• Газеты, часопісы і г.д.
  • Anarchy in the UKR  Сяргей Жадан

    Anarchy in the UKR

    Сяргей Жадан

    Выдавец: Skaryna Press
    Памер: 214с.
    Лондан 2023
    47.14 МБ
    Недзе з год таму ў нейкім інтэрв’ю я сказаў, што хачу напісаць кнігу аб анархізме. Цяпер ужо не прыгадваю,
    чаму менавіта я так сказаў, ніякага жадання пісаць кнігу аб анархізме ў мяне на той час не было, ну ды гэта яшчэ не прычына, каб не пісаць. Зрэшты, павінен жа нехта пісаць і пра гэта, дык чаму б і ня я. Намеры мае былі простыя і зразумелыя: пракаціцца месцамі найактыўнейшай дзейнасці ўкраінскіх анарха-камуністаў і паспрабаваць потым нешта пра гэта напісаць. Я ўзяў пасведчанне журналіста і дамовіўся з Лёшкам, што ён паедзе са мною і будзе ўсё гэта фатаграфаваць. Лёшка паставіўся да ідэі сур’ёзна і ўсё перапытваў, што яму прачытаць, каб быць у курсе. “Ня ведаю, — адказваўя, — пачытай Крапоткіна. А лепей не чытай”.
    Лета канчалася, надвор’е псавалася, і ў нейкі момант мы-такі сабраліся. Лёшка заехаў, як я ўжо казаў, па мяне ў Харкаў, і вось мы ўжо некалькі гадзін ня спалі ў цёмным вагоне з незразумелай пасажыркай, намагаючыся паясніць ёй, куды ж мы насамрэч едзем, і ня маючы ні сіл, ні асаблівага ўмення гэта зрабіць. Пераказваць ёй тэорыю анархічнага самакіравання я не наважваўся: навошта гэта ёй з яе страявою падрыхтоўкай і бромам, а гаварыць аб дзяцінстве і дэманах, якія з яго час ад часу выпаўзаюць, таксама было прынамсі дзіўна — што яна магла зразумець у маім дзяцінстве, не разабраўшыся як след са сваім?
    Часам ты проста мусіш прыслухацца да ўласных хімер, да сваіх унутраных галасоў, прынамсі да самых сімпатычных з іх, часам неабходна скарыстацца іх парадамі, напрыклад калі яны нашэптваюць табе: давай, паедзь, ты ж там жыў у свой час, ты ж там вырас — ну, можа, не зусім там, але якая розніца? — паспрабуй яшчэ раз выбрацца з гэтых упадзін, паглядзім, ці хопіць табе духу,
    ці хопіць табе памяці — узнавіць усе гэтыя маршруты, якія дзіўным і неверагодным чынам наклаліся на твой асабісты досвед процістаяння; часам след выпусціць на прагулку ўсіх сваіх дэманаў, якія і бяз гэтага штоночы вылятаюць з тваіх лёгкіх, як паштовыя галубы з клетак, толькі ім вядомымі маршрутамі. Дык што я мог адказаць той дзяўчыне з усімі яе біцэпсамі? Што? Што я буду рухацца ў адным з ёю кірунку цягам яшчэ некалькіх гадзін, як рабіў гэта шмат разоў; і што недзе пасярод ночы, калі гэты цягнік ня сыдзе з рэек і мы ўсе не загінем пад яго абломкамі, я ўстану і паспрабую рухацца далей; паспрабую вярнуцца ў горад, у якім я вырас і ў які я стараюся апошнім часам лішні раз ня совацца, паспрабую даехаць да сваіх сяброў, якія мяне недзе там чакаюць; што ў мяне зусім няма на мэце нешта зноў для сябе адкрыць, проста буду перасядаць з цягніка на цягнік, з аўтобуса на аўтобус, мяняючы маршруты і купляючы квіткі, спыняючыся час ад часу толькі для таго, каб у каторы раз упэўніцца, што нічога не змянілася, усё так, як было раней, як было заўсёды, як мае быць; што нічога і не магло змяніцца, калі не змяніўся ты сам. I што вось у гэтым сапраўды варта пераканацца. Я ня мог як след апавесці, куды менавіта я ехаў, яна б не зразумела, бо там, дзе для яе спыняўся цягнік, для мяне спыняўся час, і я мог толькі чакаць, калі ён зноў рушыць, чакаць, стаіўшы подых, каб не спужнуць яго, паколькі я вельмі добра ведаў гэтую дарогу, дакладна ведаў, колькі яна доўжыцца і чым менавіта яна канчаецца.
    На наступным прыпынку мы выйшлі па піва. Была першая гадзіна ночы. Па-мойму, ішоўдождж. Ці ня йшоў? Ня помню. Няважна.
    2.
    Сабачая старасць айчыннага аўтаспыну. Ёсць некалькі спосабаў больш-менш бязбольна праехаць 200 кіламетраў ад Харкава да гэтага гарадка, знакамітага тым, што ў ім у свой час Уладзіміра Мікалаевіча Сасюру, будучага паэта-лаўрэата, не ўзялі ў палон і не пасеклі на дробныя непрыглядныя шматкі, пазбавіўшы тым самым украінскую савецкую літаратуру нечага важнага, напрыклад — ягоных жа сумнеўных мемуараў. Дык вось, спосабаў ёсць некалькі: па-першае, можна ехаць аўтобусам, гэта найпрасцей і найзручней, якраз таму аўтобусам мы ня едзем. Далей. Можна ехаць электрычкамі, з некалькімі перасадкамі, у прыватнасці з начною перасадкай на дзівоснай станцыі Гракава, дзе некалькі гадзін, да самага ранку, ня стрэнеш ніводнай жывое душы, толькі недзе леваруч грувасцяцца да нябёс магутныя элеватары, схаладнелы перапрацоўчы комплекс, горкі напамін аб расхуячанай сельскай гаспадарцы Украінскай ССР. I тады, проста пасярод ночы, не застаецца нічога іншага, як выйсці на чыгуначны мост, збудаваны для нечага над перонамі, — хто б тут па ім пераходзіў? — і ўзірацца ў неба, чакаючы, калі там з’явіцца сонца, або хаця б штосьці, а калі — гадзіне а пятай ранку — яно-такі з’яўляецца, ты раптам заўважаеш, як яно варушыць канцавінамі, ціха-ціха, нібы камбала, перавальваючыся над далёкай
    аўтастрадай, уздоўж якое ляжаць мёртвыя жывёлы і скарыстаныя гандоны, доўга-доўга глядзіш, аж пакуль ня з’явіцца электрычка, то-бок гадзіны з тры. Дарэчы, пра трасу. Можна ехаць спынам. Улетку гэта зручней, узімку гэта небяспечна. Ды і ўлетку нічога захапляльнага ў гэтым няма, павер мне: траса амаль пустая, гэта пры саўку жыццё тут кіпела і на запраўках прадавалі ліманад, цяпер інфраструктура парушылася, і хаця ў прыдарожных кіёсках сёл і мястэчак можна купіць усё, са зброяй і наркотыкамі ўключна, па-за абсягам населеных пунктаў жыццё застаецца сумным і разрэджаным, шоу-бізнес знікае, кіроўцы напружваюцца, жыхары хутароў глядзяць на цябе, як на даўна, ніводная курва ня спыніцца, каб забраць цябе адсюль — падалей ад бясконцых сланечнікавых палёў, падалей ад прыдарожных прыпынкаў са слядамі крыві і спермы на сценах, пабліжэй да людзей з усім іх жыццём і ўсімі іх гастраномамі, хаця не ў гастраномах тут рэч, павер, не ў гастраномах. Я добра ведаю гэтую трасу, я надзейна трымаю ў сабе шматлікія згадкі аб петынгу ў распаленых салонах ікарусаў, аб праламаных чарапах і крыві на асфальце, якраз ля знака абмежавання хуткасці, аб светлых жаночых валасах на тваім плячы, якія ты асцярожна прыбіраеш, калі вы ўжо амаль даехалі да месца прызначэння, а яна толькі як заснула; прыпынкі ў дарозе карысныя і жаданыя, гэта безумоўна, а калі едзеш спынам па трасе Харкаў — Луганск, яны такія доўгія і такія рэгулярныя, што запаўняюць сабою ўсё — і цябе, і твае спадзяванні, і тваю безнадзею. Аднойчы, адным спякотным летам, я дабраўся ўночы да дзівоснай станцыі Гракава і зранку выйшаў на гэтую трасу — пустую, з трупамі сабак і слядамі чужое любові; тады мне пашчасціла: мяне адразу ж падабраў нейкі байкер і вёз
    добрых сто кіламетраў, пасля чаго высадзіў на Вузлавой. Тут усё і пачалося, я прастаяў гадзіну і проста пайшоў у патрэбны мне бок. Было так шмат цёплага, напоўненага пылам з пахам малачаю паветра, што я проста ўзяў і пайшоў, бо ў такім паветры нельга вось так стаяць і чакаць патрэбны табе транспарт у патрэбным табе кірунку, ты абавязкова пойдзеш, наступаючы на ўвесь гравій гэтага свету, праходзячы паўз усе сланечнікі сёлетняга ўраджаю, якія адварочваюцца ад цябе ў бок сонца. Трэба аддаць мне належнае: я прайшоў кіламетраў пятнаццаць, пасля чаго ўпаў у траву і праспаў да вечара. Потым ледзь дабраўся куды мне было трэба, але — як бы гэта паясніць? — скажам, шмат чаго ў сваім жыцці я зусім ня помню, шмат чаго і помніць не хачу, але той гравій, і тыя некалькі зарыганых прыпынкаў, на якіх я хаваўся ад сонца, і тую цёлку, якая стаяла на адным з гэтых прыпынкаў, чакаючы аўтобуса ў адваротны бок, і глядзела на мяне, — вось гэта я буду помніць заўсёды. На гэтай трасе ёсць некалькі месцаў, ад успамінаў пра якія ў мяне пачынаецца эрэкцыя. Вось хаця б за гэтым Сватавым ёсць адно такое месца, адна развілка, на якой мяне высадзілі нейкім вераснёвым днём выпадковыя дальнабойшчыкі, выкінулі і звярнулі ўправа, і я застаўся стаяць пасярод пустых вераснёвых палёў, з якіх сыходзіла цяпло, як кроў з зарэзанай жывёліны, уночы ўжо было халодна, але ўдзень ярка свяціла сонца, я перад тым ехаў амаль суткі і, выйшаўшы на гэтай развілцы, трымаўу сабе ўсю чарнату і цяжар сваёй дарогі, дарогі, якую я праехаў; я стаяў на шэрым асфальце і слухаў, як крычаць нада мною птахі, якія не паспелі яшчэ адляцець, але няспынна адляталі, і раптам усвядоміў, што, калі застацца тут і доўга стаяць, вельмі доўга, можна будзе прасачыць, як пташыных
    галасоў робіцца ўсё менш і менш, штораз менш і менш, а потым яны знікнуць наогул, зусім-зусім, і на іх месцы з’явіцца нешта іншае, напрыклад ціша.
    Але чамусьці я ніколі і нідзе не заставаўся; колькі б неспадзяваных месцаў мне ні адкрывалася ў вечаровых прыцемках ці ранішнім тумане, колькі б ні з’яўлялася мне разбураных фабрык і затопленых мястэчак, макавых плантацый і абарончых умацаванняў, партовых кранаў і вераснёвых горных хрыбтоў — я ніколі не заставаўся ні на адным хрыбце, ні ля адной плантацыі, хаця, магчыма, якраз там — ля гэтай плантацыі — мне самае месца; магчыма, я проста мусіў бы запоўніць нейкую прасторавую прагаліну, якая ў маю адсутнасць уцягвае ў сябе ўсё болей чужога тлёну, чужога святла, творачы скразняк у цупкім шытве светапарадку, але ж не, я так і не спыніўся, у гэтым і ёсць галоўная памылка — намагацца якнайдалей заглыбіцца ў прастору, якнайболей наматаць яе на стужкі памяці, змяшаць яе з уласным досведам, не спыняючыся, ніколі не спыняючыся, паколькі любы прыпынак хавае ў сабе пастку, і яна адкрываецца пада мною, як таемны люк, пра існаванне якога я ўвесь час ведаў, але заўсёды баяўся ў яго зазірнуць. Затое, спыніўшыся, я мог бы заўважыць, што абжыванне прасторы, абжыванне памяці, звязанай з гэтай прасторай — занятак куды больш цікавы і захапляльны, чым механічнае нарошчванне гэтай самай прасторы, бясконцае размотванне гэтай памяці. Чым часцей спыняешся ў дарозе, чым даўжэйшымі робіш свае прыпынкі, тым болей шанцаў прыкмеціць урэшце ўсе дэталі, якія было немагчыма заўважыць, не спыніўшыся; тут рэч нават не ў гледзішчы, а ў хуткасці руху. Калі б я спыніўся, то мог бы заўважыць, што гэта ня
    проста змена майго ўяўлення пра ландшафт, гэта змена самога ландшафту, адылі — змена самога мяне.
    Некалькі гадоў таму на гэтай трасе разбіўся мой брат. Ён сутыкнуўся з нейкімі бізнесоўцамі: яны выскачылі на яго паласу, і ён нічога не паспеў зрабіць; абышлося пераломам нагі, машыну давялося выкінуць — нічога добрага з яе ўжо выйсці не магло. Штораз праязджаючы гэтае месца, я думаў — цікава, думаўя, што там магло застацца, маюць жа там быць нейкія сляды, чорныя сляды ад шын на асфальце, пагнутае жалеза агароджаў, рваная джынса ў падарожніку, пах разлітага бензіну, кроў, урэшце, — там мае быць кроў, калі яе ня змылі дажджы, але, відаць, змылі, павінны былі змыць.