• Газеты, часопісы і г.д.
  • Anarchy in the UKR  Сяргей Жадан

    Anarchy in the UKR

    Сяргей Жадан

    Выдавец: Skaryna Press
    Памер: 214с.
    Лондан 2023
    47.14 МБ
    я выцягну вас з вашых ям і склепаў і стану цягаць запыленымі вуліцамі Харкава вашы мёртвыя целы, я буду несці на спіне кожнага з вас, нібы свой крыж, бо мне не засталося ў гэтым жыцці нічога, апроч вашых мёртвых душ, апроч вашага апостальскага гною на маіх пальцах, апрача гэтага распаленага вуголля пад нагамі, аб якім вы, блядзь, нічога не казалі, аб існаванні якога вы забылі мяне папярэдзіць, ні словам аб якім не абмовіліся, ніводным словам, ніводным, блядзь, намёкам!
    Я ніколі ня мог па-сапраўднаму адчуць сябе датычным да гэтых вялікіх і фантастычных падзей, якія адбываліся вакол мяне цягам усяго майго жыцця. Мне заўсёды неабходна было адпрэчыцца ад таго, што адбывалася, мець сваю фору ў часе і прасторы, каб паглядзець на ўсё гэта збоку, каб змагчы зафіксаваць і запомніць найменшыя дэталі і падрабязнасці, а зафіксаваўшы, хаваць іх ад старонніх вачэй, нібы апёкі на скуры. За гэтымі сваімі пастаяннымі спробамі запомніць усё я страціў самае галоўнае — страціў сваю асабістую магчымасць прайсці праз нябачную браму, адчуць пякельны скразняк, здохнуць у трыццаць дзевяць гадоў, паспеўшы за гэты час пражыць усё, што можна было пражыць; відаць, у свой час мне проста не хапіла смеласці і адвагі, каб пайсці за імі, ступаць за імі крок у крок, знаходзячы на мокрым пяску адбіткі іх кедаў.
    Усё жыццё мне даводзілася сустракацца з імі, натыкацца на гэтых прывідаў з мінулага, у цёмных калідорах і пераходах падземкі, у салонах таксовак і музычных крамах, бачыць, як іх паламала жыццё, як іх знявечыла іх музыка, як жахліва і зацягана выглядаюць яны ў гэтым справядлівым жорсткім жыцці, без апостальскіх касух, без харугваў і жалеек, без усяго андэграўнду і рок-школы,
    пракручаныя праз мясарубку, прапушчаныя праз трубы крэматорыяў, вывернутыя, нібы чорная футболка, з тапалёвым пухам у валасах, які ім занёс нябачны тагасветны скразняк, —
    наркаман Косцік, былы гітарыст, які марыць наноў сабраць свой гурт, а пакуль што стаіць на ўваходзе ў начны клуб і не прапускае нікога без квітка, з заначкай гашу ў задняй кішэні сваіх вельветавых джынсаў;
    бажавольная дзяўчынка Марыя, з сотняй бабінавых запісаў, з усімі альбомамі ты рэкса і джэтра тала, у пакоі, прапахлым катамі і вар’яцтвам;
    чувак з рок-клуба, які працуе грузчыкам на вакзале, а трапіўшы выпадкова на джэм, ня можа нават настроіць гітару, тую самую, на якой ён граў добрых пятнаццаць гадоў;
    Сэр, які нечакана памёр у жніўні і цяпер ляжыць у палацы культуры працаўнікоў сувязі, назіраючы, як яго сябры развітваюцца з ім і цэлы дзень круцяць для яго музыку, якую ён любіў гіры жыцці, нават ня ведаючы, ці гэта менавіта тая музыка, якую ён хацеў бы пачуць на ўласных хаўтурах, а галоўнае — ня ведаючы, у каго можна аб гэтым спытаць. Ім проста няма чаго сказаць адно аднаму ў гэтым палацы культуры — яны ня ведаюць, ці падабаецца яму музыка, якую яны круцяць, ён, слухаючы музыку, якая яму падабаецца, ня ведае, каго папрасіць, каб яе нарэшце выключылі.
    10.
    Sex Pistols. Anarchy In The UK. Паўгода жыцця, гарэлае мяса дзён, праведзеных на плошчах і вуліцах; пасля ўсяго застаецца адчуванне ўцехі, адчуванне роўнага палёту гарачай сіняй пустэчай. Светлыя зоркі і халодныя воды, што суправаджаюць наш рух у бок мудрасці і спакою, ёсць толькі часткай таго, што насамрэч адбываецца, — бачнай, але няпоўнай. Пад паверхняй, пад цёмным густым слоем вонкавага хаваюцца найдрабнейшыя, найважнейшыя дэталі, якія лёгка апускаюцца на дно, пазбягаючы тваіх дотыкаў. Гісторыі, толькі на першы погляд падобныя адна да аднае, выпадковыя твары, якія марна выганяеш з памяці, нібы саранчу з пшанічных палёў, імёны, якія выкрыкваліся ў цемры, тэлефоны, якія запісваліся на далоні, — што з усім гэтым здарыцца потым, калі апрача мяне яны нікому ня будуць патрэбныя, калі на іх ніхто так і не звярнуў увагі, — што з імі будзе потым? Да каго будуць прыходзіць гэтыя прывіды? Страціўшы мяне, ці страцяць яны і сваю здольнасць з’яўляцца ў паветры, трымацца за яго так, як яны трымаюцца за яго цяпер? Наколькі яны залежныя ад нас, наколькі звязаныя з намі? Магчыма, усё наадварот: магчыма, гэта я палюю на свае прывіды, штодзённа патрабую іх прысутнасці ў сваім жыцці, тады як яны могуць абыходзіцца без мяне лёгка, бяз страт, яны даўно пражылі мяне як асобную кароткую
    гісторыю, і зусім пра мяне ня помняць, а калі і пралятаюць часам за маімі вокнамі, то цалком выпадкова, нават не звяртаючы на мяне ўвагі. Усё можа быць.
    Найгорай будзе, калі я раптам усё гэта забуду. Гэта ці не адзінае, чаго я сапраўды баюся — забыць, страціць усё, што такім дзіўным і нечаканым чынам адбылося, пазбыцца памяці, пазбыцца галоўнага. Тое, што выбіраецца з вакольнай прасторы, тое, з чаго старанна і настойліва складаюцца малюнкі, зразумелыя толькі табе, тое, да чаго бясконца вяртаешся, намагаючыся даць сабе з гэтым рады і адчуваючы, як твае ўласныя малюнкі выслізгваюць з разумення, — усё гэта дзіўным чынам ляжыць зусім блізка, амаль на паверхні, варта толькі прабіць гэтую паверхню, нібы бляшанку ад кансерваў, і ўсё: вось яно — наша з табою жыццё, наша з табою кроў, на нейкі момант у паветры за табою застаецца скразняк, і гэтага скразняку, гэтага руху ў паветры цалком дастаткова, каб адчуць і зразумець, як ты рос, як ты ўгрызаўся ў гэтае жыццё, як ты яго прабіваў сваім целам, як выбіраўся на пагоркі і звальваўся ў чорныя ямы, як правальваўся ў глыбокі снег і ныраў у чорную жнівеньскую ваду; па гэтым скразняку, які ты ўзняў, прайшоўшы скрозь час, можна здагадацца, як моцна ты любіў і як ня будзе хапаць табе тваёй любові там, дзе ты неўзабаве знікнеш.
    Я дапісваю гэтую кнігу ў траўні, седзячы ў сваім пакоі на трэцім паверсе, я сяджу тут ужо чацвёрты месяц. Пакой гэты, зрэшты, многае бачыў, пару трупаў адсюль за гэты час выносілі, і тое, што яны, гэтыя трупы, потым так-сяк ажывалі і вярталіся да жыцця, сведчыць якраз на карысць жыцця, а ня гэтых трупаў. Я сяджу і адсочваю, як паўз мяне рухаецца час. Ён намагаецца рабіць гэта
    ціха і незаўважна; па вялікім рахунку, яму гэта ўдаецца. За ім сапраўды цяжка назіраць, ён умелы і вынослівы, ён, у адрозненне ад мяне, умее чакаць і не стамляецца ад бясконцага пакутлівага руху, і толькі зрэдку, калі ён робіць рэзкія неасцярожныя скачкі, салёная хваля збівае з ног чарговага сведку, з якім мне давялося стаяць на адным узбярэжжы.
    Пару месяцаў таму памёр мой прыяцель, стары паэт, вясёлы эмігрант, які бестурботна швэндаўся гэтым светам усё сваё жыццё, спыняючыся там, дзе яму падабалася, ня робячы асаблівых праблем з тых нягод, якімі яго адорваў свет, выбіраючы са свету смачныя і сакавітыя кавалкі, такія як паэзія і алкаголь, імітуючы нармальную жыццёвую пазіцыю, імітуючы сваю ўключанасць у агульную руціну, цалком добра пачуваючыся сярод чужых і незразумелых яму абставін, але, па вялікім рахунку, так і абмяжоўваючыся алкаголем і паэзіяй. Чаму я не адчуваў яго адсутнасці гэтыя два месяцы, бо я і сапраўды ніводнага разу нават не згадаў аб ім? 3 іншага боку, што гэта змяніла б? Ён стаяў на адным са мною ўзбярэжжы, ён так жа, як я, стаяў у цемры і ўглядваўся ў сінюю адсутнасць выявы, і яго раптоўнае знікненне, па вялікім рахунку, нікога не датычыць; у яго былі свае адносіны з пустэчай, у мяне — свае. На гэтым і заснаваны прынцып чалавечага братэрства: усё, што ты можаш, — гэта толькі падтрымваць некага сваёй прысутнасцю, усё іншае ад цябе не залежыць, але і ты не залежыш ад усяго іншага. Уважна сачы за хвалямі: адна з іх твая.
    Мы сядзім у аэрапорце Кенэдзі, і ён гаворыць, што яны з сынам, як толькі я звалю адсюль, паедуць у Нью-Джэрсі, у нейкую камуну; па яго словах, гэта нават
    не камуна, гэта былая тытунёвая фабрыка, якую ў свой час занялі вольныя мастакі, а цяпер іх адтуль выкідваюць на вуліцу, і яны ладзяць адыходную, сёння там усе перап’юцца, а тых, хто выжыве, — выходзіла так — заўтра выкінуць на вуліцу. Ён апавядае, а я думаю, што гэта ня вельмі добра — тое, што яго сын усё гэта пабачыць, — нядобра, калі дзеці ў такім веку бачаць, як на вуліцу выкідаюць вольных мастакоў; па-мойму, гэта не найлепшы досвед. Дзеці, наадварот, маюць бачыць, як вольныя мастакі займаюць фабрыкі і заводы, як натоўпы вольных мастакоў, якімі сябе могуць таксама лічыць проста звар’яцелыя жыхары нашых гарадоў, усякія беспрацоўныя, вулічныя зладзеі, наркагандляры, прастытуткі (абавязкова прастытуткі, я настойваю) скейтбордары і алкаголікі, — як іх натоўпы захопліваюць фабрыкі і супермаркеты, як яны ўрываюцца ў офісы і антыкварныя крамы, як яны ўкладваюцца спаць на скураных канапах у галерэях сучаснага мастацтва і ўладкоўваюць там некалькідзённыя вясёлыя оргіі, якія канчаюцца калектыўнай белай гарачкай. Адным словам, дзіця мае бачыць здаровыя і моцныя эмоцыі, пазітыўныя перажыванні, ня след траўмаваць дзіцячую псіхіку карцінамі сацыяльнай і жыццёвай паразы вольных мастакоў, нельга, каб дзіця змалку прыйшло да высновы, што ў гэтым жыцці, у гэтай краіне цябе ў любы міг могуць выкінуць на вуліцу, і тады хоць хуй смакчы — нікому ты не патрэбны са сваімі карцінамі і незалежнай жыццёвай пазіцыяй. Дзеці маюць вырастаць у нармальных умовах, у нармальным грамадстве, дзе ніводзін клерк і ніводзін лягавы ня будзе соваць нос ў твае дакументы, дзе ніводная ўлада, наколькі б ссучанай яна ні была, ня зможа дастаць цябе на тваёй тытунёвай фабрыцы, хоць бы чым ты там займаўся, хоць бы
    ты там трупы расчляняў: калі гэта твой уласны труп — расчляняй на здароўе. Дзеці маюць як мага раней зразумець, што патэнцыйна любая фабрыка для таго і існуе, каб яе можна было захапіць і наладзіць на яе тэрыторыі шабаш, інакш для чаго яе будавалі? Дзіця, якое змалку ўсведамляе ўсю непатрэбнасць, недарэчнасць і шкоднасць сістэмы, у якую яно воляй лёсу трапіла, — такое дзіця мае някепскія шансы ўрэшце далучыцца да аднаго з натоўпаў, і тады ўжо хвалявацца за яго не даводзіцца. Хвалявацца куды болей трэба за тых, хто так і ня зможа пазбыцца залежнасці ад найбліжэйшага аддзялення камерцыйнага банка, — вось за іх трэба хвалявацца: якраз з іх выходзяць серыйныя забойцы і публічныя палітыкі; вольныя мастакі з іх напэўна не выходзяць.
    На гэтым мы і разышліся: яны з сынам паехалі на фабрыку, я паляцеў у свой пакой на трэцім паверсе, маючы пры сабе нарэзаныя ім дыскі і штроксавы пінжак з надпісам на спіне. Пінжак трапіўся мне пры даволі цікавых абставінах: я ўбачыў яго ў адной з крамаў вайсковага адзення, фішка была ў тым, што на яго можна было набіць трафарэтны надпіс. “Ну што, — спытаў мяне прадавец, малады афраамерыканец — так гэта, здаецца, называецца, — якая карцінка табе падабаецца? Хочаш Чэ?” — “He хачу, — сказаў я, — Чэ даўно памёр”. — “Усе мы памром, — сказаў ён. — А, дарэчы, — дадаў, — ёсць клёвая карцінка, тут напісана: “Жыць хутка, памерці маладым”. Хочаш?” — “Памерці маладым? — перапытаў я. — He хачу. Але карцінку можаш набіць, усё адно лепей за Чэ”.