Anarchy in the UKR
Сяргей Жадан
Выдавец: Skaryna Press
Памер: 214с.
Лондан 2023
Мой брат разбіваўся ўжо некалькі разоў, ён разбіваў свае матацыклы, колькі іх у яго там было, падаў на поўнай хуткасці, здзіраў скуру, рваў адзенне, але ўставаў і ехаў далей, быццам так і трэба, у яго жыцці было столькі машын, што я нават ня ўсе помню. У дзяцінстве ён мяне таксама вучыў ездзіць, але з гэтай задумы так нічога і ня выйшла: я заўсёды баяўся хуткасці. I дасюль баюся. Магчыма, пасля таго, як у дзяцінстве, напіўшыся, мы з прыяцелем скралі цяжкі “Урал” з каляскай і доўга разганялі яго на такой жа трасе — безнадзейнай і неадрамантаванай, а калі разагналі да канца, я заўважыў, што мой сябар, які, дарэчы, быў за стырном, паспеў заснуць. На павароце “Урал” зляцеў з трасы і нейкім дзівам праскочыў між апорамі ліній электраперадачы. Мы засталіся жывыя і адразу працверазелі. Я баюся хуткасці, баюся некуды ехаць, больш за гэта я баюся толькі спыніцца.
3.
Паганы Сасюра. А чацвёртай ранку чыгуначны вакзал горада Сватава ціхі і кепска асветлены. Наколькі я разумею, Сасюра недзе тут і ваяваў. У яго ўспамінах якраз на гэтым вакзале ці то нехта некагаўзяўу палон, ці то наадварот — палону пазбег. Яго часам цяжка зразумець, асабліва калі гэта датычыць жыццяпісу; так прачытаеш цэлы том і не зразумееш — за каго ж ваяваў галоўны герой? Сасюра надзвычай хімерны ў сваіх успамінах, падумаць толькі — чувак прайшоўусю грамадзянскую, ваяваў на некалькіх франтах, ацалеў, што самае галоўнае, і пра што потым піша ў мемуарах? Нейкі бясконцы трах з сёстрамі-жалобніцамі ды адказнымі палітработнікамі (а’кей, з палітработніцамі, нічога такога за Уладзімірам Мікалаевічам, здаецца, не назіралася), нейкія пастаянныя соплі з тае нагоды, што дзесьці там, у сонечным Данбасе, яго чакае маладая цнатлівая Лілі Марлен, нявызначанасць палітычнай платформы і ідэйнай праграмы (тое, што ён за сусветную рэвалюцыю, яго ні ў якай ступені не апраўдвае: усе за сусветную рэвалюцыю), паражняк, адным словам, — ніводнай табе яркай батальнай сцэны з мясам і кішкамі, наматанымі на колы чырвоных браневікоў, няма акрэсленых партрэтаў байцоў і старшын з паслужнымі спісамі і засечкамі на прыкладах снайперскіх вінтовак, ніякіх звестак аб колькасным складзе
сіл праціўніка, больш таго — за ўвесь гэты час ніводнага ўласнаруч кончанага ворага працоўнага класа! і ён гаворыць, што ён за сусветную рэвалюцыю! Пачытай, — хочацца сказаць аўтару, — пачытай успаміны іншых удзельнікаў рэвалюцыйных змаганняў на поўдні Расеі, ну, значыць, ва Украіне, пачытай хаця б таго ж Нестара Іванавіча — якая ўвага да дэталяў і ўлік нюансаў, ён жа фіксуе кожнага павешанага ім марадзёра ці камісара з такою стараннасцю, быццам сапраўды разлічвае перадаць гэтыя спісы непасрэдна святому Пятру ў спадзеве, што стары залічыць яму гэта пры пропуску да райскай брамы. Што ў такім разе меў бы залічыць святы Пятро ў актыў Сасюры Уладзіміра Міхайлавіча? Гэтае яго цяганне з сёстрамі-жалобніцамі па санітарных вагонах? Наўрад ці. Ці я чагосьці не разумею ў канцэпцыі хрысціянства. Што святому Пятру да сясцёр-жалобніц? У яго і без таго клопатаў хапае, я думаю. Але ладна, нават калі ты ня дбаеш пры гэтым пра захмарныя брамы і пропускі, — не падабаюцца мне яго пастаянныя недагаворкі, бо за ўсімі гэтымі санітарнымі вагонамі ясна адчуваецца нешта значна цікавейшае, нешта, пра што Уладзімір Міхайлавіч або насамрэч забыў, або зрабіў выгляд, што забыў, — бо насамрэч яго мемуары пахнуць трупамі, пахнуць цёплай крывёю і брудным адзеннем, тыфам і дызентэрыяй, толькі вось чаму ён пра гэта ня піша? Як па мне, бяда гэтай літаратуры ў тым, што жыццяпісы найлепшых яе пісьменнікаў значна цікавейшыя за іх творы, ну ды гэта справы не датычыць.
Мы выходзім на перон. Цягнік асвятляюць некалькі магутных ліхтароў, як на стадыёне, вагоны цяжка рухаюцца, набіраючы хуткасць перад наступным перагонам, далей цягнік паварочвае на Данбас. Тут няма чаго рабіць
нават удзень. Уночы тут няма чаго рабіць наогул. На вакзале халодна, нават нягледзячы на лета, жнівень — усё адно, на вакзале халодна, і там ужо нехта спіць. “Давай, — кажу я, — хадзем на аўтавакзал, там траса, паспрабуем нешта спыніць, у выпадку чаго — проста дачакаем першага аўтобуса, хадзем, тут недалёка”. Але гэта я толькі сказаў — недалёка, насамрэч я хадзіў гэтымі чорнымі ад ночы вулачкамі ня раз і ня два, я ж ведаў, што ісці ўночы, наўслеп, навобмацак па незаасфальтаваных вулачках гэтага мястэчка — занятак амаль безнадзейны. Але што рабіць?! Мы прайшлі ўздоўж перона, саскочылі на сцежку, што цягнулася ўздоўж рэек, якіх ужо і бачна не было ўтраве, абмінулі некалькі цыстэрн з метылавым спіртам і цэментны плот, усё далей адыходзячы ад пражэктараў і вакзала, паўз нас пракаціўся наш Сумы — Луганск, абдаючы нас п’янлівым пахам тамбурнага вугалю і салодкага кіпню; цягнік — гэта быў апошні пробліск святла ў гэтым месцы, далей давялося ісці ў цемры.
Аўтавакзал не працаваў. У апошні раз, калі я тут быў, то-бок колькі год таму, ён ужо ледзь ліпеў, дзве траціны рэйсаў ужо тады не функцыянавалі, сяло было адрэзанае ад цывілізацыі, дый цывілізацыяй усё гэта назваць было цяжка; крэслы і лавы былі напаўразваленыя, дэрмацін з іх садраны, і гучнагаварыльнік трывожна маўчаў. Але тады, ва ўсякім разе, яшчэ працавала кавярня, дзе прадаваліся старыя, аскетычныя пірожныя і ярка-недарэчныя ў гэтых строгіх дэкарацыях чупа-чупсы. Я неяк разлічваў на гэтую кавярню, на гэтыя чупа-чупсы; зрэшты, чупа-чупсы, мне былі да аднаго месца. Але я сабе думаў — а’кей, няхай сяло адрэзанае ад цывілізацыі, няхай садраны дэрмацін, ды хай нават гучнагаварыльнік не працуе — я перажыву, я перажыву без гучнагаварыльніка,
далібог, але ж кавярня, кавярня, курва, мае працаваць, а дзе ёсць кавярня, там ёсць якое-ніякое культурнае жыццё — вадзяра, катлеты, прастытуткі, хаця б нейкая электрычнасць і камунікацыі.
Але капіталізм абмінуў сваёй адкормленай тушай гэтыя суворыя хлебаробскія мясціны — якія ўжо тут чупа-чупсы? — вакзал не працаваў, на дзвярах вісеў замок і спадзявацца проста не было на што. Мы абышлі цёмны будынак і выйшлі на трасу. Пад вакзалам стаяла фура — відаць, дальнабойшчыкі адсыпаліся тут да ранку, каб прачнуцца і з новымі сіламі прабівацца ў Растоў ці на Кубань, адпрацоўваючы свае бабкі, развіваючы свой бізнес, насустрач сваёй мары, насустрач сваёй смерці.
I вось мы стаім амаль на выездзе з горада, метраў за сто ад нас чыгуначны пераезд, і траса, ля якое мы спыніліся, такая чорная, што, калі б не было ўлом, я вярнуўся б назад на чыгуначны вакзал — пабліжэй да цыстэрн з метылавым спіртам, бліжэй да духу Уладзіміра Мікалаевіча, які павінен бы час ад часу пралятаць над чыгуначным вузлом, паварочваючы на сваю Трэцюю Роту і цяжка ўздыхаючы ўгары ад згадак аб санітарных вагонах і трэцяй сялянскай рэвалюцыі. Цяпер недзе каля пяці ранку, мы пападалі на зямлю пад нечым плотам, у будынку за зачыненымі вокнамі працуе тэлевізар. Дзіўныя людзі, думаю я, жывуць у гэтым мястэчку, без кавярні і гучнагаварыльніка, без прастытутак і чупа-чупсаў, сядзяць па хатах, пазачыняліся, сукі, на ўсе замкі і глядзяць тэлевізар да самага ранку. Што яны глядзяць? Што іх цікавіць? Апошнія навіны? Што яны хочуць пачуць у апошніх навінах? Чаго яны чакаюць ад гэтага свету, хаваючыся ад яго за зачыненымі дзвярыма і забітымі наглуха вокнамі? Што ім, у сваю чаргу, можа паказаць гэты свет, што свет
падрыхтаваў для гэтых дзіўных людзей, якія глядзяць тэлевізар а пятай ранку? Баскетбол? Дакладна, мабыць, баскетбол, што ж яшчэ, калі не баскетбол? і тут аднекуль з-за будынка вакзала выходзіць дзіўная істота, начны ачмурэлы мужык, праспіртаваны матылёк змяркання, які, як і мы, прыкмячае фуру, круціцца ля яе, не асмельваючыся падляцець бліжэй, і раптам бачыць нас. 0, думаю, гэты, відаць, ня любіць баскетболу; цікава, што ён любіць? “Рабяты, — кажа ён нам, рабяты, дзе тут можна ёбнуць?” — “Ёбнуць?” — перапытваем. “Да, — адказвае ён, — ёбнуць”. Дзе тут можна ёбнуць а пятай ранку? Мабыць, таксама прыезджы, мяркуючы па поўнай дэзарыентацыі і здаровых жаданнях. “На чыгуначным можаш ёбнуць”, — кажу яму. “А тут?” — “А тут — не, тут ты ня ёбнеш, бачыш — усё зачынена, усе баскетбол глядзяць”. — “А як да чыгуначнага прайсці?” — “Ідзі па рэйках, — паказваю яму, — вунь пераезд, ідзі налева, пройдзеш хвілін дваццаць, там будзе чыгуначны. Там можна ёбнуць. Толькі ня йдзі направа, — кажу, — на Данбас выйдзеш”.
I ўжо калі ён пайшоў, я падумаў — што насамрэч шукаў гэты чувак а пятай ранку на аўтавакзале? Няўжо сапраўды ёбнуць хацеў? Няўжо гэта не маньяк, не вар’ят, не серыйны забойца дальнабойшчыкаў? Дзіўныя справы твае, Ойча, якія бессэнсоўныя знаёмствы рыхтуеш ты для нас у нашых ня менш бессэнсоўных перамяшчэннях. Праз гадзіну пад’едзе першы аўтобус на Луганск, мы пападаем на заднія сядзенні і праспім нашы шэсцьдзесят кіламетраў да наступнага мястэчка, агулам — праспім усё, што можна было праспаць, наўрад ці што ад гэтага сапраўды страціўшы.
4.
Масоны ў побыце. Яшчэ адзін горад-герой, прытулак падлеткавых мар і цёмных жарсцяў, што раз’ядаюць знутры сумленне яго жыхароў. Каля трыццаці тысяч насельніцтва. Чатыры сярэднія школы, у адной з якіх я вучыўся. Царква XIX стагоддзя, абабітая бляхай, — ці як гэта называецца? — чорт, абабітая бляхай царква — гэта гучыць. Адноўлены манастыр — у часы майго дзяцінства там была вайсковая частка, напрыканцы 80-х з НДР вярнулася сям’я маіх аднакласнікаў-блізнят, іх бацька быў афіцэрам і служыў менавіта ў гэтай вайсковай частцы, а чувакі вучыліся ў музычнай школе па класе баяна; баян — я маю на ўвазе музычны інструмент — быў у іх адзін на двох, яны добра гулялі ў футбол, шмат, як на іх падлеткавы век, курылі, слухалі прывезены з НДР “Accept” і распавядалі ўсім пра ГСВН , гэ-сэ-вэ-эн, сыны палка, рэдкія засранцы былі, бацька іх рэгулярна строіў, аднак карысці з таго было мала; і што цяпер — дзе афіцэры? дзе гаўптвахта? дзе дэмбялі і гэ-сэ-вэ-эн? што робіцца з нашымі вайсковымі сіламі? — рэлігійны, блядзь, дурман. Акрамя чатырох школ, ёсць стадыён, банк, канторы і элеватар. Ну гэта ўжо традыцыйна. Госпад заснаваў гэтыя мястэчкі і збудаваўу кожным з іх элеватары, даўшы
* Нямецкая Дэмакратычная Рэспубліка (заўв. пер.).
** ГСВН група савецкага войска ў Нямеччыне.