• Газеты, часопісы і г.д.
  • Anarchy in the UKR  Сяргей Жадан

    Anarchy in the UKR

    Сяргей Жадан

    Выдавец: Skaryna Press
    Памер: 214с.
    Лондан 2023
    47.14 МБ
    СЯРГЕЙ ЖАДАН
    Anarchy in the UKR — кніга аб часах, якія бывае няпроста ўявіць тым, хто ў іх не жыў. Аб пары без інтэрнэту і мабільнікаў, аб тым пераломе, калі пануючыя паўсюль чырвоныя сцягі ды лозунгі КПСС раптоўна пачалі траціць сваю актуальнасць, саступаючы нефармальным аб’яднанням і вулічным тусоўкам, калі на шырокі прастор выйшлі чарнуха, эзатэрыка, а з імі — няўрымслівыя прадпрымальнікі, якія спрабавалі на ўсім гэтым зарабіць.
    Жаданавыя нататкі рэзкія, непрычасаныя, яны часта руйнуюць адрэтушаваныя карціны мінулага, якія праз нейкі час могуць складвацца нават у непасрэдных сведкаў падзей. У гэтым іх каштоўнасць.
    Сяргей Жадан — паэт, празаік, перакладчык, эсэіст, арганізатар літаратурных фестываляў, рокканцэртаў, тэатралізаваных перформансаў і акцый грамадзянскага непадпарадкавання. Адзін з найбольш папулярных і вядомых у свеце сучасных украінскіх аўтараў.
    Алег Жлутка — перакладчык, удзельнік праваабарончага руху, перформер і музы'ка. Нарадзіўся ва Украіне ў 1980 годзе. Удзельнік “Тэатра псіхічнай неўраўнаважанасці” Іллі Сіна, Таварыства ўкраінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў, праекта “Свамова”, арт-суполкі “Няхай”. У цяперашні час жыве ў Варшаве.
    “Анархія” трапіла Алегу Жлутку ў рукі ўвосень 2007 года і справіла настолькі моцнае ўражанне, што ён адразу ж вырашыў узяцца за пераклад. Ён выйшаў друкам у Менскуў2012 годзе.
    У 2014 годзе замацярэлы к таму часу Жадан перавыдаў “Анархію” разам з “Луганскім дзённікам”, адрэдагаваўшы свой першапачатковы тэкст: упарадкаваў пунктуацыю, месцамі прыбраў непатрэбныя выпады і каментары, у выніку чаго твор стаў яшчэ больш выразным і — разам з тым — лягчэйшым для ўспрыняцця.
    У 2022 годзе Алег Жлутка загарэўся ідэяй зрабіць перакладу капітальны “рэмастэрынг” — наблізіць яго да формы, у якой украінскі твор існуе сёння. Гэты пераклад вы трымаеце ў сваіх руках.
    СЯРГЕЙ ЖАДАН
    ПЕРАКЛАД АЛЕГА ЖЛУТКІ
    SKARYNA PRESS
    London, UK 2023
    Original Ukrainian title:
    Anarchy in the UKR, published in 2005 by Folio, Kharkiv.
    All rights reserved by and controlled through Suhrkamp Verlag Berlin.
    Жадан, C.
    Anarchy in the UKR / Сяргей Жадан ; nep. з укр. A. Жлуткі. —
    Лондан : Skaryna Press, 2023. — 214 c.
    ISBN 978-1-915601-14-8 (paperback)
    ISBN 978-1-915601-15-5 (epub)
    Рэдактар: Алесь Дуброўскі
    Вокладка: Ганна Кухта
    Тэхнічны рэдактар: Ігар Іваноў
    Copyright © Serhij Zhadan 2005
    Copyright © 2023, Алег Жлутка, пераклад на беларускую
    Copyright © 2023, Skaryna Press
    I am an antichrist
    I am an anarchist
    Don’t know what I want
    But I know how to get it
    I wanna destroy passer by Cause I
    Wanna be
    Anarchy
    No dog’s body
    Sex Pistols. Anarchy In The UK
    ЧАСТКА ПЕРШАЯ
    MAE ВАСЬМІДЗЯСЯТЫЯ
    81-ы.
    Кіно. Mae васьмідзясятыя лёгка паддаюцца экранізацыі. Калі ў гэтай краіне зноў пачнуць рабіць кіно, я б зняў яго аб маіх васьмідзясятых, хаця б для таго, каб адтварыць для сябе на экране адзін з магчымых варыянтаў выбудоўвання свайго жыцця як дакладнай і празрыстай схемы, у якой ад пачатку закладзены ўсе неабходныя прычыны і магчымыя наступствы. Гэтае кіно было б у меру дыдактычным і забаўляльным, у ім было б якнайменш пафасу і настальгічных сопляў. Замест гэтага там было б сонца, шмат тэхнікі, шмат вытворчасці, наогул — там было б усё нармальна з сацыяльным складнікам, усё мела б быць на сваіх месцах — грузавікі, чыгуначныя склады, прыдарожная трава, ранішнія летнія сосны, універмагі, прыгарадныя чыгуначныя вакзалы, прахалодныя кінатэатры, газетныя кіёскі, школьныя спартзалы з матамі і батутамі, вагоны з вугалем, рэйсавыя аўтобусы, пустыя аўтатрасы, калонкі з ледзяною вадою, кіёскі з грамкружэлкамі, шашлычныя, чэргі на атракцыёны, кішэннікі, бажавольныя алкаголікі, местачковыя прастытуткі, вясёлыя фарцоўшчыкі, спекулянты і кінамеханікі, вандроўныя бібліятэкары са сваімі пераноснымі латкамі, збіральнікі мыта на базарах і вулачках, — у гэтым кіно было б дастаткова станоўчых персанажаў, адмоўных у ім не было б зусім, ва ўсякім разе я
    б не хацеў, каб яны там з’яўляліся. Болыіі таго — у такім кіно нават персанажы патэнцыйна адмоўныя, як от згаданыя мною тут фарцоўшчыкі ці не згаданыя люберы, абавязкова трактаваліся б як героі, хай і не станоўчыя, але не без сваіх цнот. Падвойныя стандарты, якія сёння часта ёсць вызначальнымі, у выпадку з маім кінематографам проста не падыходзілі б, яны былі б там лішнімі і недарэчнымі, бо яны паўсюль ёсць лішнімі і недарэчнымі, а ў кіно і пагатоў. Што там павінна быць яшчэ? Там мае быць усё нармальна з надвор’ем, падзеі павінны адбывацца абавязкова ўлетку; мае васьмідзясятыя — гэта пераважна лета, магчыма, позняя вясна, ды лепш усёткі лета. Там мае быць шмат вады, шмат зеляніны, і ні ўякім разе не павінна быць палітыкі — палітыка з’явіцца пазней, ужо ў дзевяностыя. Тады палітыкі не было, свет трымаўся сваіх меж і не выходзіў па-за іх, жыццё было самадастатковым, краінай можна было ганарыцца, з бацькоў варта было браць прыклад, прапаганда не заёбвала, соцыум ня ціснуў.
    У кіно аб маіх васьмідзясятых мае быць шмат любові, любові спантаннай, непрадуманай, вулічнай і нелагічнай, з першым сексам на школьных партах, з першымі разборкамі за завадскімі агароджамі, з першымі праблемамі і першымі абломамі, з дзіўнымі непраўдападобнымі гісторыямі аб выкраданнях нявестаў з бацькоўскіх дамоў, аб таемных вянчаннях, аб падпольных абортах, аб пяшчотнай і захапляльнай падлеткавай групавусе — павольныя чорна-белыя кадры, глыбокае і павучальнае пражыванне сваіх гадоў, размеранасць адведзенага табе некім часу. Яшчэ там мае лунаць шмат галасоў — вясёлых, нервовых, радасных, якія належаць сотням безыменных герояў гэтага фільма. У герояў блакітныя
    вочы, выгаралыя ад сонца валасы, сухая загарэлая скура. Яны мала спяць, шмат п’юць і гавораць. Яны пастаянна трапляюць у нявыдуманыя бязглуздыя становішчы, з іх смяюцца нябёсы, ім шмат чаго прабачаюць багі, бо, нягледзячы на ўсё, у іх дзеях няма зла: дурасць — так, ёсць, невыкараняльная побытавая шыза — колькі заўгодна, авантурызм, наіўнасць, прыроджанае неназойлівае жаданне наябаць усіх навокал, уключаючы вышэйзгаданых багоў, — так, але ня зло; зла ў гэтым кіно ня будзе — не чакайце.
    Разам з тым у гэтым кіно абавязкова мае быць крымінал, шмат зладзеяў і спекулянтаў, злосных парушальнікаў сацыялістычнага сужыцця, безразважных маргіналаў з сякерай за халявай, з нажом у пластыкавым дыпламаце, з калючкамі руж у горле, безліч малалетніх вырадкаў, якія ішлі сценка на сценку з бітымі бутэлькамі ў руках, якія галілі сабе чарапы, каб усе бачылі, колькі ў іх шнараў, якія выпальвалі сабе на скуры самаробныя тату ды так потым і хадзілі — з папсутай скурай, з незразумелымі пентаграмамі, з адчуваннем уласнай годнасці і адвагі. Гэты крымінал не павінен выклікаць дэпрэснякоў, бо мае ў сабе прысмак гаркоты і роспачы ад немагчымасці да канца зразумець сам механізм перацякання жыцця вакол цябе, разрастання яго ў прыродных дэкарацыях, у якіх ты, як ты ні біся і ні махай сваёй бітай бутэлькай, усяго толькі адзін з безыменных статыстаў, якія праходзяць экранам, на хвілю аб’ёмна фіксуючыся ў вачах гледачоў, і навек знікаюць у чорным рэчышчы цітраў. Крымінал у гэтым выпадку прызначаны рабіць абставіны любові і нараджэння больш рэльефнымі, а абставіны смерці — болын цёмнымі і загадкавымі. Ён і ёсць хутчэй прыправай, пакінутай у гэтых сонечных палях
    для паўнацэннага смакавання дэталяў, якімі паступова напаўняецца тваё існаванне і якія ты пачынаеш паступова вылучаць для сябе з агульнага — цэльнага і прадуманага — сцэнарыя.
    Дарэчы, дэталі. Дэталі могуць датычыць галоўных герояў. Напрыклад, гэта могуць быць дэталі іх адзення, розныя жаночыя штукі, купленыя на чорным рынку, перапрададзеныя праз трэція рукі, — дзівосныя рэчы жаночага туалету, якія потым зрываюцца з гераінь п’янымі нервовымі рукамі герояў і паспяваюць адбіцца ў тваёй памяці і тваім асабістым каталозе. Гэта могуць быць дэталі побыту — стракатыя сінтэтычныя дываны, на якія ставяць труны з нябожчыкамі, скураныя авіятарскія курткі, прывезеныя з армейскай службы і парэзаныя брытвай у першай жа начной бойцы, механічныя гадзіннікі, жоўтыя пластмасавыя кліпсы, афіцэрскія рамяні, патроны з губною памадай, самаробныя бензінавыя запальнічкі — бліскучыя, з цяжкім пахам нафты, вострыя чорныя заколкі, якія высыпаюцца з жаночых валасоў і залятаюць пад сядзенні, ды ніхто нават не спрабуе іх знайсці ў тым цёмным начным аўто, на ціхай стаянцы, між раскіданага адзення і сапраўднай дарослай любові.
    Падзеі ў гэтым кіно маюць развівацца павольна і паслядоўна, тут наогул усё прадумана і выпадковых рэчаў амаль няма. Разам з тым падзей павінна быць шмат, яны павінны запаўняць сабою ўсю прастору, дадзеную табе для абжывання і асваення. Іх рухомая, пластычная структура мае падпіраць сабою прагрэтае зранку неба, каб яно трымалася ў цябе над галавою надзейна і цвёрда, не правісаючы і не абвальваючыся чарговымі катаклізмамі. Падзеі маюць адбывацца проста на тваіх вачах, хай і не заўсёды пры тваім непасрэдным удзеле, але заўсёды
    з тваёй нябачнай унутранай згоды, пры тваёй уключанасці ў кантэкст, так, каб ты мог пальцамі адчуваць, як змяняецца сітуацыя з тваім жыццём, як яна разгортваецца перад тваімі вачыма. Падзеі маюць запаўняць сабою той пусты прамежак, што ўзнікае між героямі і акаляючым іх паветрам. У кіно аб маіх васьмідзясятых проста ня можа быць пустот, яно мае быць густым і напоўненым безліччу постацей, рухаў і ўчынкаў. Учынкі гэтыя шмат у чым і паясняюць агульную насычанасць сюжэта — яны дзіўныя і часцяком неапраўданыя, імуласцівыя празмерныя рызыкоўнасць і экспрэсія. Mae галоўныя героі жэняцца з прынцыпу і вешаюцца ў знак пратэсту, нараджаюць ад няўмення адмовіць і кахаюць ад няўмення стрымацца. Яны йдуць на злачынствы азартна і авантурна і любяць сваю бацькаўшчыну без ніякага ідэалагічнага падтэксту. Большасць з іх маладыя і самаўпэўненыя. Яны самі разумеюць, што выпадак дазволіў ім нарадзіцца ў драйвовым месцы ў дзівосны час, і толькі недзе на заднім плане з’яўляюцца іх бацькі — змучаныя і дасведчаныя, якія носяць у сабе, нібы хворае сэрца, увесь досвед сваёй краіны, сваёй штодзённай барацьбы, што ўрэшце канчаецца, але так і не прыносіць ім хоць нейкага спакою.