Anarchy in the UKR
Сяргей Жадан
Выдавец: Skaryna Press
Памер: 214с.
Лондан 2023
і мінет у жаночай прыбіральні — ну як зазвычай і водзіцца сярод паганцаў. Я падазраваў, што недзе яно ня ўсё так, як ён апавядае, але што мне было да таго — у нейкі момант нам давялося разам з Немцам перажываць бясконцую зацяжную восень, мы спалі ў партыйным офісе аднае правай партыі, у былым душавым пакоі, месца там было якраз столькі, каб двое брудных тынэйджараў, не здымаючы, ясная рэч, адзення, маглі размясціцца спіна да спіны, локаць да локця — на пакунках з фашысцкай літаратурай, паклаўшы пад голаў свае швэдры, выкінуўшы ў калідор свае чаравікі, бо, па-першае, не было месца, а па-другое — паветра; мы спалі ў душавым пакоі, з вырванымі са сцяны кранамі, з сырымі кафельнымі сценамі, грэючы сваімі целамі вільготныя пачкі газет з надрукаванымі ў іх героямі вермахта. Героі былі халоднымі, фашызм не спадабаўся мне адразу.
Палац піянераў мясціўся зусім побач, як жорсткае абвяржэнне ўсіх нашых дзіцячых уяўленняў пра свет — якраз тады, менавіта тою восенню я пачаў нарэшце разумець, што ніхто, ніхто і ніколі, нідзе і ні пры якіх абставінах мяне не чакае, няма ніякай гавані, будзь я хоць тройчы паганцам, будзь я героем вермахта, ніхто не рыхтуе мне цёплую пасцель, ніхто не глядзіць у акно, шукаючы ў вулічнай цемры мой сілуэт, мне проста няма куды йсці, адзінае, што я напраўду магу ўчыніць — гэта застацца, застацца раз і назаўсёды там, дзе я ёсць, там, дзе мне было так кепска, там, урэшце, дзе я выжыў, ня даўшы сабе здохнуць на шорсткіх, вільготных і чорных ад фарбы пачках з газетамі, што пахлі начнымі страхамі і друкарскім свінцом.
9.
Станцыя метро смерць. “Ведаеш, што гэта?” — спытаў ён, паказваючы на шво ў сцяне. “Што?” — ‘Тэта аварыйныя дзверы, на выпадак бамбардаванняў. Ты ведаеш, што нашы станцыі разлічаны на бамбардаванне?” — “Ну здагадваюся.” — “I ня проста на бамбардаванне, — дадаў ён, — у выпадку атамнага бамбардавання тут таксама можна будзе перасядзець”. — “Ну гэта наўрад ці”, — засумняваўся я. “Можна, — упэўнена сказаў ён, — усе спусцяцца ў падземку, зачыняць за сабою вось гэтыя свінцовыя дзверы і будуць сядзець тут да лепшых часоў”. — “Доўга сядзець давядзецца”, — сказаў я. “Але ў прынцыпе, — згадзіўся ён, — гэта пакідае хаця б нейкую надзею”.
Няцяжка здагадацца, што нашы гарады прыхоўваюць у сваіх улоннях, на сваіх целах безліч дадатковых прылад і рычагоў. Уважна прыглядзеўшыся да знаёмай архітэктуры, ты са здзіўленнем пачынаеш разрозніваць невядомыя табе раней падземныя пераходы ў нечаканых месцах і пажарныя лесвіцы, якія выводзяць на артылерыйскія пляцоўкі. Горад вымушаны ўмець абараняцца, нават у мірных абставінах ён павінен змагацца за ўласнае жыццё, што ўжо казаць аб атамным бамбардаванні. Гэтыя неспадзяваныя веды абтаемныхмеханізмаху гарадскіх камунікацыях надоўга пазбаўляюць спакою і сталых
поглядаў на даўно знаёмыя рэчы. Падземка, доўгая харкаўская падземка, у якой так добра грэцца ў снежні, ужо не здаецца бяспечнай і бесклапотнай; раптоўна на сценах яе станцый праступаюць жахлівыя хірургічныя швы, за якімі хаваюцца аварыйныя дзверы, за якімі чакаюць свайго часу бестыі ў калідорах, інфікаваныя жывёліны і наземныя птахі, якія ўжо даўно ня ўмеюць лётаць дый ня маюць дзе, калі ўжо на тое пайшло.
Hi за што не спушчуся ў падземку ў выпадку бамбардавання: ужо наперад ведаю, чым гэта скончыцца, нічога добрага чакаць тут не выпадае, варта згадаць хаця б берлінскую падземку 45-га, старанна затопленую ўшчэнт разваленым рэжымам. Празмерная, нікому не патрэбная фактурнасць падобных сцэн — аб чым яны думалі, запускаючы ваду ў тунэлі з вагонамі? Адна рэч, калі войска гіне на лініі фронту, — гэтага, прынамсі, варта чакаць адразу, для гэтага і існуе фронт, калі я ўсё правільна разумею. Але насельніцтва на цэнтральных станцыях Берліна — для чаго гэта ім?! Такія рэчы добра здымаць у кіно.
Галоўны герой, набраўшы поўныя лёгкія паветра, нырае ў халодны, напоўнены вадою тунэль, спрабуючы вынырнуць на суседняй станцыі. У дарагім касавым кіно яму б гэта несумненна ўдалося. Ён прабіваецца скрозь чорны, такі бясконцы на першы погляд, тунэль, адштурхоўваючыся ў густой вадзе нагамі. Ён нават не паспеў зняць чаравікі, гэта крыху запавольвае яго заплыў, але ні ў якім разе ня можа яго спыніць; ён праплывае паўз пустыя вагоны, зазірае ў вокны, разглядвае на сценах схему ліній метро, каб ня збіцца, чаго добрага, у гэтыхледзяных падземных водах і не запароць бюджэт фільма. Зрэшты,
калі паветра канчаецца, ён заўважае далёка наперадзе, за спінамі траскі і зялёнымі водарасцямі, агні наступнай станцыі, яшчэ не да канца затопленай фашыстамі, і выстрэльвае сваім целам з глыбі прама на платформу, ратуючыся ад смерці ў цёмнай халоднай вадзе падземкі. Штопраўда, гэтая станцыя таксама хутка мела напоўніцца вадою.
I ўрэшце, колькі ні нырай, колькі ні прабівайся, колькі ні адпіхвай ад сябе круглыя марскія міны з чорнымі шыпамі, яны ўсё адно зацягнуць цябе на самае дно, дзе няма святла і жыцця, дзе ляжаць халодныя камяні і куды апускаюцца жалезабетонныя абломкі афармлення станцый метрапалітэна і кавалкі чорных крэйсераў, падбітых у гэтых небяспечных мутных водах. Калі ты ўжо спускаешся ўніз, становішся на эскалатар, маючы на мэце перачакаць тут, на глыбі, кепскія часы, падумай аб іншых варыянтах: магчыма, ле зей было б застацца на паверхні, запісацца ў пажарную каманду, атрымаць апрацаваны адмысловым росчынам касцюм і дзяжурыць на даху найвышэйшага ў горадзе будынка, вылоўліваючы запальныя бомбы і гасячы іх у вёдрах з бруднай вадою. Магчыма, варта было б застацца там, пад адкрытым небам, стаяць на пажарнай лесвіды, углядацца ў напоўненае цмокамі неба і абараняць гд акупацыі свой асабісты даўн таўн.
Немагчыма ўратавацца ў цемры, ратавацца трэба бліжэй да святла, да свежага паветра і зялёнай травы. Пасярод зялёнай травы ратавацца наогул адно задавальненне, гэта табе не катакомбы пасярод горада, з галерэямі і доўгімі пераходамі ад аднае станцыі да іншай. На першы погляд, яна сапраўды ўтульная, гэтая падземка, прахалодная ўлетку і цёплая ўвосень, удзень заўсёды
напоўненая людзьмі, уночы тут нікога няма, толькі ходзяць прыбіральнікі ў брызентавых фартухах і доўгімі шлангамі змываюць з прыступак лісце руж і свежую кроў. Калі выходзіш з апошняга цягніка і падымаешся ўгору, брудныя плыні гэтай вады бягуць табе пад ногі, быццам там, наверсе, пачаўся цёплы травеньскі дождж, такі бурлівы, што каналізацыя не паспявае ўвабраць у сябе такую колькасць вільгаці, забіваецца сцяблінамі руж, рэкламнымі ўлёткамі і размоклай салодкай ватай. Вада падымаецца, заліваючы ходнікі і плошчу, і ўрэшце абрушваецца ў метрапалітэн. Спачатку нетрывалымі чорнымі ручайкамі, якія абрываюцца на паўдарозе. Потым болып упэўненымі хвалямі, змываючы ўнізе, у пераходзе, латкі з прэсай, потым суцэльнай крышталёвай плынню запаўняючы пустоты метрапалітэна, як ртуць запаўняе градуснікі.
Мне заўсёды здавалася, што падземка мае здольнасць убіраць у сябе цені і галасы, постаці і жыцці, яна адкрытая для гэтага. Аднойчы, зайшоўшы сюды, спусціўшыся на самае дно, ты ўжо ня зможаш вярнуцца вонкі, ты згубішся на адным з перагонаў, так і не даехаўшы да патрэбнай табе станцыі. Я нават думаю, што там яны ўсе і знаходзяцца — усе, хто раптоўна знік з гэтага жыцця, выпаў з яго неспадзявана і незаканамерна, падземка хавае ў сабе іх усіх да лепшых часоў, да патрэбнага моманту, калі яны ўрэшце наважацца вярнуцца назад, на паверхню, у свой чырвоны даўн таўн, у якім яны аднойчы не змаглі выжыць.
Працяг гэтага жыцця цалком можа адбывацца ў вагонах метрапалітэна, на станцыях і пераходах. Шторанку спускаючыся пад зямлю, праходзячы пад браму, на якой у свой час вісела вялікая металёвая галава Фелікса,
ты нават ня ведаеш, з кім табе даводзіцца ехаць у адным кірунку, больш таго — нават не здагадваешся, што кірункі ў вас розныя, нягледзячы на тое што вы едзеце ў адных вагонах. Свет мёртвых дыхае адным з табою паветрам, не ўдавай, што ты гэтага не заўважаеш, гэта толькі справа часу, аднойчы ты прыйдзеш сюды і табе ахвотна саступяць месца, ты нават не заўважыш, як гэта адбудзецца, проста ўвойдзеш сюды і застанешся да лепшых часоў.
Кожнае шво ў сцяне, кожны знак, выведзены на пажарных кранах і каналізацыйных люках, кожная абвестка, якая лунае пад высокімі скляпеннямі станцыі “Універсітэт”, напоўнены звесткамі аб іх перамяшчэннях тваімі маршрутамі. Вашы маршруты ўвесь час перасякаюцца, да таго ж перасякаюцца яны ў найбольш спакойных і людных месцах, якраз дзесьці тут, у раёне плошчы, дзе шмат сонца і паветра, дзе ўсе вы перасякаліся пры жыцці, таму натуральна перасякацца тут і пасля смерці, тым болей, што асаблівай розніцы, як аказваецца, няма — для ўсіх вас: і тых хто сышоў, і тых хто застаўся, існуе адзіны метрапалітэн, з трыма лініямі руху, з некалькімі дзясяткамі прыпынкаў, з пераходамі і падземнымі дэпо, з адзінай сістэмай пропуску, якое немагчыма пазбегнуць, як ні старайся.
Я магу сабе ўявіць, як яны вернуцца. Гэта адбудзецца, хутчэй за ўсё, улетку, найверагодней у жніўні, так — у канцы жніўня, сухім і сонечным ранкам, а палове шостай, з першым цягніком, дзверы адчыняцца, і адтуль пачнуць выходзіць усе — усе, каго ты помніш і каго ўжо паспеў забыць, усе, каго табе не хапала і чыйго з’яўлення ты так баяўся, з кім ты час ад часу перасякаўся там, унізе, нават не здагадваючыся, што яны, у адрозненне
ад цябе, там і застаюцца. Яны будуць выходзіць у цёплае жнівеньскае паветра, у свежы харкаўскі ранак, у доўгае размеранае жыццё, напаўняючы яго сваімі галасамі, сваім дыханнем, сваёй прысутнасцю, сваёй смерцю.
10
Паўднёвы бок поўначы. Цэнтральны ўваход чыгуначнага вакзала, лесвіцы з калонамі, традыцыйнае месца сустрэчы вясёлых і адважных вандроўнікаў, якія дамаўляюцца сустрэцца тут, каб не блукаць заламі чакання ці бясконцымі доўгімі перонамі гэтага магутнага чыгуначнага вузла. Вясёлыя твары турыстаў, суворыя поціскі мужчынскіх далоняў, радасныя жаночыя галасы, заплечнікі і спальнікі, нарэшце ўсе збіраюцца, дружна пасмейваюцца з таго, хто спазніўся, кампанія закідвае на плечы заплечнікі і, прайшоўшы праз залу, выходзіць на першую платформу, знаходзіць свае месцы, цягнік няспешна кратаецца, пакідаючы на пероне ўзбуджальны пах падарожжа, небяспекі і адвагі. Цягнік знікае за далёкімі семафорамі, але жыццё вакзала не замірае ні на секунду, ён і далей працуе на поўную моц, дыхаючы ва ўнісон з сотнямі працоўных дыханняў, дыханняў рабочых сталёвых магістраляў, якія забяспечваюць зладжаны і бесперабойны рытм жыцця чыгункі, забяспечваюць доўгае бесклапотнае падарожжа ўсіх вясёлых вандроўнікаў гэтай краіны. Чырвонае сонца пералятае цераз будынак вакзала, дваровым футбольным мячом скача па платформах і, супакоіўшыся, выкочваецца некуды на захад.