Anarchy in the UKR
Сяргей Жадан
Выдавец: Skaryna Press
Памер: 214с.
Лондан 2023
ў калідорах пашматаныя і перамазаныя макаронамі партрэты прэзідэнта. Уваход на чацвёртым паверсе перакрыты. “Беркут” намагаецца выкарыстаць “Чаромху”, але ў калідорах універсітэта кепская выцяжка, паколькі рэктар эканоміў ня толькі на макаронах, і газам труцяцца самі “беркутаўцы”. Гэта дае страйкаму магчымасць выйграць нейкі час. Студэнты захопліваюць апошнія некранутыя буфеты на верхніх паверхах і ўрываюцца ў вялікую фізічную аўдыторыю, пасля чаго адчыняюць вокны і выкідваюць уніз партрэты Лабачэўскага і, дзеля эфекту, старыя тэлевізары, якія ўжо даўно не працуюць. Разбіваючыся, тэлевізары выбухаюць, нібы падводныя міны. Тым часам па горадзе паўзуць чуткі аб нечуванай па сваёй зухаватасці і грамадзянскай мужнасці студэнцкай акцыі. Каля шостай вечара, адразу пасля цяжкага дзесяцігадзіннага працоўнага дня, пад універсітэт сцягваюцца левыя актывісты з Кіеўскага і Маскоўскага раёнаў, бачаць пад універсітэтам пабітых ахоўнікаў і патручаных “беркутаўцаў” і пачынаюць міжсобку братацца. Урэшце пабітым ахоўнікам у гэтай сітуацыі не застаецца нічога іншага, як таксама пачаць з усімі братацца. Дэмаралізаваны і пазбаўлены апошняй падтрымкі рэктар ідзе на саступкі і падпісвае шэраг загадаў і дэкрэтаў, акрамя ўсяго іншага — дэкрэт аб уласным звальненні. Студэнтам прапануюць спусціцца ўніз, але яны не спяшаюцца, наладжваючы ў памяшканні вялікай фізічнай аўдыторыі кругласуткавую трансавую паты ў гонар агульнай перамогі.
23 лістапада таго года дзверы ўніверсітэта былі зачынены знутры. Ніхто нікога не выпускаў. Ды ніхто нікуды і ня рваўся.
5.
Шэва паказвае капіталізму фак. Чым харкаўскі Шэва адрозніваецца ад рэшты Шэў, густа ўстаноўленых па гарадах і сёлах Украіны? Харкаўскі Шэва пазітыўна адрозніваецца пісьменна падабраным сацыяльным кантэкстам. У адрозненне, скажам, ад панурага кіеўскага, у якога перад вачыма маячыць чырвоная сцяна ўніверсітэта, ці ад кіслотнага львоўскага з рыбіным хвастом, наш Шэва настолькі арганічна аблеплены рознымі дэкласаванымі элементамі, што адразу разумееш увесь той канцэпт, які скульптары ўкладвалі ў магутны торс Тараса Рыгоравіча, — калі ўжо казаць пра Шаўчэнку як пра паэта-дэмакрата, паэта-рэвалюцыянера, то і фонутакім выпадку павінен быць адпаведным. То-бок рэвалюцыйным. А які рэвалюцыйны фон можа ствараць рыбін хвост? Ніякага, калі гаворка, вядома ж, не аб сексуальнай рэвалюцыі. Аднак калі гаворка аб рэвалюцыі сацыяльнай, то да ў любым выпадку нейтральнай постаці паэта, як ні дзіўна, найбольш пасуюць менавіта такія дзіўныя і недарэчныя, на першы погляд, персанажы. Усе гэтыя чырвонаармейцы і камсамолкі, якія з усіх бакоў абступілі яго і ад якіх ён адштурхоўваецца, рэзка паварочваючы сваё накачанае рэвалюцыйнае тулава і робячы даволі-такі празрысты жэст рукою — такое ўражанне, што зараз ён горда выкіне ўперад руку з моцна сціснутым кулаком
і ўдарыць рабром далоні па рукаве: “Вось вам, трымайце, за ўсіх чырвонаармейцаў і камсамолак гэтага вялікага горада, атрымайце мой асабісты запавет, мой палкі непераможны фак, а ўсё іншае вам скажуць мае сябры, — усё, — звяртаецца ён да чырвонаармейца з бомбай, — я скончыў, можаш кідаць”. Ты ніколі ня можаш прадбачыць, хто апынецца поруч з табою ў адказны момант, якая публіка зрэагуе на твае рыфмаваныя заклікі да звяржэння рэжыму. Чырвонаармейцы і камсамолкі выглядаюць вакол яго цалком натуральна; ва ўсякім разе, ты не пытаешся, з якога тома поўнага збору твораў яны туды выдзерліся, там ім і месца — дэкласаваным і агрэсіўным. Бо каго ж ім яшчэ падтрымваць, як ня Шэву, — самі падумайце!
У свой час, у далёкім 1919-м годзе горад захапілі анархісты, на нейкі час, пакуль не прыйшлі чырвоныя. Пераказваюць, нібыта яны паставілі ў гатэлі “Асторыя” гармату і пачалі экзальтавана бамбіць вакольныя кварталы. I вось гісторыя з гэтай самай гарматай здаецца мне значна больш прывабнай, чым усе пацыфісцкія карагоды вакол помніка ільічу. Калі ўжо назваўся рэвалюцыянерам, ну дык давай — выкочвай сваю гармату і пуляй, нават калі асабліва няма па кім, усё адно — галоўнае, што ты перастаеш забаўляцца і пачынаеш рабіць рэчы, за якія потым сапраўды давядзецца адказваць.
Вулічныя акцыі ў любым выпадку прывабліваюць публіку неўраўнаважаную, якая выпаўзае на гукі рэвалюцыйных барабанаў, на пах адрэналіну, і ператварае любую пафасную, спланаваную ў штабах забаву ў суцэльны цырк, у стракатае касцюмаванае шэсце, у хіт-парад вулічнай неўраўнаважанасці; хто будзе страляць па дэманстрацыі, якая складаецца з блазнаў і юродзівых — яркіх і фарбаваных? Ясная рэч, у натоўпе іх толькі
адзінкі, але гэта самыя яркія адзінкі, якраз яны і задаюць настрой усяму, што адбываецца. Адметна, што першымі яны і знікаюць. Дарэчы, вось таксама цікавая тэма — як на іх разбітай, нібы стары магнітафон, псіхіцы адбіваюцца рэвалюцыйныя падзеі, ці змяняюць яны іх, і калі змяняюць — то ў які бок?
Дзіўныя і неспакойныя людзі прыязджалі ў горад адусюль, хадзілі вуліцамі, было бачна, што звычайнае цывільнае жыццё не для іх, што яно іх гняце і пазбаўляе энергіі, ім чым болей побытавай істэрыі, тым зручней; гэта быў іх час, яны чакалі яго ўсё сваё жыццё. Заставалася толькі за іх парадавацца.
Ён з’явіўся сонечным ранкам, выйшаў аднекуль з-за будыніны гатэля і, шырока пасміхаючыся, накіраваўся проста да нас. Яго было бачна здалёк, ён быў падобны на панка, якога доўга лячылі, прычым стацыянарна, а тое, што на ім была рыза, толькі падкрэслівала яго панкаўскую натуру, ва ўсякім разе, святара ён не нагадваў зусім — магчыма, з-за выразу твару. 3 абліччам яму не пашчасціла: ён моцна касіў, да таго ж адзін вус быў цалком белы. Такі сабе панк-альбінос у папоўскай рызе. Вакол яго адразу ж пачалі збірацца людзі: нават у гэтай сітуацыі, калі ўжо нікога немагчыма было здзівіць вонкавым выглядам, ён выклікаў ажыўленае зацікаўленне ў харкавян і гасцей горада. “Ты адкуль?” — запытаў я яго. “3 Расеі”, — адказаў ён і пасміхнуўся. “Ага, — кажу, — маскоўскі патрыярхат?” — “Ды якая розніца, — адказаў ён, — я сагл па сабе”. — “Ну, ясна, — кажу, — толькі без агітацыі тут”. I ён застаўся.
Пачуваўся ён упэўнена і спакойна, збіраў вакол сябе скінхэдаў і талкіеністаў, бамжоў і правакатараў
і прапаведаваў ім, як Ёна рыбам. Бамжы і правакатары слухалі яго, заварожана дыхаючы жабрамі. Хадзіў ён у суправаджэнні некалысіх самых фанатычных талкіеністаў. Па-мойму, яны яго нечым накачвалі, ва ўсякім разе настрой у іх усіх быў прыўзняты. Агітацыяй ён і сапраўды не займаўся, сноўдаючы ў сініх гарадскіх прыцемках і пакручваючы свой белы вус.
Неспадзявана ён знік. Я доўга дапытваўся ў яго паслядоўнікаў, дзе гэта, маўляў, ваш гуру, чаму больш не прапаведуе птахам і рыбам, але яны толькі ніякавата пасміхаліся і адводзілі вочы. Урэшце нехта з іх раскалоўся. Гісторыя аказалася хутчэй трагічнай, чым павучальнай. Аказваецца, аднойчы, проста пасярод чарговага сеанса па загатоўцы юных, несапсутых душ, стары альбінос неспадзявана адчуў патрэбу, я б яе назваў вялікай у прамым сэнсе гэтага слова. Ён быў немясцовы, таму нават не ўяўляў, дзе гэтую патрэбу можна справіць. Думкі паствы разышліся: адны прапанавалі весці гуруўплатную прыбіральню за аддзяленнем міліцыі, іншыя казалі, што гэтае аддзяленне яшчэ трэба будзе прайсці, таму лепей не рызыкаваць ды йсці ў палац піянераў. Параіўшыся, грамада рушыла. Але аказалася, што палац піянераў у гэтыя трывожныя дні абвясціў сябе тэрыторыяй міру і нікога з майдана не пускаў. Гуру занерваваўся, паства канчаткова раскалолася: той, хто першы прапанаваў ісці ў палац піянераў, быў зняслаўлены і выгнаны. Гуру спрабаваў заклікаць да сумлення сваіх адэптаў, тыя, пачынаючы злавацца, яшчэ раз параіліся і павялі яго ў гатэль “Харкаў”, дзе на чацвёртым паверсе ў канцы калідора ёсць бясплатныя кабіны, але аб гэтым трэба ведаць. Яны аб гэтым ведалі. Але ня ведалі таго, што якраз з гадзіны да дзвюх па абедзе кабіны гэтыя зачынены на санітарныя
работы. Гуру мужна трымаўся, як і належыць прыстойнаму пастыру. Відаць, гэта быў проста не яго дзень. Знерваваныя адэпты перашыхтаваліся па новай і рашылі прабівацца-такі за аддзяленне міліцыі — не пакідаць жа гуру ў такім стане, думалі яны. He пакідаць, не пакідаць — у думках згаджаўся з імі гуру. Яны пайшлі да ліфта. Доўга яго чакалі. Доўга ў яго ўціскаліся. Урэшце нехта націснуў на патрэбную кнопку, і ліфт рушыў.
Гуру датрымаўся да другога паверха. У той міг, калі ліфт прамінуў другі паверх і хвіліна аблягчэння няўмольна набліжалася, сіла духу адступіла ад яго, і ён зазнаў ці не найбольшае маральнае фіяска ў сваім жыцці. Я ўжо не кажу пра фіяска фізіялагічнае. Калі ліфт даехаў да першага паверха, паслядоўнікаў у яго ўжо не было. Ліфтам, пасля гэтага, дарэчы, доўга ніхто не карыстаўся.
Якя і казаў — гісторыя гэтая хутчэй трагічная, чым павучальная. Бо што можна вынесці з такіх гісторый? Што з іх выносяць самі галоўныя героі? Хваля спадае, колы разыходзяцца, героі вулічнага руху залазяць у свае ўкрыцці, чакаючы наступнай нагоды выплюхнуць з сябе жоўць і святочны рэвалюцыйны мул. Гуру-альбінос вярнуўся кудысьці ў паўночныя лясныя манастыры і доўгімі зімовымі вечарамі апавядае скептычна настроеным братам аб дзіўным паўднёвым горадзе, дзе па святочным майдане за ім хадзіла стракатая чарада юных адэптаў, дзе ліфты ў гатэлях павольныя, як смерць на крыжы, дзе проста пасярод горада стаіць суворы засяроджаны Шэва і паказвае сусветнаму капіталізму жорсткі пралетарскі фак.
6.
Ролінг стоўнз для бедных. Я ведаю пра вініл усё. 3 нарэзанымі на ім трэкамі, запакаваны ў канверты, некрануты, нібы заснежанае поле, поўнае чорнага даўкага снегу, вініл пахне агнём і жалезам, сінтэтыкай і хіміяй: калі вымаеш дыск, спачатку з вонкавага кардоннага канверта, потым з унутранага, асцярожна бярэш яго і глядзіш на святло, бачна, як асядае на яго крохкую паверхню пыл, як перабягае тонкімі канаўкамі сонца, так, быццам атлеты бягуць па коле ўздоўж чатырох бегавых дарожак стадыёна, што ня маюць ні пачатку, ні, адпаведна, канца. Награваючыся, вініл дэфармуецца і губляе сваю пругкасць, любы востры прадмет пакідае на ім глыбокія сляды, нібы на вяршковым масле, ён б’ецца, нібы посуд, рассыпаны на кухні рэстарана. Трапляючы ў агонь, вініл цягнецца і выядае ўсё жывое, бы разлітая з танкераў нафта, з яго ідзе чорны густы дым, ён пахне хімічным распадам. Смерць вінілу жорсткая, жыццё вінілу лёгкае.