Anarchy in the UKR
Сяргей Жадан
Выдавец: Skaryna Press
Памер: 214с.
Лондан 2023
Падлеткам я праводзіў тут цэлыя гадзіны; крама грамкружэлак, размешчаная ў падвалах толькі што збудаванага тэатра оперы і балета, была тым месцам, дзе я з радасцю згадзіўся б памерці — прама пасярод дыскаў, якія ня мог купіць сабе з фінансавых прычын. У нейкай ступені гэта адбілася на маім далейшым стаўленні да
оперы, з балетам уключна. Усе мае зацікаўленні ў гэтым кірунку абмежаваліся вакольнымі падваламі, запоўненымі тысячамі новых кружэлак; і які пасля гэтага мог быць балет? Мне здавалася, што я ведаю аб вініле ўсё, хаця я ня ведаў нічога — мае веды падмяняліся маёй любоўю, маёй зацятасцю, а гэтага, як аказалася, надоўга не хапае.
Але вось у маім даўн таўне выпадковых будынін няма, нехта іх падбіраў старанна і рупліва, так, каб з кожнай з іх было звязана безліч гісторый і выпадкаў, і паспрабуй цяпер выдзеліць адсюль хоць адзін з аб’ектаў — агульная карціна рассыплецца, дзіры будуць зеўраць у паветры, расцярушваючы вакол пустэчу. Дзень у дзень бачыць тыя ж будынкі, заходзіць унутр, доўга імі блукаць, паступова вывучаючы іх начынне, звыкаючы да вышыні і цемнаты калідораў, да цяжкага скрыпу ўваходных дзвярэй, да аканіц і разетак у сценах, да лавак у калідорах і дываноў на лесвіцах, — мой даўн таўн значыць для мяне значна болей, чым можна дапусціць, я ведаю аб гэтых будынках усё, ва ўсякім разе — усё, што мне трэба.
Скажам, опера, аблепленая кавярнямі і крамамі, кінатэатрам і касамі, з пляцоўкай, на якой скейтбордары стаяць на сваіх дошках, нібы алавяныя салдацікі на падстаўках, а старыя тарчкі прадаюць самапальныя касеты. Успаміны, якія выклікае ў мяне опера, асабліва сумныя і лірычныя; ясная рэч, што гэта не датычыць музыкі, — пры чым тут музыка? — ідзецца аб рэчах інтымнейшых. Скажам, мае сябры. Сярод маіх сяброў традыцыйна не было прыхільнікаў балета, думаю, нават ня варта паясняць чаму. Балет яны не глядзелі нават па тэлевізары, па-першае, таму што па тэлевізары балет, як правіла, не
паказваюць, а па-другое — адкуль у іх тэлевізар? Справа зразумелая, і каментары тут залішнія. Але нават пры гэтай нелюбові, нелюбові гэтай, трэба заўважыць, калі і не прынцыповай, то ва ўсякім разе паслядоўнай, мела месца адна гісторыя, непасрэдна датычная балету. Аднойчы, годзе так у 92-м, максімум — у 93-м, цяпер нават не прыгадаю, мы з сябрамі мелі адбыць калектыўны паход у балет. У рамках, здаецца, месячніка эстэтычнага выхавання, ці нечага такога. Буфетам справа абмежавацца не магла: на ўваходзе быў фэйс-кантроль, да нас, улічваючы ровень нашага эстэтычнага выхавання, увага была асаблівая. Трэба было ісці. Але, відаць, з прычыны ўнутранага супраціву, паход здаваўся нам недарэчным. Да балета мы былі негатовы. Мы сядзелі ў піўбары на праспекце Свобады (з націскам на першым складзе, менавіта на першым складзе — да свабоды як філасофскага паняцця гэта ня мела ніякіх адносін, ішлося аб чэхаславацкім генерале, па-мойму, генерале, у любым выпадку справы гэта не датычыць) і вагаліся — нас пазбаўлялі выбару. Ніхто не пытаў нас аб нашым стаўленні да месячніка эстэтычнага выхавання, і цалком дарэмна, бо да чаго мы мелі дакладнае і прынцыповае стаўленне — дык гэта да месячніка эстэтычнага выхавання, але нас заціснулі ў кут і трымалі пад прыцэлам. Згадзіцеся, у васямнаццацігадовым веку асабліва абразліва адчуваць сябе шчуром, прыціснутым да сцяны. Тым больш, калі ты трэцюю гадзіну запар сядзіш у піўбары на праспекце Свобады, і хай гэта ня мае ніякіх адносін да свабоды як філасофскай катэгорыі — усё адно абразліва. Заставалася паўгадзіны. Канфармізм у чарговы раз перамог, мы рашылі ехаць. Але гэта так проста сказаць — рашылі ехаць. Ня так ужо і лёгка было ў нашым стане сабрацца, выйсці з
піўбара і злавіць таксоўку, ня так ужо і проста было нам у тым роспачным стане дамовіцца з кіроўцам, болып таго — ня такужо і проста было наогул паясніць яму, куды мы едзем. Але дэталі зніклі ў падвалінах памяці, а сутнасць засталася на паверхні: мы даехалі, спазніўшыся ўсяго на дзесяць хвілін, справы нашы йшлі ўсё лепей. Але марна, марна думаць, што якая-кольвек, нават найменшая праява тваёй прадажнасці міне дарам і ня будзе табе залічана арбітрамі матчу! Толькі ня ў гэтым жыцці. Бо ў гэтым жыцці плаціць трэба за ўсё, асабліва за канфармізм. Бо ў гэтым жыцці між балетам і свабодай заўсёды трэба выбіраць свабоду, нават калі гэта чэхаславацкі генерал.
У залу нас не ўпусцілі, перадусім з-за нашага сябра Ігарка. Мы ўсе выглядалі не найлепшым чынам, але нам былі гатовы гэта прабачыць; хаця б з увагі на месячнік эстэтычнага выхавання яны маглі заплюшчыць вочы на нашы зарыганыя джынсы і залітыя півам красоўкі. Але наш сябар Ігарок, той, якога мы збіраліся везці ў багажніку таксоўкі, той, якога мы ў таксоўцы спярша забылі, той, зрэшты, які йшоў наперадзе ўсіх — у доўгім скураным плашчы, пад якім была толькі старая белая майка, надзетая навыварат, — гэты бар’ер яму ня даўся. Яшчэ калі б яго майка, гэтая яго старая-добрая белая майка, не была надзета навыварат, або ня гэты яго дурацкі плашч, які ён не хацеў пакідаць у гардэробе, паколькі баяўся, што яго ўкрадуць, нам бы маглі ўсё прабачыць і прапусціць на балет, ратуючы такім чынам смяртэльна безнадзейную сітуацыю з нашым эстэтычным выхаваннем, калі ж бы тое было так. Але ўсё было проці нас: майка была надзета навыварат, плашч здымаць наш сябар наадрэз адмовіўся, нас выкінулі, нават не праверыўшы квіткоў. Мы асуджана ішлі на выхад. “Што, мальчыкі,
ужэ?” — шчыра здзівіліся цёткі ў гардэробе. I тут ён, наш сябар, лёгкім рухам заправіў сваю майку ў джынсы, зашпіліў плашч на верхні гузік, і неахайна так кінуў: “Ня мой стыль”. Думаю, цёткі пасля гэтага мелі павесіцца на фанерных дэкарацыях.
Чамусьці якраз летась даводзілася бачыць усе гэтыя будынкі ў нязвыклых ракурсах, асабліва блізка падыходзіць да іх, прарывацца ўнутр, упрытул разглядваць фарбу на сценах. Ніколі да таго я не праводзіў ля іх столькі часу, ніколі да таго яны не былі такімі цёмнымі і пустымі. Нават опера была цёмнай і пустою, тут болей не прадавалі касет з ролінгамі, не было ніякага вінілу, усё гэта засталося недзе там — у 92-93-м. Тут было цалком іншае жыццё, ня менш цікавае, дарэчы, чым тое, папярэдняе, але ўсё адно іншае. Ва ўсякім разе, зіма ў ім была халоднай, а паветра — разрэджаным.
Мы йшлі ў гэтым паветры, уночы, чалавек трыццаць — сорак, і залеплівалі пляцоўку перад операй агітацыяй. Мы ляпілі яе куды толькі маглі, пераклікваючыся ў цемры. Раптам спераду з’явілася міліцыя і рушыла на нас. Намагаючыся трымацца разам, мы пачалі адступаць, яны йшлі за намі, вытрымваючы дыстанцыю і зрываючы ўсё, што мы перад гэтым наляпілі. Гэта была нават не дыстанцыя, гэта была фора, тыя пяцьдзясят метраў, якія заўсёды стараешся трымаць пра запас. У нас яны былі, у іх — не. Ім, я думаю, было горай.
7.
Вільготнае цела ўлады. Заходзіш з бакавое вулачкі, мінаеш кпп, мянту на вахце гаворыш, скажам, што ты кур’ер, толькі не наркакур’ер, што ты курер і прынёс карэспандэнцыю, або што ты прынёс піцу, або прыдумляеш нешта больш рызыкоўнае — скажам, што ты ў камітэт па працы з рэлігійнымі грамадамі. Ім, як правіла, усё адно, пытаюць яны хутчэй для парадку, хаця які тут парадак? Далей выклікаеш ліфт, спакойна, галоўнае — спакойна і бяз панікі чакаеш, пакуль за табою аўтаматычна зачыняцца дзверы, і ўсё — маеш зусім няшмат часу, каб вызначыцца з канцавым прыпынкам, маеш усяго некалькі хвілін, каб зарыентавацца ў гэтых глухіх калідорах і ў нумарацыі кабінетаў. Прынамсі ў найбліжэйшыя паўгадзіны шукаць цябе ніхто ня будзе. I калі ты толькі сам сябе не папаліш, не адкрыешся раней, чым трэба, тады ўсё будзе добра.
Калідорамі ўлады ходзяць, як правіла, упэўненыя ў сабе людзі, іх загартоўвае гэтая неабходнасць штодзённай хады па пафасных калідорах, засланых таннымі дыванамі, яны сабе думаюць — як усё-ткі здорава ўсё склалася, як правільна: улада, пра якую пішуць у газетах і паказваюць па tv, улада, за якую змагаюцца і паміраюць, ляжыць у гэты самы час у суседніх кабінетах, вось за гэтымі дзвярыма, якія я, адзін з нямногіх, магу лёгка
адчыніць. Калідоры ўлады выклікаюць у наведнікаў нездаровае пачуццё паслужлівасці. Гэта мы з сябрамі пралазілі ў мясцовы буфет, маючы па сямнаццаць гадоў і называючыся ку’ерамі, прапаўзалі ў тады яшчэ даволі прыстойную постпартыйную, галоўнае танную, сталовую, для большасці ж наведнікаў гэтыя калідоры напоўнены сакральным духам адміністратыўнага падпарадкавання і бюджэтнай залежнасці. Бюджэт, нібы грыбок, раз’ядае скуру між пальцамі грамадзян, прымушае іх нервавацца і плакацца клеркам, якія ў гэты час непарушна глядзяць наведнікам у вочы, хаваючы рукі пад стол. Усе яны павязаныя, усе яны трымаюцца адзін за аднаго, ім патрэбна гэтая гульня ва ўладную вертыкаль, з яе бюджэтным напаўненнем і камунальнымі службамі. Наведнікам патрэбна адчуванне сістэмы, адчуванне пальцаў на сваім горле, ім заўсёды зручней выпаражняцца ў грамадскіх прыбіральнях у нечай прысутнасці, у іх ад гэтага лепей працуе страўнік. Клеркам жа неабходны штодзённы падмацунак страўнікавымі сокамі электарату, падключэнне да яго нервовай сістэмы. Клеркі, нібы палявыя грызуны, рыюць свае кіламетровыя норы на сонечных угоддзях матэрыяльнага забеспячэння і сацыяльных гарантый, паглядзі ўважна — за тваёй спінай заўсёды стаіць клерк і толькі і чакае зручнага моманту, каб залезці да цябе ў кішэнь і выцягнуць адтуль усе медзякі, фісташкі і ключы ад паштовай скрыні, усе прэзерватывы і візітныя карткі тваіх дылераў, усё, што ты месяцамі цягаеш у беспамерных і безабаронных кішэнях свайго паліто, — клерку падыдзе ўсё што заўгодна, яго пацучыная натура патрабуе ня столькі матэрыяльнай кампенсацыі за сваё кругласуткавае паляванне на твае кішэні, колькі простай маральнай сатысфакцыі, клерку
трэба вытрасці з цябе тваё ўнутранае жыццё, нібы кішкі з рыбы, вытрасці і напіхаць унутр, нібы лісты капусты, позвы і фармуляры, бюлетэні і даведкі, прэс-рэлізы і тэлефонныя рахункі, каб ты паспрабаваў гэта ўсё ператравіць і ня змог, здохшы ў калідорах улады ад завароту кішак.
Часта яны выходзяць з аднаго і таго ж пад’езда, а восьмай ранку, яны жывуць зусім побач. Уся гэтая адпрэчанасйь улады ад насельніцтва, яна ілюзорная, яна знікае, як толькі канчаецца васьмігадзінны працоўны дзень клерка і як толькі наведнік выходзіць на свежае паветра. Тут яны ў роўных умовах і ня маюць патрэбы гуляць у гэтыя дзіцячыя гульні. Жыццё жорсткае да клеркаў, яно б’е імі па сценах будынкаў, як бамбукавымі кіямі, і прыціскае ногцем да паркету; да наведнікаў яно, дарэчы, таксама ня надта лаяльнае, з наведнікамі ў яго стасункі, магчыма, яшчэ горшыя: наведнікі ня маюць абароны ад жыцця нідзе, нават у калідорах улады, больш таго — тут яны абароны ад яго нават не шукаюць, традыцыйна абмяжоўваючыся пытаннямі матэрыяльнага забеспячэння ды сацыяльных гарантый.