Anarchy in the UKR
Сяргей Жадан
Выдавец: Skaryna Press
Памер: 214с.
Лондан 2023
На другім паверсе аўтавакзала, у зале чакання, у часы майго дзяцінства вісела карціна. Па-першае, яна была маштабнай, недзе тры на чатыры. Па-другое, уражвала колькасцю персанажаў: там быў намаляваны з’езд дэпутатаў мясцовых саветаў, перад якімі выступаў Ільіч. Дэпутатаў было нешта з паўсотні, нехта старанна вымалеваў іх забінтаваныя галовы, кулямётныя стужкі, перакінутыя цераз плячо, у кутку стаяў чорны і манументальны кулямёт максім, падобны на слухмянага сенбернара, з якім Ільіч вечарамі мог гуляць па Смольным, каб не было так самотна, а тут рашыў узяць з сабою на з’езд дэпутатаў мясцовых саветаў і, прывязаўшы да ножкі крэсла, узяўся за агляд палітычнага становішча
ў краіне. Дэпутаты слухалі Ільіча ўважна; нават нягледзячы на манументальнасць карціны, было бачна, як яны, згаджаючыся, ківаюць чубатымі галовамі і саромеюцца сваіх заляпаных ботаў, на падэшвах якіх наліплі ўвесь бруд і гаўно паваленай тыраніі. Ільіч паказваў на карту, карта была пакрэслена імклівымі чырвонымі і чорнымі лініямі — па-мойму, гэта быў калі не дзянікінскі, то ва ўсякім разе польскі фронт. У любым выпадку, за гэтымі скупа накіданымі контурнымі арыенцірамі, якія мастак палічыў мэтазгодным выявіць для прысутных у зале дэпутатаў мясцовых саветаў, я ўгадваў акаляючую мяне тэрыторыю; іначай і быць не магло: усё мела быць узаемазвязаным і ўнутрана ўзгодненым, а раз тут віселі дэпутаты з Ільічом і сенбернарам, то мусілі ж яны мець нейкае непасрэднае дачыненне і да мяне, і да мае рэспублікі, і да майго прыватнага сацыялізму. Я любіў разглядваць гэтую карціну, мне падабаліся дэпутаты мясцовых саветаў, яны былі энергічныя і ўзбуджаныя, было бачна, што Ільіч іх не на жарт здзівіў, паказаўшы гэтую карту. Вонкава гэта выглядала так: дэпутаты мясцовых саветаў пакуль нават не здагадваюцца аб існаванні дзянікінскага ці то польскага фронту, яны проста прыйшлі да Ільіча пагаварыць аб сацыяльных гарантыях і радасці камуністычнай працы, паз’язджаліся з усіх губерняў і паветаў, шумліва расселіся ў колішнім панскім палацы, саромеючыся бруду і гаўна на сваім абутку, нехта запальвае касяк, нехта нервова пакашлівае, усе чакаюць Ільіча; тут дзверы залы расчыняюцца, і ўваходзіць Ільіч, ведучы на павадку вялікага чорнага сенбернара, прывязвае яго да ножкі крэсла, выходзіць на сцэну. “Ну, што, — гаворыць, — таварышы дэпутаты, тэма нашай сённяшняй сустрэчы — ліквідацыя дзянікінскага фронту”. — “Якога такога
фронту? — усчынаюць гаману дэпутаты. — Няма ніякага такога фронту, давайце лепей пагаворым пра гарантыі”. — “Гарантыі? — насмешліва перапытвае іх Ільіч. — А гэта, па-вашаму, што — хуй?” Ён рэзка разгортвае перад імі карту з чырвонымі і чорнымі палоскамі. Сенбернар гучна гаўкае. Дэпутаты ўражана вохкаюць. “Вах, — гавораць яны, і сапраўды — дзянікінскі фронт, што ж гэта мы так аблажаліся перад Ільічом”. Вось табе і гарантыі.
Напрыканцы васьмідзясятых аб партрэт Ільіча пачалі гасіць недакуркі.
Я ня быўна вакзале гадоў дзесяць. Ён змяніўся: з’явіліся кіёскі, кампутарныя гульні, знікла цырульня, усё разбуралася і патанала ў хвалях пяску. Летась рашыўтакі зайсці. Падняўся на другі паверх. Карціны, ясная рэч, ужо не было, відаць, яе спалілі. Або нехта выкупіў яе ў прыватную калекцыю за сто тысяч амерыканскіх даляраў. На сцяне і далей былі бачныя яе контуры: рамонту з таго часу ніхто не рабіў. Я моўчкі прабачыў свайму мінуламу яшчэ адну здраду і пайшоў на выхад. Раптам я спыніўся, нешта прыцягнула маю ўвагу. Між другім і трэцім паверхамі было нешта да спазмаў знаёмае. “Ня можа быць”, — падумаў я і пайшоў паглядзець. Гэта і сапраўды была яна. Павернутая набок, карціна цалком закрывала сабою акно, ад чаго на лесвіцы стаялі прыцемкі. Але скрозь доўгія надрэзы ў некалькіх месцах прабіваліся прамяні, фрагментуючы і здрабняючы выяву. У адзін з гэтых надрэзаў Ільіч паказваў рукой. Я падышоў бліжэй і зазірнуў — гарачае лета, сонечны пыл, далёкі і трывожны свет, які так і не зразумеў радасці камуністычнай працы.
Чым мне падабаўся парк культуры — ён жыў сваім жыццём, мала зважаючы на прыхамаці і канвульсіі часу за зялёнай агароджай, якая аддзяляла парк ад дарослага свету. Мне падабаўся пастаянны рух у парку, агульны настрой — адцяжны і неназойлівы; такі настрой пануе, відаць, у чыстцы, калі ўжо позна нешта мяняць і толькі і застаецца, што чакаць рашэння прысяжных, гойдаючыся пры гэтым на цяжкіх драўляных арэлях. У парку працаваў знаёмы маіх бацькоў, чалавек дзівосна шырокай душы, пастаянна ўгашаны і элегічна настроены адносна дзіцячага адпачынку; ён прадаваў квіткі, уключаў каруселі, запускаў арэлі, забяспечваючы рух усяго жывога, пасля чаго зачыняўся з дворнікам у цеснай кабінцы з надпісам “Каса” і далей бухаў. Часам ён забываўся на каруселі, і дзеці гадзінамі каталіся на фарбаваных сланах — да істэрыі, да ванітаў, у сэнсе — не да таго моманту, калі ім рабілася блага, а якраз наадварот — калі рабілася блага яму, і ён выбягаў са сваёй кабінкі і бачыў увесь гэты балаган вакол сябе, пасля чаго яму рабілася яшчэ горай. Мяне ён заўсёды катаў бясплатна.
Часам я думаю: ці катае нехта ў тым парку дзяцей і далей, ці ёсць у іх свой дзіцячы святы, які няцвёрдым пахмельным рухам запускае ўсе каруселі і атракцыёны іх дзяцінства, жанглюе сонцамі і перакідваецца вясёлкамі, высыпаючы з кішэняў разам з рэшткамі дробязі зоркі і метэарыты? Якія знакі заўважаюць яны вакол сябе, на якіх літарах яны вучацца чытаць? Ці змогуць яны потым апавесці ўжо сваім дзецям і ўнукам, як у іх мірным небе, проста над іх галовамі, яшчэ можна было ўбачыць велічныя і цьмяныя водбліскі гісторыі? Гісторыя тая была далёкай і недасяжнай і мела крывава-чырвонае адценне — як цюльпаны, як кроў, як кока-кола.
84-ы.
Гараж. У майго старога былі свае метады выхавання. Як правіла, ён мне ні ў чым не адмаўляў, даваў усё, што я прасіў, аднак калі яму здавалася, што я губляю сумленне, проста абломваў і ўсё — далей гаварыць пра нешта было марна. Ён увесь час быў у дарозе: то пераганяў новыя машыны, то матаўся па вакольных аўтабазах у пошуках розных дэталяў. Мне гэта ўстаўляла, і я час ад часу чапляўся да яго, пачынаў канькаць, — ён не вытрымваў і браў мяне з сабою. Усё дзяцінства я пракатаўся са сваім старым: калі дарога была далёкай — я засынаў на заднім сядзенні, калі я хацеў есці — ён спыняўся ля нейкай прыдарожнай сталоўкі і карміў мяне суворай ежай кіроўцаў. Я і цяпер помню тыя сталоўкі, ля іх, як правіла, стаяла некалькі фур, побач магла прымасціцца цывільная “капейка”, дзесьці на даляглядзе мог узнікнуць чорны матацыклетны бок, але збольшага тут церліся дальнабойшчыкі, якія гналі летнімі трасамі ў невядомасць, і толькі кароткія прыпынкі ва ўстановах грамадскага харчавання хаця б неяк ажыўлялі іх манатонную ганітву трасамі рэспубліканскага ды саюзнага значэння. Кіроўцаў заўсёды можна было вылічыць у кампаніі, у іх быў уважны павольны погляд, погляд стэпавай фаўны, якая пастаянна штосьці сабе выглядвае. Яны навобмацак вывучалі геаграфію, ехалі, куды ім скажуць, разведваючы
дарогу. Мне яны ніколі не падабаліся. Тое, што мой стары ганяе тачкі і працуе кіроўцам, мяне задавальняла, а вось усе іншыя кіроўцы мне не падабаліся. Я думаў тады, дый цяпер думаю, што мой стары быў прыемным выключэннем з гэтай даволі мудакаватай публікі — кіроўцаў. Мяне, дарэчы, кіроўцы таксама ня любяць. Колькі разоў мяне былі выкідвалі з аўтобусаў ці тралейбусаў — праўда, калі я быў без квітка, або ў непрытомным стане, або проста скандаліў, хаця асабіста для мяне гэта мала што мяняе. Праўда, выкідвалі мяне ўжо ў іншым, наступным жыцці, тады ж, у маіх васьмідзясятых, стары карміў мяне, умоўна кажучы, дарамі палёў, паіў горкім кампотам і мы вярталіся ў нашу машыну. Было сонечна і ветрана, трасай сунуліся на Расею легкавікі, час ад часу з’яўляліся паасобныя раварысты, якія ехалі павольна і мелі магчымасць угледзець нахабнага малога, які стаяў і мачыўся ля шафёрскай сталоўкі, то-бок мяне, як вы здагадаліся. Мы ехалі далей, прыязджалі на аўтабазу, і тут пачыналася найнуднейшае: стары знікаў у канторы з нейкімі накладнымі на шэрай паперы, а я заставаўся сам — пад блакітным небам, пад шлакаблокавымі сценамі гаражоў, ля прахадной, за якою мясціўся яшчэ адзін стратэгічны пункт народнагаспадарчага прызначэння.
Я пакідаў машыну ды йшоў на вялікі аўтамабільны сметнік, што пачынаўся адразу за гаражамі. Там былі сапраўдныя могілкі забітай аўтатэхнікі: разрэзаныя аўтагенам кабіны зарасталі густою травою, дзе-нідзе ляжалі крэслы, вырваныя з коранем, як зубы. У прапаленыя да дзірак шыны зацякала дажджавая вада, і над усім гэтым ляталі матылькі. Яны заляталі ў вачніцы кабін, сядалі на раз’ябаныя малакавозы, пераляталі ад касцяка да касцяка. Я ганяўся за імі, перабягаючы ад аднаго расціснутага
прэсам грузавіка да іншага. Я залазіў у больш-менш ацалелыя кабіны і разглядваў рэшткі нечай уласнасці — налепкі на дзверцах, з падрапанымі жаночымі галоўкамі, пафарбаваныя чырвоным лакам для ногцяў тумблеры на прыборнай дошцы, выдрапаныя на стырне ініцыялы, якія маглі належаць каму заўгодна — гэта маглі быць як ініцыялы колішняга ўласніка, так і таго, хто яго забіў. Я гадзінамі лазіў між гэтымі абломкамі караблекрушэння, аж пакуль мой стары не вяртаўся з чарговым каленвалам і сігналам не выманьваў мяне з майго схову. Я вяртаўся. “Ну нарэшце, — казаў незадаволена, — колькі ж можна?!” Стары не зважаў, мы сядалі і ехалі далей. У першым жа стрэчным мястэчку я пачынаў што-небудзь клянчыць, стары не вытрымваў і купляў, што ўжо я там прасіў, але, як правіла, купляў проста так, без майго плачу. Я ж і кажу — у яго былі свае метады.
У маім цяперашнім уяўленні аб тых гадах жыццё засяроджвалася вакол трасы. Я разумею, што гэта наўрад ці адпавядала рэчаіснасці і што, калі б мне ў той час паказалі нейкія іншыя часткі гэтага жжыцця, уяўленне маё прынамсі пашырылася б, але мне паказалі менавіта гэта — я вырас у дарозе, на заднім сядзенні машыны майго старога, я гуляў там у нейкія свае гульні, я жор там усе нішцякі, якія прадаваліся ў вакольных крамах, я чытаў там свае кнігі. Мне там падабалася. Я не любіў, калі ў нашу машыну сядаў нехта чужы, я быў раўнівым дзіцем, не любіў, калі з маімі бацькамі нехта загаворваў, ну ды неяк цярпеў: куды было дзявацца?