Anarchy in the UKR
Сяргей Жадан
Выдавец: Skaryna Press
Памер: 214с.
Лондан 2023
Краявід, у якім я жыву доўгі час, так ці іначай адкладваецца на маёй сятчатцы. Я разумею, што бачу свет з улікам выступаў і ўпадзін усяе гэтай дзяржаўнай прамысловасці, менавіта па іх вызначаючы для сябе перспектыву ў забудове населеных пунктаў, якія трапляюцца на шляху. Інтымнасць гэтых хімерных будоўляў вакол мяне, раўнівае, эмацыйнае стаўленне да нумарацыі на пад’ездах ці да старых, ужо неактуальных шыльд — жоўтым на чорным тле — на прахадных насамрэч не датычаць геаграфічнай ці тапаграфічнай прывязанасці. Гэта, хутчэй, прывязанасць да самога сябе, залежнасць ад сябе, ад уласнага досведу, які не адпускае ні на крок,
прымушаючы зноў і зноў вяртацца на месцы, у якіх табе было невымоўна добра ці невымоўна кепска. Толькі на першы погляд здаецца, што ўсё залежыць ад успамінаў, ад асацыяцый і рэфлексій, — чорта з два: гэтыя страшныя лічбы на сценах будынкаў не выклікаюць у мяне ніякіх асацыяцый, ніякіх рэфлексій. Проста так сталася, што менавіта тут, на гэтых вуліцах і плошчах, мне пашчасціла правесці апошнія пятнаццаць гадоў свайго жыцця, менавіта пад аркамі ўсяе гэтай дзяржаўнай прамысловасці я ішоў а пятай ранку цёплай чэрвеньскай нядзеляй, калі ў цэлым горадзе ня спаў я адзін, і якраз таму, што я гэта помню, я буду зноў і зноў вяртацца на гэтае месца, проста так — без ніякай мэты, без ніякага задавальнення. Хаця, магчыма, якраз гэта і ёсць асацыяцыі.
Вяртаючыся, у сваю чаргу, да падзей мінулай восені, я помню адну цудоўную заснежаную ноч, якая для нас толькі пачыналася. Наперадзе было некалькі гадзін у атачэнні міліцыі і звечара п’яных мудазвонаў, то-бок нашых палітычных апанентаў — назавём іх так. Мы з таварышам Гэлікоптэрам якраз прабілі траву і пайшлі курыць за помнік ільічу. У вячэрнім Харкаве якраз тут і трэба займацца такімі рэчамі. Мы стаялі ў зімовых прыцемках, з неба сыпаўся святочны снег, толькі што абвясцілі аб перамозе нашых палітычных — назавём іх так — апанентаў, але каго гэта сапраўды цікавіла? Гэта толькі з боку ўсё выглядала такім чынам, што нібыта вядзецца барацьба палітычных праграм і стратэгій. Насамрэч жа вакол нас там таўклася такая куча адбітай прыкольнай публікі, якая проста прагарала скрозь скуру ад уласнага драйву і адрэналіну, што нам было рэальна насраць на рашэнне якое-кольвек цвк. Што значыла для нас
найменш у той час, дык гэта нейкая там цвк. Перад намі стаяў дзяржпрам, напаўразбураны чырвоны дзяржпрам, за намі пад святочным снегам стаяў ільіч, нас, разам з нашай травою, ахоўвалі дзясяткі знерваваных міліцыянтаў — аб якіх рашэннях якое цвк увогуле можна было гаварыць.
Я вельмі люблю гэтыя будынкі, іх стылістычны разнабой, пусткі між імі; тйкі краявід лёгка ўгадваецца і цяжка забываецца. Мне, напрыклад, цалком зразумелыя дзеянні старога фюрара, які сюды прылятаў, — калі б у мяне быў лятак, я б таксама прыляцеў у нейкі такі ўсходні прыфрантавы горад, сеў бы пасярод цэнтральнай плошчы, саскочыў бы на зямлю, размяў бы ногі, пагутарыў з мясцовым насельніцтвам, спытаў аб побытавых праблемах, аб жаданнях — аб чым яшчэ можа гаварыць стары звар’яцелы фюрар з мясцовым насельніцтвам, — падзячыў бы за гасціннасць, урэшце ўзяў бы хлеб-соль і падняўся ў неба над непераможанымі шэрымі кварталамі гэтага горада, разбомбленага напярэдадні маім войскам.
Леваруч цямнеў універсітэт, толькі на верхніх паверхах свяцілася некалысі вокнаў — відаць, на нейкіх кафедрах заняткі даўно скончыліся — праз некалькі гадзін студэнты пойдуць на першую пару, можна пастаяць і дачакацца іх; наогул, калі доўга стаяць тут, на гэтым месцы, можна дачакацца чаго заўгодна, асабліва ў такім стане. Тэрыторыя прастрэльвалася і прасвечвалася свежым снегам. Зіма абяцала быць доўгай і пакутлівай, як любая зіма. Жыццё абяцала быць таксама доўгім і захапляльным. Душы памерлых наркамаў глядзелі на нас з чорных харкаўскіх нябёсаў, снег не даваў ім разглядзець нашы твары. Абражаны ільіч павярнуўся да нас спінай.
4.
Праветраныя аўдыторыі. Усю зіму 2002-га года Венскі ўніверсітэт страйкаваў. Ім нешта не дадалі з міністэрства адукацыі, і прасунутыя студэнцкія страйкамы вывелі з аўдыторый радасную паўсталую масу. Я так і не зразумеў,абчымтамішлося, здаецца.абзмяншэннільгот, аб скарачэнні навучальных фондаў, нейкіх чарговых праявах побытавага фашызму, адным словам. У нас на такія рэчы ніхто не звяртае ўвагі, наш студэнт лянівы і скептычна настроены, іхні — даверлівы і сацыяльна заябаны. Мне ня надта верылася, што пытанне скарачэння навучальных фондаў можа сабраць некалькітысячны мітынг, я бачыў розныя мітынгі, я бачыў як цяжка яны збіраліся і як лёгка рассейваліся. Але аказалася — можа. У тыя дні ўніверсітэт нагадваў вакзал у прыфрантавой паласе, дзесьці на памежжы Украіны і Венгрыі або Венгрыі і Харватыі, калідоры былі запоўненыя п’янымі анархістамі, абкуранымі лесбіянкамі, цыганкамі на цёплым ранішнім кумары, пляшывымі выкладчыкамі, якія перайшлі на бок паўсталага народа, албанскімі прыбіральніцамі, якія стараліся прывесці ўсё ў парадак, і проста выпадковымі лібераламі, якім традыцыйна няма чаго рабіць. Вучыцца ніхто не хацеў. Натоўпы сноўдалі калідорамі, сядзелі ў кавярнях, пілі каву з аўтаматаў, курылі гаш у тэлефонных кабінках, дзяліліся піцай з паліцыянтамі
і спявалі рэвалюцыйныя песні. Нават ня ведаю, ці ўдалося ім адстаяць свае правы. Відаць, усё ж такі ўдалося, бо на нейкі міг універсітэт супакоіўся і студэнты вярнуліся ў аўдыторыі. Але ўсяго толькі на нейкі міг: пачалася амерыканская акупацыя Афганістана, і яны зноў выйшлі на вуліцы. Аўдыторыямі гуляў сапраўдны вясенні скразняк.
Універсітэт — ідэальнае месца для гэтага. Лепшага месца проста ня знойдзеш: з увагі на адміністратыўную схему і дух студэнцкага братэрства, якраз тут і павінна адбывацца самая гераічная і адчайная барацьба за выжыванне. Я часта думаю аб гэтым, гледзячы на Харкаўскі ўніверсітэт. Колькі іх там вучыцца? Тысяч дзесяць? Чым яны там займаюцца, чаму ніколі ня выйдуць на вуліцу і ня скажуць, што менавіта яны думаюць аб сістэме адукацыі, або проста аб сістэме, або проста — што яны думаюць? Бо яны ж нешта думаюць, ня можа быць, каб яны там пяць гадоў пакорліва канспектавалі розную лажу пра квантавую механіку, потым усё жыццё з любоўю згадваючы цёплыя і ўтульныя аўдыторыі, у якіх яны пяць гадоў перажоўвалі цягучую, умерана дазаваную жуйку вышэйшай адукацыі. Чаму яны заўсёды маўчаць? Іх жа там дзесяць тысяч. Дзесяць тысяч! Дзесяць тысяч — гэта раённы цэнтр, дзесяць тысяч — гэта войска Махна ў добрыя часы. Чаму яны ўвесь час дазвалялі выкарыстоўваць сябе як гарматнае мяса, выганяць сябе на мітынгі і канцэрты, трымаць сябе ў інтэрнатах і лабараторыях, пакуль звонку, на вуліцы, адбываліся найцікавейшыя і найнебяспечнейшыя ў гэтым жыцці рэчы, адбывалася, уласна, само жыццё?
Іх гэтаму ніхто не вучыў, я разумею, але, зрэшты, чаму тут вучыць? Рэч нескладаная.
Аднойчы рэктар выпісвае чарговы цмокаў загад, напрыклад загад аб падвышэнні коштаў на харчаванне ва ўніверсітэцкай сталоўцы, або, скажам, уводзіць талоны на макароны, карацей, нешта жахлівае і антыгуманнае, і робіць ён гэта, уласна, не з прычыны нейкіх асабістых маральных недахопаў, а хутчэй па інерцыі; адным словам, прэзідэнт нагінае міністра, міністр нагінае рэктара, рэктар уводзіць талоны на макароны — так і зараджаецца дыктатура. Зранку студэнты прыходзяць у сталоўку і неспадзявана для сябе сутыкаюцца з чарговай праявай жахлівай несправядлівасці: іх улюбёныя макароны, адзіная рэч, якую яны маглі сабе тут дазволіць і дзякуючы якой яны наогул увесь гэты час трымаліся, аказваецца, цяпер па талонах! і тут (гэта самы адказны момант — увага!) нехта, хтосьці цалком выпадковы, не актывіст і ні ў якім разе не прадстаўнік нацыянальна-дэмакратычных сіл, гаворыць: “Паслухайце, сябры! Сябры, — гаворыць ён, — паслухайце, паслухайце ўважна — вы чуеце што-небудзь? He? Правільна, я таксама нічога ня чую. А ведаеце чаму? Бо ніхто з нас нічога не гаворыць, мы проста моўчкі стаім і нават не працівімся, нават не абураемся, у той час, калі нас пазбаўляюць самага неабходнага. Я маю на ўвазе макароны. Мы маўчым і нават не спрачаемся, калі нас выкарыстоўваюць як гарматнае мяса, калі нас зачыняюць у інтэрнатах і лабараторыях, у той час калі там (ён паказвае за дзверы сталовай) адбываюцца сапраўды цікавыя і небяспечныя рэчы, там (ён зноў паказвае) адбываецца жыццё! А нам у гэты час забіваюць галовы нейкай лажовай квантавай механікай!” і вось тут, пасля слоў пра квантавую механіку, усіх прарывае. Усе пачынаюць крычаць і патрабаваць справядлівасці. Для пачатку актыў, баявая група, так бы мовіць, цалком
захоплівае сталовую, на крыкі прыбягае ахова, але тут жа атрымвае па галаве. Скандуючы, натоўп выносіць на сваіх плячах ахоўнікаў, ломіць загародку на ўваходзе (у нармальным універсітэце не павінна быць ніякіх загародак на ўваходзе!) і выкідвае ахоўнікаў пад помнік заснавальніку ўніверсітэта, ганароваму грамадзяніну горада Харкава Каразіну Васілю Назаравічу. Ганаровы грамадзянін Васіль Назаравіч грэбліва адступае ўбок і атрасае штаніну. Студэнты барыкадуюць цэнтральны ўваход і праводзяць у холе стыхійны мітынг. Пары на ніжніх трох паверхах перарываюцца, на крыкі прыбягае дэкан фізічна-матэматычнага факультэта, але яго тут жа топяць у прынесеным чане з макаронамі. Пацукі паспяваюць данесці рэктару, рэктар хапаецца за галаву, потым за тэлефон, некуды звоніць і просіць падтрымкі. Пасля гэтага ён выклікае дэканаў (тых, хто яшчэ застаўся ў жывых) і загадвае з дапамогай актывістаў, выдатнікаў і заўгаса перакрыць ліфты і лесвіцы, пачынаючы з чацвёртага паверха. Універсітэт цалком блакаваны: з першага па трэці паверхі займае страйкам, з чацвёртага і вышэй сядзіць рэктар з актывістамі, выдатнікамі і заўгасам. Да цэнтральнага ўваходу пад’язджае “Беркут”, знаходзіць пабітых ахоўнікаў і спрабуе ўзяць хол штурмам. Страйкам прыносіць з вайсковай кафедры макет кулямёта Сцечкіна і ставіць яго ў холе, напроці галоўнага ўваходу. “Беркут” залягае. Рэктар згаджаецца ісці на перамовы. Страйкам чакае ўнізе, але варта рэктару спусціцца з чацвёртага паверха на трэці, як паўсталая маса захоплівае чацвёрты паверх і хутка рухаецца ўгору. Рэктар стаіць у пустым холе і нічога не разумее. Снайперы на ўсякі выпадак трымаюць яго пад прыцэлам. Байцы “Беркута” пачынаюць павольна рухацца ўгору, знаходзячы