Anarchy in the UKR
Сяргей Жадан
Выдавец: Skaryna Press
Памер: 214с.
Лондан 2023
Часта, праходзячы ўздоўж гэтага будынка, я сабе думаю — цікава, я вось цяпер іду ўздоўж калідораў улады, калідоры гэтыя цягнуцца якраз з захаду на ўсход, на кожным паверсе, з правага крыла будынка да левага, і ў той самы час, калі я іду вуліцай, робячы яшчэ адну спробу дабрацца дамоў, нехта зусім побач са мною, на адлегласці нейкіх сарака-пяцідзесяці метраў, ідзе, можна сказаць, паралельна мне, калідорамі ўлады, робячы кар’еру і намагаючыся дабрацца да канца свайго калідора. Хаця, калі падумаць, што яго там чакае — у канцы калідора — глухі кут, пусты пакой, апрацаваны хлёркай, белыя клінічныя кабінеты, у якіх сядзяць рана
пастарэлыя, зацкаваныя жыццём клеркі ды з ціхім адчаем глядзяць за вокны, на аслепленыя ранішнім сонцам вуліцы і плошчы, да якіх яны насамрэч ня маюць ніякіх адносін. Яшчэ я думаю, што, вось, хаця мы з імі йдзём у адным кірунку, то-бок з захаду на ўсход, і нават з прыкладна аднолькавай хуткасцю, але ў наколькі розных і непадобных месцах мы ўрэшце апынёмся.
Але як ты выкарыстаеш свае паўгадзіны? Давай, часу засталося ня так ужо і шмат, потым будзеш шкадаваць, паспрабуй хаця б гэтым разам выкарыстаць сваю перавагу ў трыццаць хвілін, ты ж да гэтага даўно рыхтаваўся. Усё, пайшоў — праходзіш доўгім калідорам пятага паверха, збягаеш на чацвёрты, на лесвіцы абмінаеш двух сакратарак, якія кураць моцныя “Мальбара”, і выходзіш на пачатак доўгага, бясконцага калідора, усё — гэта мае быць недзе тут, уважна сачы, не прапусці патрэбных дзвярэй, павольна ідзі і прыслухоўвайся, за аднымі з іх зараз абавязкова пачуеш гэтае цяжкае задушлівае дыханне, цяжкі грукат вялікага чырвонага сэрца, якое заплыло тлушчам і было сапсавана распушчальнай кавай, ты ня зможаш не пазнаць гэтую зацяжную, бясконцую арытмію, якая штодня прабіваецца з экранаў твайго tv ці з рэкламных ролікаў на эфэмках, гэты сутаргавы сардэчны разнабой вядомы табе, як нікому іншаму, — менавіта ён разносіцца на пустых перонах начное зімняй падземкі, менавіта ён збівае цябе з рытму а шостай ранку, па яго смяртэльных паўзах вызначаюць час прадаўцы крам і рэгуліроўшчыкі на скрыжаваннях, грукат гэтага сэрца ні з чым ня зблытаеш, гэта яно, гэта патрэбны табе пакой. Якраз пад гэтымі дзвярыма і трэба пакінуць сваю бомбу.
Спыніўшыся на плошчы, кормячы з рук галубоў, запытваючы ў некага час, сочыш за летаком, які пралятае ў бок мяжы, пакідаючы шырокія белыя палосы, і, напружыўшыся, нават і тут улоўліваеш яго дыханне, адчуваеш, як яно цяжка пераварочваецца з боку на бок, адрываючы ад падлогі смяртэльную рану сваёй плоці, пакідаючы на падлозе вільготныя сляды, цяжка пераводзіць подых і зноў замірае на доўгі час, намагаючыся выраўняць дыханне, ускалыхваючы застаялае паветра пакоя і незадаволена варушачы доўгімі слізкімі шчупальцамі.
Праз некалькі хвілін дыханне заспакойваецца, шчупальцы заміраюць, потавыя залозы адкрываюцца, і яно далей ляжыць пасярод пустога пакоя, тады як ты стаіш наводдаль і глядзіш на вокны адміністратыўнага будынка, з якога выйшаў паўгадзіны таму. Будынак масіўна цягнецца з захаду на ўсход, роўныя халодныя шэрагі яго вокнаў пабліскваюць на сонцы, зусім мала адкрытых фортак, такое ўражанне, што яны баяцца скразнякоў, таму сядзяць са шчыльна залепленымі і заклеенымі паперай вокнамі, гэтыя некалькі соцень клеркаў, усе восем гадзін свайго працоўнага дня, пакутуючы ад алергіі і задухі, сядзяць у сваіх пустых выбеленых кабінетах, стойваючы подых і ўважна прыслухоўваючыся да дыхання на чацвёртым паверсе, да арытмічнага перабою масіўнага нездаровага сэрца, адсочваючы для сябе, як там, у зачыненым кабінеце, цяжка пераварочваецца з боку на бок накачанае тлушчам і хворай карычневай крывёю, зачыненае тут да канца свайго веку маруднае вільготнае цела ўлады, і сэрца яго пад канец працоўнага дня працуе болын суладна і манатонна, у той час як з іншага боку дзвярэй гэтак жа суладна і манатонна б’ецца ўстаноўлены табою на шэсць вечара гадзіннікавы механізм.
8.
Назаўсёды пакідаючы палац піянераў, выходзячы ў тлусты вечаровы снег з яго залаў ды пакояў і нават не разлічваючы вярнуцца сюды, прынамсі ў бліжэйшыя паўгода, я думаю сабе аб дзіўным спалучэнні, хімернай спайцы паняццяў — палац піянераў, знак, паштоўка з мінулага, з калектыўнага дзяцінства гэтай краіны, з яе калектыўнай памяці. Новая эстэтыка ня можа да канца збіць літары на франтонах, прыбраць скульптуры, пастаўленыя на дахах майго горада, яна ня можа вытравіць надпісы і шыльды, як кіслатою вытраўляюць наколкі, ёй не стае духу, не хапае ўмення, а галоўнае — ёй няма чым замяніць вывераны візуальны рад, якім карысталася колішняя краіна ў сваім руху наперад, у жоўтыя пустыя пяскі забыцця. Дзіўныя руіны засталіся пасля ўсяго, будынкі з прывідамі павешаных, маршруты для калектыўных заняткаў секс-турызмам, усе гэтыя палацы культуры, палацы шлюбаў, палацы піянераў, недарэчны мажорны дух юнай сацыялістычнай мадэлі, якая, нібы новая паравая машына, разарвалася ад уласнага адрэналіну, пакінуўшы на памяць асобныя дэталі, на якіх запяклася малінавая кроў даследчыкаў.
Чым можна замяніць палацы культуры і палацы піянераў? Бо зразумела ж, што ідзецца не аб палацах як такіх і нават не аб іх функцыі, ідзецца аб тысячах
падлеткаў, якія маюць пры сабе нешта большае, чым проста пашпартныя даныя, кожны з іх мае нешта значна важнейшае для сябе — напрыклад біяграфію. Хто асмеліцца пазбавіць іх усіх біяграфій? і што ён прапануе ўзамен?
Вырастаючы, ты адкрываеш для сябе неабходную табе колькасць рэчаў і паняццяў, прадметаў, будынкаў і цэлых архітэктурных ансамбляў, яны паўстаюць перад табою раптоўна і застаюцца ў тваёй свядомасці надоўга, калі не сказаць назаўсёды. Гэта толькі так гаворыцца — палац піянераў, насамрэч за гэтым стаіць пасечанае мяса часу, яго вывернутыя кішкі, на якіх ён павесіўся. Паспрабуй, згадай усё да найменшай хвіліны. Толькі пачнеш — за табою, нібы дым за падбітым знішчальнікам, адразу ж пацягнуцца цёплыя сцябліны твайго дзяцінства, спелыя плады твайго ўрастання ў жыццё, твайго праходжання праз яго, тваёй у ім згубленасці.
Палацы культуры, якія ўтрымлівалі прафсаюзы абаронных прадпрыемстваў, актавыя залы з кепскім асвятленнем і цяжкімі заслонамі, якія ўвесь час заядалі і не адкрываліся, эвакуацыйныя выхады за сцэнай, пакойчыкі, набітыя самапальнай, часта крадзенай апаратурай, рэпетыцыйныя пляцоўкі, кузні кадраў, так бы мовіць, — колысі раскідана па Харкаве такіх будынін. Я з дзяцінства цягаўся па ўсіх гэтых палацах, я і цяпер люблю туды заходзіць; праўда, там ужо амаль не засталося звар’яцелых жыхароў, піянераў-герояў, якія захоплівалі асяродкі культуры і трымаліся ў іх да апошняга, не дазваляючы выкінуць сябе на вуліцу.
Такі палац культуры стаіць напроці ўнівермага. Да яго заўсёды было цяжка дабірацца, хіба толькі трамваем. Раней, у іншым жыцці, я часта хадзіў сюды на розныя
канцэрты, дабіраючыся з некалькімі перасадкамі і сотнямі аднадумцаў. Мы перліся праз цэлы горад, каб быць разам, трымацца адно аднаго, радаснае вар’яцкае адчуванне локця, нават калі гэты локаць б’е цябе па нырках. Мы даязджалі да месца, трамваі спыняліся, нібы сэрцы, палац культуры стаяўу ціхіх асенніх прыцемках, у калідорах пахла гашышам і прыбіральняй. Такія канцэрты варта было бачыць, тым болей што слухаць іх усё адно было немагчыма.
I вось мінае дзесяць гадоў, як скончыліся ўсе самапальныя канцэрты, як сюды правялі нармальнае метро, пасля чаго сюды болып ніхто не прыязджае, і я выпадкова зноў трапіўу гэты палац культуры. Дзіўнае становішча — мне якраз трэба было правесці канцэрт, і ўсё было б добра, за выключэннем невялікай дэталі — не было залы. Я ня буду зараз гаварыць пра апазіцыйныя акцыі, пра перапуджаных дырэктараў, пра ёбнутае грамадства, якое баялася самога сябе, паколькі, ну што тут казаць, вы і так усё ведаеце, але праблема ўскладнялася тым, што канцэрт меў адбыцца сёння а сёмай вечара, прынамсі так было напісана ў афішах. У дванаццаць дня залы яшчэ не было.
I тут я згадаў аб старым-добрым палацы культуры. Як жа так, падумаў я, там яшчэ пры саўку адбываліся фантастычныя па сваёй асацыяльнасці рэчы, там яшчэ ў тыя далёкія часы, калі вялікая машына толькі пачала даваць першыя збоі, панк перамог канчаткова і беспаваротна; ня можа быць, каб мяне ў гэтую залу не пусцілі цяпер, якраз яны абавязаныя гэта зрабіць, хаця б з увагі на наша супольнае мінулае. Я паехаў туды, нам было што высунуць адно аднаму ў якасці абвінавачванняў: колькі разоў мяне выстаўлялі з гэтай залы ахоўнікі, адзін раз
мяне ледзь не прыбілі тут за тое, што я нібыта кінуў у перапоўненую залу запаленую петарду, і хоць колькі я ні гаварыў, што гэта ня я, мяне ўсё адно ледзь не прыбілі; колькі разоў мяне скідвалі са сцэны разам з музыкамі, за якіх я паспяваў схапіцца. Адным словам — калі я і мог недзе знайсці паразуменне, то менавіта тут. Я зайшоў унутр — першы паверх займаў салон мэблі, акрамя таго, быў кабак, яшчэ нейкія салоны і крамы, збоку мясціўся занюханы сэканд-хэнд. Гашышам болей ня пахла, застаўся толькі пах прыбіральні, дух саўковай парашы, які ня знік адсюль разам з рок-н-ролам, уеўся ў сцены, уеўся ў сэканд-хэнд. Я развярнуўся і паехаў назад.
Падобная гісторыя здарылася і з палацам піянераў. На пачатку 90-х тут рэпетавалі сябры нашага агульнага знаёмага Немца. Немец тусіў адразу на некалькіх франтах, спалучаючы ў сваім жыцці такія, здавалася б, несумяшчальныя рэчы, як пангерманізм (ну гэта можна было спісаць хаця б на яго паганяла) і ўкраінскае народнае паганства (а вось гэта ўжо нельга было спісаць ні на што — маладосць, маладосць, дарагія браты і сёстры, што тут скажаш!), і яго сябры з палаца піянераў таксама намагаліся нейкім дзіўным чынам спалучыць гэтыя рэчы ў сваёй творчасці. Немец шмат і захоплена апавядаў аб іх, аднак знаёміць баяўся. Ён меў горкі досвед і выдатна ведаў такую рэч: калі ня хочаш страціць сябра, ні з кім яго не знаём. 3 бабамі ў яго было такое ж становішча — то-бок становішча было, а баб якраз ня дужа. Я добра запомніў з тых часоў яго захопленыя аповеды аб палацы піянераўякабтакой гавані, куды сплываюццастомленыя жыццёвымі бурамі ўкраінскія народныя паганцы, дзе іх заўсёды чакае цёплая сямейная сустрэча — спіртужалезных кружках, фармацэўтыка на любы выбар, трава, цёлкі