Anarchy in the UKR
Сяргей Жадан
Выдавец: Skaryna Press
Памер: 214с.
Лондан 2023
Найвастрэйшым і найсумнейшым было якраз усведамленне гэтай мінучасці, фізічнае пражыванне гэтых некалькіх хвілін, цягам якіх юныя жанчыны са светлымі валасамі і цёмнымі вачыма нясмела спускаліся да цябе, на тваю тэрыторыю, на тэрыторыю, якая належала табе па праве, за якую ты адказваў і якую напраўду лічыў сваёй. I калі яны — хай усяго толькі на некалькі хвілін — траплялі на гэтую тваю тэрыторыю, ты скурай адчуваў, як змяшчаецца прастора і разломваецца час, як у ім з’яўляюцца тонкія-тонкія, ледзь адчувальныя і амаль нікому не заўважныя трэшчынкі, у якія адразу ж забіваецца ўся трава нашых перонаў, увесь пакалечаны падарожнік, забіваецца і застаецца там ужо назаўсёды, як пазнака, па якой ты потым зможаш адтварыць у сваёй памяці і гэты дзень, і гэтае лета, і гэты заўважаны табою густа-чырвоны лак на пальцах ног.
Яны нічога ня бачылі ў нашых вачах, яны зусім нічога не заўважалі ў зрэнках недаспелай правінцыйнай шпаны, якая прагна лавіла кожны іх крок, кожны іх уздых, — проста куплялі свой пламбір ці свае часопісы і знікалі ў цемры, што прасціралася ад нашага горада на поўдзень, а ўжо там і зусім забывалі аб невялічкім вакзале, адным з бясконцых прыпынкаў іх доўгага-доўгага жыцця, напоўненага пяшчотай, любоўю і яшчэ нечым такім, аб чым мы ў тым веку проста ня ведалі. Хаця, калі б яны паглядзелі больш уважліва, яны б непазбежна ўбачылі шмат цікавага, менавіта ў нашых вачах, здзіўленых і шырока раскрытых, бо ў такім веку тое, што ты бачыш, не праходзіць бясследна, і, паглядзеўшы ў нашы вочы, толькі ўважна паглядзеўшы, яны маглі б убачыць усе тыя бясконцыя таварнякі з нафтай, якія штодня пракочваліся праз горад, і птахаў, якія ляталі між нас на гулкіх запыленых гарышчах, і нясмелыя рухі нашых аднакласніц, і загарэлыя торсы нашых старэйшых братоў, і прыглушаную жарсць нашых бацькоў, якая надоўга заставалася ў нашых вачах, змяняючы іх колер.
Цягнік адпраўляўся, нехта і далей квасіў у буфеце, на перон асядала цёплае сутонне. Рабілася цёмна і ціха, і так пуста было ў паветры — відаць, праз адсутнасць у ім гэтых наскрозь прагрэтых вагонаў, — што ты проста паварочваўся і йшоў дамоў, або на футбольнае поле і гойсаў ім, аж пакуль мяч цалком не губляўся ў цемры, і ты лупіў з наска па згустках гэтай цемры, намагаючыся вырваць-такі сваю перамогу. Але каго ты насамрэч мог перамагчы ў тым сутонні, калі не было бачна ня тое што мяча, але нават праціўніка — у цябе проста не было праціўнікаў у тым веку, у тым горадзе, пад тымі чорнымі нябёсамі, над тою цёмнай вытаптанай пляцоўкай. Усе твае
праціўнікі з’явяцца пазней, тады, калі зусім знікнуць і старэйшыя сябры, і большасць знаёмых, знікне сонца з вакзалаў, знікнуць лозунгі з пасляваенных фасадаў, разбягуцца футбольныя каманды, у якіх ты гуляў, а новыя замест іх сабраць будзе ўжо немагчыма, бо сапраўдныя каманды, каманды, здольныя перамагаць, трапляюцца ўжыцці вельмі рэдка, калі трапляюцца наогул.
Але нават пустата, якая раптоўна паўставала перад намі, нібы паштовая скрынка без лістоў і новых часопісаў, нават яна не магла адбіць у нас жадання штодзень сноўдацца платформамі. Магчыма, гэта проста дзіцячая цяга да дарослых форм жыцця, калі ў адным месцы і ў адзін час ты можаш убачыць адразу ўсе схемы, водле якіх гэтае жыццё рухаецца, — адчуць пах сапраўднага, дарослага жыцця, якое пахне сталовай для кіроўцаў, пахне старымі прамасленымі робамі, пахне, зусім неспадзявана для цябе, савецкімі духамі і югаслаўскай жуйкай, наогул мае фантастычны пах, і нават калі зменяцца дэкарацыі, зменіцца ўлада, зменіцца краіна, у якой ты жывеш, — усё адно застанецца гэты пах, бо застанецца само жыццё, незалежна ад таго, ці застанешся ў ім ты. Проста нашы вакзалы змяшчалі ў сабе ўсё для адчування спакою і ўпэўненасці: і нізкія запыленыя вішні, і ўвесь алкаголь вакольных буфетаў і сталовых, і ўсю кантрабанду прыстанцыйных складаў, і найпрыгажэйшых жанчын нашых мястэчак, якія ад’язджалі транзітнымі рэйсамі ў невядомым кірунку, але заўсёды — ты разумееш — заўсёды вярталіся назад.
6.
Рэальная біяграфія Кабзона. Ніколі не спрабуй зразумець, што менавіта там адбывалася — у тваім дзяцінстве, — чаму большасць гісторый, расказаных табе бацькамі, мелі такі неспадзяваны працяг і сумны канец. Пачнеш корпацца ў дзіцячых рэчах, дзённіках і фотаальбомах — абавязкова завязнеш, абавязкова натрапіш на нешта такое, ад чаго па скуры пойдзе мароз і звядзе сківіцы ад сутаргаў і ўзбуджэння. Кожнае такое вяртанне ўдзяцінства канчаецца дрэнна — вось і мы сядзім, і п’ём да ночы, і намагаемся пра нешта гаварыць — маўляў, здорава ўсё атрымваецца, здорава, што мы прыехалі, хаця насамрэч нічога ня здорава і ўсе гэтыя астаткі камун у стэпах і набіты косткамі чарназём уганяюць у лёгкі ступар, так што застаецца адно піць далей і гаварыць пра надвор’е, засынаючы падчас размовы.
Пасярод ночы нас будзяць, грузяць у машыну і прывозяць на вакзал. Каля гадзіны ночы з’яўляецца цягнік, доўга стаіць на пустой начной станцыі, потым вырушае, але едзе аж надта павольна, спыняючыся кожныя пяць хвілін, нібы тыкаючыся сваім чорным носам у жнівеньскую цемру, вынюхваючы, куды ж далей паварочваюць гэтыя чортавы рэйкі. Фактычна мы болей стаялі, чым ехалі, нам трапіўся дзіўны партызанскі цягнік, ён спыняўся пасярод поля і ў населеных пунктах, ён быццам
прапускаў перад сабою нябачныя нам плыні і струмені начнога паветра, тармазіў пад кожнай шахтай, а паколькі іх — гэтых цёмных, пустых унутры шахт — рабілася ўсё болей, наша падарожжа паступова ператваралася ў своеасаблівую міграцыю вагонаўу паўночна-заходнім кірунку. Пасажыраў усё прыбывала. На кожнай станцыі падсаджваліся цэлыя шахцёрскія сем’і, якія ехалі сабе вось так Данбасам у пошуках невядома чаго, бо што ты тут можаш знайсці, на гэтым Данбасе, і куды ты прыедзеш цягніком, які амаль ня рухаецца? Сядзеш на Данбасе і выйдзеш на Данбасе. Але яны ўсё адно сядалі і сядалі, многіх з іх я мог помніць з дзяцінства — яны амаль не змяніліся — я мог помніць нават кашулі з кароткім рукавом і заношаныя белыя алімпійкі, паколькі яны былі родам з тых васьмідзясятых, памятаных мною найлепей. Мужчынскае адзенне носіцца даўжэй і лепей запамінаецца, у гэтым ёсць нешта стылёвае — мужчыны сталейшага веку аскетычна ставяцца да свайго адзення, менавіта аскетычна, а не пагардліва, прытрымваючыся пэўнага пралетарскага шарму, калі ты проста ўспрымаеш сваё адзенне як частку сябе, дый іншыя таксама ўспрымаюць цябе разам з тваім адзеннем, неад’емным ад твайго досведу і тваёй фізіялогіі, нават калі ты і ня ведаеш, што гэта такое.
Ну вось, зноў стаім пад шахтай, курва, за вокнамі касмічныя пейзажы і адваротны бок месяца, з усіх бакоў, ад самага ранку, як толькі мы пачалі ўязджаць у гэты сапраўдны Данбас, нас атачаюць горы жалеза, кучы шчэбню і горы зеляніны. У краявідзе зашмат экспрэсіі. Асабіста я, калі б мне даручылі заняцца афармленнем вакольных тэрыторый, паспрабаваў бы ўсё гэта нейк разбавіць. Навошта тут столькі жалеза і зеляніны, навошта столькі шахт, і галоўнае — навошта пад імі так доўга стаяць?
У Данецку нас стрэў сябар — Білы, маёр міліцыі, аўтар гістарычных раманаў, кандыдат гістарычных навук. У яго раманах нехта некага пастаянна мачыў, было шмат крыві і адрэналіну, але што мне асабліва падабалася — поруч з рэальнымі татарамі, палякамі ці янычарамі ў якасці негатыўных персанажаў былі шчодра прадстаўленыя вурдалакі, ваўкалакі, сабакагалоўцы ды іншыя ворагі ўкраінскага народа. Калі я прапанаваў Біламу паехаць разам у Гуляй-Поле, той з лёгкасцю згадзіўся, таму мы дамовіліся, што заедзем па яго ў Данецк, а там будзе бачна.
Я быў у Данецку толькі раз, у дзяцінстве, летам 84га. Чаму я помню год? За год да гэтага “Шахцёр” узяў кубак і ва ўсіх газетных кіёсках Данецка прадавалася кніга, прысвечаная гэтай перамозе, я тады таксама яе купіў. Цікава, што горада я ня помню зусім, але помню вялікае аўтапрадпрыемства ў прадмесці, дзе мы мелі забраць новы самазвал і перагнаць яго дамоў. Дарэчы, думаю я сабе: хто ў тыя часы мог быць дырэктарам таго аўтапрадпрыемства? Мой стары час ад часу пераганяў машыны і часам браў мяне з сабою. У дзіцячыя гады гэта было фантастычным прывілеем — першаму з усіх сяброў залезці ў свабодную прахалодную кабіну; я добра помню пах новай тэхнікі, пахі бензіну і алівы, пах здаровага савецкага дзяцінства, дождж, які пачаўся і суправаджаў нас да самага дому, усё гэтае падарожжа ў межах аднаго дажджу, у межах аднае краіны; мы былі дома, кубак быў у “Шахцёра”, усё складвалася якнайлепей.
Вяртаючыся ў горад, у якім ты ня быў так даўно, што можна сказаць — ня быў наогул, ты адразу ж спрабуеш зачапіцца за штосьці знаёмае, знайсці нейкія сляды і знакі. Але гэта марная справа: што магло застацца
з таго часу? He засталося нават кіёскаў, таму мы проста рашылі перабыць тут да ранку. I далей пачалося непасрэднае знаёмства з горадам, з гарэлкай у фаст-фудзе, з драпам у спальных раёнах — лянівы летні дзень, што традыцыйна канчаецца цёмным беспрабудным бяспамяцтвам, у выніку чаго замест нармальных падарожных уражанняў застаюцца нейкія ўрыўкі і эпізоды, застаецца найперш подзіў — з таго, што ў гэтым горадзе ёсць некалькі залатых помнікаў і што дзесьці тут, здаецца, ёсць помнік Кабзону, прынамсі мае быць. Пад ранак я найбольш пераймаўся менавіта гэтым: быў дзесьці помнік Кабзону ці не было і калі быў — то дзе? і ці залаты ён быў, гэты Кабзон, ці зроблены з гіпсу? Бо што яшчэ я мог запомніць? Студэнцкую сталоўку з забляваным сарцірам і ахоўнікамі на ўваходзе? Такіх студэнцкіх сталовак больш дакладна нідзе няма. Натоўпы чувакоў у спартовых касцюмах, якія пачуваліся на вуліцах горадаўпэўнена і бесклапотна? Відаць, гэта быў іх горад, іх касцюмы, яны мелі права на сваю бесклапотнасць, у адрозненне ад мяне. Я мог запомніць краявіды за акном кватэры, але горада тыя краявіды ўжо не датычылі. На вуліцах было шмат палітычнай рэкламы. Наступным ранкам мы выехалі на Гуляй-Поле.
Ехаць зранку аўтобусам у такім стане ў невядомым кірунку — занятак няўдзячны, але што зробіш, галоўнае — не заставацца тут, галоўнае — выехаць, што мы і робім. Значыцца так, думаю я, кіроўца ведае дарогу, Білы, у выпадку чаго, таксама ведае, вырушайма! Што можа быць у Гуляй-Полі? Відочна, там няма ніякіх атракцыёнаў, ніякіх амерыканскіх горак і ніягарскіх вадаспадаў, ніягарскіх вадаспадаў там дакладна няма, я ў гэтым амаль упэўнены, ды вадаспады нам у такім стане і не патрэбныя.