Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі  Юрка Віцьбіч

Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі

Юрка Віцьбіч
Памер: 308с.
Смаленск 2007
74.93 МБ
** Найдзюк Язэп. Беларусь учора й сяньня. Б. 166.
*** Віцьбіч Юрка. Дзе мой Паўлюк? II Шыпшына. 1947. № 4. Б. 15—17.
цы Мацьвея Шарамецьцева84. Гэтак было і ў часе Другое сусьветнае вайны, калі з абодвух бакоў — з расейскага і зь нямецкага — паляглі тысячы салдатаў, застылыя трупы якіх складваліся да вясны, нібы дровы, у доўгія і высокія штабелі. У чэрвені 1918 г. тут нечакана зьявіўся самотны грудок. Паміж вяліжанамі ён адразу стаўся шанаваны як магіла айца Будрыса. I хто ведае, ці не супадае з праўдаю домысел, што ксяндза, які карыстаўся вялікай пашанай у горадзе й павеце, бальшавікі не адважыліся расстраляць адкрыта, а забілі тайна ў рове таго крывавага Канеўца.
Паводле абвесткі ЧК гэтыя шасьцёра падрыхтоўвалі «контрреволюцнонный мятеж» супраць «властн рабочнх н крестьян» і зьяўляліся ягоным штабам. Пасьля іхняга расстрэлу сталася тое зацішша, за якім звычайна ідзе навальніца.
На пачатку лістапада 1918 г. у Вяліжы паназьбіралася некалькі сотняў мабілізаваных у Чырвоную армію маладых сялянаў. 3 тае прычыны, што казарма павятовага ваеннага камісарыяту ня ў стане была зьмясьціць гэтулькі пакліканых да савецкага войска, іх раскватаравалі па прыватных дамох, і тым самым балыпавікі страцілі над імі кантроль. Калі 10 лістапада скончылася ўрачыстае сьвяткаваньне першае гадавіны Кастрычніцкае рэвалюцыі і павятовы ваенны камісар абвясьціў мабілізаваным, што заўтра яны накіроўваюцца на фронт супраць чэхаславакаў85, дык тыя разам з часткай вяліжанаў пайшлі на Рынкавую плошчу. Тут, перад будынкам павятовага выканкаму, яны пачалі крычаць:
— Нашых айцоў харчпадаткам86 душыце?! Нашыя маткі з голаду пухнуць! 3 нашае веры зьдзекваецеся?! А мы мусім вас абараняць?! Няхай камісары паміраюць за Леніна87 з Троцкім88, a мы хадзем дамоў!
У гэты самы час вяліскія камуністы і камсамольцы, сярод якіх беларусы не складалі і аднаго працэнту, зашыліся па розных закутах. Яны зьявіліся на вуліцах толькі тады, калі амаль усе мабілізаваныя пакінулі горад, і пачалі саджаць у турму тых, што засталіся, а таксама градчанінаў, якія прымалі ўдзел у дэманстрацыі ды падпалілі дом-камуну, дзе жылі «ответственные работннкн
партнн н правлтельства». Чэкісты не хавалі ад вязьняў, іпто іх чакае расстрэл. У горадзе і ў непадуладным гарадзкім уладам павеце бальшавікі абвясьцілі ваенны стан, а тым самым выканкам стаўся рэўкамам. Але ж, пэўне, яны ня чуліся пераможцамі, бо начальнік ЧК Мусаеў, праз два дні забіты гімназістам-паўстанцам Лаймінгам, і ягоны памочнік Хадакоў, застрэлены праз год гімназістам-партызанам Таварасам, адразу пачалі фармаваць роту ЧК.
15 лістапада 1918 г. Віцебская ГубЧК атрымала ад вяліскае ЧК тэлеграму: «У Вяліскім павеце ўзбунтавалася разагітаванае папамі кулаччо. У самым горадзе забіты начальнік ЧК таварыш Мусаеў. Усе мы змагаемся зь мяцежнікамі, але сьпяшайцеся на дапамогу».
Мабілізаваныя, вярнуўшыся да сваіх вёсак ды хутароў, тым самым сталіся дэзэртырамі й ведалі, што іх чакае бязьлітасная савецкая кара. Адмысловая ўстанова—Камітэт па барацьбе з дэзэртырствам (Камдэз)89 — вышуквала і адразу ж расстрэльвала дэзэртыраў. Пройдзе пяць-дзесяць гадоў, і бальшавікі тэрорам надломяць у народзе супраціў, але гэта быў першы год іхняе ўлады, і гвалт адразу выклікаў адпор. Мабілізаваныя, разам із сваймі сваякамі і знаёмымі, пайшлі назад на горад, каб зьнішчыць тую злыбяду, што перашкаджала ім жыць чалавецкім жыцьцём. Па вялікіх і малых дарогах Вяліскага павету, па яго шляхох і сьцежках рушыліся тысячы сялянаў. Выбухнуўшы адначасна ў некалькіх мясцох, паўстаньне ахапіла ўвесь павет.
Ішлі мужыкі... Ішлі паголеныя, шэравокія, маўклівыя латгальцы. Яны быццам прадчувалі, што ў недалёкай будучыні іхнія вёскі Ленкан і Лаўгал, Зэдань і Спросэ Ільлінскае воласьці Яжоў90 цалкам пераселіць на Калыму. Ішлі барадатыя, плячыстыя, магутныя расейскія стараверы. Ідучы на бой за Бацькаўшчыну й пакідаючы свае сялібы, якія прывольна разьлегліся вакол маляўнічага возера Чарнагосьць, яны хрысьціліся старадаўнім двухперсьцевым крыжам. Але галоўную масу паўстанцаў складалі спрадвечныя насельнікі краіны — беларусы. Калісьці хаты іхніх далёкіх продкаў
спальвалі дашчэнту Ўладзімер Манамах91, Іван Грозны, Стэфан Баторы, Аляксей Раманаў «Тншайшнй»92, Карл Дванаццаты93, Пётра Раманаў «Велнкнй»94, Напалеон Банапарт95. Тысячагадовая піматпакутная гісторыя прывучыла іх да вялікае цярплівасьці, і ўсё ж пачуцьцё чалавецкае годнасыці не дазволіла ім, хаця б на адзін год, перакінуцца ў бальшавіцкае быдла. Яны ж зьяўляліся косьцю ад косьці крывічоў, што тут панавалі калісьці*.
Ішлі мужыкі... Калыхаліся над іхнімі галовамі вілы й косы, рагаціны й швораны, а за паясамі былі заткнутыя сякеры. Некалькі сотняў мясцовых паляўнічых несьлі рознакалібровыя стрэльбы, пачынаючы ад крамянёвых фузыяў96, кінутых у 1812 г. французамі, і канчаючы сучаснымі бэльгійскімі дубальтоўкамі. Толькі былыя жаўнеры Першае сусьветнае вайны мелі трохлінейныя вінтоўкі з абмежаванай колькасьцю патронаў
Але нянавісьць паўстанцаў да бальшавікоў была нагэтулькі вялікая, што ў баі пад Вяліжам, у Сямічоўскім Бары, яны з косамі й віламі кідаліся на кулямёты. Шмат іх пагінула пад зьнішчальным агнём, і ўсё ж не адзін чэкіст памёр сабачай сьмерцю з праламаным чэрапам. Страшныя ў руках паўстанцаў сякера ці шворан*.
Ішлі мужыкі... Наперадзе аднаго з атрадаў Сяртэйскай воласьці ішоў сажанёвага росту стары. Ягоныя густыя насупленыя бровы зьвісалі над выцьвілымі вачыма, як аленевы мох; сівая барада ад старасьці пазелянела, нагадваючы антыкварную медзь. Галаву старога прыкрывала лямцавая маргелка, ногі былі абутыя ў лазовыя лапці-кавярзьні, за сьпінай у лыкавым кашалі ён нёс акраец мякінавага хлеба й дзясятак цыбулін. А ў руках, якія за доўгае жыцьцё правялі на ральлі баразну даўжынёю з экватар, ён сьціскаў сваю адзіную зброю — бярозавы кій.
— Чаму, дзед, дома не застаўся? Куды йдзеш? — запыталіся ў яго падчас прывалу.
* Стукалйч Юрйй. «Не черннламн, а кровью» II Новое Русское Слово. 1950. 10 мая.
— Як куды? — нават зьдзівіўся дзед. — Па мужыцкую праўду іду. У горад парадак наводзіць. Ніколі былы грэнадзёр лейб-гвардыі Літоўскага палка Якуб Талан не дазволіць, каб над ім панавалі крывасмокі...
Пасьля бою ў Сямічоўскім Бары між забітымі знайшлі старога. Шырока раскінуўшы рукі са скручанымі апошняй сутаргай пальцамі, ён нібы абдымаў зямлю, якую адбіралі ў яго бальшавікі. Сьнег запарушыў пад ім парудзелы ад крыві верас, і валацугавецер матляў на ягоным кажусе рознакаляровыя латы. Закапалі яго лютыя каты ў няведамай магіле, але не забудзецца пра яго беларускі народ*.
Па ўсім павеце стагналі званы. У яго 28 мястэчках ды сёлах з царкоўных і касьцельных званіцаў гудзеў узбураны набат. I ў Бялавіне, у сьціплай царкоўцы Міхаіла Архістраціга, прыстасаванай пасьля бальшавікамі пад сьвінарнік, і ў Крута-Сергіеўску, у велічнай сьвятыні Сергія Раданежскага, расьпілаванай імі пазьней без усякае патрэбы на дровы, і ў Найсьвяцейшае Тройцы ў Маклаку, перайначанай празь некалькі год у клюб імя Карла Маркса97, і ў Спаса ў Глазамічах, пераробленай, счакаўшы пэўны час, у гараж МТС, і ва Усьвятах, у прыгожым храме Сьвятога Духу, што стаўся пазьней кінатэатрам «Парыская Камуна», і ў прарока Ільлі ў мястэчку Ільліне, што самы свой назоў набыло ад царквы, пабудаванай паводле загаду караля Казіміра98, сьвятары выходзілі із сьвятыняў насустрач паўстанцам, багаслаўляючы іх на збройны чын і акрапляючы сьвятой вадой. Як сьцягі, плылі ўперадзе аддзелаў пратэсы.
...Калі народны паток дакаціўся да сяла Глазамічы, дзе сьвятарыў дваццацігадовы айцец Васіль Лузгін, ён адправіў малебен, у якім зьвярнуўся да жанчын і да сваёй жонкі з кароткім словам:
— Ня трэба плакаць. У матак і жонак ня хопіць сьлёз, калі бальшавікі паняволяць нашую Беларусь! Градзе чорная ноч...
* Стукалйч Юрйй. «Не черннламн, а кровью» // Новое Русское Слово. 1950. 10 мая.
Можа мы пераможам, можа не, але лепш памерці ў чэсным баі за веру й Бацькаўшчыну, чым жыўцом гніць у турмах, — а потым, узяўшы крыж, дараносіцу і епітрахіль, далучыўся да паўстанцаў* .
У самым агні паўстаньня й наступнага за ім партызанскага змаганьня кідаліся ў вочы сьветла-шэрыя з пасярэбранымі гузікамі шынялі й цёмна-сінія зь белымі кантамі шапкі гімназістаў Вяліскай гімназіі. Гэта былі бязвусыя юнакі, амаль хлопчыкі, у веку ад 15 да 18 гадоў. Але нават гімназісты 12—14 год прымалі ўдзел у паўстаньні, выконваючы абавязкі выведнікаў і сувязных ды зьдзіраючы па начах загады рэўкаму і ЧК. Адны з гімназістаў змагаліся за Расею, другія — за Беларусь. Нацыянальную сьвядомасьць гімназістаў-беларусаў абудзілі настаўнікі М. Навіцкі", В. Сьцягайла і У. Лось. Яны пасьля заняткаў знаёмілі на сваіх кватэрах гімназістаў з гісторыяй, геаграфіяй і літаратурай Беларусі, давалі ім для чытаньня кнігі на беларускай мове із сваіх кніжніцаў. За гэта яіпчэ да Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году іхнія кватэры знаходзіліся пад сакрэтным наглядам паліцыі, а іх саміх дырэктар гімназіі пазбаўляў сьвяточных узнагародаў.
«Дарма, хлопцы, — гаварыў, усьміхаючыся, гімназістам Навіцкі, — Беларусь даражэйшая за грошы».
В. Сьцягайла і У Лось пазьней, пераехаўшы ў БССР, трапяць у савецкія катавальні як беларускія нацдэмы. I калі чэкіст будзе арыштоўваць у Віцебску Сьцягайлу, які мірна калоў у той час дровы, і вылае яго пры гэтым, назваўшы наццэмаўскім сабакам, то Сьцягайла ў адказ спакойна запытае, паказаўшы на сякеру: «А вы не баіцёся, іпто гэты нямузычны інструмэнт вас зачэпіць?»
У 1931 г. памрэ на Салаўках пратаярэй Міхал Навіцкі, высланы туды за тое, што ў 1927 г. разам зь Філарэтам100, япіскапам Бабруйскім, заступнікам арыштаванага мітрапаліта Мэльхісадэка101, падпіша зварот да вернікаў і статут Беларускае Аўтакефальнае Царквы102.
* Віцьбіч Юрка. «Во блаженном успенвн вечный покой...» // Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі. 1946. № 6. Б. 7—8.
У крыві і сьлязах патопяць бальшавікі Вяліскае народнае паўстаньне. Частка гімназістаў загіне пры гэтым. яшчэ больш пойдзе ў лясы, станецца партызанамі, каб там таксама загінуць, працягваючы няроўнае змаганьне. Гэтак сьмерцю храбрых закончаць сваё кароткае, але прыгожае жыцьцё Алег Хрусталёў, Зьміцер Лаймінг, Браніслаў Таварас, Сяргей Маханкевіч, Фэлікс Адахоўскі, Уладзімер Маеўскі, Міхал Сладкевіч, Аркадзь Пушкарскі, Глеб Лаўчыноўскі, Анатоль Гарыня, Віктар Гудзееў, Ігар Мацкевіч, Аляксандар Бароўскі, Станіслаў Лясуціс. Яны галаруч захапілі на нейкі час савецкі кулямёт, перарэзалі тэлеграфныя драты, што злучалі Вяліж зь Віцебскам, пісалі адозвы да паўстанцаў і спрабавалі спаліць будынак ЧК.