Anarchy in the UKR
Сяргей Жадан
Выдавец: Skaryna Press
Памер: 214с.
Лондан 2023
запавет, маўляў, чувакі, вось вам элеватары, давайце, хуярце — гэта ўсё, што ад вас патрабуецца. Помню нейкі шляхаводнік па Луганскай вобласці, якая тады яшчэ нармальна называлася Варашылаўградскай, — там нават на вокладцы быў намаляваны грузавік з пшаніцай пад элеватарам. Чамусьці запала ў памяць. Хлебаробчыя раёны, напоўненыя збожжам і малаком, парадайз для ўсіх фашысцкіх захопнікаў. Так, едзьма далей — некалькі кінатэатраў, інтэрнаты пэтэвэ, рамонтны завод, чыгуначны вакзал. На вуліцах шмат пяску і абрыкосаў, абрыкосы падаюць у пясок, іх нават ніхто не падбірае, цэлыя вуліцы, засыпаныя абрыкосамі, — так і глядзіш, як бы не наступіць на іх і не зрабіць балюча. 3 выдатных грамадзян, калі не лічыць парті дзяржактыву, можна згадаць бажавольнага пісьменніка Гаршына, які тут невядома чым займаўся, але вядома, як скончыў. У свой час Старабельск нават быў сталіцай Савецкай Украіны — у 43-м, калі саўкі рухаліся на Захад, ён быў адным з першых вызваленых украінскіх гарадоў; ясная рэч, што за вайсковымі часткамі сюды адразу ж налезла процьма рознай кабінетнай шлаябені, якая за адсутнасцю ў сваім падпарадкаванні прыстойных населеных пунктаў рашыла абвясціць сталіцай менавіта наш гарадок. Сам факт вызвалення горада быў да непрыстойнасці разадзьмуты і дэманізаваны — процьма абеліскаў, мемарыялаў, ветэранаў у медалях, хаця на справе ўсе сур’ёзныя баі на гэтым кірунку вяліся ў раёне Данбаса. Там было за што ваяваць: чорнае золата, вугаль, шахты, якія асыпаліся на галовы непрыкаяных гарнякоў, — гэта табе не элеватары. У самім Старабельску ўсё абмежавалася нейкай румынскай вартай, гераічнымі танкістамі, якія ціснулі замурзаных румынаў, надакучлівымі падпольшчыкамі
і шматлікімі калабарантамі. Ну але трэба ж было з усяго гэтага зрабіць нешта годнае вялікага духу дня, бо непачціва выходзіла: сталіца УССР — і нейкая завэдзганая румынская варта. Куды больш выгадна ў іміджавым плане апавядаць пра жорсткія баі на падыходах да горада і паказваць нам, школьнікам малодшых класаў, яшчэжывых, але ўжо непрытомных ад народнай любові ветэранаў у медалях, якім толькі дай слова — яны табе раскажуць і аб роднай зямлі старабельшчыны, да якое яны прыпадалі сваімі расчуленымі сыноўскімі вуснамі, і пра штурм Берліна, у якім яны бралі вырашальны ўдзел; гаварыцьмуць, выціраючы рукавом скупую чэкісцкую слязу і бессаромна пераігрываючы ў самых інтымных месцах, — сапраўдныя салдаты так сябе не паводзяць, адным словам. Затое ў часы дзяцінства ні адна сука не апавяла мне аб лагерах з інтэрнаванымі польскімі афіцэрамі, якіх расстрэльвалі тут у 39-м, ці аб габрэйскіх пахаваннях, на месцы якіх збудавалі парк культуры і адпачынку, анягож — гэта ж табе ня штурм Берліна і не замурзаная румынская варта. Для мяне было нечаканкай, што ў Польшчы, аказваецца, шмат хто ведае пра існаванне гэтага самага Старабельска, якраз праз гэтых афіцэраў, таму асабліва і не пахвалішся, адкуль ты родам. Гэта ці ня тое ж, што хваліцца паходжаннем, скажам, з ваколіц Бухенвальда.
Тут побач, за горадам, на пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя была заснавана камуна. Імені Карла Маркса. Наколькі я разумею, камуна ўзнікла ўжо пасля здушэння паўстанцкага руху ў павеце. Водле вусных пераказаў сучаснікаў, камунары аказаліся людзьмі няпэўнымі і стрэмнымі і асаблівай любові ў мясцовага насельніцтва ня мелі. Уладкавалі такі сабе праміскуітэт у аграрных умовах, сельскай гаспадаркай яўна грэбавалі,
жылі абы-як, пілі па-чорнаму, кампраметуючы такім чынам у вачах сучаснікаў, па іх жа вусных успамінах, саму ідэю камуністычнага сужыцця.
Зранку мы знайшлі мясцовы музей. Музей зрабіў на нас прыкрае ўражанне — тыя ж партрэты ветэранаў, мадэль танка, гільза з-пад снарада — відаць, адзінага тады выкарыстанага. У музеі нам далі адрас мясцовага даследчыка і доўга глядзелі наўздагон з агідай і недаверам.
Даследчыка давялося чакаць недзе з паўгадзіны — ён якраз пайшоўу рэдакцыю газеты з чарговым опусам на тэму таямніц роднага краю. Да нас даследчык паставіўся з вясёлай знявагай: “А, — кажа, — журналюгі, зноў панаехалі”. Гэта быў мужчына сталага веку, левых поглядаў на жыццё і грамадскія працэсы; ён згадзіўся апавесці аб пастоі ў горадзе Махна і прадаў нам два асобнікі сваёй брашуры “Шла война гражданская”. “Махно заўсёды спыняўся ў крайнім будынку, — паведаміў ён нам, як запавет, — каб у выпадку чаго было лягчэй адступаць”. Назваўшы адрасы, дзе той спыняўся, даследчык выбачыўся і зноў зваліўу рэдакцыю, відаць зноў з опусам.
Мы знайшлі патрэбныя адрасы, прайшліся ціхай цэнтральнай вулачкай і апынуліся ў вышэйзгаданым парку культуры і адпачынку. Два дзівосныя помнікі стаялі ў гэтым парку, між арэляў і каруселяў. Помнік першаму працоўнаму палку быў аздоблены трохмятровым пяхотнікам. За спінай пяхотніка аўтары помніка пракрэслілі баявы шлях палка, ня надта даўгі і занадта заблытаны, каб назваць яго пераможным. Уражанне, прынамсі, складалася такое, што паўстанцы іх проста ганялі стэпамі Левабярэжжа, а ўжо потым з усяго гэтага ляпілася хроніка рэвалюцыйнай барацьбы. За сто метраў, у глыбі парка, стаяў помнік змагарам за савецкую ўладу, у
выглядзе вазы. На цокалі была намалявана чырвоная зорка і напісаны дзіўны тэкст: “Вечная слава героям рэвалюцыі — мулярам новага свету”. Што за масонская фармулёўка, — падумаў я, — чаму менавіта мулярам? Што яна можа сімвалізаваць сабою, гэтая ваза? Так дзіўна: усталёўваеш ты, скажам, савецкую ўладу, усталёўваеш, кіруешся, можна сказаць, найлепшымі пажаданнямі, гінеш у няроўнай барацьбе з капіталам, і што — на тваёй магіле становяць недаробленую вазу і называюць цябе пры гэтым мулярам. Дзіўная, пазбаўленая логікі доля пераможцаў. Усе гэтыя неапраўданыя замоўчванні сапраўдных падзей, скрыўленне і перакручванне хронікі барацьбы, калі з усяе густанасычанай плыні гістарычных падзей застаецца толькі блытаны рваны баявы шлях працоўнага палка, які яшчэ невядома на чыім баку ваяваў. Ды яшчэ гэтая ваза, пад якой, відаць, закапаная палкавая казна, залатыя каронкі і канфіскаваныя керанкі, старанна прыдбаныя ў паходах і пагромах трохмятровымі гіпсавымі ваярамі — мулярамі новага свету, масонамі перыяду ранняга нэпу, якія прайшлі свой кароткі, але важны маршрут па месцах чужое баявое славы, змаглі перамагчы і нават вярнуліся дамоў да сваіх элеватараў. Вярнуліся героямі і пераможцамі, і адзінае, што ім заставалася ўчыніць у гэтым хімерным становішчы, — паставіць пасярод парка культуры і адпачынку свой гіпсавы Грааль у спадзеве на канчатковую перамогу камуністычных ідэй і добрую памяць нашчадкаў, якія замест таго заб’юць цябе камянямі, паваліўшы ўсе твае помнікі, ня верачы ў тваё мінулае, ня маючы свайго.
5.
Усё цікавае ў краіне адбываецца на вакзалах, і чым меншы вакзал, тым болып цікавага. Вялікая памылка — думаць, што ўлада можа на нешта ўплываць. Уплываць на нешта можа начальнік станцыі, які сядзіць у сваім кабінеце і прапускае з захаду на ўсход чарговы таварняк, трыццаць шэсць чырвонага колеру сталыпіных, гружаных цэментам і хлебам, мануфактурай, курва, якую месяцамі хаваюць у адстойніках на запасных пуцях, спісваюць па накладных, атрымваюць свой чорны нал, і ніводная ўлада ня можа гэтага спыніць. Вакзалы працуюць нават падчас вайны — магчыма, гэта апошняе, што працуе падчас вайны, — вось і Сасюра са сваімі сёстрамі-жалобніцамі цягаўся ў асноўным па вакзалах, ніводная вайна ад гэтага не ўтрымае, нават грамадзянская. Паветра ўздоўж чыгуначнага насыпу асаблівае, яно разрэджана пастаянным перамяшчэннем сотняў вагонаў з тысячамі грамадзян унутры. Паветра над чыгункай адкрытае, як вена, для працяглага дыхання такога паветра не хапае, таму ты рухаешся ад аднаго начнога вакзала да іншага, ад аднае вузлавое станцыі да наступнай, ловячы вуснамі гэты салодкі разрэджаны тлён, дазаваны для цябе Міністэрствам транспарту.
Я заўсёды інтымна ставіўся да чыгункі; уласна, не да чыгункі як сродку перамяшчэння, а прадметна — да
пуцей і насыпаў, вагонаў і семафораў, да рэчаў, зробленых з асаблівай, сапраўднай надзейнасцю; мне заўсёды падабаліся чыгуначныя вакзалы, летнія вакзалы паўночнага Данбаса, на якіх збіралася ўсё мясцовае ахвосце, алкаголікі і блядзі, ветэраны і дружыннікі, нашы стомленыя бацькі, якія прыходзілі ціхімі ліпеньскімі вечарамі да маленькага вакзала з тоўстымі калонамі, — пасляваенны дызайн, што можа быць лепей! — пілі ў буфеце цёплую вадзяру, слухалі рэспубліканскае радыё, часам сварыліся і падразалі некага раскладанымі нажамі, якімі перад тым рэзалі гародніну і адчынялі таматныя кансервы. Ля вакзала быў канцавы прыпынак аднаго з трох гарадскіх аўтобусных маршрутаў, зрэдку сюды падкочваўся жоўты задыханы аўтобус, з якога выскоквалі пасажыры. Mae старэйшыя сябры любілі наладжваць шмон на канцавой, перакрывалі дзверы і выбівалі апошнія бабкі з разгубленых няўцешных студэнтаў сельскагаспадарчага тэхнікума, якія раз’язджаліся надвячоркам па дамах. Асабліва разгубленых і няўцешных выводзілі за будынак універмага і там збівалі з ног на цёплую свежую траву, дабіваючы іх там, так што кроў і ліпеньская зелень густа праступалі на белых падраных кашулях іх ахвяр. Але нас яны не чапалі, мы былі надта няспелымі для падобных забаў, і ўсё жыццё ўспрымалася намі як вялікі чыгуначны вакзал, падобны да спелага разламанага яблыка, напоўненага сонцам і восамі. Недзе каля сёмай з’яўляўся фірмовы маскоўскі, які ехаў на поўдзень, у Крым. Дзеці выбягалі на першую платформу (на вакзале іх было ўсяго дзве — першая і другая), яны выбягалі на першую і глядзелі на мост, дзе над высокай травою стаяла марыва і гарэлі семафоры, і ў гэтым марыве між семафорамі час ад часу аранжава выблісквала куртка пуцевіка, які,
нібы д’ябал, пераводзіў стрэлкі, пераключаў семафоры, бласлаўляў увесь гэты рух на поўдзень, у Крым, курва, да мора, якога ніхто з нас ніколі ня бачыў. Цягнік збіваў сабою спёку, увесь пыл і ўсю траву, што востра пахла між шпаламі, спыняўся на нейкія пяць хвілін, з вагонаў высыпала мажорная сталічная публіка і купляла нясвежую прэсу ў кіёску і цёплую вадзяру ў буфеце. Дзяўчаты ў купальніках і вялікіх акулярах ад сонца здзіўлена глядзелі на нашы дзіцячыя твары, на абветраныя гарачыя твары нашых бацькоў, на гордыя чырвоныя лозунгі нашага вакзала, напісаныя не зусім зразумелай ім моваю, глядзелі — і наш пыл асядаў на іх валасы, і наша трава забівалася ім між пальцаў ног. Праходзілі перонам і заставаліся ў нашай памяці і нашай свядомасці, і без таго напоўненых прыгожымі і гераічнымі персанажамі з жыцця, сноў і кінафільмаў.