Арабінавая ноч  Васіль Жуковіч

Арабінавая ноч

Васіль Жуковіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 192с.
Мінск 2015
38.75 МБ
Калі набліжаліся да варот, пачуўся брэх Тэклінага сабакі, здрадліва выплыў з-за падраных, нібы анучы, воблакаў месяц. Стала светла, хоць збірай іголкі. За Тарасевічыху Кволы быў спакойны: яна звечара спіць. I хаты яе не відно з-за горкі. А вось другая суседка, Тэкля Курачка, відаць па вокнах, не спала яшчэ, да таго ж брахаў яе сабака, і гэта крыху непакоіла.
Карову падвялі да пустога хлеўчыка. Кволы адчыніў дзверы і саступіў убок, каб жывёла прайшла ў хлеў. Беркут апусціў вяроўку і гэтаксама адступіўся да сцяны. Карова стаяла, панура апусціўшы галаву, потым пачала абнюхваць парог. Яна не хацела пераступаць гэты, хай сабе і нізкі, парог. Кволы пагладзіў яе па крутой шыі, пачухаў галаву паміж рог.
Н-ну, коб ты спрахла! сказаў Беркут і падштурхнуў яе ззаду наском бота.
Карова не слухала. Тады Кволы здагадаўся, што пераступіць ёй замінаюць лапці. Ён дастаў складанчык, пачаў рэзаць аборы корпацца доўга ля кожнага капыта было б небяспечна: Кволы не быў упэўнены, ці заснула маці. Праўда, газоўка ў хаце не свяцілася, але гэта яшчэ нічога не азначала. Кволы, адыходзячы пад вечар з дому, не сказаў мацеры, куды ён пойдзе і калі вернецца, таму яна магла турбавацца за яго і не спаць. А ў такім разе маці не зачыняе дзверы на засоўку і час ад часу выходзіць на вуліцу. Кволы ведаў, што, пакажыся з крадзеным на вочы мацеры, яна залямантуе, за-
галосіць. Тады карову, здабытую гэтак рызыкоўна і нялёгка, давядзецца выпусціць.
Кволы з ног каровы зняў лапці, і яна ўвайшла у цёмную пашчу хлеўчыка.
У хаце, як і раней, было ціха, не гарэла газоўка. Кволы падышоў да калодзежа. Зараз ён ужо не баяўся злёгку бразнуць вядром. Нават не баяўся, што ў хлеўчыку можа рыкнуць карова: маці з вайны кепска чула, а да суседняга хутара, дзе жыла Тэкля, было не так блізка. Але не паспеў Кволы выцягнуць з калодзежа вядро вады, каб наталіць смагу, як дзверы ў сенцах зарыпелі, і на парозе паказалася маці.
Гэта ты, сынок? спытала.
-	Я, мама, я. Кволы падбег да парога, увайшоў у сенцы, баючыся, каб маці не адышлася ад хаты і не ўбачыла Беркута. Яна пайшла за сынам у хату.
А мне здалося, злодзеі крадуцца па двары, хоць красці няма чаго.
-	Лажыцеся, мама, спаць, а я на сене буду, на вышках.
-	Змерзнеш пад хваробу.
Ну што вы, у сене цёпла.
Вазьмі хоць радно, лахаў набяры.
-	Добра, мама, вазьму.
-	А як змерзнеш, прыходзь дахаты.
Маці нарэшце ўпэўнілася, што сын дома. Яна зачыніла дзверы, падышла да ложка, дзе спалі яе блізняты Ніна і Шура. Яна іх нарадзіла ў першы год вайны. Гаспадар пайшоў у партызаны, пасля на фронт, а яна, Алена, засталася з імі на руках. Балазе, быў ужо даўжманы Андрэй, адзіны яе паратунак. Нагаравалася за вайну, ратуючы дзяцей, але не губляла надзеі усё чакала Пятра, малілася Богу, укленчыўшы перад абразамі, каб вярнуў дзеткам бацьку. А ён не вярнуў Пятра. He пачуў яе малітваў, нібы і самога аглушыла вайна. He пачуў, іначай не даў бы загінуць за тыдзень да перамогі... Была вясна, было сонца, калі чорная вестка знайшла хутар Каранчукоў. I чорная ноч заслала вочы Алене; хацела налажыць на сябе рукі, але сяхнуў у той цемені агеньчык яе новай надзеі, агеньчык яе адзінае мэты выгадаваць сіро-
так, не даць ім загінуць. Алена ведала, што яна ўжо назаўсёды згасла для свайго асабістага жыцця, толькі дзеля дзяцей трымалася на свеце.
Цяпер маці падышла да дзяцей, убачыла, што дачушкі спяць, пра гэта казалі іх вольна раскрыленыя ручаняты, і сама яна неўзабаве заснула моцным сном.
Кволы і Беркут напіліся сцюдзёнай вады, накіраваліся ў хлеў. На зачыненыя за сабой дзверы Кволы навесіў плашчпалатку. Толькі пасля гэтага чыркнуў запалкаю.
На сцяне лямпа, сказаў ён Беркуту. Падай.
Беркут зняў з цвіка дапатопную лямпу, падняў заседжанае мухамі шкло, падкруціў вільготны ад газы кнот. Кволы паднёс запалку, і кнот аполымеўся.
Патрымай, я зараз... і ён выйшаў на двор, шчытна зачыніўшы за сабою дзверы. Няспешна абышоў вакол хлеўчыка, прыглядаючыся, ці няма шчылін у сценах, і прыслухоўваючыся да цііпыні. Толькі калі ўпэўніўся, што святло нідзе не працэджваецца вонкі, а навакольную цішу нішто не парушае, ён вярнуўся. Тым часам Беркут павесіў лямпу на цвік.
Поўны парадак, сказаў Кволы. Лепшае табе і не снілася.
Ладна, не цягні ката за хвост! адрэзаў Беркут. Час прыступаць.
Мне?
-	Няўжэ ж мне!
-	Ды я... Я ні разу не... Кволага апанавала пачуццё крыўды на Беркута. He толькі на яго і на сябе: трэба ж было звязацца!..
Кволаму даводзілася забіваць трусоў, калоць свіней, рэзаць авечак, але карову ніколі. Ен не дужа баяўся забіваць чужую карову, але не чакаў ад Беркута такога павароту, ды і не ўпэўнены быў, ці справіцца. Перад ім стаяла вялізная жывёліна. У малым хляве ды яшчэ пры цьмяным святле яна нагадвала зубра. Аднак у нерашучасці Кволы стаяў толькі момант пакуль не зразумеў, што Беркут не адступіць, будзе зацята стаяць на сваім. Ён узяў малаток, падыпюў да
каровы. Прылашчыў леваю рукою, каб намацаць за рагамі маленькую ямачку.
От яна.
Дай гляну, падышоў Беркут. Так, так, акурат сюды і цюкні.
Сказаўшы гэта, Беркут задам-задам адступіў на ўсякі выпадак да дзвярэй.
Кволы і пры сухотлівым святле лямпы, у якой мала заставалася газы, прыкмеціў сумныя вочы Пярэстай, якімі яна глядзела на іх, сваіх новых гаспадароў. Але толькі зараз падумаў, што карова ўсё жыццё корміць людзей малаком, і здзіраць з яе скуру дзеля мяса грэх...
А праўду кажуць, што жывёла прадчувае сваю пагібель,сказаў ён.
Слухай, ты не збіраешся цалавацца з ёю на развітанне?! пакпіў Беркут. Дык знай, мыза ў яе халодная, прастудзішся.
3 уласнага вопыту ведаеш?
Кволы таксама не збіраўся лезці ў кішэню па слова, але тое, што Беркут менавіта цяпер стараўся быць дасціпным, узлавала Кволага. Ён маланкава ўскінуў малаток, нібы перад ім стаяла Беркутава карова, штосілы апусціў яго вострую халодную дзюбу ў тую цёплую ямачку за рагамі жывёлы, ў якой толькі што ляжалі ягоныя пальцы.
Пасля вострага і трапнага ўдару карова апусцілася на калені і рухнула на салому.
Кволы схапіў даўно падрыхтаваную касу і адным махам перарэзаў ахвяры горла. Хлынула кроў.
Ну, вось і мая чарга, Беркут скінуў куртку, закасаў рукавы рубашкі, з форсам дастаў з-за халявы нож.
Як ні стараліся, тушу разбіралі доўга: у хлеўчыку было нязручна і святла не хапала, даводзілася то на адну, то на другую сцяну перавешваць лямпу. Беркут вучыў Кволага, што нельга спаганіць мяса, трэба акуратна ўсё аддзяліць, a тушу даволі рассекчы на чатыры кавалкі, абы змаглі пагрузіць, а там, на рынку, ёсць спецыяльныя рубшчыкі... Недзе
апоўначы Беркут і Кволы мяса пагрузілі на воз. У скрыні якраз быў стары брызент, загарнулі ў яго, накрылі плашчпалаткаю, зверху наклалі саломы і сена.
Касу, малаток, сякеру, конаўку і абедзве пары лапцяў схавалі ў хлеўчыку пад саломаю. Патушылі лямпу. Пад калодзежам яны пяском і вадою адмылі рукі. Кволы накінуў ватоўку, вывеў з хлява і запрог каня. Заскочыў у хату там усе спалі знайшоў шматок ад шпалераў і аловак, схіліўся над сталом. У акно глядзеў месяц. Кволы напісаў мацеры вялікімі друкаванымі літарамі «Мама, сёння вярнуся».
Вылецеў з хаты, падбег да воза, дзе сядзеў Беркут, заскочыў у скрыню, лёгка пацягнуў лейцамі па кані, рыпнулі калёсы, і яны выехалі за вароты.
Усяго тры вярсты аддзялялі хутар Зялёны Гай ад гасцінца. Аднак Беркут і Кволы, нягледзячы на начны час, не рызыкнулі выязджаць на бальшак (ці мала каму натрапіш на вока), пакіравалі кружным шляхам.
V
Доўгае маўчанне парушыў Кволы.
Ты ведаеш, сказаў ён, пра што я зараз думаю, Беркут?
Ну?.. пазяхнуў той.
Правярнуцца б нам удачна! Ведаеш, як бы я парадаваў сваю малечу? Купіў бы ім новыя сукенкі, чаравікі, пальцішкі. I мацеру парадаваў бы цёплымі валёнкамі і галошамі, Кволы зрабіў паўзу, чакаючы, што скажа Беркут. А той маўчаў. Тады Кволы спытаў: Чаго ты маўчыш, Беркут? Што хацеў бы купіць у хату?
I хочацца табе мянташыць языком, Беркут раздражнёна адмахваўся ад свайго спадарожніка,Нічога я не куплю, калі хочаш знаць, I ні кап’я не дам. А вось пагуляю колькі ўлезе. Паеду да брата на Волгу, утрэскаюся ў расіяначку пухленькую, э-э-эх! ён зухавата стрэльнуў пальцамі, пацягнуўся, як кот на цёплай чарэні, і дадаў: Паганяй, брат, весялей!
Дзьмуў вецер. Па небе плылі хмары. Былі яны такія рэдкія, бы вада, а таму ўвесь час праз іх прасвечваў месяц. Пачынала пахнуць снегам.
VI
На гарадскім рынку у Беркута і Кволага не адразу ўсё пайшло гладка. Даведкі ад мясцовага ветэрынара яны, вядома, не мелі і атрымаць дазвол на продаж мяса змаглі толькі пасля таго, як адвалілі добры гасцінчык гаспадару кантрольнай службы рынка. Тут жа ўладзілі і з рубшчыкамі. Беркут быў з Кволым побач, пакуль не паставілі прама на возе вагу. А як толькі паставілі, ён адышоўся ад воза, азірнуўся і нядбайна, з крывой усмешкаю на твары кінуў:
Скора вярнуся. Пачынай!..
У сэрцы Кволага зноў, які тады, у хлеўчыку, калі спрачаліся, каму забіваць, варухнулася пачуццё крыўды. «Увільвае... Любіць заграбаць жар чужымі рукамі», прыйшло яму ў думкі.
Прадаваць мяса Кволаму не хацелася. Але ён умеў узяць сябе ў рукі.
Была нядзеля, і людзей рынак сабраў нямала. Прадавалі і куплялі тут бульбу, цыбулю, капусту, яблыкі і яшчэ сёе-тое з гародніны і садавіны. Сям-там выстаўлялі апошнія дары лесу зялёнкі. Дзе-нідзе над гандлёвымі радамі бялелі прыгожыя вяночкі сушаных баравічкоў. Стаяў нават мёд. Былі малочныя прадукты. Бракавала толькі мяса. Кволы гэта зразумеў адразу, а таму першы кавалак ён паклаў на вагу даволі спрытна і, хоць у яго быў паганы настрой, пракрычаў у натоўп немаведама дзе і калі пачутае: «Налятай, наваліся, у каго грошы завяліся!..» Каля фурманкі Кволага ўтварылася доўгая чарга.
У чарзе стаялі адны жанчыны, і гэта хвалявала яго глыбока ды балюча: міжвольна думалася пра спусташальную вайну, пра бацьку, аўдавелую маці, пра суседскіх удоў: Груцэвічыху, Тарасевічыху, Тэклю...
Жанчыны гаварылі мала, дый то ціхімі галасамі. Бадай, гэта былі самыя рупныя гарадскія гаспадыні. Яны ўжо на полудзень маглі згатаваць страву з ялавічыны, зусім свежай і нават таннай.
Кволы дорага не браў. Важыў ён даволі бойка, хаця спрыту не меў: дагэтуль прадаваць даводзілася толькі грыбы. Лічыць ён умеў добра, бо скончыў тры класы польскае і столькі ж савецкае школы, аднак не стараўся лічыць дакладна сумы акругляў: хацеў як найхутчэй скончыць свой гандаль. Даваліся ў знакі і бяссонная ноч, і дарога, і голад балела галава, да болю нудзіўся страўнік, а яшчэ яго не пакідала нервовае напружанне. Яму ўсё здавалася, што аднекуль на рынак заявіцца цэлая група ўзброеных міліцыянераў. Адразу возьме дый накіруецца да яго воза. I тады амба, не ўцячэш, нават кінуўшы і каня з фурманкаю, і ўсе, да капейчыны, грошы. Кволы ніяк не разлічваў на тое, што там, у Падлессі, абыдзецца ўсё ціха. Можа, паганятыя ўжо ўгледзелі прапажу. А калі так, то не могуць жа яны спаслацца на тое, што карова, маўляў, адбілася ад статка і натрапіла на ваўкоў. Кволы хваляваўся: што, калі пачнуць шукаць? Тады, вядома, не абмінуць рынак... Толькі ў адным быў упэўнены Кволы: тыя сляды, як снег, расталі ў лесе...