Anarchy in the UKR
Сяргей Жадан
Выдавец: Skaryna Press
Памер: 214с.
Лондан 2023
Любоў да музыкі антысістэмная, і яны гэта разумеюць. Яны разумеюць, што максімальна забіўшы эфір і пазбавіўшы мяне магчымасці выбару, яны змогуць чакаць ад мяне патрэбных дзеянняў і прагназаваных рашэнняў. Замбаванне найлягчэй праводзіць на роўні рытму, рупліва і мэтаскіравана, пры маім пасіўным удзеле
і намінальнай прысутнасці — яны запускаюць свае ражкі і дуды, і я абавязкова маю падключыцца да вялікай сістэмнай сеткі ператраўлівання музычных гукаў, да скразное, падскурнай мадэлі функцыянавання гуку як агрэсіі, гукуякформы маёй псіхічнай залежнасці, голасу як раздражняльніка ўсіх балючых, адкрытых і неабароненых дзялянак майго цела. Музыка — гэта больш-менш рытмізаваная пагроза маёй свабодзе, майму апетыту і ўсім маім унутраным працэсам, з працэсам стрававання ўключна. Яны ведаюць мае слабыя месцы, яны сочаць за маімі асноўнымі маршрутамі. Галасамі і барабанным боем яны заганяюць мяне ў адведзеныя мне рамкі, у падрыхтаваныя для мяне запаведнікі, ведаючы, што я хутчэй зрэагую якраз на голас іх радыёзаставак, чым на голас уласнай памяці. Найгоршай і найбольш небяспечнай для іх можа быць толькі мая самаізаляцыя, адасабленне ад іх радыёэфіру, выключэнне сябе з гэтай сістэмы гукавога кровазвароту. Яны баяцца згубіць са мною сувязь, баяцца ня мець да мяне доступу, яны пачынаюць панікаваць, калі я зачыняюся дома, вырываю антэну з радыё, перастаю рэагаваць на званкі ў дзверы і грукат у сцены, уключаю сваю музыку і слухаю яе на максімальнай гучнасці, нават не для таго, каб лепей чуць, а хутчэй для таго, каб заглушыць усё іншае, усё, чым намагаюцца напоўніць маю галаву, як рэкі вадой. Яны яшчэ нейкі час спрабуюць дастаць мяне, але хуй — мае дамбы змацаваныя маёй лімфай, маёй слінай і крывёю, мая музыка давалася з боем, за кожны трэк заплачаны такі кошт, што ніводзін дынамік ня зможа перакрычаць гэтае шматгалоссе, ня зможа перахрыпець маю залатую калекцыю, маю фанатэку, біфштэкс майго джазу, попел маіх святых, майго нэйла янга, майго д’ябла.
3.
Rolling Stones. Sister Morphine. Я сядзеў i слухаў свае кружэлкі. Увесь час адны і тыя ж кружэлкі. Я пракручваў іх дзясяткі разоў, заціраючы да дзір; праз нейкі час яны пачыналі трашчаць, іголка пераскоквала з дарожкі на дарожку, але я не зважаў — я не збіраўся іх слухаць цягам усяго жыцця, мне важна было падтрымваць у сабе гэты пастаянны шум менавіта цяпер — гэтым летам і ў гэтым горадзе, у які я выпадкова трапіў. Я прыехаў да знаёмага, ён даўно клікаў, казаў, прыязджай, у нас тут рэчка, будзем хадзіць на рэчку. “Добра”, — казаўя, — абавязкова прыеду”. У нейкі момант я застаўся зусім адзін, бяз бабак і ніякіх заняткаў, і падумаў — сапраўды, а чаму б і ня з’ездзіць? — можа, там сапраўды ёсць нейкая рэчка. Я пазваніў знаёмаму: “Я прыеду”, — кажу. “Угу, — адказаў ён, — прыязджай, вядома ж. На рэчку пойдзем”. — “Што прывезці?” — спытаў я на ўсякі выпадак — бабкі канчаліся, і я разлічваў, што ён скажа “нічога”. “Нічога”, — сказаў ён. “Еду”, — сказаў у сваю чаргу я і павесіў слухаўку. Я ўзяў з сабою поўны пакет кружэлак. Наконт рэчкі я меў пэўныя сумневы, але без кружэлак ехаць не адважыўся. Пасажыры затанулых трансатлантычных параходаў, ідучы на дно ў халодным акіяне, хапаюць, наколькі можна зразумець з кіно, дзяцей, хатніх жывёл і ювелірныя вырабы. Я схапіў сваю музыку. Я ўпэўнена і беспаваротна
йшоў на дно і хацеў у выпадку поўнай няўдачы трымаць на руках нешта адпаведнае. Хатніх жывёл у мяне не было. Хатніх жывёл я ненавідзеў, яны выклікалі ў мяне трывогу. Ювелірныя вырабы я бачыў толькі ў тым жа кіно. Аб дзецях і гаворкі не было. Я ўзяў кружэлкі, сеў у цягнік і праз пару гадзін выйшаў на пероне маленькага сонечнага мястэчка.
“Прывітанне, — абрадаваўся мне знаёмы, — што гэта ты прывёз?” — “Гэта кружэлкі”, — адказаўя. Знаёмы расчаравана, але рупліва аглядзеў мае кружэлкі і паказаў, дзе ў яго прайгравальнік. Прайгравальнік быў страшны, але мае кружэлкі бачылі і не такое. Я ня быў фанатычным калекцыянерам — уласна, я ня быў калекцыянерам наогул. Я не дрыжэў над кожным дыскам, для мяне галоўнае было мець тую ці іншую музыку; калі дыск заціраўся да дзір, я выкідваў яго і йшоў купляць такі ж. Я ставіў на свае кружэлкі кубкі з гарбатай, рэзаў на іх рыбу, сушыў траву і запісваў нумары тэлефонаў — музыка ад гэтага не пакутавала. Я таксама. Я падышоў да прайгравальніка і паставіў сваю кружэлку.
“Слухай, — сказаў мне знаёмы наступным ранкам, — тут такая сітуацыя: мушу з’ездзіць на колькі дзён да мамы”. — “А як жа рэчка?” — запытаў я. “Ну ты заставайся, — сказаў знаёмы, — схадзі на рэчку, жыві тут, кватэра свабодная, а я праз некалькі дзён вярнуся”. — “Добра, — сказаўя, — я застануся”. — “Дамовіліся, — супакоіўся ён, — толькі не ўтапіся на гэтай чортавай рэчцы, і не вадзі сюды блядзей!”
Увечары я выйшаў па піва. Яна сядзела на лавачцы і піла колу. У яе была загарэлая скура, цёмныя валасы і няўмела нафарбаваныя ногці. Я вярнуўся дамоў і стаў слухаць свае кружэлкі.
“Прывітанне”, — сказаў я ёй наступным ранкам; яна сядзела на той жа лавачцы і жавала жуйку. “Хадзем на рэчку”. — “Ага, — адказала яна, — ты на сябе паглядзі”. Я абражана пайшоў. Вада была халоднай. Я вярнуўся дамоў. Яе нідзе не было.
“Ну, што там?” — спытаў знаёмы. “Усё нармальна”, — сказаў я, — як мама?” — “Заябла мяне мама, — прызнаўся ён, — але трэба ёй памагчы. Пабуду тут яшчэ некалькі дзён. На рэчку ходзіш?” — “Хаджу”, — зманіў я. ‘Тлядзі не ўтапіся, — параіў ён. — і з блядзямі там асцярожна!” — “Я асцярожна”, — запэўніў я яго. Я стаяў ля акна і чакаў, калі яна з’явіцца. Яна прыйшла гадзін у сем вечара. Я выбег на лесвіцу і пайшоў уніз. “Прывітанне”, — зноў сказаў ёй. Яна зняла свае сонечныя акуляры ў ружовай аправе і ўважна паглядзела на мяне. Мне стала няёмка. “Давай віна вып’ем”, — прапанаваў я. “Ты што — дурань?” — пацікавілася яна і пайшла наверх. Я чуў, як яна дастала ключы і адчыніла дзверы. Яе дзверы былі якраз напроці маіх. Я падняўся дамоў і ўключыў прайгравальнік. Калонкі глючылі, гукувесь час прападаў, потым з’яўляўся зноў, потым зноў знікаў. Такое ўражанне, што гэта білася нечае сэрца.
Зранку пайшоў дождж. Добра, падумаў я, пайду на рэчку. Я выйшаў на лесвіцу. Яна сядзела пад дзвярыма і круціла ў руках свае акуляры. “Прывітанне”, — сказаў я. Яна паглядзела на мяне з нянавісцю. “Што здарылася?” — спытаўя. “Дзверы знутры зачыніліся, — адказала яна, — а дома нікога няма, сяджу тут ужо паўгадзіны”. — “Паклікаць трэба было”, — сказаў я і прысеў ля замка. За дваццаць хвілін я вынес адкрутку і зламаў дзверы, яна
падзякавала і зачынілася знутры на ланцужок. Я пайшоў дамоў і тою ж самай адкруткай узяўся рамантаваць прайгравальнік. Кружэлкі ляжалі на стале, як неадасланая карэспандэнцыя.
Увечары яна пазваніла ў дзверы. “Прывітанне, можна да цябе?” — “Заходзь”, — абрадаваўся я, хаця чаго радавацца? “У цябе заўсёды гучна грае музыка”, — сказала яна. “Што, выключыць?” — “Ды не, мне ўсё адно”. — “Ты з бацькамі тут жывеш?” — запытаў я. “Я тут не жыву, тут жыве мая бабуля, я яе праведваю. А ты да некага прыехаў?” — “Так, да сябра, ведаеш яго?” — “Ведаю, — сказала яна, — рэдкі мудак”. Унутрана я з ёю не згадзіўся. “Табе падабаецца такая музыка?” — зноў запытала яна. “Так, — адказваю, — падабаецца, але, калі хочаш, магу паставіць нешта іншае”. — “Ды мне ўсё адно, — паўтарыла яна і пацікавілася: — У цябе ёсць віно?” — “Ёсць, толькі кепскае”. — “А што ў цябе наогул ёсць добрага?”
“Гэта “Sticky Fingers”, — загаварыў я да яе, калі віно ўжо канчалася, — я слухаю яго заўсёды, калі ў мяне добры настрой: ад гэтай музыкі мне хочацца плакаць”. — “Угу, — сказала яна, на цябе гэта падобна. У цябе такі голас, што калі я ўпершыню пачула, як ты гаворыш, ты толькі не крыўдуй, падумала, што ты псіх”. — “Гэта ад прастуды, — сказаў я, — я проста прастуджаны. Хочаш яшчэ віна?” Яна кіўнула.
Пасля другое бутэлькі ёй стала блага, яна хутка сп’янела і ўвесь час маўчала, потым сказала, што ёй кепска. Я адвёў яе ў ванную і перакінуў “Sticky Fingers” з боку А на бок В. Праз паўгадзіны я знайшоў яе ў ваннай, яна ўмывалася, была мокрая і змучаная і дазволіла сябе цалаваць.
На ёй была дзіцячая бялізна, белага колеру. Яна доўга не дазваляла з сябе нічога здымаць, разам з тым не адпускаючы мяне ні на міг, нават каб перакінуць кружэлку. “Толькі не канчай у мяне”, — папрасіла яна нарэшце. “Што ты, — сказаў я, — я не магу кончыць пад такую музыку, гэта тое ж, што канчаць пад маміну калыханку”. — “Дурань, — сказала яна. — і не чапай маіх валасоў, — забараніла яна, — і ўвогуле — не чапай мяне”. Яна ўвесь час нешта мне забараняла, трымаючыся за мяне і не адпускаючы ні на міг, нават, курва, каб зноў пераставіць гэтую дзёўбаную кружэлку, гэты ябаны “Sticky Fingers”, з боку А на бок В. Кружэлка даўно дайграла да канца, мая музыка скончылася, якраз гэтага я жадаў найменей, але кружэлка толькі пракручвалася і рыпела на паваротах, намотваючы на свае чорныя вінілавыя дарожкі вакольную цемру, тужліва і манатонна, і я ня вытрымаў і, дацягнуўшыся да прайгравальніка, пацягнуў іголку да сябе. Іголка праехалася паверхняй “Sticky Fingers’a”, глыбока ўдзіраючыся ў яе, ну і, уласна, усё скончылася. Я страціў яшчэ адзін запіс. Зранку яна заснула, але ўсяго толькі на нейкі момант, прачнулася і пачала збіраць свае дзіцячыя рэчы. Акуляры яна надзела на мяне. Свет падаўся мне цёплым і вінілавым.
Потым я адвёў яе дадому, мы йшлі пустымі вуліцамі. Калі паўз нас праязджала выпадковае аўто, яна адступала ў цень. Яна не хацела, каб нас бачылі разам. Мне было сямнаццаць, ёй было чатырнаццаць, яна мне ня верыла, думала, што я яе кіну. Так яно і сталася.
Creedence Clearwater Revival. Up Around The Bend. Нашага сябра Рамана адправілі ў экспедыцыю. Ён быў гісторыкам; раз на год, улетку, яны ўсе ездзілі ў экспедыцыю, жылі ў палявых умовах і намагаліся нешта выкапаць. Зазвычай кіраўніцтва старалася нашага сябра ў экспедыцыю ня браць: ужо ў першыя дні ён выпіваў усе даступныя яму запасы алкаголю і пераходзіў на парфумерыю, але тут справы склаліся зусім кепска — відаць, капаць наогул не было каму — таму яго таксама ўзялі. Ён пазваніў праз тыдзень і папрасіў прыехаць на выхадныя. “Добра, — сказаўя, — чакай нас наўік-энд”. — “Прывязіце чаго-небудзь, — папрасіў ён напрыканцы, хаця б адэкалону”. — “Добра, — сказаўя, — табе якога?” Пра што я, зрэшты, гавару, падумаў я, і на гэтым размова скончылася.