• Газеты, часопісы і г.д.
  • Anarchy in the UKR  Сяргей Жадан

    Anarchy in the UKR

    Сяргей Жадан

    Выдавец: Skaryna Press
    Памер: 214с.
    Лондан 2023
    47.14 МБ
    Некалькідзённыя пераезды, без вады і сну, завісанне на безыменных станцыях, чорны голад начнога
    плацкарта, чорная вада чыгуначных перагонаў, выгаралыя ад сонца і гарэлкі душы праваднікоў, крывавыя сны пасажыраў і знішчаныя камунікацыі — я люблю чыгунку, люблю настолькі, што магу пісаць аб ёй кнігі. Mae кнігі пра чыгунку былі б поўныя прыкладаў з рэальнага жыцця, галоўныя героі гэтых кніг вызначаліся б дзівоснымі вытрымкай і ўпартасцю, яны праціскаліся б скрозь найшчыльнейшыя ўчасткі паветра, скрозь самыя скандэнсаваныя кавалкі прасторы, гэтыя героі паміралі б у дарозе, як і належыць сапраўдным героям. Ніводнага прыпынку, ні найменшай паўзы, сапраўднае падарожжа не патрабуе мэты, не патрабуе канцавое станцыі, галоўнае — рухацца, рухацца ўперад, колькі цягнуцца пуці, перасякаць межы чыгуначных магчымасцей, хаця б для таго, каб праверыць, хто першы ня вытрымае і саскочыць на халодны асфальт чарговага вакзала, хто першы зняверыцца ў вашым падарожжы, — давай, правер сваіх блізкіх, хто вытрымае з табою да канца, і якім ён будзе, гэты канец.
    Твары, якія раптоўна з’яўляюцца за акном, постаці, якія ўвесь час знаходзяцца недзе побач, на адлегласці выцягнутай рукі, галасы, да якіх ты прыслухоўваешся, і якія ня можаш да канца зразумець, вочы, якімі глядзіць на цябе тваё жыццё, зялёныя, ледзь прымружаныя вочы. Ніякай мэты, ніякай прычыны, ніякіх наступстваў — рухацца, трымаючыся дарогі, якая падсілкоўваецца тваім рухам, тваім бясконцым самадастатковым перамяшчэннем — з ніадкуль у нікуды, невядомую колькасць часу ў невядомым кірунку з невядомымі намерамі, чорны-чорны турызм, мэтай якога ёсць пастаянная патрэба ў руху — нябесны кантралёр кампастуе твае квіткі, душы
    ўсіх святых лятуць за табою, час існуе для таго, каб ты яго забіў.
    Трапляючы ў горад чыгункай, ты выходзіш праз высокія дзверы галоўнага вакзала — пасляваенны сталінскі будынак лёгка ўздымаецца над табою — выходзіш на прывакзальную плошчу, бярэш таксоўку і едзеш у горад, у яго цэнтральную частку. Адпрацаваны механізм праходжання скрозь фільтры і чыстцы чужога горада прадугледжвае гэты выхад з дзвярэй вакзала. Вакзал увогуле значыць нашмат болей, чым здаецца на першы погляд. Хай ён адкінуты некуды на перыферыю гарадское карты, да яго заўсёды трэба дабірацца, ён патрабуе пэўных высілкаў, але менавіта адсюль пачынаюцца рэчы найцікавейшыя і найгарчэйшыя, сюды заносіць травеньскім ветрам выпадковае дзікае насенне, з якога ўрэшце вырастае ўся зелень твайго свету, у гэтым месцы схаваны ўсе неабходныя табе словы і словазлучэнні, ну, менавіта так — чыгунка-мама, зялёнае неба над тваёй галавою, разарваныя словазлучэнні пад зялёным небам.
    Каля гадзіны ночы я прынёс мяч. Ён ледзь трымаўся разам, тыповы разбіты мяч, які доўга ганялі па асфальце. Іншага не было. Але, што найгорш, гэты таксама трэба было напампаваць паветрам, іначай ва ўсім гэтым не было ніякага сэнсу, а трэба было, каб сэнс быў — за намі сачыла надта шмат вачэй, вельмі шмат залежала ад таго, будзем мы гуляць ці ня будзем — у гадзіну ночы, пры мінус пятнаццаці, на заснежаным майдане. Гэта быў такі сабе матч смерці, дакладней — жыцця. Мы пайшлі да таксістаў. Таксісты былі за нас. Мы пачалі пампаваць, недзе на дваццатай секундзе мяч выбухнуў. Я б на яго месцы, шчыра кажучы, зрабіў так жа. Мы стаялі пасярод плошчы, з парваным абмарожаным мячом, цяжка
    выдыхаючы з лёгкіх астаткі цяпла, ну і ясна — роспачы нашай не было меж, бо ўсё гэта насамрэч і рабілася дзеля футболу, дзеля таго, каб бесперашкодна ганяць мяч у гадзіну ночы на цэнтральнай плошчы горада. I што цяпер?!
    Яны прыехалі на сваім пафасным мажорным джыпе, свяцілі дзясяткам фар і ліхтароў і адчайна сігналілі. Адразу было бачна, што яны таксама за нас. Яны зрабілі вакол нас кола пашаны і спыніліся. “Пацаны, — выглянуўу акно кіроўца, — мы, тыпу, за вас”. — “Здарова!” — адказалі мы. “Мы вас падтрымваем”, — дадаў ён для поўнай яснасці. “Дзякуй”, — адказалі мы незадаволена — хулі прыёбся ў гадзіну ночы. “Можа, вам нешта трэба?” — спытаў кіроўца. “Ды не, усё нармальна”, — адказваем. “Можа, вадзяры прывезці?” — кіроўца і напраўду быў за нас. “He, вадзяры ня трэба”. — “А што трэба?” — “Нічога ня трэба”, — мы пазбавілі яго апошняга шанца. “Тады я вам проста пасвячу, каб вам ня так цёмна было”, — сказаў ён. “Добра, свяці”, — згадзіліся мы. “Паслухай, — раптам згадаў я, — брат, прывязі мяч”. — “Які мяч?” — не зразумеў кіроўца. “Футбольны”. Кіроўца выключыў фары і заклапочана вылез з джыпа. У прынцыпе, цвярозым ён ня быў, думаю, гэта варта было спісаць на рэвалюцыю. У салоне застаўся яго напарнік, гэты нават не прыхоўваў сапраўднага стану рэчаў і проста валяўся ў сваім таксікозе. “Вы што, — спытаў кіроўца, — сур’ёзна?” — “Ну, — сказаў я яму, — бачыш — наш разарвала. А нам яшчэ гуляць. Прывязі, будзь сябрам”. — “Дзе ж я яго цяпер вазьму, пасярод ночы?” — кіроўца загаварыў сур’ёзна. “Купі дзе-небудзь, — сказаў я яму, — ён каштуе нейкую дваццатку”. — “Дык жа ж гадзіна ночы, — забедаваў ён, — дзе я яго куплю?” — “Так, — кажу, — гадзіна ночы. Слухай, — кажу
    яму, — на Паўднёвым”. — “Што?” — “На Паўднёвым вакзале”, — кажу я яму, — там дакладна ёсць, там што заўгодна купіць можна. Зматай, а?” Ён пастаяў на снезе, паглядзеў на нас, мы паглядзелі на яго, ён моўчкі сеў у джып і паехаў. Ну вось, падумаў я, сарваўся тлусты кліент. Вось табе і рэвалюцыйная салідарнасць, буржуі траханыя.
    Яны вярнуліся праз паўгадзіны. Зрабілі яшчэ адно кола пашаны і ўрубілі ўсе свае фары і ліхтары. Кіроўца вылез з салона, выглядала, што па дарозе ён дзесьці дадаў. Але ня гэта галоўнае, зусім ня гэта — у руцэ ён трымаў новы турэцкі мяч! Ён задаволена і крыху зніякавела пасміхнуўся, быццам гаворачы — я ж абяцаў, пацан сказаў, пацан зрабіў.
    Паколькі ён быў п’яны, мы паставілі яго на браму, ён адразу ж уключыўся ў гульню, аказаўся цалком нармальным чуваком, нават не зважаючы на свой джып і сто кілаграмаў вагі, выцягваўся, наколькі мог, па мячы, гуляў на выхадзе, рэагаваў на рыкашэты, ён яўна злавіў кураж, зрэшты, мы ўсе яго тады злавілі, але ён асабліва: ён стаяў пасярод начнога зімняга горада, аточаны звар’яцелай узбуджанай публікай, між гатэлем “Харкаў” і ўніверсітэтам, праваруч ад яго цягнуліся міліцэйскія кардоны, леваруч ад яго стаяў яго джып і свяціў дзясяткам ліхтароў, над ім прамярзала наскрозь цёмна-зялёнае неба лістапада, смарагдава прасвечваючыся над будынкамі цэнтральнай часткі горада, над паркамі, над раёнам новых забудоў і над старымі працоўнымі кварталамі, над вакзалам, які ніколі не спыняў сваё гарачае кругласуткавае сэрца. Ён моцна трымаўся на коўзкім снезе, затаптаным цяжкім абуткам, час ад часу занепакоена пазіраў у бок міліцэйскіх кардонаў і браў усё, што ляцела ў яго браму.
    ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ
    ЖЫЦЬХУТКА, ПАМЕРЦІ МАЛАДЫМ
    (ДЗЕСЯЦЬ ТРЭКАЎ, ЯКІЯ Я ХАЦЕЎ БЫ ПАЧУЦЬ HA СВАІХ ХАЎТУРАХ)
    1.
    Eric Burdon. Black On Black In Black. Прывіды з мінулага з’яўляюцца ў маім жыцці. Яны сочаць за мною здалёк, хаваюцца за спінамі мінакоў на вуліцы, трымаюць перад сабою газеты, седзячы ў бары за столікам напроці. Яны чакаюць і стараюцца не замінаць. Але штораз, варта толькі расслабіцца, адысці ўбок, застацца бяз сведак, яны ціха падыходзяць, стаюць побач і пільна глядзяць у вочы, чакаючы, калі я першы іх пазнаю. Яны застаюць мяне ў сарцірах клубаў, калі я адліваю, ля газетных кіёскаў, калі я купляю свежыя часопісы, у маім уласным пад’ездзе, калі я выходжу зранку па мінеральную ваду, — іх з’яўленне цяжка прадбачыць, яго цяжка пазбегнуць, яны незаўважна рухаюцца следам за мною ў маім жыцці, як акулы за танкерам, гружаным сотнямі кітайскіх нелегалаў. Проста я не даю ім нагоды разарваць мяне, ні на міг не забываючы аб небяспецы з іх боку. Проста яны, у адрозненне ад мяне, умеюць чакаць.
    Я ня быў у Нью-Ёрку дзевяць гадоў. У мяне тут зусім не засталося знаёмых: усе мае былыя знаёмыя або з’ехалі адсюль, або памерлі, паколькі гэта былі людзі, як правіла, сталага веку і паважнай біяграфіі. Дзевяць гадоў таму ў маім жыцці раптам з’явілася вялікая колькасць новых персанажаў — дзіўных і незразумелых мне — яны жылі ў гэтым горадзе і з ім у мяне асацыяваліся, у ім
    яны для мяне і засталіся. Я ня меў іх каардынат і таксама ня меў ніякага жадання зноў з імі бачыцца: калі робіш у зносінах паўзу ў дзевяць гадоў, пасля гэтага трэба хіба што пачынаць усё спачатку, іначай як бы гэта выглядала — сустрэцца з чалавекам праз дзевяць гадоў і спытаць, што ў яго новага? Новага ў якім сэнсе? За апошнія дзевяць гадоў? Тады ён меў бы пачаць са свайго нараджэння, каб аднавіць кантэкст. Па-мойму, гэта безнадзейна.
    3 падзей дзевяцігадовай даўнасці я добра запомніў Ярэму і яго малодшага брата. Гэта быў апошні вечар у Нью-Ёрку, і мы ўсе тады моцна перапілі, якраз у той вечар з’явіліся Ярэма з братам. “О, — сказаўя, — ты падобны на Морысана”. — “Я люблю Морысана”, — адказаў ён. I гэта, уласна, усё з яго слоў, што я помню. Яго брат тады заснуў ці то ў душы, ці то ў сарціры, а магчыма, і там і там. Я ня мог іх не запомніць; мы слухалі эмтывішны анплагд Нэйла Янга і пілі гаўнянае амерыканскае піва.
    “Прывітанне, — сказаўён мне, — ты мяне помніш?” — “Прывітанне, — адказаў я яму насцярожана, — помню, ясная рэч, толькі ня помню, як цябе зваць”. — “Ярэма, — адказаў ён. — Помніш, ты некалі прыязджаў сюды, мы яшчэ напіліся, ты тады сказаў, што я падобны на Морысана?” — “Дакладна, — сказаў я, — помню. I брата твайго помню — ён у сарціры заснуў”. — “У душы”. — “Дакладна — у душы”. За дзевяць гадоў Ярэма амаль не змяніўся. Ня ведаю, як я. “Давай зноў нап’ёмся”, — прапанаваў я. “Давай, — згадзіўся ён, — давай у чацвер — я запішу табе нармальнай музыкі”. — “Дамовіліся”, — сказаў я. Ну — што я казаў напачатку?
    Ярэма прыехаў на магутнай легкавушцы і прывёз мне штук трыццаць дыскаў з нарэзанымі на іх запісамі, у асноўным гэта была музыка позніх 60-х — ранніх 70-х.
    Аб некаторых з гэтых альбомаў я толькі чуў, дома знайсці іх было немагчыма. “Я табе яшчэ запішу мясцовай музыкі, — паабяцаў ён, — тут процьма каманд, яны выступаюць у мясцовых клубах, іх круцяць па мясцовых станцыях, апроч Манхэтана іх амаль нідзе ня ведаюць, гэта сапраўдная клёвая музыка”. — “А што гэта за мясцовыя станцыі?” — пацікавіўся я. “Я табе раскажу”, — сказаўён, і мы паехалі ў балгарскі клуб на дыскатэку Юджына.