Anarchy in the UKR
Сяргей Жадан
Выдавец: Skaryna Press
Памер: 214с.
Лондан 2023
Учора па абедзе сябра-Білага выклікалі дамоў, званок быў афіцыйны, зранку Білы павінен быў быць на кафедры, варыянт не паехаць, як я яму падказваў, Білага не задавальняў. Ён выйшаў посярод ночы на трасу, прастаяў там пару гадзін, але ўсё-ткі паехаў. Наступным ранкам мы з Лёшкам таксама рашылі ехаць. Усё, што тут можна было ўбачыць, мы пабачылі некалькі разоў. 3 намі вітал іся цырульніца і прадавачка з газетнага кіёска. Заўважыўшы нас на вуліцы, дырэктарка музея пераходзіла на іншы
бок. Афіцыянты ведалі наперад, якую гарэлку мы будзем заказваць. Эфект нечаканасці мінуў, наставалі суворыя будні тыднёвага запою. Апошні дзень я праляжаўу гатэлі, пакутуючы, як я думаў, ад алергіі. Мы рашылі рухацца на поўнач, дзе ў 18-м годзе ў лясах фармаваліся першыя паўстанцкія атрады. Аўтобусы туды не хадзілі — з 18-га года ў гэтым плане мала што змянілася. Добра, рашылі мы, якія аўтобусы — выйдзем на трасу, застопім нешта. На выездзе з горада стаялі дзве цёлкі, аб нечым перашэптваліся, гледзячы на нас, і, здавалася, не збіраліся нікуды ехаць. Нас, аднак жа, ніхто ня браў. Побач была рэчка, над намі віселі нізкія хмары, трава была запыленай, дарога пустою.
Ён, відаць, не збіраўся спыняцца. Споўнены сваёй горкай тугі, напоўнены алкаголем, паклаўшы на свой грамадскі статус, паклаўшы на свой, хоць які там ён у яго быў, сямейны статус, паклаўшы, дарэчы, на правілы дарожнага руху, ён ганяў нетаропкім пасляабедзенным горадам, намагаючыся забіцца на сваёй “капейцы” ў нейкі цёмны кут, у якім роспач ня знойдзе яго і можна будзе перасядзець да лепшых часоў. Нарэшце па нейкім унутраным імпульсе ён павярнуў з цэнтральнай вуліцы ў бок завода, абмінуў ДАІ (дзіва, што не пасігналіў ім), праехаў уздоўж складоў, яшчэ раз павярнуў налева і апынуўся на выездзе з горада, дзе і ўбачыў нас. Як я ўжо казаў, спыняцца ён не збіраўся. Аднак у апошні міг нешта спрацавала ў яго затуманеных гаркатою мазгах, і ён ударыў па тармазах. Гэта толькі так гаворыцца — ударыў, ён быў ужо ня ў тым стане, каб біць па іх рэзка і рашуча, ён ударыў па іх хутчэй роспачна і непераканаўча. “Капейку” пацягнула з дарогі, яна прапаўзла добрых дваццаць метраў і замерла, цяжка ўсхліпваючы. Мы падбеглі.
“Давязеш?” — пытаем. Ён думаў. Аб чым ён думаў? Бог яго ведае, аб чым думаюць людзі ў такім стане за стырном, адзінае магу сказаць — ён не сумняваўся, сумневу ў яго вачах не было, было хутчэй агульнае неразуменне: хто мы такія, хто ён такі, для чаго ён спыніўся? “Добра”, — сказаў ён. “Колькі?” — пытаем. “Ніколькі”, — кажа ён. “Як ніколькі?” — “Так, ніколькі, заплаціце за бензін і едзьма куды хочаце”. Мы таксама падумалі. “А’кей, — гаворым, — давай”. Селі ў “капейку”, зачынілі дзверкі, машына рушыла, і тут мы ўсё зразумелі. Адно піва ён толькі што скончыў, другое даў патрымаць мне. “Патрымай”, — кажа. “А гэта нічога, — пытаю, — што ты п’еш за стырном?” — “У мяне праблемы, — гаворыць ён, — мне хуёва”. — “А, — кажу, — тады нічога”. “Капейка” рванула насустрач далягляду, праехала метраўдзвесце і заглухла. “Што такое?” — пытаю. “Трэ падштурхнуць, — сказаў ён, — праблемы з рухавіком”. Мы выйшлі і пачалі штурхаць. “Прыкольна, — падумаў я, — хто каму мае плаціць. Ну ды ён нам наўрад ці заплаціў бы.
На аўтазапраўцы была чарга. Але ён у чарзе, гледзячы па ўсім, стаяць не збіраўся, ён лаяў кіроўцаў, лаяў запраўшчыкаў, крытыкаваў сусветны парадак у цэлым. “Што рабіць будзем?” — спытаў я. “Зараз-зараз”, — ліхаманкава думаў ён. “Давайце”, — сказаў нам урэшце, відаць на нешта наважыўшыся. “Што?” — “Штурхайце!” Мы выйшлі і зноў пакацілі нашу “капейку”, рухавік завёўся, кіроўца націснуў на газ і рэзка павярнуў назад на Гуляй-Поле. ‘Тэй, — занерваваўся я, — мы што — назад?” — “Зараз-зараз”, — толькі і паўтараў ён. “Капейка” ўварвалася ў мястэчка. У першы паварот ён не ўпісаўся, выехаў на ходнік і нейкі час так і ехаў. Потым выехаў-такі на дарогу. Час ад часу ён занепакоена паглядваў, ці трымаю
я яго піва. Я трымаў. Мы рашуча пранесліся горадам, прамінулі наш гатэль, ля якога цярпліва сядзела знаёмая нам прадавачка газет, адчайна праскочылі вакзал і выскачылі на іншую ваколіцу. Па-мойму, чувак прамахнуўся. Ён прашываў гэты горад, як дэльфін акваторыю, распуджваючы каржакаватых, як гусі, бабулек, якія неслі з базару нераспрададзены самагон, і напрапалую сігналячы птахам і анёлам, якія, не паспеўшы адступіць, траплялі ў лопасці рэактыўнага рухавіка яго “капейкі”, ад чаго радыятар заліваўся крывёю, а “капейка” раўла і глухла.
Але на іншым выездзе з горада таксама была запраўка. Мы залілі поўны бак, развярнуліся, зноўпрарваліся скрозь горад, пераехалі праз мост і рушылі на поўнач. Яго піва мы выпілі з ім. Яго і насамрэч нешта мучыла. Час ад часу ён біў сябе далонню па галаве, з адчаю і нейкага жалю да сябе, быццам хацеў сказаць сам сабе — вось табе, за тое, што ня змог як след рашыць свае праблемы, вось табе, трымай. Акрамя таго, калі б ён ня біў сябе, то без сумневу заснуў бы, а так гэтыя рэзкія кароткія ўдары выводзілі яго са сну, а нас з жахлівага здранцвення. Я спрабаваў гаварыць з ім, спрабаваў рабіць музыку ў яго магнітафоне гучней, абы толькі адцягнуць яго ад сну, што цяжкім туманным цыклонам насоўваўся на яго свядомасць, але ён і сам усё кантраляваў. Ён усё кантраляваў і ўсё бачыў. У нейкі момант я яго зразумеў: а’кей, думаў ён, нармальныя чувакі мне трапіліся (гэта ён пра нас), адвязу іх куды трэба, вярнуся назад, заб’ю гэтую суку, адрамантую “капейку”, пастрыгуся, а’кей. Але піва мы выпілі, музыка яго ня цешыла, таму ня дзіўна, што ён засынаў пад гэтымі сонечнымі прамянямі, у жнівеньскім паветры, напоўненым хмарамі, нібы сокам, між двума мястэчкамі, адно з якіх мы назаўсёды пакінулі, а ў іншае
нават не спадзяваліся трапіць. Мы б таксама, відаць, заснулі, калі б за стырном быў ня ён.
Гэта было дзіўнае падарожжа, ва ўсіх сэнсах дзіўнае: і дарога была дзіўная, усё горшая і горшая; і дзень быў незразумелы, ён цягнуўся так доўга, што я пачынаў думаць, ці ня скончыцца ён для нас прама тут і цяпер; і кіроўца наш так дзіўна і так горка перажываў свае нягоды, што я нават ня мог сказаць яму — брат, спыніся, спыніся брат, давай мы вылезем з тваёй “капейкі”, дый сам ты вылазь, куды ты такі паедзеш? Ня мог я яму такога сказаць, гэта б яго проста забіла. Трэба аддаваць належнае чужому вар’яцтву, бо невядома ж, як ты сам будзеш паводзіць сябе на людзях праз пару гадоў. Ён пераязджаў з паласы на паласу, нёсся па сустрэчнай, час ад часу засынаў і зноў біў і біў сябе далонню па галаве, не даваў сабе спуску, ня мог адпусціць сябе з Богам, аж пакуль мы неспадзявана паспяхова ня ўехалі ў патрэбнае нам мястэчка і, разагнаўшы з гэтай нагоды зграйку піянераў на роварах, не затармазілі ля аўтавакзала. “Ты назад хоць даедзеш?” — спытаў я. “Ды само сабою”, — не зусім зразумеў ён. “Ну дзякуй табе”, — кажу. “Добра, давайце!” — ён развітаўся з намі бяз жалю і надзеі на паўторную сустрэчу, быццам гэта ня мы толькі што праехалі з ім гэтую дарогу смерці працягласцю сорак тагасветных кіламетраў. Відочна, яго дарога была куды больш небяспечнай за нашу.
Над аўтавакзалам навісаў знішчальнік. Зоркі на крылах размыла дажджом, скрозь бетон на пастаменце прабівалася сухая трава. Цяпер ён на сваёй “капейцы” набіраў хуткасць у адваротным кірунку, на рухавіку закіпала кроў, радыятар быў набіты пер’ем. Магчыма, ён ужо разбіўся. Мы абышлі знішчальнік і пападалі ў траву. Аўтобусаў не было. Лірычная гісторыя без ніякіх наступстваў.
9.
Духі прыходзяць на мой гашыш. I тут Білы вярнуўся. Мы ляжалі ў траве, хадзілі на аўтавакзал піць ваду, хадзілі ў горад па піва, некалькі гадзін валяліся пад нашым знішчальнікам з размытымі зоркамі, аж пакуль ён не вярнуўся. Кандыдат гістарычных навук, ён напэўна разумеў, што калі ёсць хоць найменшая магчымасць выбрацца ў такія псіхадэлічныя мясціны з гераічнай гісторыяй, з кумарнай сучаснасцю, то магчымасцю гэтай трэба скарыстацца на ўсе сто. Можна колькі заўгодна пісаць гістарычныя раманы, праліваючы ў іх кроў ні ў чым не вінаватых вурдалакаў, але ўсё ж варта хаця б раз на дзесяць гадоў кінуць усё і прыехаць у безыменнае стэпавае мястэчка, дзе цэнтральным пляцам перакочваецца пыл, а пад адзіным барам сядзяць мясцовыя плантатары і п’юць празрыстую, як неба, гарэлку, дзе пад знішчальнікам ужо некалькі гадзін цябе чакаюць твае сябры і сябрам тваім без цябе з кожнай хвілінай робіцца ўсё сумней, а ад алкаголю — з кожнай хвілінай лепей. Таму калі ты прыедзеш учасна, то застанеш іх у дзіўным прыўзнятым стане, які спрыяе сяброўскай гутарцы і далейшаму перамяшчэнню. Пад вечар мы дабраліся да Дыбрыўскага лесу.
Білы абяцаў паказаць нам дуб гістарычнага значэння, пад якім нібыта Махна і назвалі бацькам. Прыехаўшы
ў Дыбрыўку, пазнаёміўшыся па дарозе з палітычна падкаваным кіроўцам, які нас падвёз і прачытаў нам кароткі курс мясцовай вкпб, мы са здзіўленнем даведаліся, што вышэйзгаданы дуб пару гадоў таму спалілі піянеры. Святкавалі там нешта сваё, піянерскае, можа дзень нараджэння Леніна, ня ведаю, ну і спалілі яго. Даведаліся таксама, што мясцовы музей так-сяк ліпіць, але яго дырэктар — апошняя сука, нагінае ўсіх з гэтымі ябанымі выбарамі і менш за ўсё дбае аб бацьку Махне з усімі яго дубамі. Адным словам, сітуацыя складалася не на нашу карысць, мы выйшлі з Дыбрыўкі і пайшлі проста ў лес, думаючы сабе прыблізна так: ну добра, дуб гэтыя сраныя піянеры спалілі, добра, дзеці, што з іх возьмеш, дырэктар сука, таксама можна зразумець, нагінае з выбарамі, знаёмая сітуацыя, але нават ён, гэты паталагічны дырэктар, які прадаў гонар, сумленне і гістарычнае прызначэнне ў абмен на тлустае таўро адмінрэсурсу на сваім дырэктарскім гузне — нават ён ня зможа забараніць нам забурыцца ў гэты лес і прабыць у ім столькі, колькі ўжо нам захочацца, а ўжо колькі нам захочацца — гэта чыста наша справа і датычыць яна толькі нас, ну, магчыма, яшчэ лесніка.
Мне даводзілася начаваць у розных месцах і пры розныхабставінах. ЯнекалькіначэйначаваўнаЛьвоўскім вакзале на пакунках з фашысцкімі газетамі, прывезенымі мною туды для распаўсюду, я начаваў на ўкраінска-венгерскай мяжы разам з групай старшакласнікаў, якія ехалі некуды на экскурсію, думаючы, відаць, што я таксама еду на экскурсію, я начаваў п’яны на рачным пляжы, вакол мяне хадзілі ратаўнікі і пляжнікі, ня ведаючы, ці я ўжо патануў ці яшчэ не, я начаваў на лаўках у парку і ў зімовых электрычках на станцыі Пяціхаткі, ня