць гэты артыкул пра вядомага мастака і перформера Алеся Пушкіна з кароткага ўспаміну пра мой асабісты візіт у Новы Арлеан, сталіцу амерыканскага блюзу і джазу.
Менавіта там, у гэтым незвычайным горадзе, дзе спалучаюцца белая і чорная Амерыка, крэольская культура і культура старых французскіх імігрантаў, якія ў некаторых вёсках вакольнага штата Луізіана дагэтуль гавораць на мове парыжскіх прыгарадаў XVIII стагоддзя, менавіта там нараджаецца непаўторны новаарлеанскі музычны стыль. Жыве тут і магічная афраамерыканская культура вуду, і шмат
што іншае — таксама ў стылістыцы мясцовага выяўленчага мастацтва, старога і сучаснага. Якраз у музеі Новага Арлеану, дзе ёсць вялікая калекцыя каталіцкага мастацтва XVII-XVIII стагоддзяў школы Куска з Калумбіі, я ўбачыў творы, якія запамінаюцца беларусу назаўсёды, бо кранаюць таемны механізм уздзеяння культуры на чалавека, што быў выпрацаваны таксама і ў нас. Уявіце абраз св. Архангела Міхаіла — намаляванага ў шляхетным дарагім строі, падобным на яскравыя строі беларускіх магнатаў, са стрэльбай замест мяча! А ў іншага Архангела вогненны меч... Так, як нярэдка бывала і ў беларускіх абразах. Вось гэты культурны код блізкі нам, як і далёкім паўднёваамерыканскім прапаведнікам трохсотгадовай даўніны ў Паўднёвай Амерыцы, і віруючай супрацьлегласцямі культуры Новага Арлеану: сапраўдным можа быць толькі мастацтва ў меру дыдактыМнае, якое гаворыць на зразумелай мове, пераконвае, а часам дзеля выразнасці выходзіць за межы і законы жанру.
Архангел Міхаіл стаіць са стрэльбай або вогненным мячом, каб слова Божае ясней разумелася неадукаваным туземцам. Як і лялькі вуду ў Луізіане — не проста дэкаратыўная пластыка, а частка магічнага тэатру, які валодае надзвычайнымі сродкамі ўздзеяння.
Можа, я памыляюся, але ў беларускім мастацтве мінулых стагоддзяў выкарыстанне падобных, асабліва да школы Куска, выразных прыёмаў тлумачыцца часам натуральнай, часам правакаванай звонку поліфанічнасцю, прысутнай нават у межах хрысціянскай культуры — праваслаўнай, каталіцкай, грэкакаталіцкай, пратэстанцкай. А як быць мастаку ХХ-ХХІ стагоддзя, які звяртаецца да свайго гледача ў Беларусі, здзічэлай ад двух з лішкам стагоддзяў культурнай каланізацыі і дэградацыі ў межах Расіі—СССР? Як звярнуцца да людзей, якія не падрыхтаваныя разумець нават уласнай мовы? Я не маю на ўвазе літаральна сродку камунікацыі, я кажу пра культурны код, які альбо моцна забыты, альбо цалкам знішчаны.
Падаецца, што прыкладна чвэрць стагоддзя таму малады беларускі мастак Алесь Пушкін, убачыўшы гэтую парадаксальную і гранічна трагічную сітуацыю ў зносінах «мастак-глядач» у Беларусі вачыма маладога максімаліста, вырашыў дзеля сябе: «Пушкін — гэта наша ўсё». I пачаў распрацоўваць універсальную, часам дыдактычную і правакацыйную (часцей у інсталяцыях і
перформансах), часам рэнесансна-заспакоеную ў мастацкіх абагульненнях (у вялікіх карцінах ці роспісах) мову, якая збольшага адлюстроўвае... беларускі ўніверсум, беларускі сусвет. I закранае асноўныя каштоўнасці нацыянальнай тоеснасці і культуры.
Часам атрымліваюцца парадаксальныя рэчы — жывучы ў кантэксце беларускай культуры, даводзіцца тлумачыць суайчыннікам, у полі гэтай культуры маргіналізаваным, элементарныя рэчы метадам экстрапаляцыі. «Альгерд Бахарэвіч — гэта сучасны беларускі Кафка», — неяк сказаў Пушкін беларускай журналістцы Ціне Клыкоўскай, бо ёй, меркаваў ён, так лягчэй зразумець. Ціна пакрыўдзілася і напісала артыкул «Пушкін і пустэча» — маўляў, беларус Пушкін — піяршчык кшталту расейца-літаратара Пялевіна. Надышоў час пакрыўдзіцца Пушкіну. Яскравы ўзор — беларусы патлумачыліся спасылкамі на іншыя культурныя кантэксты. Аднак збольпіага мастак Алесь Пушкін спрабуе звяртацца да глыбінных філасофскіх, этычных і эстэтычных з’яў, не абапіраючыся на цытаты, а перажываючы іх непасрэдна. Падаецца істотным зразумець гэты ўжываны ім механізм «актуалізацыі культурнага коду».
Прыкладам, падчас знаходжання ў Віцебску, пасля размеркавання з Акадэміі мастацтваў і да вяртання ў роднае мястэчка Бобр, паміж 1991 і 1997 гадамі, адным з самых яскравых яго перформансаў была мастацкая акцыя ў гонар святога Ясафата (у 1995 годзе). Найвялікшага беларускага грэка-каталіцкага святога, які марыў пра рэлігійнае адзінства народу і быў забіты збунтаваным віцебскім плебсам у 1623 годзе. А потым апаганенага стагоддзямі расійскай прапаганды і зараз амаль забытага. Хто з беларусаў памятае зараз, што гэты святы быў патронам паўстання Каліноўскага?
Пушкін перажыў і прайшоў у перформансе апошнія моманты жыцця святога — ад месца яго забойства (побач з віцебскай майстэрняй Пушкіна, арандаванай у 1990-я), басанож па ранняму лістападаўскаму снегу ў белай кашулі, абліваны халоднай вадой — чорнага, чырвонага і белага колераў, як знак эмоцый і пачуццяў, якія віравалі калісьці ў Віцебску 1623 года. Пушкін ішоў басанож аж да лодкі, каб быць сплаўленым без вёслаў і прыплыць да берага Дзвіны, як калісьці прыплыло цела Ясафата. Містычнае і небяспечнае падарожжа змерзлага мастака пад палаючым крыжам, усталяваным на чоўне, праз халодны лістападаўскі туман скон-
чылася, на шчасце, бясшкодна для мастака. Эфектам было памастакоўску прамоўленае Слова, выяўлены сэнс, які адкладаецца ў галовах, сэрцах, душах людзей і заклікае да роздуму і рэфлексіі.
Прыгадаем 25 сакавіка 1989 года, хэпінінг-перформанс «Дзень Беларускай Народнай Рэспублікі». Шэсце маладых людзей на чале са студэнтам-мастаком Алесем Пушкіным па цэнтральным праспекце сталіцы ад Беларускай акадэміі мастацтваў (тагачаснага тэатральна-мастацкага інстытута) з плакатамі. 3 перакрэсленым сцягам БССР і бел-чырвона-белым беларускім штандарам. 3 надпісамі: «У гэты дзень 71 год назад была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка!», «Свабоду Беларусі!», «Дзяржаўнасць беларускай мове!» (і выявамі Коласа, Купалы і Багдановіча з завязанымі ратамі). Пра што многія ўжо і не маглі думаць, бо выхоўваліся ў духоўнай пустэчы савецкай прапаганды. Самае дзіўнае — перад маніфестацыяй Алесь Пушкін паведаміў у Мінгарвыканкам, што рыхтуе несанкцыянаваную антыўрадавую акцыю. Нязвыклая перакананасць чалавека ў праўдзівасці і непахіснасці сваёй пазіцыі! Іншыя кажуць: і незвычайнае для савецкай культурнай прасторы разуменне законаў піяру. Толькі прыгадайма — той піяр мог скончыцца для мастака доўгімі гадамі за кратамі. Але імперыя ўжо развальвалася, і Пушкін атрымаў «мінімум»: два гады ўмоўна і пяць год паражэння ў правах. Ад мінскага суддзі Чамрукова — імёны непрыяцеляў Пушкін імкнецца не забываць. 3 інстытута маладога мастака не зволілі — занадта рэзананснай была акцыя, занадта ссумаваліся людзі таго часу па вяртанні да справядлівасці. Нават аўтар гэтых радкоў, далёкі ад сучаснага мастацтва тых часоў супрацоўнік Акадэміі навук, ведаў і прысутнічаў на перформансе — чуткі вокамгненна абляцелі горад. Беларускія савецкія газеты дапамаглі Пушкіну зрабіць тое, да чаго ён імкнуўся, — сотні тысяч асобнікаў газет выйшлі з артыкуламі, хай сабе паклёпніцкімі, пра святкаванне ім угодкаў БНР!