• Газеты, часопісы і г.д.
  • Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня

    Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня


    Памер: 496с.
    Пецярбург 2003
    131.78 МБ
    Па-за тым, якую лінію прасоўваньня ў прасторы сучаснай культуры мы выбіраем — паблажліва-адчужанай гульні з маскультам, захопленага засвасньня маргінальных адкрыцьцяў Гурджыева ды Кастанэды альбо безнадзейна-рамантычнага пошуку “страчанай духоўнасьці”,— сама магчымасьць рушэньня-зруху-ўцёкаў гаворыць пра распад звыклай гіерархіі культурных узораў.
    Пісьмо магчымае альбо калі аркуш чысты, альбо калі ягоная актуальная запоўненасьць для нас ня мае сэнсу. Прасоўваньне ў культуры — палімпсэст, пісьмо паверх напісанага іншымі.
    Культурныя каноны, паміраючы, застаюцца ў прасторы культуры як хлуд, сьмецьце, trash. Нулявы ўзровень культуры — пласт адчужаных культурных прадуктаў пры адсутнасьці іх
    сыстэмнай арганізацыі. Жыцьцё пад аскепкамі ідэялёгіяў, жыцьцё на сьметні. Напэўна, менавіта гэта завецца крызай. Неба маўчыць. Там таксама крыза.
    Мы можам суцяшаць сябе, што ўвесь сьвет хворы, і цытаваць Джыма Морысана: “I woke up this morning and I’ve found myself dead...” Да нас зноў прыедуць эўрапейскія госьці й распавядуць, як трэба ратаваць духоўнасьць. Звыкла адмяжоўваючыся ад сьвету словамі, так лёгка забыць, што культурная крыза — гэта, перш за ўсё. распад устойлівых форм самаідэнтыфікацыі ў культуры. Крыза — гэта калі мы ня ведаем, што рабіць з культурай, і не разумеем, што яна робіць з намі.
    Пералік ягоных асноўных складнікаў дастаткова відавочны:
    1.	Руйнаваньне натуральнага цыклю культурнай дынамікі, якое выяўляецца ў разрыве ранейшых сувязяў між практычным, вартасна-нарматыўным ды сьветаглядным узроўнямі культуры. Прасоўваньне новых ідэяў ад маргінальных экспэрымэнтаў да ўсталяваньня іх у якасьці культурных узораў у сфэры элітарнай культуры й далейшага пераўтварэньня (у спрошчаным варыянце) у канон масавай сьвядомасьці парушана, бо галоўнай задачай “вялікай” культуры стаецца самазахаваньне.
    2.	Прыпыненьне працэсу зьмены генэрацыяў культурнай эліты. Пашырэньне ўплываў эліты канфармістаў ды пэнсіянэраў.
    3.	Татальная міталягізацыя культурнага асяродзьдзя. Адсутнасьць прытоку сьвежых ідэяў і арыгінальных культурных тэкстаў кампэнсуецца інтэнсіўна-гістэрычнай апалягетыкай існага парадку альбо нагэтулькі ж эмацыйнай ягонай крытыкай. Адбываецца афармленьне “анамальнае знакавае прасторы”, што творыць скрыўленую, фантомную ўяву дуальнай рэальнасьці. Рух такой культуры ёсьць пашыраным самаўзнаўленьнем канкурэнтных мітаў.
    4.	Стыхійныя зрухі ў нізавай, “прафаннай” культуры, што паўстаюць як рэакцыя на параліч “вялікай” культуры. Спан-
    танны пошук новых моваў культуры, новых форм быцьця-ўкультуры.
    Крыза культуры існуе, калі мы з гэтым згодны. Праблемы паўстаюць, калі мы пераконваем сябе, што “сьмецьцевая культура” паталягічная. У гэткім выпадку інтэлектуальная праца непазьбежна набывае рысы гуманітарнай акцыі па выратаваньні згубленага раю. Але, ня ўсё так трагічна.
    КУЛЬТУРА IN TRASH
    Паводле нашага разуменьня, тэрмін “сьмецьце культуры” альбо “сьмецьцевая культура” ня мае ў сабе нэгатыўнай ацэнкі тых альбо іншых культурных тэкстаў. Гаворка ідзе адно пра дзьве прынцыповыя асаблівасьці: незапатрабаванасьць масавым спажыўцом альбо выключанасьці са сфэры спажываньня, а таксама пра адсутнасьць дакладных прынцыпаў сыстэматызацыі дадзенага матэрыялу. Што, у выніку, прадугледжвае бясконцую колькасьць магчымых “сьмецьцевых” камбінацыяў. Таму тэрыторыя “сьмецьцевай культуры” ёсьць полем свабоднай гульні з аксыялягічна ачышчаным культурным матэрыялам. Можна без асаблівых высілкаў атрымаць доступ да набору “іншых” культурных стратэгіяў і жыцьцёвых практык разнастайных краін ды эпох: ад першабытнага шамана да лацінаамэрыканскага партызана, ад інсургэнта Каліноўскага да лёнданскага панка. “Сьмецьце” — апрычоны набор чыстых магчымасьцяў, палітра культуратворчасьці. Гэткі архіўстварае ўмовы для ролявых культурных экспэрымэнтаў, выбудовы ўласнага культурнага асяродзьдзя з пазычанага матэрыялу. Гэта — стратэгія старызьніка.
    Але “сьмецьцевая культура” ня ёсьць сынонімам маскульту альбо “дзяшоўкі”. “Сьмецьце” заўсёды па-за межамі грамадзкае цікавасьці, маскульт жа, паводле вызначэньня, у цэнтры ўвагі “простага чалавека”. Тыражуючы пасрэдныя культурныя прадукты, сучасны рынак культуры закідвае нас хлудам, запаўняе нашае жыцьцё псэўда-істотнымі аб’ектамі. Ува ўзрослай
    агрэсіўнай плыні “шумоў культуры” (Ст.Лем) сьвядомасьць спажыўца пачынае працаваць у рэжыме пэйджэра, які пры атрыманьні пэўнай колькасьці паведамленьняў пачынае аўтаматычна сьціраць самыя першыя. Інтэнсіўнае засваеньне ўвесь час новых прадуктаў маскульту запускае ў дзеяньне мэханізмы выцясьненьня зь сьвядомасьці адрасата несумеснай альбо проста састарэлай інфармацыі. Такім чынам, рост захлуджанасьці культурнага асяродзьдзя спрыяе пераходу ўсё большай колькасьці культурных прадуктаў у стан “сьмецьця”. I тут паўстае прынцыповае адрозьненьне: хлуд ёсьць актуальнай псэўдавартасьцю, “сьмецьце” — ужо адпрацаваны матэрыял, вынік спажывецкага цыклю. Ягоны статус маргінальны, бо сьмецьце адначасова і прысутнічае ў культуры, і знаходзіцца па-за межамі наяўнай сыстэмы вартасьцяў.
    Пры гэтым зацемім, што жорсткі падзел “вартасьці — сьмецьце”, прапанаваны Барысам Гройсам у тэксьце “Стратэгіі інавацыі”, можа быць прыняты адно для прыватнага выпадку монакультуры аўтарытарнага тыпу. Узрослая "мазаічнасьць” глябальнай культуры постіндустрыйнага грамадзтва прадугледжвае прынцыповы плюралізм субкультурных супольнасьцяў, разнастайнасьць іхных каштоўнасных настановаў, і, як вынік, скрайнюю размытасьць і зьменлівасьць таго, што ў кожным канкрэтным выпадку можна назваць “сьмецьцем”. Таму варта ўдакладніць нашую трактоўку “культурнага сьмецьця”: “сьмецьцевы” статус у кожнай канкрэтнай сытуацыі атрымоўваюць культурныя аб’екты з цалкам згубленай аксыялягічнай значнасьцю, незалежна ад іхнага паходжаньня, зьместу й ступені складанасьці. Аднак дэвальваваныя культурныя вартасьці не зьнікаюць, гэтаксама як пустое сэнсавае прамаўленьне ня ёсьць маўчаньнем. “Сьмецьцевыя” культурныя праграмы па-ранейшаму працягваюць самаўзнаўляцца й ёсьць прысутнымі ў культуры як “шумавы фон” сацыяльна значных тэкстаў. Гэта значыць, што які-колечы адрасаваны нам message прарываецца да адрасата праз плынь “сьмецьцевых” псэўдатэкстаў. Культура працуе ў рэжыме глушыльніка, і тым больш
    агрэсіўна, чым больш яркі ды арыгінальны голас аўтара. Чытаньне ў гэтым выпадку прадугледжвае працу дэшыфроўшчыка й рэстаўратара, паколькі сэнс пасланьня заўсёды пе-ракручаны шумам культуры. Яно непазьбежна “заплямлена” іншымі. У скрайнім выпадку да нас даходзіць пустая капэрта з шмат разоў перапраўленай адрэсай. Так, савецкія школьнікі шасьцідзесятых пад партамі абменьваліся мутнымі фота даўгавалосых хлопцаў: “Ды што ты, гэта ж “Бітлз!”. Хаця гэта цалкам маглі быць “Кінкс” альбо нават “Пінк Флойд”.
    Раней мы адзначылі, што ўсялякая навацыя ў культуры ёсьць пісьмом паверх чужых тэкстаў. Гэтаксама й адваротнае: нашыя ўласныя пісьмёны ўвесь час засыпае чужым сьмецьцем. Адзіны спосаб быць пачутым — увесь час мяняць хвалі перадачы ды фарсіраваць гук. Жыцьцё “in trash” — гэта рок-н-рол.
    Каб адчуць смак “сьмецьця”, дастаткова прачнуцца ў цягніку пад Алёну Апіну, безнадзейна пашукаць у менскім шапіку “Newsweek” альбо польскую “Polityca”, а ў краме “На Нямізе” — дыск Джона Зорна альбо “Сьвяты вечар — 2000”. Каб адчуць “сьмецьцем” самога сябе, дастаткова пабачыць рэакцыю ў адказ. Альбо проста атрымаць дзяржзаробак.
    ЧОРНЫ ГАЛЫПТУК, БЕЛЫ ШУМ
    Апарат адміністратыўна-бюракратычнага кіраваньня культурай застаўся практычна тым самым ад савецкіх часоў, працягваючы працаваць ад імя ды ў інтарэсах інэртнае большасьці насельніцтва.
    Менавіта гэтым і вызначаецца сучасны стан беларускай культуры. Агрэгат афіцыйнай культуры працуе ў рэжыме “грукату”. Ягоныя высілкі нараджаюць не актуальныя сьветаглядныя канцэпты й прадуктыўныя мадэлі сацыяльнай актыўнасьці, а лакуны ў жыцьцядайнай прасторы грамадзтва. Гэта бег па коле, праца ў халастым рэжыме, Час Нуль.
    Для дзяржаўнага мэханізму гэта азначае імітацыю “цывілізаванага” культурнага канвэера. Сытуацыя цалкам адпавед386
    ная стану справаў на “нармальным” беларускім заводзе: працуюць дрэнна, але звольніць нікога нельга, прадукцыя нікому не патрэбная, але выраб яе не перапыняецца. Вынік нікога не цікавіць, галоўнае — “абы ціха”. Без шоку й непапулярных крокаў.
    Апаратчыкі ад культуры старанна працуюць, засвойваючы сродкі. Працэс як быццам рухаецца, але вынікі засмучаюць. Чакаем новых “Бітлз” — атрымліваем чарговы клон “Верасоў”, групку напышлівых дзетак зь невынішчальным саўковым акцэнтам. Гадуем літаратурныя таленты — атрымліваем прэзыдэнцкага стыпэндыята, які ашчасьлівіць сьвет опусам “Палёт над самадайкай”. Гэта пісьмо белым па белым замест тэксту — старанная тынкоўка халста, выдаленьне зь яго ўсіх іншых колераў. Хай сабе пустэльня, але затое спакой і адсутнасьць непажаданых асацыяцыяў.
    Яшчэ адзін знак Часу Ноль — пыхлівая й навязьлівая імітацыя народнасьці. Шматлікія фальклёрныя вячоркі, актыўна растыражаваныя афіцыйнымі мэдыямі, прапануюць наіўнаму гледачу зусім ня скарбы народнай культуры. Адбываецца ўрачыстая дэманстрацыя дасягненьняў нішчымнай сьвядомасьці “савецкага сялянства”, звыклага жыць у загоне, палохацца кіраўніцтва, гучна рапартаваць і напівацца як бэйлям на дазволеных уладай баляваньнях. Дэкаратыўны фальклёрны “наватвор”, штучны й банальны, цалкам адпавядае патрэбам сыстэмы, калі ўзнаўляе ў сьвядомасьці наіўных гледачоў звыклыя ідэалы "чаркі й скваркі”.
    Адваротны бок псэўда-народнасьці афіцыйнай культуры — экспансія чужога маскульту. 3 прычыны ўласнай нямогласьці беларуская адміністратыўна-дырэктыўная культура робіцца закладнікам суседніх “пасіянарыяў”: новага расейскага імпэрыялізму ці аб’яднанай Эўропы. Размытасьць культурных арыентыраў замінае пабудове яснай культурнай палітыкі. "Адказныя за культуру” дзейнічаюць баязьліва й няўклюдна, трывожна зазіраючы ў вочы свайму кіраўніцтву.
    Час Нуль адначасова штучна ўзвышае й зьніжае рэальную значнасьць інтэлектуальнай працы. У зьменлівай культурнай
    сытуацыі наўмысна падтрымліваецца звыклы падзел функцыяў: чыноўнік — “гаспадар”, мастак — альбо “просьбіт” і “выканаўца заказу”, альбо “камэрсант” і “герой падпольля”. Хаця жыцьцё часта змушае працаваць і ў “зьмешанай тэхніцы”: для сьмецьцевага ляндшафту натуральная прысутнасьць значнай часткі інтэлектуалаў у якасьці “падвойных агентаў”, якія паралельна працуюць на дзяржаўныя й альтэрнатыўныя структуры. Рух у агульным полі, дзе ўлада й андэграўнд — браты-двайняты, стварае своеасаблівы рымэйк оруэлаўскага “двудуманьня”, шызафрэнію культурнай сьвядомасьці. Посьледам за Беларускай газэтай многія з нас могуць сказаць: “У мяне ёсьць дзьве фазы, мама...”, паколькі для беларускага інтэлектуальнага асяродку характэрны фантастычны сплаў кансэрватызму й радыкалізму, сэрвільнасьці й тэхнікі штодзённага змаганьня за жыцьцё. Для цэласнасьці малюнку сюды варта дадаць схільнасьць да ўнутраных канфліктаў і міжкланавую барацьбу — прыцэльны “адстрэл сваіх”.