Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі
Юрка Віцьбіч
Памер: 308с.
Смаленск 2007
* Палкоўнік Дзяргач-Адамовіч стаяў на чале беларускай антыбальшавіцкай арганізацыі «Зялёны дуб».
і гранаты. На ўвесь аддзел быў толькі адзін кулямёт. Правіянту бралі з сабою мала. Мелі дастаткова грошай з бальшавіцкіх банкаў і ўстаноў, таму выгадней было купляць усё неабходнае па вёсках, каб не перагружацца абозам.
Партызанскія аддзелы фармаваліся зь сялянаў, гарадзкіх жыхароў, работнікаў, дэзэртыраў Чырвонай арміі. Інтэлігентаў у іх было мала. Інтэлігенты гінулі пад бальшавіцкім нажом, як авечкі, няздольныя пакінуць гарады і адважыцца на няпрываблівае, свабоднае, хаця й небясьпечнае жыцьцё. Сіла такіх аддзелаў была ў дасканалым веданьні мясцовасьці, спачувальных адносінах насельніцтва і хуткасьці перамяшчэньня. (Бальшавікі, перагружаныя абозамі і ўзбраеньнем, на працягу многіх тыдняў прабіраліся праз пушчы, па якіх у хуткім тэмпе шнуравалі партызаны.) Часам партызанскія аддзелы разьбіваліся на групы, каб у выпадку неабходнасьці зноў аб’яднацца, канцэнтруючы большыя сілы. Пераважна гэта былі невялікія збройныя групы ад 20 да 30 чалавек, хаця ведама й некалькі болыв буйных.
Гэта была «падводная» (ад слова «падвода» — «воз») вайна. Карныя атрады рэквізавалі ў сялян падводы і, наладаваўшы іх узброенымі мужчынамі, езьдзілі па сёлах і вёсках, ганяючыся за «белымі бандытамі» і «контррэвалюцыянэрамі» — так называлі ўсіх, хто ўцёк ад бальшавіцкіх парадкаў у лес, каб захаваць жыцьцё і свабоду.
Здарылася аднойчы так, што ўжо другі месяц аддзел Моніча пазьбягаў сустрэчы з карнымі батальёнамі. Некалькі разоў ён трапляў у бальшавіцкае акружэньне, аднак заўсёды вырываўся, пакідаючы за сабою трупы. Цяпер жа атрад паступова акружалі пераважныя сілы бальшавікоў. Ззаду было балота, наперадзе — згуртаваныя атрады праціўніка. Толькі днём партызаны заўважылі, што трапілі ў пастку. Сабраліся параіцца. Вырашылі, што ноччу абавязкова павінны прарвацца, бо на другі дзень можна чакаць падыходу іншых бальшавіцкіх атрадаў. У Моніча было 47 чалавек. Ён пакінуў на варце дзесяць, а іншых адпусьціў адпачываць.
— Кладзіцеся, хлопцы, спаць. Вечарам нас чакае гарачая работа й далёкая дарога.
Сам жа з двума дружбакамі пайшоў аглядаць мясцовасьць. Ззаду агіналі іх дугою балоты. Сухазем’е перад імі напамінала кароткую струну, што быццам сьцягвала непраходную дугу. Іх абстралялі чырвонаармейцы, якія замыкалі выхад. Партызаны адказалі некалькімі стрэламі й вярнуліся ў свой лягер. Уважліва разгледзелі на штабной карце навакольле й намецілі кірунак маршу. Вырашылі апоўначы ўдарыць у сярэдзіну «струны» і прабрацца ў лясы, што былі ад іх у трох кілямэтрах і цягнуліся аж да самага Барысава.
Моніч спаў нядоўга. Прачнуўся пад вечар і зьмяніў варту, умацаваў яе тымі, хто ўжо адпачыў. Іншых паслаў працаваць. Ён загадаў падрыхтаваць зь левага боку «струны» сем кастроў дроў для вогнішчаў. Вечарам іх запалілі. Сабралі хор, сьпявалі ведамыя беларускія песьні.
Прыйшла ціхая летняя ноч. Моніч загадаў партызанам павячэраць, не шкадуючы запасаў. Пасьля сабраў усіх, нават каравульных, і сказаў:
— Сябры, мы адрэзаныя. Наш выхад вось тут, — ён паказаў на свой пісталет. — Праз паўгадзіны рушым у дарогу. Разуйцеся і падрыхтуйце зброю. На кароткі час чацьвёра застануцца пры вогнішчах. Трэба сьпяваць і шумець з усяе сілы. Калі зоймем пазыцыі, то хутка сьцягнем іх і гранатамі прарвем акружэньне. Ня першыжраз... Трымайцесяразам...
Вогнішчы разгараліся ўсё ярчэй, полымя іграла на вершалінах дрэў. Прыемны голас з глыбокім пачуцьцём вёў песьню:
Хадзеце, хлопцы, у лес зялёны, Зямлянка нас схавае там, Матуля-ноч нас абароніць, А бацька-лес дасьць волю нам...
Некалькі галасоў далучыліся да запявалы, і песьня ўдала, сьмела плыла над зямлёй, па якой нахабна паўзьлі іхныя ворагі. Калі
скончылі песьню, пачалі іграць на губным гармоніку. А тымчасам сорак тры босыя ўзброеныя партызаны прасоўваліся наперад. Вёў Моніч з двума пісталетамі ў руках. Ішлі асьцярожна, бяз шораху.
Моніч адчуваў што яны наблізіліся да бальшавіцкай лініі. Пачуліся нават ціхія галасы. У некалькіх мэтрах ад яго нешта бразнула. Спыніўся. Пасьля прайшоў ціха ўздоўж шарэнгі. Кожнаму шэптам сказаў:
— Сядзіся і абувайся.
Потым хутка пайшоў да вогнішчаў, адкуль даляталі гукі гармоніка.
— Хлопцы, хутка за мною!
Песьня абарвалася. Вярталіся да аддзелу. Моніч і гэтым чатыром загадаў разуцца. Сам сеў пры іх і празь мінуту быў гатовы. Цяпер ішоў марудна... Людзей меў верных. He адзін раз быў зь імі ў цяжкіх абставінах.
Ішлі малой калонай па чатыры ў рад. Між радамі былі мэтровыя водступы. Агні аддаляліся... У даланях заціснулі гранаты... Моніч і некалькі ягоных найбліжэйшых паплечнікаў, лікам да дзесяці, крыху расступіліся і ўсе разам шпурнулі гранаты... Раз і другі... А пасьля выбухаў кінуліся наперад. На бягу час ад часу стралялі перад сабою і ў бакі, калі заўважалі людзкія постаці. Моніч двойчы пераскочыў празь нерухомыя чалавечыя целы — забітых, параненых або прыціснутых ад страху да зямлі.
Даволі хутка прабеглі каля двухсот мэтраў. Потым пярэднія замарудзілі рух. Праз трыста мэтраў спыніліся. Падбеглі апошнія. Ззаду не было чутно стрэлаў. Толькі недзе збоку чмыхаў кулямёт і раздаваліся вінтовачныя стрэлы... У недалёкай вёсцы таксама стралялі. Напэўна, там разьмясьцілася камандаваньне карнай экспэдыцыі.
Моніч паклікаў аднаго партызана, які добра ведаў мясцовасьць, і сказаў:
— Павядзеш на Куляшова. Дарогу знаеш добра?
— Яшчэ б! Сьцежкамі дойдзем!
Моніч сьвядома накіраваў групу на поўнач, каб замаскаваць сапраўдны кірунак свайго маршу. Ён хацеў пакінуць у гэтай вёсцы сьлед. Знаў, што там быў валвыканкам, які ахоўвалі два атрады салдатаў.
Пасьля гадзіннага маршу прайшлі пяць кілямэтраў і дабраліся да Куляшова. Вясковая вупіца была пустая. Спыніліся. Пасьля кароткай нарады аддзел пайшоў вуліцай далей. У сярэдзіне вёскі, на лавачцы перад валвыканкамам, сядзеў чырвонаармеец. Гэта і была варта савецкай установы. Моніч і двое партызанаў ішлі наперадзе. Пясок заглушаў іхнія крокі. Каравульны ўбачыў іх толькі тады, калі яны сталі перад ім. Зьнялі зь яго вінтоўку і прыставілі дула к носу.
— Скажаш хоць адно слова — дастанеш у лоб. Вядзі да камандзіра атраду.
Празь некалькі хвілін выхапілі зь бярлог усю ахову валвыканкаму. Забралі іхнюю зброю і амуніцыю, узялі харчы й вялікі мядзяны чайнік.
— Хто з вас камандзір аховы? — запытаў Моніч у людзей, што стаялі ў аднэй бялізьне з паднятымі ўверх рукамі і трэсьліся ад страху.
Усе маўчалі. Аднак вызначыць камандзіра было няцяжка. Моніч загадаў яму выйсьці наперад і весьці на кватэру старшыні валвыканкаму. Пайшлі туды й «навялі парадак»: загадалі аддаць зброю, акты валвыканкаму й пячаткі. Хуткаўсё абшукалі. Забралі каля пуда цукру і значную колькасьць махоркі. Моніч зьвярнуўся да старшыні валвыканкаму й паказаў яму на камандзіра аховы:
— Бі яго па мордзе!
Той завагаўся.
— Ну! — Моніч падняў пісталет.
Старшыня ўдарыў вайскоўца.
— Ня так! Бі як сьлед!
Старшыня ўдарыў з усяе сілы.
— Цяпер ты лупі яго!
Вайсковец так заехаў у зубы цывільнай уладзе, што той аж прысеў.
Навёўшы такім чынам «парадак», Моніч пайшоў да валаснога праўленьня й пакруціў ручку палявога тэлефона. Зьвязаўся зь вёскай, каля якой нядаўна былі. Ужо ведаў, што там стаіць карны батальён. Загадаў тэрмінова паклікаць да тэлефона камандзіра па вельмі важнай справе. Праз хвіліну ўжо гаварыў:
— Паведамляю, што Моніч з аддзелам уварваўся ў Куляіпова, абяззброіў салдат, забраў правіянт і добра набіў морды камандзіру аховы і старшыні валвыканкаму. Хто гаворыць?.. Гавару я... Моніч...
Наблізіў дула пісталета да тэлефона і стрэліў каля трубкі:
•— Г эта мой подпіс.
Пасьля гэтага Моніч бразнуў з усяе сілы тэлефонны апарат аб падлогу і выйшаў з праўленьня. Сабраў сваіх. Накіраваліся на поўнач. Праз гадзіну павінна было сьвітаць.
Прайшоўшы кілямэтар за вёску, аддзел павярнуў на вузкую мяжу, а зь яе — на луг. He пакідаючы сьлядоў, хутка зьніклі ў лесе...
Колькасьць забітых Монічам бальшавікоў не паддаецца ўліку. Ды гэты ўлік, у адрозьненьне ад партызана Чырванца, ніколі не рабіўся, хаця расстрэльвалі пасьля кароткага допыту на месцы толькі бальшавікоў, а тых, што прымазваліся да іх з шкурных інтарэсаў, адпускалі ў бальшыні выпадкаў пасьля фізычнага пакараньня шомпалам ці нагайкай з пагрозай расправіцца ў наступны раз, калі толькі ня возьмуцца за розум.
Найболыпую вядомасьць Моніч набыў за межамі СССР пасьля затрыманьня ім міжнароднага цягніка. Праз Халопеніцкі і Крупецкі раёны праходзіць Маскоўска-Брэсцкая чыгунка. У красавіку 1921 г., адразу ж пасьля савецка-польскага дагавору, што разьдзяліў Беларусь на дзьве часткі, па гэтай дарозе ўзнавілася непасрэдная сувязь Масквы з замежжам. Акрамя мясцовых цягнікоў, штодзень пачаў праходзіць па ёй міжнародны кур’ерскі Парыж—Вена—Варшава — Масква — Маньчжурыя з выгоднымі
вагонамі. Гэты цягнік прызначаўся не для простых савецкіх грамадзянаў. У ім звычайна ехала балыпавіцкая эліта для наладжваньня дыпляматычных і эканамічных сувязей з замежжам. Моніч ня толькі ведаў расклад руху цягнікоў па гэтай лініі, аднак дасканала зараней распытаў усё пра цягнік, якім асабліва цікавіўся.
На пачатку траўня, раньнім ранкам, недалёка ад станцыі Прыяміна, дзе чыгунка праходзіць празь лес, былі разьведзеныя рэйкі. Заўважыўшы гэта, машыніст міжнароднага цягніка спыніў яго. Адразу ж састаў быў акружаны аддзелам Моніча. Калі не лічыць некалькіх адзінкавых стрэлаў, то колькі-небудзь сур’ёзнага супраціўленьня партызаны не сустрэлі. Ня так многа часу заняла і праверка дакумэнтаў, асабліва пасьля папярэджаньня, што той, хто ня мае пасьведчаньня, адразу ж будзе расстраляны.
Аблюбаваўшы зараней каля дарогі невялікі паўкруглы ўзгорак, што амфітэатрам узвышаўся над палянай, Моніч загадаў:
— Усіх з партыйным білетам — на паляну. Астатнія — на пагорак!
Праз пэўны час на паляне стаяла каля шасьцідзесяці ведамых камуністаў. Партрэты некаторых зь іх не адзін раз сустракаліся ў савецкай прэсе. На схіле пагорку разьмясьцілася чалавек восемдзесят. I на тых, хто стаяў на паляне, і на тых, хто заняў пагорак, былі наведзены партызанскія вінтоўкі. У тых, што на паляне, выгляд быў спалоханы й няшчасны: яны чакалі расстрэлу. Магчыма, некаторыя зь іх нават узрадаваліся, калі камандзір партызанаў, адабраўшы найбольш магутных байцоў са свайго аддзелу, загадаў: