• Газеты, часопісы і г.д.
  • Anarchy in the UKR  Сяргей Жадан

    Anarchy in the UKR

    Сяргей Жадан

    Выдавец: Skaryna Press
    Памер: 214с.
    Лондан 2023
    47.14 МБ
    Ясная рэч, я разумею ўсю дзяціннасць такіх абагульненняў, але мне падабаецца глядзець на сваё мінулае
    менавіта так — шырокарасплюшчанымі ад захаплення вачыма, вачыма, вільготнымі ад рэзкага яркага сонца, якое сляпіла гэтых мужчын у іх барацьбе за выжыванне. Потым усё зменіцца, вядома ж: яны вельмі хутка пастарэюць, ужо ня будзе мяшкоў з півам, ня будзе крыві на руках, сонца на далонях, — усё зменіцца, усё зменіцца ў горшы бок. Так бывае: там, дзе табе было добра і ўтульна, некага наступнага проста расцісне выпадковай бэлькай, якая некалі ды павінна была ўпасці, і галоўнае, што ніхто ня ведае — калі.
    Пару гадоў таму я ішоў трасай (прыехаў дамоў), паўз мяне пранёсся дзікі чувак на мапедзе, раптам ён спыніўся, развярнуўся і пад’ехаў да мяне. Ясная рэч — гэта быў Джахар. Ён меў гусарскія вусы і быў п’яны. Да руля яго мапеда была прывязана торба, адтуль тырчала рыльца бутэлькі. “Ты?” — запытаў ён. “Ну”, — сказаў я. “Дамоў?” — “Дамоў”. — “Як справы?” — пацікавіўся Джахар. “Нармальна, — адказаў я. — А ў цябе як?” — “Я цяпер фермер”, — сказаў ён. “Фермер?” — “Ага, фермер”. — “Ну і як?” — “Ды як, — прамовіў ён, падумаўшы, — кепска: член тарчма, а здароўя няма”. Я падумаў, што для фермера гэта, мабыць, ня надта добра. “Помніш, як мы з табою кааператара завалілі?” — спытаў я. “He, — адказаў ён, — ня помню. Будзеш піць?” — ён дастаў бутэльку. “He, — сказаў я, — ня буду”. Ён выпіў сам, яму не пайшло, але ён не здаваўся. “Заходзь неяк у госці”, — загаварыў ён, закачаўшы-такі ў сябе сваю гарэлку. “Лепш ты заходзь”, — адказаў я. “Падары мне сваю шапку”, — папрасіў ён. “Ідзі ў жопу”, — адказаў я. Мы зноў разышліся сябрамі.
    89-ы.
    Інтэрнат. Капітан Кабылка. Гэта быў капітан Кабылка. Высокі і худы — капітанская форма звісала з яго ў розных месцах, на галаве матлялася непрапарцыйна шырокая фуражка (у фільмах аб грамадзянскай такія фуражкі насілі ўрангелеўскія афіцэры). Капітан быў ліквідатарам. Падобна, што ў Чарнобылі яго добра прасмажылі, ён насіў вялікія акуляры з цёмнымі шкельцамі і для капітана выглядаў проста жахліва. Нас ён ненавідзеў, мы ў яго асацыяваліся з нечым непрыемным — я гэта бачыў. Ён вучыў нас правільна надзяваць процігазы і патрабаваў, каб мы засвоілі азбуку Морзэ. Асабіста ў мяне з азбукай Морзэ ня склалася. 3 процігазамі таксама. Найболей даставала тое, што на яго заняткі мы мелі прыходзіць у вайсковай форме — выглядалі мы як даўны (у нармальным адзенні мы таксама выглядалі як даўны). Нам было па пятнаццаць гадоў, нас плюшчыла ад адрэналіну, у нашых аднакласніц рэзка пачыналі расці грудзі, мы спрабавалі курыць узацяжку, і вайсковая форма нам у той час была зусім ні да чога. Аднойчы я прыйшоў на яго заняткі з бабуліным ордэнам Айчыннай вайны трэцяй ступені. Капітан расстроіўся. Лёс яму яўна не пасміхаўся, і Госпад Бог прамаўляў да яго выключна азбукай Морзэ. Улетку ён павёз нас на вайсковыя зборы.
    Перад тым мы спрабавалі адмазацца: пайшлі да знаёмага лабаранта, які працаваў у паліклініцы, і той выпісаў нам усім пасведчанні, у якіх ад рукі напісаў, што мы не прыдатныя ні да якіх вайсковых збораў і ў сувязі з гэтым падлягаем агульнай амністыі, —нешта такое, адным словам, не зусім пераканаўчае. Усё гэта было змацавана трохкутнай пячаццю паліклінікі і яго подпісам: “лабарант Жукаў” — каліграфічна выводзіў ён у правым ніжнім куце. Мы прынеслі нашы пасведчанні капітану, той, адкрыўшы для сябе, што палова класа — інваліды, моўчкі сабраў нашы пасведчанні і, коратка паясніўшы нам, як менавіта ён выкарыстае нашы паперкі, загадаў усім рыхтавацца да збораў. Тым летам пад амністыю мы ня трапілі.
    Нас загрузілі ў машыны і павезлі ў лагеры. Лагеры мясціліся за горадам, пасярод поля, на тэрыторыі пэтэвэ. Тут быў цэлы гарадок, з трактарным паркам, футбольнай пляцоўкай, класамі для заняткаў, сталовай ды інтэрнатамі. На лета пэтэвэшнікаў адсюль выганялі, яны разыходзіліся па стэпе і вярталіся толькі ў верасні. Інтэрнаты стаялі пустымі, футбольная пляцоўка зарастала травою, калгаснікі кралі з трактарнага парка саляру. Нас прывезлі і выкінулі на заасфальтаваны пляц. Капітан Кабылка загадаў нам рассяляцца і, цьмяна бліснуўшы сваімі вялікімі акулярамі, пайшоўу штаб.
    Увечары ён прыйшоў са штаба на падпітку, далей ён у такім стане ўвесь час і заставаўся, гэта дадавала яму асаблівага камандзірскага куражу, а нам — дадатковых праблем на нашы азадкі. У першую ж ноч мы адпіздзілі нашага аднакласніка. Ён быў выдатнікам, і ў школе мы яго ў прынцыпе паважалі, але дзіўна, што, трапіўшы
    ў такія нефарматныя ўмовы, мы адразу ж страцілі нават рэшткі таго чалавечага аблічча, якое стараліся захоўваць у мірных умовах. Мы пабілі аднакласніка, пабілі мэблю ў пакоі і не збіраліся на гэтым спыняцца. I тут з’явіўся капітан, пахмельна ацаніў становішча і выгнаў нас усіх, вядома ж, апрача пабітага выдатніка, на пляц. “Ну, што, вырадкі, — сказаў ён пранікнёна, — значыць, спаць мы ня хочам? Добра, — сказаў ён, хаця нічога добрага ў гэтым не было. — Значыць, будзем трэніравацца ў баявыхумовах. Усім узяць процігазы!” Мы панура пайшлі па процігазы. Капітан Кабылка стаяў пасярод пляца, рашучы і паддаты, урангелеўская фуражка збілася набакір, і капітан ад гэтага таксама хіліўся ўбок. “Надзець процігазы, сукі!” — сухім ліквідатарскім голасам загадаў ён. Мы слухмяна пачалі надзяваць. “Успышка справа!” — паведаміў капітан, і мы паваліліся на асфальт. “Адбой”, — задаволена сказаў ён, і мы пачалі падымацца. “Успышка справа!” — паўтарыў ён, і мы зноў пасыпаліся на асфальт, звонка, як шарыкі з падшыпнікаў. Што вам сказаць? Ён муштраваў нас добрую гадзіну на цёмным начным пляцы, дзе не было нікога, акрамя яго і нас, хіба толькі з акна інтэрната за намі перапуджана назіраў пабіты намі аднакласнік.
    Урэшце капітан супакоіўся. “Ну што, — спытаў ён, — хочам спаць?” Мы не адказалі: на нас былі процігазы. “Добра, — расслабіўся капітан, — бяжым дваццаць разоў вакол пляца, у процігазах, — я сказаў: у процігазах! — і можна ісці спаць”. Мы пабеглі. Ён стаяў у цэнтры, а мы бегалі вакол яго ў процігазах, як баявыя карфагенскія сланы. У нейкі момант я абламаўся і незаўважна адкруціў трубку процігаза ад фільтра. Дыхаць стала куды лягчэй.
    Чэрвень у тым годзе быў цёплы і сонечны. Мы штодня муштраваліся на пляцы, потым елі ў сталоўцы
    смярдзючую кашу, ушчэнт зачмырылі нашага аднакласніка, па абедзе зноў муштраваліся. Мы вытапталі траву на футбольнай пляцоўцы і навучыліся зліваць з трактароў саляру, каб потым перапрадаваць яе калгаснікам. На атрыманыя грошы мы куплялі кансервы і тытунь. У дзевяць вечара была палітінфармацыя, мы глядзелі навіны, пасля чаго капітан зноў заганяў нас у інтэрнат, а сам ішоў у штаб бухаць. Ён яшчэ больш схуднеў і недзе згубіў сваю фуражку. Аднойчы ён прывёз нам сапраўднага гэбэшніка — для палітвыхавання. Гэбэшнік нікому не спадабаўся: ён пантаваўся, гаварыў аб барацьбе з унутраным ворагам і замест зразумелага для нас “амерыка” вымаўляў з нейкім дурацкім пранонсам: “юнайтэд стэйтс”. Капітану ён таксама не спадабаўся, капітан ставіўся да яго падкрэслена халодна — маўляў, я пад рэактарам смажыўся, а ты, підар, змагаўся тут з унутраным ворагам, юнайтэд стэйтс, тваю маму. Я ўпершыню паглядзеў на капітана з павагай.
    Тою ноччу я стаяў на вахце. Змяніць мяне мелі праз колькі гадзін, уранку. Раптам дзверы штаба адчыніліся і адтуль выйшаў капітан Кабылка. “Стаіш?” — спытаў ён, падышоўшы. “Стаю, — адказаўя, думаючы: што за хрэн, што яму трэба? “Хадзем”, — коратка сказаў капітан і павярнуў да штаба. Я асуджана пабрыў за ім. У штабе ляжаў упіты ў бэлю гэбэшнік. На стале стаяў спірт. Капітан узяў алюмініевую кружку і наліў. “Трымай, — працягнуў мне, — ты малайчына. Давай пі”. Я выпіў. “Выпіў?” — спытаў ён. “Выпіў”, — адказаў я. “Ну дык ідзі адсюль на хуй”. Я пайшоў. Нармальна, думаю, добры ён мужык, капітан Кабылка, хаця і ебануты.
    У апошні дзень збораў капітан павёз нас на палігон. “Увага, — сказаў ён, — вырадкі, маеце кожны па калашы і па два ражкі баявых, блядзь, патронаў. Наперад”. Мы пападалі ў траву і пачалі страляць па мішэнях, што стаялі метраў за пяцьдзясят. Я цэліўся і намагаўся ня траціць патроны дарма. Капітан стаяў нада мною і глядзеў у бінокль на мае вынікі. “Няблага, — крыкнуў ён мне, — няблага, а цяпер давай чаргою!” — “Патронаў шкада, — адказаў я яму, — баюся ня трапіць”. — “Ды ладна, — загарэўся капітан, — давай, усадзі чаргою, хулі ты!” Я паглядзеў на яго знізу — ён стаяў рашучы і заведзены, кроў біла яму ў галаву, як сонца на пляжы, і я раптам зразумеў, чаго ён ад мяне хоча, моўчкі пераключыў аўтамат з адзіночнага і запусціў першую чаргу. “Давай! — крыкнуў мне капітан. — Давай, валі!” Я прыціснуў прыкла'д да пляча і выпусціў рэшткі ражка, уставіў наступны і гэтак жа хутка расстраляў і яго. Я паліў па мішэнях амаль ня цэлячыся, мне хацелася зрабіць яму прыемна, я проста біў баявымі патронамі па паветры, па пяску, па мішэнях, выбіваючы свае сто са ста, расстрэльваючы ўсіх сваіх падлеткавых прывідаў, якія стаялі перада мною ў чэрвеньскім паветры, біў доўгімі чэргамі за кожны са страчаных на гэтых зборах дзён, за ўсе свае абразы і дакоры сумлення, за свайго капітана, які стаяў за мною і зачаравана глядзеў на пабітыя кулямі мішэні. Вакол мяне рос густы малачай, птахі спуджана кружылі ў крэйдавым небе, патроны скончыліся, гільзы былі гарачымі, губы сухімі, лета бясконцым.
    90-ы.
    Дахі. Я ўхапіўся за галіну і падцягнуўся ўгору. Камель быў халодны і шорсткі. Абхапіўшы яго рукамі, я палез. Схапіўся за наступную галіну, перакінуў цераз яе нагу і зноў падцягнуўся. Рукою ўжо можна было дацягнуцца да шыферу. Я асцярожна падняўся па галінцы, адчуваючы, як яна прагінаецца пад маімі нагамі, прагінаецца, але вытрымвае, закінуў локці на шыфер, яшчэ раз падцягнуўся і перакаціўся па плоскай паверхні. Асцярожна падняўся і рушыў наперад, амаль наўслеп. Неба было ў хмарах — зрэшты, мне было толькі таго і трэба. Галоўнае — не забыць, што я не зусім цвярозы і што я на даху, што ступаць трэба асцярожна і ціха, бо калі ўнізе нехта пачуе, мяне здымуць адсюль прама ў аддзяленне. Далей была сцяна, я падскочыў і паспрабаваў ухапіцца за верхні край, але не ўтрымаўся і заваліўся на спіну; чорт, падумаў я, не хапала яшчэ разбіцца тут па п’яні. Я падняўся, калена ныла, падскочыў яшчэ раз. Падцягнуўся на руках і запоўз за выступ даху. Павольна палез угору, стаў на ногі і асцярожна пайшоў да краю. Трэба было прайсці метраў дваццаць; добра, што так цёмна: знізу мяне ніхто ня ўбачыць, я таксама тут нічога ня бачу, галоўнае — учасна спыніцца. Праз пару метраў дах абрываўся. Я сеў на шыфер і стаў павольна падсоўвацца да краю. Зазірнуў уніз. На плошчы гарэла пару ліхтароў,