Anarchy in the UKR
Сяргей Жадан
Выдавец: Skaryna Press
Памер: 214с.
Лондан 2023
менавіта яна іх нарадзіла, жадаючы гэтыя сумневы мець, але, на вялікі жаль, анітрохі іх ня маючы.
Адзіны, хто мог з гэтай сітуацыі выйсці з годнасцю, — гэта чувак на кухні, той, які слухаў Лу Рыда. Яго я разумеў, я б у гэтым становішчы таксама слухаў Лу Рыда: стары підар Лу Рыд мог як ніхто іншы апавесці, наколькі безнадзейнымі бываюць абставіны вакол нас, мог паясніць, як выжыць і як ня ўпасці ў адчай, калі губляеш сяброў, калі твае сябры не вытрымваюць твайго побытавага драйву, не вытрымваюць таго тэмпу, які ты задаеш, не дацягваюць да роўню тваіх адарванасці і асацыяльнасці, саскокваюць на хаду з падножкі вагона, які ты перад гэтым доўга і настойліва разганяў. Яго, гэтага чувака, які піў ад бязвыхадзі каву з малаком, якраз і можна было зразумець: найгорай, калі чалавек, якога ты лічыў братам па розуме і па неразумнасці, аказваецца слабаком, не вытрымвае ціску з боку нармальнага дарослага свету, падладжваецца пад яго і замест таго, каб разам з табою штоночы весела трахаць вашу супольную сяброўку, сядзіць у прасякнутай падлеткавым потам раздзявалцы і слухае дэбільныя аповеды сваіх аднагодкаў, якія зусім нічога ня ведаюць аб цёмных і самых цікавых баках гэтага жыцця, аб амаральным знясільваючым падлеткавым каханні, якога ён так саромеецца і так настойліва намагаецца пазбыцца, а пазбыўшыся, доўга сядзіць у пустым пакоі, нават не заўважаючы, што разам з амаралкай знікла яго здольнасць давяраць іншым, што сістэма ўмела і пралічана выкарыстала яго мышцы і лёгкія, што жыццё выглядае куды прывабней, калі пачынаеш яго мяняць пад сябе, што ўсе аднакласнікі даўно яго пакінулі, аднаго ў раздзявалцы, што чэмпіянат, які здаваўся яму такім важным, даўно скончыўся, а ён так і ня стаў чэмпіёнам і ўжо ніколі-ніколі ня стане.
7.
George Harrison. Hear Me Lord. Мой досвед зносін з будызмам абарваўся разам з паразай украінскай рэвалюцыі 2001-га года. Рэчы міжсобку не звязаныя — трэба прызнаць — нават уявіць сабе не магу вялікую кастрычніцкую будысцкую рэвалюцыю. Проста так выпадкова сталася, што ў той самы час, калі нешматлікія і разрозненыя рэвалюцыйныя масы намагаліся неяк даць рады з антынародным рэжымам, недзе зусім побач, выпадкова, паўтаруся, час ад часу з’яўляліся будысты. Для мяне тыя падзеі так і засталіся ў памяці з моцным будысцкім акцэнтам. Так сталася, што ў 2000-м я пазнаёміўся з харкаўскай грамадою будыстаў. Мы рабілі антываенны канцэрт — тады якраз пачалася другая чачэнская — і тут прыйшлі прадстаўнікі грамады будыстаў. Яны прыйшлі стракатым аранжава-чырвоным піянерскім атрадам, трымаючыся разам і стараючыся не адставаць адзін ад аднаго. Як у сапраўднага піянерскага атрада, у іх былі барабаны, у якія яны білі доўгімі драўлянымі палачкамі, ствараючы шум і хаос і распуджваючы на сваім шляху недаверлівую харкаўскую публіку. Даведаўшыся пра наш канцэрт, будысты рашылі нас падтрымаць, сказалі, што таксама проці вайны, прапанавалі свае паслугі і паказалі фота свайго гуру, які жыў у Тыбеце, але час ад часу калясіў светам і змагаўся за айкумену. Ва Украіну
гуру пускаць не хацелі, будыстаў гэта вельмі засмучала, яны бачылі ў гэтым праявы рэжыму; так яно, што найгорай, і было. “А чым вы можаце памагчы?” — запыталі мы будыстаў. “Мы можам прыйсці, — адказалі будысты, — і прачытаць малітву за мір”. — “А што за малітва?” Будысты хутка выстраіліся ў шарэнгу, дасталі свае піянерскія барабаны і хорам закамлалі. Малітва за мір была складзена па-руску і вызначалася вялікай колькасцю рытарычных зваротаў і абагульненняў. Увогуле, малітва нагадвала тэкст прысягі байца савецкага войска: маўляў, перад абліччам таварышаў па будызме абавязуюся змагацца за мір і берагчы выдадзеную мне ў карыстанне вайсковую тэхніку. Трымаліся яны, як я ўжо сказаў, групай, кожны асобна рабіў досыць неадназначнае ўражанне, паасобку яны былі падобныя на маладых зэкаў, якіх адзелі ў аранжавыя спадніцы і прымусілі камлаць малітву за мір. Рэлігійны агонь у іх вачах адліваў ружовымі водбліскамі шызафрэніі. Мне яны падабаліся.
Перад канцэртам да мяне падышоў прадстаўнік гэтага самага антынароднага рэжыму, які ў іх там, у антынародным рэжыме, адказваў за працу з рэлігійнымі грамадамі. “У вас што, будуць будысты?” — строга спытаў ён. “Так, будуць”, — адказаў я. “Што яны будуць рабіць?” — “Будуць камлаць, — адказаў я, — гэта значыць будуць чытаць малітву за мір”. — “Ага, — прамовіў ён заклапочана, — за мір. А можна атрымаць тэкст малітвы?” — “Паслухайце, — сказаў я яму, — а вы, скажам, перад Вялікаднем таксама патрабуеце ад праваслаўнай царквы тэкст малітваў, каб пераканацца, што Хрыстос уваскрос і што ніякіх неспадзяванак у гэтым годзе не чакаецца?” — “Ведаеце, — ён рашыў змяніць тактыку і даверліва да мяне прыгарнуўся, — я вас не разумею: вось вы
змагаецеся з антынародным рэжымам, то-бок з намі, — яго голас гучаў цёпла і прыглушана (сука гэбэшная, дзе яны гэтаму вучацца?), — але навошта вам будысты?” — “Ну як для чаго? — я паспрабаваў адсунуцца. — Яны за мір”. — “Ну я, дапусцім, таксама за мір”, — сказаў ён. “Але ж вы не камлаеце?” — запярэчыў я. “Усё адно я вас не разумею, — працягнуў ён. — Вось вы іх запрашаеце, а з іх бабкі трэба збіваць, хай плацяць, уроды; ведаеце, колькі ў іх бабак?” — “Ня ведаю”, — прызнаўся я. Чувак скрушна пакачаў галавою, з чаго я зразумеў, што бабак у іх дахуя.
Але дзіўна, падумаўя, — здаецца, ён ня любіць прадстаўнікоў будысцкай грамады; як ён, цікава, працуе з іншымі грамадамі, можа, ён іх таксама ня любіць? Можа, ён атэіст? Або яшчэ горай — прадстаўнік якога-кольвек сатанісцкага культу. Можа, яго прызначылі галоўным па працы з рэлігійнымі грамадамі з увагі на яго сатанісцкае мінулае, падумалі — у нас і без рэлігійных грамад спраў па горла, у нашым антынародным рэжыме, таму даручым гэтую справу заслужанаму сатаністу — ужо ён ім напэўна дасць прасрацца, усім гэтым масонам. Таму, атрымаўшы карт-бланш, ён рашуча прыступіў да працы, шторанку прыходзіў у свой кабінет з меднай шыльдай “Камітэт па працы з рэлігійнымі грамадамі”, дзе на стале ляжалі падручнікі па акультызме і сатанінская біблія, і пачынаў прыём прадстаўнікоў розных грамад. Застаўшыся ў кабінеце сам-насам з чарговым адвентыстам сёмага дня, ён навальваўся на безабаронную ахвяру, звязваў яе па руках і нагах і ажыццяўляў над яе целам розныя рытуальныя дзеянні — з прафілактычнай, так бы мовіць, мэтай. Ахвяра настрашана крычала, прадстаўнікі іншых рэлігійных грамад, якія сядзелі ў калідоры на зэдліках і чакалі сваёй чаргі, нервова перасмыквалі плячыма, у
апошняга наведніка ён вырываў пячонку і сэрца, клаў іх у вялікі поліэтыленавы пакет з супермаркета “ТарГет” і з адчуваннем выкананага абавязку ішоў дамоў. А міліцыянты на вахце казыралі яму і з павагай казалі — зноў Іван Міхайлавіч халтурку дадому панёс.
Адкамлаўшы, будысты пашыхтаваліся ў калону і задаволена пайшлі дамоў. За імі доўга лунаў барабанны бой.
Улетку наступнага года яны з’явіліся зноў і запрасілі мяне ў госці. Рэвалюцыя пацярпела паразу, рэакцыя святкавала поўную і безумоўную перамогу, адно гаўно навокал, усе вырадкі, усе прадаліся антынароднаму рэжыму з яго камітэтчыкамі і сатаністамі, сябры паразбягаліся, лета яшчэ працягвалася, але восень была ўжо недзе побач, недзе зусім побач. Яны пазванілі і сказалі, што адкрываюць ступу міру, запрасілі на адкрыццё. Ага, падумаў я, вось хто не абламаўся, вось хто трывалы і непахісны, вось чыю шызу ня можа адбіць ніводны рэжым, нават такі антынародны, як наш. Мне спадабалася словазлучэнне “ступа міру”, і я паехаў на яе адкрыццё.
Тое, што яны жылі ў піянерлагеры, мяне зусім не здзівіла, усё правільна, падумаў я — дзе ж ім яшчэ і жыць, як не ў піянерскім лагеры, яны так нагадваюць піянерскі атрад, піянерскую дружыну імені верхняй чакры. Лагер мясціўся на тэрыторыі харкаўскага лесапарку, пры саўку ён належаў нейкаму заводу, цяпер завод збанкрутаваў, лагер разваліўся і яго захапілі будысты. Захапілі і спрабавалі там акапацца. Антынародны рэжым, а галоўным чынам знаёмы ўжо нам сатаніст Іван Міхайлавіч, павялі з імі рашучую барацьбу, намагаючыся выбіць іх з тэрыторыі піянерлагера ў густы сасоннік, або наогул на тэрыторыю сяброўскай нам Расейскай Федэрацыі. Будысты
трымаліся стойка, а для моцы духу збудавалі на тэрыторыі піянерлагера ступу міру і запрасілі на яе адкрыццё прадстаўнікоў СМІ ды сяброўскіх арганізацый. Я, так выходзіла, быў прадстаўніком сяброўскай арганізацыі, хаця і сам ня ведаў — якое менавіта.
Ад шашы ўглыб лесу цягнулася пясчаная дарожка. Я выйшаў з аўтобуса і стаў засмучана аглядацца. Цікава, думаю, дзе ж ступа? 3 лесу пачуўся бадзёры барабанны грукат. Ага, сказаў я сабе.
Ступа была збудавана на спартовай пляцоўцы і нагадвала афішную тумбу, мела каля двух метраў вышынёю і асабіста ў мяне з мірам не асацыявалася. Але добра. Вакол ступы стаялі сябры-будысты, з барабанамі напагатове, вакол іх сноўдалі прадстаўнікі СМІ, наводдаль за ўсім насцярожана назіралі прадстаўнікі сяброўскіх арганізацый. Два зэкаватыя будысты ўбачылі мяне і радасна падышлі. “Добрага дня, — сказалі, — мір вам”. Гэта прагучала як “хуй вам”. “Дзячу”, — кажу. “Добра, што вы прыйшлі, зараз пачнём”. Галоўны будыст, іх, скажам так, піянерважаты, махнуў рукою і будысты закамлалі. Камлалі яны доўга і натхнёна, з любоўю гледзячы на сваю тумбу. Хвілін праз пятнаццаць змоўклі. “А цяпер, — сказаў піянерважаты, станьма ў кола і прамоўма малітву за мір”. Прадстаўнікі сяброўскіх арганізацый асуджана пацягнуліся да ступы. Прыкольная ступа, падумаў я і пайшоў назад да шашы, Думаю, бабак у іх усё ж не было.
8.
The Stooges. Real Cool Time. Адкуль яны бяруцца і куды потым знікаюць? Хто кантралюе іх рух? Што іх падтрымвае ў гэтым жыцці? Трэба быць монстрам, каб вытрымваць гэты штодзённы ціск з боку жлобскага ўкраінскага грамадства, з боку крывавага штодзённага жыцця, у якое яны ніяк не трапляюць, быццам музыкі-пачаткоўцы ў журботную мелодыю пахавальнага аркестра. Гэтыя будысты верылі, што, збудаваўшы пасярод піянерскага лагера афішную тумбу, яны сталі бліжэй да свайго неўязнога гуру, бліжэй да свайго паднябеснага Буды; што мела з імі здарыцца перад тым, як яны пагадзіліся надзець аранжавыя сукенкі і ўзяць у рукі піянерскія барабаны? Ня ведаю, магчыма да кожнага з іх сапраўды прыходзіў у сне паднябесны Буда і нешта ім нашэптваў, схіляючыся над засліненай падушкай, магчыма, ім сапраўды траплялася ўбачыць пасярод вулічнай плыні ці ў прыцемках парка яго мешкаватую падлеткавую постаць, магчыма, яны сапраўды пазнавалі яго па нейкіх ледзь улоўных рухах ці па голасе, бо мела ж нешта вырваць іх з бясконцай назойлівай плыні, у якой яны павольна і няўмольна рухаліся ў бок смерці — жахлівай побытавай смерці, якая не пакідае табе шанцаў і часу на роздумы, — нешта ж прымусіла іх паспрабаваць перайсці вуліцу ў недазволеным месцы, а галоўнае нават ня гэта — нехта