Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі  Юрка Віцьбіч

Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі

Юрка Віцьбіч
Памер: 308с.
Смаленск 2007
74.93 МБ
Лістоўкі былі напісаныя ад рукі чарнілам. Адмыслова, у сувязі зь імі, прыехаў у калгас імя Кірава энкавэдыст Мажайскі. Старшыня сельсавету разам з энкавэдыстам, параўноўваючы почарк лістоўкаў з почаркам шматлікіх заяваў, у розны час пададзеных у сельсавет, прыйшлі да выснаву, што лістоўкі напісаў работнік тутэйшага саўгасу Арцём Лаўрыненка. Старшыня пры гэтым прыгадаў, што калісьці Лаўрыненку закідалі, нібы гэта ён напісаў хадайніцтва за раскулачаных братоў Марудаў.
Апоўначы энкавэдысты разам з панятым накіроўваюцца да хаты Лаўрыненкі, каб яго арыштаваць. Яны доўга грукаюць у дзьверы, і ніхто на іхні грукат не адклікаецца. Нарэшце чуецца голас абуджанага васьмігадовага сына гаспадароў:
— Бацька з маткай сьпяць на гарышчы.
Двое, што прыйшлі арыштоўваць, падымаюцца па драбінах на падстрэшша. Першы — паняты, другі — энкавэдыст. Каб падмануць Лаўрыненку, першы гаворыць:
— Ну, Арцём, сёньня твая чарга вартаваць.
Лаўрыненка, заўважыўшы за сьпінай панятога энкавэдыста, мінуючы драбіны, кумільгам саскоквае з падстрэшша і, убегшы ў хату, замыкаецца ў ёй. Пасьля настойлівага грукату ён адчыняе дзьверы і прапушчае ў хату панятога, аднак калі парог пераступае энкавэдыст Мажайскі, на ягоную галаву зь сілай абвальваецца сякера. Спалоханы паняты кідаецца да акна і, выбіўшы яго, уцякае.
Калі праз колькі гадзінаў прыбылі энкавэдысты, дык, адправіўшы ў Касьцюковічы труп Мажайскага, распачалі допыт жонкі Лаўрыненкі. Увесь раён быў узьняты на ногі ў пошуках Лаўрыненкі — і міліцыя, і камсамол, і калгасны актыў. Мінулі два-тры тыдні, а ён нібы скрозь зямлю праваліўся. Пазьней сталася ведама, што Лаўрыненка ў гэты час перахоўваўся ў вёсцы Белая Дубрава ў свайго цесьця. Яго заўважылі камсамольцы, калі ён, пакі-
нуўшы Белую Дубраву, зьбіраўся пераплысьці раку Бесядзь, за якой пачынаўся лес. Яны схапілі яго ўжо ў вадзе і пасьля напаўжывым прывезьлі ў Касьцюковічы.
Неўзабаве адбыўся суд. Жонку Лаўрыненкі саслалі на шэсьць год у аддалены сібірскі канцэнтрацыйны лягер. Арцёма Лаўрыненку не судзілі. Яго закатавалі ў НКВД да суда.
Так скончылася Панькоўска-Будаўскае народнае паўстаньне. Ды толькі ж ці скончылася яно?
Гарыць і ня гасьне пад попелам прысак. Налятуць вятры, зьдзьмухнуць попел, і аж пад самае неба зноў шугане польшем ніколі не згасальны прысак.
БЕШДНКОВІЦКЙЕ ПДЎСТДНЬНЕ
і. л.
беларус, настаўнік, ураджэнец вёскі Застарыньне Бешанковіцкага раёну, у часе паўстаньня меў 18 гадоў (1902 году нар.)
Ю. С.
беларус, кіраўнік навуковай экспэдыцыі, які меў у час гістарычных росшукаў у мястэчку Бешанковічы 34 гады (1905 году нар.)
Пачатак гэтаму паўстаньню паклала вёска Застарыньне Ганкавіцкага сельсавету Бешанковіцкага раёну Віцебскай вобласьці БССР. Да рэвалюцыі яна ўваходзіла ў Латыгаўскую воласьць Сененскага павету Магілёўскае губэрні Расейскае імпэрыі. Ад Застарыньня, дзе паўстаньне выбухла, да мястэчка Бешанковічы, дзе яно празь пяць дзён заламалася, — дзесяць кілямэтраў з гакам. Насельніцтва гэтае вёскі напалову складалася з тубыльцаўбеларусаў, а напалову з маскалёў, як называе наш народ расейцаў-старавераў, што яшчэ ў XVIII ст. эмігравалі ў вольную Літву ад рэлігійных перасьледаў у Маскоўшчыне. Яны захавалі тут сваё
веравызнаньне, мову і звычаі, выразна адрозьніваючыся ад другой паловы вёскі. Таму і вёска падзялялася на два канцы — Літоўскі і Маскоўскі. На працягу стагодзьдзяў гэтыя два канцы паміж сабой ніколі не спрачаліся, мірна жылі побач, аднак, разам з тым, не зьліваліся, не радніліся, і асаблівай дружбы між імі не было. Яны кожны па-свойму маліліся і хрысьціліся, шлюбаваліся і кахаліся, засявалі і зажыналі, пацяшаліся і наракалі на долю. Нават коней кожны запрагаў на свой лад. Аднак нарэшце злы лёс спалучыў іх разам, каб разам жа бязьлітасна зьнішчыць.
Як пярун нараджаецца бліскавіцай, гэтак і паўстаньню папярэднічала суцэльная калектывізацыя. Балыпавіцкія штурмавыя брыгады, дзе зманам, а дзе тэрорам, заганялі сялянаў у калгасы. Правядзеньне суцэльнай калектывізацыі ішло разам з раскулачваньнем. Воля беларускага сялянства да супраціву і адпору была калі не зламаная, то ладне падбітая пасьля дасьведчаньня сялянскіх паўстаньняў — Вяліскага, Парэцкага, Барысаўскага, Мірскага, Слуцкага, Койданаўскага, дый ці мала іншых, патопленых бальшавікамі ў крыві і сьлязох. Аднак нават у самой Расеі прымусовая калекгывізацыя выклікала мноства вялікіх і малых паўстаньняў. Хоць бальшавікі гэтыя паўстаньні падаўлялі, аднак усё ж яны былі вымушаныя пайсьці на тымчасовыя хітрыкі. У выснаве зьявіўся артыкул Сталіна «Головокруженне от успехов»338 , і застарынцы далі яму веру.
Калі адмыслова пасланы ў Бешанковічы застарынец набыў там у абмен на сала і яйкі зачытаны перад тым да дзюркаў нумар «Правды» з артыкулам Сталіна і ўсё Застарыньне зь ім пазнаёмілася — беларусы й рускія, праваслаўныя і стараверы, — кожны па-свойму ад радасьці перахрысьціўся, а потым адразу ж дружна і разам распачалі ліквідаваньне калгасу. Яны забралі назад з калгасных хлявоў сваю абагуленую перад тым жывёлу і бяз крыўдаў падзялілі знойдзенае ў сьвірнах насеньне.
Застарыньне не было адзінокім. Тое ж самае адбывалася ва ўсіх вёсках раёну. Сялянам здавалася, што штурмавыя брыгады з дапамогай сельскіх і раённых саветаў гвалтам заганялі іх у калгасы, а вось Сталін сваім артыкулам вярнуў ім собскія гаспадаркі.
Аднак гэты іхні шчыры давер неўзабаве разьвеяла суворая рэчаіснасьць.
Праз два дні пасьля зьнішчэньня сялянамі калгасу ў Застарыньне зноў вярнулася штурмавая брыгада, узмоцненая на гэты раз міліцыянэрамі. Яна пачала сьледзтва, дапытваючыся, хто хадзіў у мястэчка за газэтай, выведваючы, хто заклікаў да падзелу калгаснае маёмасьці, хто першы адчыніў дзьверы ў хлявох і сьвірнах. Дарэмна застарынцы спасылаліся на Сталіна і ягоны артыкул, штурмавікі ім даводзілі, што гэты артыкул мае дачыненьне да аднаасобнікаў, а не да калгасьнікаў накшталт застарынцаў, якія, маўляў, самохаць стварылі калгас. Калі застарынцы адмовіліся зноў абагульваць жывёлу і інвэнтар, іх пачалі арыштоўваць ды адпраўляць у Бешанковіцкае раённае ГПУ. У адказ на гэта абураныя застарынцы забілі двух найбольш зацятых штурмавікоў А на другі дзень, абраўшы сваім кіраўніком беларуса Васіля Гаркавага, зноў — беларусы й рускія, праваслаўныя і стараверы — пераксьціліся кожны па-свойму й рушылі на Бешанковічы, каб знайсьці там управу на гвалт, каб адшукаць там праўду.
Пайшлі ў Бешанковічы ўсе, амаль ніхто з застарынцаў не застаўся дома. Па дарозе да іх далучыліся сяляне вёсак Ганкавічы, Рубеж, Буднікі, Крывіна Верхняе. Аднак быў ужо не 1918, a 1930 год, ня першы, а трынаццаты год існаваньня савецкай улады. Таму калі Вяліскае народнае паўстаньне з вылучнай хуткасьцю ахапіла 50 тысяч сялянаў, дык у Бешанковіцкім іх было ня болып за 500. Аднак тым большы іхні гераізм. Ня маючы ні аднае вінтоўкі, толькі ўзброеныя адвечнай сялянскай зброяй — сякерамі й віламі, яны ішлі на Бешанковічы. А тымчасам тутэйшыя бальшавікі ўзбройваліся да зубоў. На дапамогу ім сьпяшалася зь Віцебску частка адмысловага прызначэньня (ЧОН)339 . Калі паўстанцы з боку старажытнага палацу ўвайшлі ў Бешанковічы, яны, без усялякага папярэджаньня, трапілі пад перакрыжаваны агонь бешанковіцкіх і віцебскіх гэпэушнікаў. Пасьля кароткага бою сяляне разьбегліся, падабраўшы параненых і пакінуўшы забітых. Няведама дакладна, колькі было ахвяраў сярод паўстанцаў, аднак затое ведама, што начальніку Бешанковіцкага ГПУ адсеклі руку.
Бешанковіцкае паўстаньне — гэта змаганьне сякераў з кулямётамі, і ўсё ж толькі на пяты дзень бальшавікі яго раздушылі. У Бешанковічах адбыўся суд выязное сэсіі ГПУ БССР, якая прысудзіла дзевяць паўстанцаў разам з Васілём Г аркавым да расстрэлу, а пяцьдзясят чатырох — да ссылкі на розныя тэрміны ў Сібір. Прайшлі год-два-тры, і паступова бадай усе астатнія застарынцы апынуліся ў канцлягерах. Нянавісьць бальшавікоў да іх была такая вялікая, што яны нават зьнішчылі вясковы могільнік, на якім спачывалі дзяды і прадзеды сасланых застарынцаў. Аднак на гэты раз лёс жорстка надсьмяяўся з бальшавікоў.
У 1939 годзе ў Бешанковічы прыехала навуковая экспэдыцыя па ўліку помнікаў гісторыі й мастацтва. Перш за ўсё яна зьвярнула ўвагу на мясцовы палац, дзе ў розныя часы затрымліваліся Пётр Першы, Аляксандар Першы і Напалеон Банапарт. Яна зацікавілася валам маршала Сэн-Сіра340 і крывіцкімі курганамі. Нечакана работу экспэдыцыі прыпыніў старшыня Бешанковіцкага райвыканкаму, які прапанаваў сьпярша ўзяць на ўлік помнікі рэвалюцыі. Паказваючы на нязграбны помнік Леніну і на дзьве магілы, зь якіх адна знаходзілася на адзін бок палацу, а другая — на другі, старшыня зазначыў, што ён і палова жыхароў мястэчка — людзі нятутэйшыя і таму дакладна ня ведаюць, у якой магіле ляжаць героі рэвалюцыі (так ён назваў штурмавікоў), а ў якой — бандыты (так ён назваў паўстанцаў). Магчыма, заўважыў ён, пра гэта ведае хто-небудзь з другой паловы жыхароў мястэчка, аднак ён асабіста ставіцца да іх зь недаверам. Таму няхай экспэдыцыя канчаткова ўдакладніць, якая зь дзьвюх магілаў і ёсьць помнік рэвалюцыі, каб належным чынам яе ўшанаваць.
Два дні кіраўнік экспэдыцыі, які цяпер знаходзіцца на эміграцыі, абыходзіў хаты прыроджаных і спадчынных местачкоўцаў. Яны падазрона аглядалі яго з галавы да ног, а потым, спасылаючыся на розныя прычыны, адказвалі, што ня ведаюць, у якой магіле хто пахаваны. Яны, нашчадкі ўладароў свае краіны, нават прыгадалі навукоўцу сваёй прыгнечанасьцю жаўнераў з 6-га Баварскага
корпусу маршала Сэн-Сіра, якія, падбітыя тыфусам, менавіта тут, у Бешанковічах, у 1812 годзе адзін у аднаго запытваліся:
— Дзе той дом, у якім паміраюць?
Аднак калі ён у гутарцы з вока на вока з тым-сім із сваіх тутэйшых суродзічаў расказаў пра далёкую старадаўніну беларускіх Бешанковічаў, прыгадаўшы і ягоных колішніх гаспадароў Сапегаў, і тое, што яшчэ ў 1634 г. атрымалі іхнія продкі Магдэбурскае права, дык дазнаўся праўды наконт магілаў. I можа, няма нічога дзіўнага ў тым, што, шмат чым рызыкуючы, кіраўнік экспэдыцыі гэтую праўду перакруціў. На трэці дзень, паказваючы на магілу паўстанцаў, ён сказаў, што менавіта тут ляжаць штурмавікі. Абрадаваны старшыня райвыканкаму загадаў адразу ж пасадзіць на гэтай магіле кветкі, а другую — зраўняць зь зямлёю.