• Газеты, часопісы і г.д.
  • Anarchy in the UKR  Сяргей Жадан

    Anarchy in the UKR

    Сяргей Жадан

    Выдавец: Skaryna Press
    Памер: 214с.
    Лондан 2023
    47.14 МБ
    Дыскатэка Юджына складалася з таго, што прыходзіў сам Юджын і ставіў музыку, якая падабалася асабіста яму. Гэта была нібы гарантыя якасці, клуб быў забіты балгарамі, цыганамі, савецкімі габрэямі і проста габрэямі. Юджын у асноўным ставіў ска і цыганскі фолк, па тэлевізары над барам паказвалі яго выступы з “Gogol Bordello”, балгары пахлі півам. Праз соракхвілін мы паехаліў іншы бар. “Паехалі, — прапанаваўЯрэма, — я ведаю тут адно месца, яго трымае былы ўласнік радыёстанцыі, аб якой я табе расказваў, там таксама круцяць толькі яго ўлюбёную музыку, ужо дзеля гэтага туды варта паехаць”. Гэта добра, падумаў я, што кожны круціць сваю ўлюбёную музыку. Галоўнае, каб яе на ўсіх хапіла.
    Гэтая станцыя існавала доўгі час выключна за кошт дабрачынных унёскаў. Штогод яны праводзілі збор грошай сярод слухачоў, кожны даваў, колькі лічыў патрэбным, уласнікі станцыі паяснялі — хочаце яшчэ год слухаць нашу музыку, дайце нам бабла, шмат нам ня трэба, проста каб праплаціць усе неабходныя рахункі. Яны круцілі настолькі добрую музыку, што кожны год ім удавалася сабраць патрэбную суму. Мяне гэта ўразіла; па-мойму, гэта было правільна. Сапраўдныя табе камуністычныя прынцыпы існавання музычнай прасторы. “Уласнік станцыі, — далей апавядаў Ярэма, — сам вёў
    адну праграму, я іх заўсёды слухаў, — апавядаў ён, — у іх была толькі якасная музыка, шмат музыкі з 60-х і 70-х, яны круцілі яе кругласуткава. А аднойчы да іх у студыю прыйшоў Бёрдан”. — “Як Бёрдан?” — не паверыўя. “Так, ён жыве тут побач, гэта ж Манхэтан, — паясніў Ярэма, — тут усе жывуць побач, выйшаў файны эфір, яны проста сядзелі цэлую ноч і аб нечым гаварылі, найбольш мяне ўразіла гісторыя аб тым, як Бёрдан меў выступ у турме, дзе сядзелі адны чорныя, Бёрдан страмаўся, але калі пачаў іграць, то ўсё стала на свае месцы, яны яго прынялі. Бёрдан казаў, што шмат чаго тады зразумеў. А цяпер уласнік станцыі адкрыў гэты бар, прынёс туды кучу сваёй музыкі, іншую музыку ён там круціць забараняе”. — “А там Бёрдан ёсць?” — спытаў я.
    Бармэнша была ведзьмай — так прынамсі сцвярджаў Ярэма — яна налівала нам піва, выводзячы пенай пентаграмы на яго паверхні. “Хадзем”, — нарэшце сказаў Ярэма. Мы прайшлі ў калідор і ўбачылі там вялікі музычны аўтамат, запраўлены сотняй найлепшых у Манхэтане дыскаў, выграблі з кішэняў усю дробязь і ўсыпалі яе ў нутро аўтамата. Хапіла на дваццаць сем кампазіцый, па баксе за мелодыю. “Давай, — сказаўя, — націскай, што ты хочаш”. Ён доўга корпаўся, гартаючы дыскі туды-сюды, рупліва выбіраючы кожны трэк, урэшце сказаў: “Засталося яшчэ дзесяць. Цяпер ты”.
    Што я насамрэч хачу пачуць, ня толькі цяпер і ня толькі ў гэтым бары з ведзьмай за стойкай, а наогул — што я прагну пачуць, чым бы хацеў напоўніць эфір, калі б меў такую магчымасць? Дзесяць трэкаў — гэта каля сарака хвілін музыкі, сорак хвілін часу, за гэты час са мною можа здарыцца што заўгодна, за гэты час аўтамат мае прапусціць праз сябе дзесяць нечых галасоў, дзесяць
    жыццяў, пераплятаючы іх з маім голасам і маім жыццём. Я падумаў і націснуў дзесяць першых кнопак, што трапілі пад руку.
    Заўсёды ўзбуджаюся, слухаючы музыку. Калі чытаю кнігі, са мною такога не адбываецца; як правіла, калі кніга мне падабаецца, я стараюся якнайхутчэй дабіць да канца, каб даведацца, чым усё скончыцца. Калі ж не падабаецца, моўчкі адкладваю ўбок. Праўда, потым нейкі час адчуваючы дакоры сумлення. 3 кіно сітуацыя таксама простая: я чакаю заканчэння фільма, праяўляючы больш-менш заўважную актыўнасць падчас пасцельных сцэн, мне штораз цікава, як яны гэта робяць, гэта ўсё рэакцыя. Тое ж і з тэатрам: у тэатры я пачуваюся няўпэўнена, я баюся, што акцёры ў любы міг могуць забыць словы і збіцца, мяне гэта напружвае, але не ўзбуджае. У тэатры я люблю буфеты. Але музыка! Нікому ніколі не падабалася музыка, якую я слухаю. Апрача мяне — ясная рэч. Музыку я стараюся слухаць дома і бяз сведак, мяне разрывае ад абразы і роспачы, калі нехта падыходзіць і выключае музыку, якую я слухаю, якая мне падабаецца, — маю, чорт іх бяры, музыку. Я б таксама хацеў мець уласную станцыю, я круціў бы там толькі тое, што падабаецца мне, штогод я звяртаўся б да патэнцыйных слухачоў з просьбай скінуцца на пенсію падатковаму інспектару, хадзіў бы зранку з квартала ў квартал, ад дзвярэй да дзвярэй, кажучы: “Прывітанне, я той самы чувак, які круціць для вас клёвую музыку, мяне ведае Бёрдан, можаце нечым мне памагчы?” Кожны з іх меў бы сваё асабістае права паслаць мяне падалей, кожны з іх меў бы цудоўную нагоду гэтым правам скарыстацца.
    2.
    Neil Young. Rockin’ In The Free World. Freedom! Нэйл Янг з зацяганым хаерам і ў падкрэслена старых джынсах сядзіць на зэдліку і трымае ў руках гітару. Фатограф зняў яго са спіны, так, каб аднекуль з залы біў пражэктар і хрэн што было бачна, але каб разам з тым заставалася адчуванне, быццам у зале нехта ёсць, быццам усё гэта адбываецца насамрэч. Мы стаім на даху пяціпавярховага будынка, пасярод Манхэтана, у дзве гадзіны ночы, і глядзім уніз, на вуліцу. Вуліцы Нью-Ёрка напоўнены таксоўкамі, час ад часу там праходзяць паліцыянты і геі. Мне нават здаецца, што яны вітаюцца міжсобку. Вясна 96га, нас усіх разрывае ад таго, што мы стаім, звешваючыся над прорвай, у цёмным акіянскім паветры, п’ём вадзяру з півам, час ад часу нехта выходзіць праз акно на пажарную лесвіцу і падымаецца наверх, за ім у пакоі чуваць незадаволены голас Нэйла Янга, усё ўжывую, усё па-сапраўднаму, нам усім па дзевятнаццаць-дваццаць гадоў, і ўсё ўдаецца як ніколі, болып ніколі нам ня будзе так усё ўдавацца — беспакарана, па-сапраўднаму, ужывую.
    Зманлівасць, якую табе даруе гучная музыка, эйфарыя, што напаўняе цябе, калі ты стаіш пад вялікімі чорнымі дынамікамі, назаўсёды дэзарыентуюць цябе, выкрыўляюць твае косткі, музыка б’е найперш па хрыбце, ты пасля ўсяго гэтага ўжо ня можаш як раней хадзіць
    вуліцамі і спаць да абеду ў цёплым ложку, хаваючыся пад падушку ад сонечных прамянёў: музыка калечыць цябе, пераблытвае твае сухажыллі, уганяе ў цябе свае штопары і шрубы, з дапамогай якіх цябе можна цяпер кантраляваць, ужыўляе ў цябе тысячы рэцэптараў, тысячы аголеных клем і раскручаных разетак, табою пастаянна пракочваецца чужая энергетыка, як вагоны з жалезам, табою перацякае чужая кроў — чорная і гарачая. Пачутая табою аднойчы музыка змяняе колер тваёй скуры, звужае табе зрэнкі, перасушвае губы, робіць голас нізкім, а лёгкія — уразлівымі, раздувае вены і заганяе туды сталовае сухое віно, ад чаго ты — штораз, пачуўшы сваю музыку, — губляеш раўнавагу і выпадаеш з вонкавай, цалком нейтральнай адносна цябе аўдыяпрасторы ў кашмарны падводны свет асабістага саўнду, даўжынёю ў цэлае жыццё. Колысі разоў пасля гэтага мне даводзілася паміраць ад цішы і роспачы, колькі разоў мне не хапала элементарнага цярпення і такту, колькі разоў мяне ламала ад нежадання займацца тым, чым мне даводзілася займацца, што я гатовы ўрэшце спісаць гэта на некага пабочнага — павінен жа нехта за гэта адказваць, павінен жа нехта несці адказнасць за маю пачатковую школу, за выкладзеныя для мяне асноўныя паняцці і тэрміны, якімі я меў карыстацца ў сваім праходжанні скрозь густыя атмасферныя слаі. Тады хто? Ён, так-так, менавіта ён — хітры, вечна незадаволены ўсім Нэйл Янг, у сваіх старанна падраных на каленях джынсах, з усімі сваімі дынамікамі і гітарнымі прымочкамі, з валасамі, якія ў яго выпадалі і заставаліся пасля яго ў гатэльных рукамыйніках, так-так, хто скажа, што гэта ня ён, што гэта не яго няспыннае бурчанне, ня ўсе гэтыя яго пяцьдзясят дыскаў арыгінальнай музыкі і кавераў траўмавалі
    мяне ў самы зручны для гэтага момант, калі маё сэрца ўбірала ў сябе інфармацыю, як удаў мёртвага труса, хто як ня ён мае адказваць за пралікі ў маім выхаванні, так, быццам за гэтым напраўду не было нічога, апроч музыкі, так, быццам сапраўды ў яго голасе не адчувалася пагроз і праклёнаў, а ў яго Freedom — простага прадбачання, як яно ўсё павінна быць — з крывёю, з гарамі трупаў і абавязковай перамогай.
    Так ці інакш усё завязваецца на музыцы — і твае знаёмствы, і твае шкодныя звычкі, і тое, як ты паводзішся ў ложку, і тое, за каго ты галасуеш на выбарах, і ці галасуеш наогул. Музычны фармат ёсць насамрэч фарматам паводзін, гэта табе толькі здаецца, што ты выбіраеш музыку, выбіраеш адзенне, шукаеш сабе працу, пераключаеш каналы тэлебачання, спыняючыся на нечым цікавым для сябе. Ты занадта давяраеш уласным пачуццям, уласнай інтуіцыі, якая цябе штораз падводзіць, і ты проста не ўсведамляеш, што насамрэч табою водзіць і кідае з боку ў бок, ад сцяны да сцяны, што насамрэч укладзеная ў цябе ў свой час інфармацыя з часам абавязкова пачынае прыносіць дывідэнды, і дывідэнды гэтыя выплачваюцца зусім не табе. Усё залежыць ад музыкі, і аднойчы ты пачынаеш пераймацца чужымі ідэямі, упускаючы іх на сваю тэрыторыю, падпарадкоўваешся чужому рытму, падпадаючы пад яго, падганяючы пад яго сваю міміку і свае рухі, і адказных за гэта годзе шукаць: ніхто не забароніць блюз за тое, што ён зламаў твае суставы, ніхто не пасадзіць Нэйла Янга на электрычнае крэсла ў штаце Тэхас за тое, што ў цябе выпадаюць зубы ад яго гітары. Freedom — гаворыць Нэйл Янг і паказвае табе фак. Freedom — пацвярджае суд прысяжных і робіць
    перапынак на ланч. Freedom — маркотна пагаджаешся ты і ідзеш да знаёмага зубнога.
    Яны зробяць так, каб я нічога не заўважыў. Яны будуць маскавацца за брэндамі і музычнымі тэрмінамі, яны пусцяць перад сабою рэкламныя ролікі і дасведчаных прамоўтараў, яны запоўняць эфір старанна і ўмела, як мама ў дзяцінстве запаўняе сандвічамі кошык для выезду на прыроду. Я наўрад ці заўважу іх працу, прачнуўшыся аднойчы зранку ў цалком варожым горадзе, з акупаваным іх музыкай ды агітацыяй паветрам, у якім не застанецца прасторы для маіх манеўраў. Я нават не змагу згадаць, як усё выглядала раней, да таго як музыка пачала ўганяць мяне ў дэпрэсію, а радыёпазыўныя выклікаць боль у мышцах. Яны зменяць усё: яны зменяць застаўкі да праграм, яны зменяць галасы вядучых, яны будуць дадаваць да агульнага гучання ўсё больш пластыку, усё болей пластылінавых замяняльнікаў, яны будуць прыбіраць з музыкі ўсе лішнія дэталі, усе дадатковыя функцыі, яны будуць мыць і чысціць сваю музыку, як тушу кіта, яны вышкрабуць адтуль усе гарачыя жывыя механізмы, на працу якіх я заўсёды рэагаваў, і мне застанецца пустая цьмяная сфера, якая будзе вісець нада мною, халодна пераліваючыся сінтэтычным ззяннем, нібы сапраўднае сонца, нібы гарачае сэрца, вырванае з грудзей адважнага тынэйджара.