Anarchy in the UKR
Сяргей Жадан
Выдавец: Skaryna Press
Памер: 214с.
Лондан 2023
Мы вярталіся дамоў, было ўжо позна, спыняліся на чыгуначным пераездзе, паўз нас на поўнай хуткасці праносіўся таварняк з нафтай. Я намагаўся палічыць усе вагоны, час ад часу збіваючыся і нервуючыся з гэтай
нагоды. “Колькі?” — пытаў стары. “Сорак”, — адказваў я наўздагад, і ён сур’ёзна ківаў галавою.
Я думаю, што ў дзяцінстве наш зрок, то-бок наш погляд на свет, у вялікай ступені фармуецца ў залежнасці ад хуткасці перамяшчэння. Я, напрыклад, прывык да хуткай змены ландшафтаў, я якраз так іх і ўспрымаю — як такія, што хутка мяняюцца, знаходзячы месца ў маіх вачах, а адпаведна, і ў памяці. Мая геаграфія фармавалася на хуткасці 80-90 кіламетраў у гадзіну, колькі разоў потым мне даводзілася заглядвацца на краявіды за акном аўтобуса ці выпадковай фуры; ну вось, казаў я сабе, яны і далей змяняюцца, іначай і быць ня можа, проста ты абавязаны паспець пабачыць у сваім жыцці калі ня ўсе з іх, то прынамсі большую частку, магчыма, у гэтым і ёсць сэнс твайго жыцця, калі ён наогул ёсць. Зрок, пастаўлены табе ў дзяцінстве, паглынае ўсё: і ранішнія трасы, якімі перабягаюць жывёлы, і пасляабедзенныя хуткасныя ўчасткі дарогі з дзецьмі, якія нешта прадаюць, і начныя кавалкі асфальту, якія выхопліваюць для цябе фары, ужо амаль дома, калі вы нарэшце прыязджаеце і ты ўжо спакойна і моцна спіш на сваім заднім сядзенні. Я ўвогуле думаю, што начная шаша, асветленая фарамі аўтамабіля, у якім ты едзеш, з усёю цемрай, якая ў гэты час побач, з усімі жукамі, якія б’юцца аб шкло, з дрэвамі, птахамі і спадарожнымі прывідамі, якія стаяць у цяні, ня маючы сіл выйсці на святло і расчыніцца ў ім, — наогул найлепшае, што можна пабачыць у гэтым жыцці. Такія вось соплі.
У апошні раз я бачыў нашу машыну праз некалькі месяцаў пасля аварыі. Яна стаяла на падворку, я разглядваў яе і думаў: цікава, вось у гэтых абломках, менавіта ў гэтых, я правёў не адзін дзень, я мог бы пазнаць нашу
машыну па паху, па дотыку да абіўкі салона, па рыпенні крэслаў, цяпер вось яна стаіць, быццам пасля мясарубкі, і такое ўражанне, што гэта мяне самога сплюшчылі, бо калі падумаць, гэта магло здарыцца і раней, скажам дваццаць гадоў таму, і ці выжыў бы я тады? Дзіўна, але аб чым яшчэ можна думаць, гледзячы на разбітыя машыны? Гэта наогул дзіўнае відовішча, недзе на іх абавязкова запякаецца кроў. Пакалечаныя, яны набываюць нейкую асаблівую рэзкасць і спустошанасць, нешта такое, што зусім не асацыюецца з дзяцінствам, бо там, у тых нашых раз’ездах, і гаворкі не было, каб нехта мог узяць і расплюшчыць нашу машыну, ці наогул якую-кольвек машыну на нашай трасе, хіба што яе перад гэтым мелі спісаць, а пасля таго адцягнуць на вялікія аўтамабільныя могілкі. Пабітыя машыны ўвогуле дзіўна выглядаюць, я не кажу аб людзях, не хачу аб іх гаварыць, а вось машыны — іх не закопваюць і ня спальваюць, іх проста адцягваюць у нейкі адстойнік і пакідаюць там зарастаць малачаем і дзікім часнаком, і яны застаюцца там, перажыўшы ўласную смерць. На што яны падобныя? На нешта горкае і недарэчнае, напрыклад на яблыкі, вялікія пераспелыя яблыкі, якія падаюць на цвёрды грунт і развальваюцца напалам, так што іх цяпер ніхто і не падбярэ; або на бляшанкі з-пад колы, што прадаюцца ў вулічных фаст-фудах Берліна ці Будапешта, ці яшчэ нейкага горада свету, дзе нехта дбае аб рэгулярным распаўсюдзе колы і поўнай перапрацоўцы ўпаковачных матэрыялаў; або на аркушы з нататніка Бога, якія той, недарабіўшы, у нейкі момант канчаткова забракаваў, нервова выдзер і, скамечыўшы, запусціў у кошык са смеццем.
Лякарня. У маіх васьмідзясятых лекараў было мала. Яны былі непатрэбныя. Дарослыя ў маіх васьмідзясятых ня мелі часу хварэць, жыццё было настолькі насычаным і густым, усё ў ім было настолькі ўзаемазвязана і ўзгоднена, што звяртацца да лекараў проста не выпадала. Калі нехта паміраў, то рабіў гэта хутка і неназойліва. Я прыгадваю з дзяцінства некалькі пахаванняў і не магу сказаць, каб гэта было надта сумна. Трагічнасць хаўтур у маіх васьмідзясятых была прыглушанай, унутранай, ня бабскай, ніхто не дазваляў сабе рваць валасы ці скакаць у магілу за нябожчыкам. Ясная рэч, што нехта пры гэтым плакаў, нехта панура суправаджаў дамавіну, аднак зямля наша была цёплай, а памяць лёгкай і доўгай, нашым нябожчыкам мела ляжацца ўтульна і спакойна. Памінкі ўмаіхуспамінахёсць нечымхутчэйаптымістычным, для мяне яны і дасюль асацыююцца з узбуджальным пахам натоўпу, з галасамі на кухні, з тлушчам, што расцякаецца па талерках, з казёнкай і хатнімі наліўкамі, з суворымі, упэўненымі ў сабе мужчынамі ды іх маладымі жонкамі, якія заўжды ўсё падрыхтуюць належным чынам, каб памерламу не было сорамна за няўцешныя памінкі. Лекары тут былі лішнімі. Любая падзея ў маім дзяцінстве, няважна — сумная ці юбілейная, — гэта найперш сталы, вялікія, неверагодныя сталы, застаўленыя стравамі
і напоямі, сталы, з-за якіх не выходзяць па некалькі дзён. Усе мае васьмідзясятыя — гэта суцэльнае застолле, калі кожны дзень ёсць нагода не выходзіць з-за стала — як не памінкі, то вяселле, як не абжынкі, то дзень канстытуцыі, размеранае радаснае жыццё, чыста вытворчыя клопаты. Ты ведаеш сваё месца пад небам і трымаешся за яго моцна і ўпэўнена, ніхто ня выб’е ў цябе грунт з-пад ног, ніхто ня выб’е ў цябе з рук кубка са спіртам, ніхто ня зможа пераканаць цябе, што жыццё ня доўгае, а смерць не салодкая. Усе былі занятыя сур’ёзнымі справамі, жыццё з погляду васьмі-дзевяцігадовага здавалася мне канструкцыяй, спраектаванай з максімальнымі дакладнасцю і прадбачлівасцю, усё было падагнана пад мяне, пад маё ўрастанне ў жыццё, пад маё захапленне ім.
Mae бацькі сябравалі з сям’ёю ўчастковага лекара. Гэта быў чалавек старэйшых гадоў, сур’ёзны і паважны. Дома ў яго стаяла піяніна, ён дазваляў сабе ставіцца да маіх бацькоў з дабрадушнай паблажлівасцю, выбачаючы ім некаторыя людскія слабасці, скажам адсутнасць у нас у хаце піяніна. Бацькі часта бралі мяне з сабою, калі йшлі ў госці да лекара. Яны заходзілі на падворак, дзе пад дрэвамі стаяў вялікі стол, сядзелі там доўгімі летнімі вечарамі і гаварылі аб нечым сваім. Пра медыцыну, я гэта добра помню, не гаварыў ніхто. Размовы былі гучныя, віно было густым і чырвоным, вечары былі бясконцымі, над сталом гарэла магутная лямпа, пад якою ляталі начныя матылькі, вячэрняе святло дзіўна рассейвалася ў паветры — варта было адысці ўсяго на пару крокаўубок, ад святла, і ты правальваўся ў мяккую цемру, нібы ў застаялую сажалкавую ваду, цалком хаваўся ў ёй, гледзячы адтуль на ярка асветлены стол, за якім сядзелі твае бацькі, разам з лекарам; я ўцякаў у дом, падыходзіў да піяніна, адкідваў
вечка і разглядваў клавішы. Я быў немузычным дзіцем, мой досвед музычнай адукацыі абмежаваўся разглядваннем клавіш — прынамсі, я ведаю, што яны бываюць розныя, то-бок белыя і чорныя, як мінімум.
Калі я ўжо падрос і мог чытаць — а чытаць я навучыўся рана, і чытаць мне асабліва не было чаго — мой брат трапіў у лякарню. У яго было нейкае нагнаенне, і яму рабілі аперацыю. Бацькі штодня яго праведвалі, часам бралі мяне з сабою. Брат у лякарні нудзіўся, яму было нецікава, бацькі прыносілі яму кучу ўсяго смачнага і новыя кніжкі. Пакуль яны сядзелі ля яго, я браў прынесеныя яму кніжкі, сядаў на свабодны суседні ложак і хутка іх прачытваў. Брат чытаць не любіў, ён любіў тэхніку.
Я добра помню нашу дзіцячую лекарку, яна час ад часу прыходзіла ў школу, каб зрабіць нам прышчэпкі. Заняткі зрываліся, усе рыхтаваліся да прышчэпак, кожны стараўся неяк асабліва выебнуцца ў гэтых абставінах — маўляў, хай колюць колькі хочуць і куды хочуць, мне ўсё адно. Усім сапраўды было ўсё адно. Лекарка мне не падабалася, я яе адкрыта зневажаў, хаця яна да мяне ставілася аж занадта добра, як я цяпер сабе разумею. Пазней, праз некалькі гадоў, яе сын, рэдкі вырадак, пасварыцца са сваімі сябрамі, украдзе ў яе ключы ад лекарскага кабінета, залезе туды і зжарэ кучу розных таблетак. Яго адкачаюць, хаця ён аб гэтым і ня будзе прасіць. Яшчэ аднойчы яе стрыечны брат таксама з некім пасварыцца і вып’е дыхлафосу. Гэтага нават не адкачаюць, па яго прыедзе “хуткая”, цела загрузяць і адвязуць на ўскрыццё. Тады я ўпершыню зразумею, чаму не люблю лекараў: побач з імі абавязкова знаходзіцца смерць, недзе зусім поруч, так што лепей трымацца ад іх падалей.
У дзяцінстве я мала хварэў. Я таксама ня меў на гэта часу, я быў надта заклапочаны сваімі справамі, сваімі адносінамі з вакольным светам, мне было проста шкада губляць каштоўны час на розную лухту. Але нейкай зімою я ўсё-ткі моцна застудзіўся і некалькі сутак валяўся з жарам у ложку. У нейкі момант — відаць, яго можна назваць крытычным — я пачаў трызніць. Трызніў я ўпершыню ў жыцці, магчыма, таму так добра гэта запомніў. Упадаючы час ад часу ў сон і выпадаючы адтуль вонкі, я раптам пабачыў перад сабою свой свет, як ён мне на той час уяўляўся. Карцінка была яркай і выразнай, ніколі пасля таго я ўжо ня бачыў свет так дакладна і выразна, далей жыццё заўсёды расплывалася перад маімі вачыма, а тады я раптам убачыў усё — мой свет складаўся з ярка асветленых сонцам гарадоў, светлых шматпавярховых дамоў, вуліц, якімі толькі што праехалі палівальныя машыны, цёплага хлеба ў крамах, свежага малака і халоднай гародніны, мокрага пяску на чыгуначных пераездах, лужын на грунтавых дарогах, па якіх рухаюцца грузавікі. Я бачыў зверху гарады, у іх было шмат заводаў і шахт, сартавальных станцый з рудымі таварнымі вагонамі і прахалодных зранку кантор, мае гарады злучаліся шасэйкамі, на якіх плавілася ад сонца смала і абапал якіх раслі вільготныя сасновыя лясы; далей на поўдзень шахт рабілася ўсё болей, жыццё было ўсё гучнейшым, я бачыў сваіх сяброў, якія выбягалі зранку з дамоў і беглі ў школу, бачыў зграі галубоў над футбольнымі палямі, яшчэ далей на поўдзень пачыналася мора, там было шмат пяску і вады, сонца сляпіла мне вочы, за морам, зусім недалёка, у сонечных прамянях губляліся горы, гэты былі Балканы, — я дакладна ведаю, што гэта Балканы: мой стары некалі быў у Югаславіі і прывёз мне адтуль паштоўкі,
— я вельмі добра ўяўляў сабе гэтыя горы, з неверагоднай колькасцю колеру і сонца, за Балканамі не было нічога, на гэтым свет канчаўся, гэтага было цалком дастаткова, я мог умясціць у сваім целе якраз такую колькасць травы, лістоты, чарэшань, плоскіх і гарачых пшанічных палёў, зялёных грузавікоў, маўклівых механікаў, белай цэглы і жоўтага ліманаду; я адварочваўся ад гор і глядзеў на ўсход, на ўсходзе былі палі, бясконцыя палі, якія мы шмат разоў праязджалі з маім старым, калі той ехаў кудысьці на некалькі дзён і браў мяне з сабою, палі асвятляліся роўным сонечным святлом, і я, як ні намагаўся, ня мог убачыць, што ж там далей — за гэтымі палямі, мае ж там нешта быць, але я нічога ня бачыў, адпаведна — там нічога не было, побач стаялі мае гарады, працавалі мае фабрыкі, мяне чакалі мае сябры, дарослыя ставіліся да мяне прыязна і добразычліва, незнаёмыя кіроўцы сігналілі, праязджаючы паўз мяне, у моры стаялі караблі і плавалі рыбы, яны высоўваліся з вады, як пасажыры з вокнаў аўтобуса, і глядзелі на мяне, быццам казалі: што з табою? што ты сабе думаеш? хіба можна хварэць, калі ў цябе ёсць такое мора, калі ў цябе ёсць мы?