• Газеты, часопісы і г.д.
  • Anarchy in the UKR  Сяргей Жадан

    Anarchy in the UKR

    Сяргей Жадан

    Выдавец: Skaryna Press
    Памер: 214с.
    Лондан 2023
    47.14 МБ
    3 вясны да восені 92-га мы жылі дружнай, вясёлай сям’ёю. Мы ўжо тады выглядалі блага, але нам гэта не замінала. Сярод нас усіх толькі Раман займаў нармальную сацыяльную пазіцыю, іначай кажучы — у яго была дзяўчынка. Дзяўчынка гэтая трапілася нам выпадкова. Яна ў свой час знайшла Рамана недзе ў горадзе, прывезла яго да нас дамоў і засталася з ім. Іх сямейнае жыццё нас нервавала. Асабліва нас нервавала, калі яны пачыналі трахацца — як бы гэта правільна сказаць? — прама ў нас на вачах, мабыць так, ну, менавіта так — прама ў нас на
    вачах, нязмушана і нястомна. Іх каханне было доўгае і сумнае — для нас сумнае, маецца на ўвазе; мы ўсе хацелі дзяўчынку, але яна належала нашаму сябру. Пачалося лета.
    Праз знаёмых гопнікаў я браў спірт. Яны ня мусілі мне памагаць, па вызначэнні, мы не былі сябрамі, але часта камерцыя — першы крок да нармальных чалавечых адносін. Я ім у каторы раз заплаціў і атрымаў тры літровыя бутэлькі чыстага спірту раяль па смешных коштах. Мне заўсёды падабаўся дэмпінг, ён апраўдваў у маіх вачах існаванне капіталістычнай мадэлі як такое, гэта быў якраз такі выпадак.
    Дарога была летняй і вясёлай, усе тры гадзіны ў пустым вагоне, за акном якога з’яўлялася ўсё больш сонца і зеляніны. Мы крычалі і даставалі адно аднаго, разглядвалі размораныя спёкай вакзалы і хадзілі з тамбура ў тамбур у пошуках тытуню і цішы. Дзяўчынка ехала з намі, яна ўсю дарогу маўчала, крыху насцярожана пасміхаючыся, яе мы даставалі найболей. Яна ня вытрымала, дастала з заплечніка плэер і выпала з размовы. “Што ты слухаеш?” — спытаў я, калі ўсе пабеглі па цыгарэты. “Што?” — не пачула яна. “Што ты слухаеш?” — гучна паўтарыў я. Яна зняла навушнікі і надзела іх мне. “Крыдэнс? — запытаў я, — дзе ты ўзяла?” — “У вас знайшла, у нечых джынсах”. — “Ты лазіш па нашых джынсах?” — не паверыў я. “Ну вы ж пастаянна цягаеце маю бялізну”. — “Ладна, не крыўдуй, — прымірэнча сказаў я. — Сумуеш па Раману?” — “Сумую”, — адказала яна. “Ён таксама па табе сумуе”, — запэўніў я і асцярожна пераклаў наверх пакет са спіртам.
    Экспедыцыя была над берагам ракі, бераг рэзка абрываўся, рака ляжала ўнізе, панарама з берага
    адкрывалася сур’ёзная: да далягляду цягнуліся водмелі і розныя затокі, а непасрэдна на даляглядзе стаяла нейкая электрастанцыя. Свяціла сонца, і што найменш хацелася рабіць у гэтым становішчы, дык гэта капаць. Экспедыцыя жыла ў некалькіх драўляных дамках, у цэнтры была кухня, на сасне вісеў рэпрадуктар. Мы знайшлі Рамана. Ён пабачыў сваю дзяўчынку, падышоў да яе і доўга нешта ёй гаварыў. Выглядаў ён стомлена.
    Начальнік экспедыцыі паставіўся да нас насцярожана. “Хто гэта?” — спытаў ён у Рамана. “Mae сябры”, — адказаўтой. “Гісторыкі?” — запытаўначальнік. ‘Тісторыкі”, — запэўнілі мы. “Нумізматы”, — дадаў я для нечага. “Ладна, — начальнік адразу страціў да нас цікавасць і павярнуўся да свайго намесніка: — Ужо палова на першую, я ў горад, давай арганізоўвай абед — і на другую змену”. Ён сеў у службовы аўтобус і з’ехаў. Гісторыкі накрылі стол. Запрасілі нас. Мы дасталі бутэльку спірту і вылілі яе ў кампот.
    На другую змену экспедыцыя ня выйшла. Замест гэтага гісторыкі прынеслі другі рондаль кампоту. Мы, у сваю чаргу, вынялі яшчэ спірту. Недзе а шостай вечара, калі абед набіраў абаротаў, гісторыкі дасталі ровар і паехалі на блізкія хутары па самагон. Іх не было хвілін сорак, усе напружана чакалі, нават выключылі музыку, што ўвесь час грымела ў лясным гушчары, і ўключылі для нечага радыё, быццам па радыё маглі нешта паведаміць аб лёсе нашых сяброў. Роўна праз сорак хвілін пачуліся вясёлыя пералівы роварнага званка — намеснік начальніка сядзеў за рулём і круціў педалі, на багажніку сядзеў заўгас і моцна трымаўу кожнай руцэ па слоіку самагону. Сярод гісторыкаў пачалася эйфарыя, радыё выключылі. У дзевяць вечара з’явіўся ляснік. Яго запрасілі да стала,
    ён падзякаваў, сеў. “Сумныя навіны”, — сказаў ён, перабіваючы п’яныя галасы гісторыкаў. — На суседняй базе гуляюць паляўнічыя”, — гэта прагучала так, быццам на суседняй базе пачалася Вялікая Айчынная вайна. “Яны яшчэ не ў такім стане, як вы, — працягнуў ляснік, выпіўшы, — але сваю справу ведаюць. Ім нехта сказаў, што вы тут, таму чакайце гасцей”. — “У іх што, — спытаў я, — ёсць зброя?” — “He, — адказаў ляснік, — зброі ў іх няма, і гарэлка ў іх канчаецца”. — “Якія ж яны паляўнічыя?” — сказаў нехта. “Яны п’яныя паляўнічыя, — адказаў ляснік, — я так думаю, што іх на нейкі час затрымаюць балоты, там ёсць балоты, а потым ужо самі глядзіце, я вас папярэдзіў”. Мы налілі яму кампоту.
    Яшчэ праз гадзіну, ужо ў цемры, намеснік рашыў зноў ехаць па самагон. Яго доўга адгаворвалі, ён не паслухаў, сеў на ровар, зрабіў кола па лагеры і зваліўся ў раскопкі. Усе кінуліся яго выцягваць. Потым гісторыкі разбрыліся па дамках піць адэкалон, пасярод ночы яшчэ раз прыходзіў ляснік, сказаў, што паляўнічых, відаць, ня будзе — завязлі ў балотах — дастаў яшчэ бутэльку, і мы доўга сядзелі з ім за пустым сталом; у дамках спявалі гісторыкі, над сталом гарэла яркае святло, лес быў цёмны і поўны прывідаў, лета даходзіла да сярэдзіны.
    Пад ранак я пайшоў шукаць ложак. Стаяла ціш. Лагер быў разгромлены, аб кампоце было балюча нават думаць. Я падышоў да найбліжэйшай хаты і заглянуў у акно: на спальніку ляжаў Раман са сваёй дзяўчынкай. Я доўга стаяў ля акна, раптам яна павярнулася і паглядзела на мяне, уважна і засяроджана. Калючая армейская коўдра спадала з яе плеч, але яна нават не прыкрывалася, глядзела на мяне доўга і спакойна — так, быццам бачыла мяне ў сне. У той момант я найболей і хацеў, каб яна
    бачыла мяне ў сне. Раптам паветра пранізаў нечы хрып — я здрыгнуўся: дынамік проста выбухнуў. “Крыдэнс” — адразу пазнаў я. Гэта ж наш “Крыдэнс”, музыка, якую яна выцягнула з нашых кішэняў. Намеснік начальніка прачнуўся і адчайна намагаўся аднавіць стан узнёсласці і эйфарыі, які яшчэ некалькі гадзін таму панаваў у лагеры і які яшчэ і дасюль перапаўняў яго свядомасць і горла. Ён зайшоў у радыёрубку, знайшоў там касету нашай дзяўчынкі і ўрубіў. Зрэшты, у гэтым становішчы ён мог слухаць што заўгодна, але лёс падкінуў яму менавіта “Крыдэнс”; ён дадаў гучнасці і сеў за доўгі пусты стол, што стаяў пасярод лесу, і адзіны, адзіны на ўвесь лес, ну, калі не лічыць мяне і паляўнічых, калі яны, зразумела, выжылі, слухаў гэты дзікі ранішні “Крыдэнс”, які разрываў дынамік і нашы галовы, але ня мог ні да кога, апроч нас з ім, дакрычацца. Зрэшты, як заўсёды — ціша яднае нас усіх, ціша трымае нас разам, і толькі час ад часу, выпадкова, дзікім і хрыплым мужчынскім галасам удаецца вырваць кагосьці з нас вонкі, з колаў, праведзеных для нас смерцю і забыццём, і той з нас, каму ўдаецца хаця б аднойчы з гэтых колаў вырвацца і апынуцца пасярод сляпучага гуку, пасярод крыку смяртэльна параненых, слабых і вечна нечым накачаных мужчын, летнім ранкам, між вільготных дрэў, разумее, як насамрэч шмат значаць яго самотнасць, яго напружаны слых і нераздзеленае каханне. Я дастаў заначаную бутэльку спірту і сеў за стол.
    У гэты час яна адвярнулася ад акна, асцярожна прыбрала руку Рамана, усё яшчэ адчуваючы на сваім целе яе цяпло, загарнулася з галавою ў армейскую коўдру і паспрабавала заснуць. Нават ня ведаю, што ёй снілася.
    5.
    Buddy Guy. Done Got Old. Гэтая гісторыя з радыё, яна не дае мне спакою. Я зноў і зноў вяртаюся да яе. Што ён казаў аб дзейнасці гэтай радыёстанцыі? Ён асабіста кожны год пералічваў грошы на іх рахунак, няшмат, баксаў сто-дзвесце. Колькі іх такіх было — невядомых, якія фінансавалі супольны і адкрыты для ўсіх эфір? Можна прыблізна падлічыць — з ліцэнзіяй, арэндай, падаткамі, тэхнічнымі выдаткамі, — колькі трэба на год для жыццядзейнасці такое станцыі, колькі ў адным месцы мае жыць падпольных і безыменных герояў з бездакорным музычным густам, здольных зразумець, што за ўласную аўдыяпрастору, нават ня так — за ўласную прастору трэба змагацца, яе трэба вырываць з варожых рук, з чужых дынамікаў, за яе трэба башляць, жывымі бабкамі, са сваіх асабістых зберажэнняў, інакш яе абавязкова выкупіць нехта іншы, а ты страціш яшчэ адзін кавалак сваёй тэрыторыі, яшчэ адзін з каналаў, якімі прыходзяць музыка, дым, дождж. Падобная ананімнасць мае ўсе адзнакі царквы, нейкай раннехрысціянскай секты, што функцыянуе на камуністычных пачатках — з поўнай адмовай ад пасрэднікаў, з абвостраным адчуваннем прыналежнасці да ідэальнага радыё, якое фармуецца дзякуючы твайму непасрэднаму ўдзелу, якое дзеля твайго ўдзелу і было прыдумана. Ты плаціш дзвесце баксаў і атрымваеш сваю
    музыку, ты ведаеш, што ў гэтым горадзе, на гэтых вуліцах ёсць дастаткова вялікая колькасць такіх, як ты, ты ня ведаеш асабіста ніводнага з іх, але калі і ў наступным годзе твая станцыя працягвае працаваць, значыць яны і далей застаюцца побач з табою — твае браты і сёстры, якія падтрымваюць цябе ў тваім вялікім процістаянні невядома каму.
    Якім павінна быць ідэальнае радыё? Як любая камуністычная мадэль, як любая структура, звязаная з паняццямі веры і рэлігіі, ідэальнае радыё патрабуе абсалютнай прастаты. Ідэальнае радыё наўрад ці доўга працягне ў густым, набітым камерцыйным попсам эфіры мегаполісаў, усё адно ня ўдасца дамовіцца са спонсарамі, гэтыя фашысты задавяць яго фарматам, адтрахаюць за кожны ўкладзены імі цэнт, так што давядзецца да канца жыцця адпрацоўваць інвестыцыі, якія яны выдзеляць, разумеючы пад камунізмам бясплатныя блокі рэкламы. Ідэальнае радыё наўрад ці зможа доўга пратрымацца за кошт добраахвотных унёскаў, рана ці позна кожная добрая хрысціянская душа губляе астаткі цярпення і самарыцянства і падаецца на лугі, дзе трава больш смарагдавая і сакавітая, а падаткі нізкія і ўрэгуляваныя. Павінен існаваць іншы механізм.
    Калі да мяне прыйдуць неафіты, група неафітаў, не абцяжараных супольнымі абавязкамі і рытуаламі, калі яны да мяне прыйдуць і скажуць — чувак, мы ня можам далей так жыць, трэба нешта мяняць, чувак, давай, напрыклад, зробім ідэальнае радыё, зрабі нам радыё, чувак, мы падтрымаем цябе — я ўчыню прыблізна так: я выведу іх на цалком свабодныя тэрыторыі, я ўпэўнены, што такія тэрыторыі яшчэ існуюць, трэба іх толькі добра
    пашукаць, я буду весці іх сорак гадоў, адсочваючы з дапамогай партатыўнага транзістара на батарэйках, каб яны ўвесь час разумелі, ад чаго менавіта мы ўцякаем, чаго мы разам з імі хочам пазбыцца, і вось калі Госпад замучыцца падаваць нам арыенціры і ратаваць з дапамогай манны нябеснай ды іншай гуманітаркі і вызваліць нарэшце для нас часцінку паветра, калі наш траханы транзістар аднойчы змоўкне, ня могучы злавіць хоць нешта, я скажу — гэта тут, браты і сёстры, мы прыйшлі, распальвайце агонь, даставайце кансервы.