Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі
Юрка Віцьбіч
Памер: 308с.
Смаленск 2007
166 Будны Сымон (каля 1530 — 1593) — старажытнабеларускі гуманіст і асьветнік, заснавальнік Нясьвіскае друкарні, у якой у 1562 г. надрукаваў «Катэхізіс».
167 Сыракомля Ўладзіслаў (сапр. Кандратовіч Людвік) (1823— 1862) — беларуска-польскі паэт, перакладчык, крытык, краязнаўца.
Пісаў па-польску і па-беларуску. Зь беларускамоўных твораў зьберагліся вершы «Добрыя весьці» (1848) і «Ужо птушкі пяюць усюды» (1861).
168 Бітва на рацэ Калцы адбылася 31 траўня 1223 г. паміж рускімі князямі і полаўцамі з аднаго боку і мангольскімі падразьдзяленьнямі Чынгісхана — з другога. Першае сутыкненьне рускіх князёў з манголамі, у якім славяне пацярпелі поўную паразу. У бітве загінула 6 князёў, у тым ліку і нясьвіскі князь, якога, аднак, звалі ня Хведарам, а Георгіем (Юрыем).
169 Хаванскі Іван (?—1682) — маскоўскі баярын і ваявода літоўскага паходжаньня. Быў правадыром стралецкага паўстаньня ў 1682 г., за што пакараны сьмерцю.
170 Макоўскі Тамаш (1562 або 1575—1630) — старажытнабеларускі гравёр, у пачатку XVII ст. працаваў пры двары М. К. Радзівіла Сіроткі. У 1603 г. выгравіраваў першую дакладную карту Вялікага княства Літоўскага (да нас дайшло толькі 2-е выданьне, 1613 г.).
171 Прывілей Стэфана Баторыя аб наданьні Нясьвіжу магдэбурскага права і адпаведна прысваеньні яму гербу быў выдадзены ў 1586 г. 3 гэтага ж году Нясьвіж стаў цэнтрам зямельнага ўладаньня Радзівілаў — Нясьвіскай ардынацыі з рысамі дзяржаўнай адзінкі ў Наваградзкім ваяводзтве. Гэтым тлумачыцца і наяўнасьць на гербе гораду чорнага арла — фамільнага гербу Радзівілаў.
172 Багдановіч Максім (1891—1917) — беларускі паэт, клясык беларускай літаратуры.
173 Бэрнардоні (Bemardoni) Ян Марыя (1540—1605) — італьянскі архітэктар, у 1586—1599 гг. працаваў у Нясьвіжы, збудаваў там касьцёл езуітаў і будынак калегіюму.
174 Радзівіл Кароль Станіслаў (Пане Каханку) (1734—1790) — дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, магнат. 3 1762 г. ардынат нясьвіскі і альіцкі, валодаў таксама Слуцкам, Капылём, Бялай, мноствам маёнткаў ва Украіне, у Польшчы, Літве.
175 Радзівіл Магдалена (1861—1945) — дзяячка беларускага культурнага руху, мэцэнатка. Сымпатызавала беларускім хрысьціянскім дэмакратам, давала грошы на многія культурніцкія мерапрыемствы. Адчыняла ў сваіх маёнтках беларускія школы.
176 Пракапчук Андрэй Якаўлевіч (1896—1970) — беларускі вучоны ў галіне дэрматавэнэралёгіі, акадэмік Акадэміі навук БССР (1940).
177 Крывашэін Мікалай Іванавіч (1885—?) — савецкі партыйны дзеяч. У снежні 1917 г. быў начальнікам гарнізону г. Менску. 3 пачатку 1918 г. намесьнік старшыні Менскага Савету рабочых і салдацкіх дэпутатаў.
178 Сваю інтэрпрэтацыю нясьвіскіх падзеяў пакінуў таксама Аляксандар Залескі, у той час старшыня Замір’еўскага падпольнага райкаму РКП(б): «У красавіку 1919 г. польскія войскі пачалі налёты на мясцовасьці. Яны разганялі мясцовыя Саветы, расстрэльвалі, рабавалі. У Нясьвіжы і в. Качановічы мясцовая буржуазія падняла мяцеж. Былі забіты члены Нясьвіскага рэўкаму Грынблат і Татур. Памятаю, як 1.1. Валодзька і я, пасьля такіх зьвестак, усю ноч сядзелі на тэлефоне ў Наваградку, аддаючы распараджэньне Замір ’еўскай і суседнім зь Нясвіжам валасным партыйным арганізацыям. Сіламі мясцовых чырвоных атрадаў і прысланага зь Менску падмацаваньня, атрады польскай кавалерыі пасьля баёў у раёне вёскі Студзёнкі вымушаныя былі адысьці ў напрамку Слоніму.
У падаўленьні Нясьвіскага паўстаньня мясцовай буржуазіі вырашалыіую ролю адыграла Замір ’еўская валасная партыйная арганізацыя. Асабліва праявілі сябе I.1. Валодзька і Жук. Атрад пад кіраўніцтвам Жука быў пераважна з членаў партыйнай Замір ’еўскай арганізацыі» (Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Нясвіжскага р-на. Мінск, 2001. С. 149).
У афіцыйным жа дакладзе аб партыйным і савецкім будаўніцтве ў Слуцкім павеце за сьнежань 1918 г. — сакавік 1919 г. сытуацыя адлюстроўвалася так: «12 сакавіка 1919 г. пачалася мабілізацыя трох гадоў, якая пачала праходзіць пасьпяхова. Але яшчэ ў першых чыслах сакавіка праходзілі чуткі пра набліжэньне польскіх белагвардзейцаў. Нарэшце ўсярэдзіне сакавіка атрымалі афіцыйныя зьвесткі, што польскія белагвардзейскія банды рабуюць у раёне Сіняўка—Клецак — Нясьвіж. Сярод насельніцтва ўзьнік трывожны настрой, у некаторых валасьцяхуспыхнулі кулацкія паўстаньні. Дзеля гэтага быў створаны Рэўваенсавет, горад быў аб’яўлены спачатку на ваенным, a пасьля на асадным становішчы. Усеўлады заставаліся на месцы, было эвакуявана толькі казначэйства ды пагружаныя ў вагоны склады харчкаму і некаторыя каштоўнасьці. Агенты ж закупачнай камісіі, кінуўшы ўсе свае склады, уцяклі. Уся рэальная сіла г. Слуцку, варта-
вая рота, рота ЧК і рота, прысланая з Бабруйску, былі адпраўленыя на фронт, куды накіраваліся і некаторыя адказныя работнікі. Былі пасланыя таксама атрады з камуністаў для ўтаймаваньня кулацкіх паўстпаньняў.
Да 20 сакавіка ўсёўжо было ліквідавана і зноў прыступілі да нармальнай працы...» (Тамсама. С. 133).
179 Дамброўскі (Dabrowski) Уладзіслаў (1891—1927) — польскі вайсковец-кавалерыст, у 1917—1918 гг. ваяваў у I Польскім корпусе пад камандаваньнем Ю. Доўбар-Мусьніцкага. У лістападзе 1918 г. стаў камандзірам коннага аддзелу Самаабароны Віленскай зямлі, у сьнежні — камандуючым палка віленскіх уланаў. У студзені 1919 г. быў камандзірам гарнізону Вільні, змагаўся з бальшавіцкімі войскамі. Пасьля адступленьня зь Вільні ня склаў зброі і распачаў партызанскую барацьбу. Нягледзячы на адносна малыя сілы, свабодна рухаўся па тэрыторыях, занятых бальшавікамі, захопліваў цэлыя гарады. Пасьля зь ягоных аддзелаў быў створаны полк уланаў.
180 Нясьвіская гімназія імя У. Сыракомлі зьяўлялася польскай і ўтрымлівалася за кошт дзяржавы. У асноўным у ёй вучыліся палякі, але частка вучняў былі таксама беларусамі і габрэямі.
181 Пра стан сялянскіх гаспадарак на Случчыне даволі падрабязна пісалася ў рапарце рэвідэнта польскага Таварыства стражы крэсовай па Слуцкім павеце Яна Сушыньскага за студзень — люты 1920 г.:
«Слуцкі павет мала пацярпеў ад ваенных дзеяньняў. Толькі двары пацярпелі ад бальшавікоў, і тое нязначна (маю на ўвазе жывы інвэнтар і ўраджай).
Сельскагаспадарчая культура — першаклясная. Памешчыцтва пры сыстэме, якая была за часамі Раманавых, трымала зямлю. Культура падвысілася, сялянеяе пераймалі і карысталіся падказкамі двору. Напрыклад, цэлая Мілкаўская гміна, якая ўтварылася на пасьлярадзівілаўскіх землях — гэта беларуская Галяндыя: шлюзы, грэблі, каналы, заліваньне лугоў і г. д. Адным словам, ужываецца найболый прагрэсіўная сыстэма.
Сялянства на вайне зрабіла добры інтарэс: яны маюць шмат грошай, ня ведаюць, што зь імі рабіць, таму маюць апетыт да зямлі. Аднак пра Гарадзеншчыну, дзе сотні тысячаў дзесяцін зямлі ляжыць аблогам, яны і чуць ня хочуць. Глядзяць яны на суседнія польскія два-
ры і аблізваюцца. Вясковы пралетарыят надалей знаходзіцца ў галечы — можа, нават болей, чым перад вайной. Двары панішчаныя, таму служба зьменшылася да мінімуму. Фабрыкаў няма, лясныя выпрацоўкі не існуюць, таму працы няма. Адсюль вынікаюць лямант, праклёны і імкненьне да бальшавікоў. Трэба гэта выправіць — даць працу, і гэтым многія засьцерагуцца ад галечы, а тым самым і ад заразных хваробаў і галоднае сьмерці. Посьпех абавязкова будзе» (Слуцкі збройны чын у дакумэнтах і ўспамінах / Уклад. А. Гесь, У. Ляхоўскі, У. Міхнюк і інш. Менск, 2006. С. 35—36).
182 Гартны Цішка (сапр. Жылуновіч Зьміцер) (1887—1937) — беларускі пісьменьнік, палітычны і культурны дзеяч. У студзені 1919 г. старшыня Часовага рабоча-сялянскага ўраду ССРБ. Паходзіў зь мястэчка Капыль.
183 Гурло Алесь (1892—1938) — беларускі паэт, перакладчык, лінгвіст. Паходзіў з Капыля.
184 Лобік Лявон (1871—1918) — беларускі паэт, публіцыст. Паходзіў зь вёскі Кукавічы Слуцкага павету (цяпер Капыльскі раён). Скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю. Настаўнічаў на Случчыне. 3 1905 г. далучыўся да сацыял-дэмакратычнага руху. За ўдзел у рэвалюцыйных падзеях 1905—1907 гг. сасланы на 3 гады ў Краснаярскі край. Потым жыў у паволскім гарадку Чорны Яр. Пасьля сканчэньня тэрміну высылкі жыў у Пінску, пазьней пераехаў у родную вёску. 3 1910 г. супрацоўнічаў з газэтай «Наша Ніва». Як удзельнік беларускага руху быў арыштаваны і зьняволены ў турме ў Вільні. У ссылцы і турмах падарваў здароўе, хварэў на сухоты.
185 Шантыр Фабіян (1887—1920) — беларускі нацыянальны дзеяч, паэт. У 1917 г. адзін зь лідэраў левага крыла БСГ. У студзені 1919 г. камісар па нацыянальных справах Часовага рабоча-сялянскага ўраду ССРБ. Арыштаваны бальшавікамі і расстраляны. Паходзіў са Слуцку.
186 Бабарэка Адам (1899—1938) — беларускі пісьменьнік і літаратуразнавец. Паходзіў зь вёскі Слабада-Кучынка Слуцкага павету (цяпер Капыльскі раён).
187 Чорны Кузьма (сапр. Раманоўскі Мікалай) (1900—1944) — беларускі пісьменьнік і публіцыст. Паходзіў з маёнтку Лапацічы Слуцкага павету (цяпер вёска Борка-Бялевічы Капыльскага раёну).
188 Лужанін Максім (сапр. Каратай Аляксандар) (1909—2001) — беларускі паэт. Паходзіў зь вёскі Прусы Слуцкага павету (цяпер Салігорскі раён).
189 Мурашка Рыгор (1902—1944) — беларускі пісьменьнік. Паходзіў зь вёскі Бязьверхавічы Слуцкага павету (цяпер Слуцкі раён).
190 Шукайла Паўлюк (1904—1939) — беларускі паэт, крытык, празаік. У дачыненьні да яго Ю. Віцьбіч памыліўся: Шукайла паходзіў не са Случчыны, а зь вёскі Лапеніцы Ваўкавыскага павету Гарадзенскае губэрні (цяпер Бераставіцкі раён Гарадзенскае вобласьці).
191 Гаўрук Юрка (1905—1979) — беларускі паэт, перакладчык і крытык. Паходзіў са Слуцку.
192 Вечар Алесь (1905—1985) — беларускі паэт і навуковец-біёляг. Паходзіў зь вёскі Машчыцы Слуцкага павету.
193 Крушына Рыгор (1907—1979) — беларускі паэт, празаік, крытык. Паходзіў зь вёскі Бязьверхавічы Слуцкага павету.
194 Кавыль Міхась (сапр. Лешчанка Язэп) (нар. 1915) — беларускі паэт, празаік, крытык. Паходзіць зь вёскі Покрашава Слуцкага павету.
195 Клішэвіч Уладзімер (1914—1978) — беларускі паэт і публіцыст. Паходзіў зь вёскі Краснадворцы Слуцкага павету (цяпер Салігорскі раён).
196 Случанін Лявон (сапр. Шпакоўскі Лявонці) (1914—1995) — беларускі паэт. Паходзіў зь вёскі Лучнікі Слуцкага павету.