Anarchy in the UKR
Сяргей Жадан
Выдавец: Skaryna Press
Памер: 214с.
Лондан 2023
Фактычна, інвестар можа выбраць любы варыянт развіцця падзей: як тыповае дзіця заходняй сацыял-дэмакратыі, ён можа часова занядбаць свае абавязкі перад радай дырэктараў, узяць сабе тыднёвы адпачынак і з галавою занурыцца ў рэвалюцыйную рамантыку, пасяліцца на плошчы, братацца (у межах разумнага) з міліцыяй, урэшце, вырваць гэтую перамогу і са спакойным сумленнем укласці свае інвестыцыі ў нейкі кепскі энергасектар рэгіёна. Ён можа таксама, як тыповы зашуганы ліберал, стаць на бок улады, асудзіць разбэшчаныя народныя масы за ўсе іх нематываваныя рэвалюцыйныя парывы і пачакаць з інвестыцыямі да лепшых часоў. Урэшце, як тыповы прыхільнік глабалізацыі, ён можа наогул забіць на ўсё гэта і, узяўшы-такі тыднёвы адпачынак, зваліць на сонечныя выспы пасярод акіяна, дзе яго, будзем спадзявацца, у такім разе накрыла б сваёй халоднай бяздоннай хваляй справядлівае інданезійскае цунамі. Цяпер ён стаіць пад помнікам ільічу і выбірае. А побач з ім стаяць сотні грамадзян гэтай дзіўнай халоднай краіны і таксама выбіраюць. Па-мойму, гэта меладрама.
Чым я займаўся апошнія паўгода? Я нават не магу прыгадаць усіх, з кім мне давялося за гэты час перазнаёміцца, — доўгі, бясконцы спіс новых персанажаў, новых герояў, якія з’яўляліся з чорнага месіва тае восені і гэтак жа бязбольна ў ім знікалі, выходзілі на святло з-пад цяжкіх вераснёвых дрэў, сядалі ў вагоны ў кастрычніцкіх прыцемках, насцярожана сачылі, стоячы пасярод лістапада; раптоўна, у нейкі момант, іх стала значна болей, яны цесна запоўнілі сабою заасфальтаваную пляцоўку маіх прыватных зносін, ну і што — я стаяў перад імі, як гэты вось помнік хуёваму ільічу, яны стаялі перада
мною, не заўсёды на мяне рэагуючы, не да канца разумеючы, хто я такі, і ў гэтым апошнім мы з імі былі вельмі падобныя.
Магчыма, яго некалі-такі прыбяруць, гэты помнік, падгоняць кран і проста дэмантуюць, а на тое месца паставяць нейкую алегарычную фігуру, якая ў вачах нашчадкаў будзе сімвалізаваць паспяховае завяршэнне нацыянальна-вызвольных змаганняў. Мне, насамрэч, усё адно: я ніколі не любіў помнікі, тым больш помнікі палітыкам. Палітыкам, як па мне, трэба даваць па галаве, а ня помнікі ставіць, але па гэтым помніку, калі няўдзячныя нашчадкі ўсё ж прыбяруць яго адсюль, я-такі шкадавацьму. Вельмі ж шмат пазітыву ў мяне ад яго засталося. Скажам, я часта дамаўляюся тут аб сустрэчах, я люблю сядзець пад ільічом і чакаць, калі ў майго малога скончацца заняткі, мы з маім кузэнам ганяем тут на роварах, распуджваючы пенсіянераў; урэшце, я цэлыя два тыдні жыў тут, пад гэтым помнікам, і хаця ніякай настальгіі ў мяне гэта не выклікае, помніка будзе шкада.
У адзін з тых вясёлых дзён, якраз пад помнікам ільічу, неспадзявана ўзнік мой даўні знаёмы, даволі дзіўны і не да канца зразумелы мне персанаж, з якім у нас даўнія прыяцельскія стасункі. Дакладней, што значыць стасункі? — ужо два гады я быў упэўнены, што ён памёр, знік ён яшчэ раней, аднак спачатку пра яго даходзілі скупыя пункцірныя звесткі, потым зніклі і яны, аж пакуль нехта мне не сказаў, што ён, аказваецца, памёр. He магу сказаць, што мне яго моцна неставала, знаёмы ён быў і сапраўды дзіўны, аднак я шкадаваў па яшчэ ад~ ным нябожчыку. Ён быў някепскім чалавекам, мы з ім некалькі разоў моцна напіваліся, дый наогул — калі чалавек памірае ў трыццаць гадоў, гэта заўсёды ня вельмі
прыемна, гэта пазбаўляе цябе ўпэўненасці. I вось ён неспадзявана з’яўляецца на гэтай плошчы, радасна вітаецца, гаворыць аб палітыцы, ну ясна — тою восенню ўсе звар’яцелі і гаварылі выключна аб палітыцы, ім-такі ўдалося ўсіх нас выкарыстаць у сваіх інтарэсах і прымусіць займацца іх палітыкай, вось і мой памерлы, але ад таго ня меней жыццярадасны, чым два гады таму, знаёмец, таксама гаварыў аб палітыцы, гаварыў рэчы мне ў прынцыпе не цікавыя, я ўсё гэта вымушаны быў слухаць ужо другі тыдзень з ранку да ночы, а часам і ўночы. Мы размаўлялі з ім, і я вагаўся — сказаць яму ці не сказаць? Раптам ён пасля гэтага па-сапраўднаму памрэ. А калі ня скажаш яму — хто ведае, што з ім будзе далей? Да таго ж — хто ведае, што з ім насамрэч было за гэтыя два гады? Магчыма, ён сапраўды ў свой час памёр, але аказалася, што гэта не смяртэльна. I вось мы з ім аб усім пагаварылі, ён пажадаў мне поспеху, я сказаў яму, каб не выдручваўся, і ён пайшоў. “Эй, — нарэшце наважыўся я, — пачакай”. — “Што такое?” — спыніўся ён. “Ведаеш, не хацеў табе казаць...” — “Ну?” — насцярожыўся ён. “Толькі не крыўдуй — я думаў, што ты памёр”. — “Ты што?” — не зразумеў ён. “Сур’ёзна, — кажу, — мне нехта казаў, што ты памёр, два гады таму”. — “Ды не, — пачаў апраўдвацца ён, — гэта нейкая памылка”. — “Ну я так і думаў, — кажу, — доўга жыць будзеш”. Ня ведаю, ці зразумеў ён мяне.
Дзіўна — як правіла, мае знаёмыя выбываюць са спіса жывых. А тут зусім наадварот — ён, падобна, змог абмахляваць высокую нябесную канцылярыю і нейкім чынам выпісаўся з партыйнага спіса памерлых. Добры знак.
Дзе ён сапраўды быў увесь гэты час? Нехта ж мне казаў аб яго смерці. He магло ж гэта з’явіцца проста так: у нашым прадуманым і заканамерным жыцці нічога проста так не з’яўляецца і не знікае — гэта вось і ільіч можа пацвердзіць з яго дыялектыкай — дык дзе ён быў? У маёй прыватнай шафцы са шкілетамі, ключ ад якое я заўсёды нашу ў кішэні разам з ключом ад роварнага замка, застаецца ўсё меней месца, дакладней — туды прыходзяць усё новыя і новыя жыхары, яны хаваюцца ў цёплых задушлівых прыцемках ад святла і свежага паветра, і толькі я помню іх усіх па імёнах, помню іх звычкі і жыццяпісы, помню, як шмат кожны з іх значыў у маім жыцці і як мала я магу зрабіць для іх цяпер, калі яны перайшлі ў прастору ценяў, з тым каб застацца ў ёй назаўсёды.
Але, аказваецца, ня ўсё так кепска, аказваецца, што нават з гэтай безнадзейнай прасторы, прасторы ценяў і прасторы памяці, можна вырвацца назад, прарваўшы фоташпалеры, якімі нас нехта раздзяліў. Магчыма, калі ў цябе дастаткова жадання і драйву, ты можаш дазволіць сабе час ад часу заходзіць у гэтую ледзяную пахавальную засень і вяртацца з яе назад, у халоднае пасляабедзеннае сонца ўсходнееўрапейскай восені. Магчыма, ня ўсё так безнадзейна, як здаецца большасці з нас — тых, хто насамрэч ніколі не рызыкаваў, хто і пахваліцца ня мае чым. Вось жа, і яму, майму знаёмаму, гэта ўдалося, ня ведаю, праўда, як, але калі ласка — вось ён толькі што стаяў тут перада мною і гаварыў аб палітыцы. У мяне нават сведка ёсць — скажы, ільіч.
3.
Хрысціянская сутнасць дзяржаўнай прамысловасці. Увесну наш горад зарастае травою, нябёсы над ім густа і кампактна засяляюцца птахамі, пасля зімы яны вяртаюцца з Егіпта і Палесціны, узлятаюць на плоскія дахі і пад аркі будынка дзяржаўнай прамысловасці, разганяюць паветра над плошчамі, знікаюць у круглых зялёных дрэвах, сядзяць там, стаіўшы подых, хаваючыся адна ад адной. Прыязджаючы гэтай парою ў горад, можна ўбачыць, як з будынкаў сходзіць увесь холад зімы, як скура архітэктуры высыхае і пачынае ажываць пасля доўгага перапынку, паколькі пасля зімы гарады заўсёды нагадваюць падлеткаў, якія вечна ня ведаюць, што ім апрануць: палова рэчаў на іх ужо малая, астатнія даўно выйшлі з моды. Мілае сентыментальнае відовішча. Пройдзе зусім няшмат часу, некалькі цёплых бязлюдных месяцаў, пройдзе летняя бестурботнасць, і вуліцы, нібы рачныя каналы, зноў напоўняцца шэрай халоднай вадою зімы, ледзяным рэчышчам навагодняга неба, адным словам — нікому ад гэтага лепей ня стане.
Цэнтральную забудову нашага горада варта разглядваць зверху, з пташынага палёту, у гэтым выпадку робіцца відочнай функцыйная падагнанасць гарадское інфраструктуры, яе побытавы складнік. Той, хто ў будучым стане будаваць універсальныя камуністычныя
мегаполісы, мае прыехаць у наш горад і паглядзець, як гэта робіцца ў прынцыпе. Месца побытавага футурызму і камунарскай самаарганізацыі. Некалі, калі жыць тут стане зусім немагчыма, з гістарычнага цэнтра горада абавязкова зробяць музей пад адкрытым небам, калі неба на той час і далей будзе адкрытым, калі ж не, то закрыюць яго вялікім шкляным купалам, саркафагам, будуць падводзіць да яго групы амерыканскіх ці японскіх турыстаў і казаць:
— Вось ён, гэты сярэднявечны горад-сонца, чырвона-сіняя камуна, вынішчаная чумою і фіговай камунальнай гаспадаркай, першая і адзіная кананічная сталіца паднябеснай украіны, з насельніцтвам у два мільёны цэхавых рабочых і студэнтаў універсітэта; самыя развітыя галіны народнай гаспадаркі — машынабудаванне, ракетная і абаронная прамысловасць, самыя заўважныя помнікі культуры — равы і абарончыя муры, што атачаюць цэнтральную частку горада, камуністычныя вежы і таранныя машыны, з якіх паэты гэтага горада абвяшчалі ўніверсалы, водле якіх і дагэтуль функцыянуе наша шчаслівая цывілізацыя. Асаблівую ўвагу варта звярнуць на будынак дзяржаўнай прамысловасці, збудаваны ў форме галоўных святочных варот валгалы, праз якія жыхары гэтага горада мелі звычку праганяць палонных генералаў разбітых армій і праходзіць святочнымі шэсцямі падчас традыцыйных карнавалаў першага і дзявятага траўня. Прынцып цэхавасці, прафесійнай падпарадкаванасці, па якім вялася забудова галоўных кварталаў горада ў сярэдзіне — напрыканцы дваццатых гадоў дваццатага ж стагоддзя, усё болей умацоўвае нас у меркаванні аб камуністычнай дамінанце нашых гарадоў як адзіна правільнай і не падлеглай ніякім сумневам.
Пасля гэтага экскурсаводы будучыні маюць падрабязней спыніцца на гісторыі сярэднявечнага горада, з яго частковым ажыццяўленнем прынцыпаў камунізму і ранняга хрысціянства, якія праявіліся, у прыватнасці, у існаванні рамесніцкіх цэхаў і гандлёвых саюзаў, і паспрабуюць правесці паралелі з харкаўскім канструктывізмам 20-х гадоў. I вось калі ім гэта ўдасца, калі гэтыя затарможаныя ў сваім развіцці ў выніку ўсіх экалагічных катастроф будучыні амерыканцы і японцы нешта-такі зразумеюць, нябесная цвердзь апусціцца на некалькі ярдаў і раструшчыць сваім масіўным піўным жыватом шкляны саркафаг над нашым горадам, і тысячы матылькоў, якія спалі ў сваіх лічынках па закінутых і разбомбленых камунальных кватэрах гэтага найлепшага з гарадоў, раптам вылецяць з чорных абвугленых байніц і разляцяцца па маладых, толькі збудаваных мегаполісах старое-добрай еўропы і таксама старое, але куды менш добрай амерыкі, разносячы на сваіх бязважкіх крылах добрую вестку і побытавыя інфекцыі.