Арабінавая ноч  Васіль Жуковіч

Арабінавая ноч

Васіль Жуковіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 192с.
Мінск 2015
38.75 МБ
Сонца заходзіла за хмарамі. Цямнець пачало ўвачавідкі. I стомлены кульгавы конь, і сонны Беркут, і цяжкія думкі рабілі ношу Кволага невыноснаю. У галаве як і не было хмелю. Страшна надакучыла аднастайная, рыпучая песня колаў. Усё надакучыла, усё абрыдла. Параненая, збалелая душа адно шукала на вечаровым даляглядзе самотны агеньчык Зялёнага Гаю.
Агеньчык той нібы адазваўся засвяціўся здаля кропкай-зоркаю,Кволы яго адразу адрозніў ад іншых, чужых, як толькі скончыўся лес і пайшлі знаёмыя змалку мясціны.
У чыстаполіцы ўзняўся рэзкі вецер. Дзьмуў ён Кволаму ў спіну і нібыта памагаў яго каню і возу. Кволы падганяў каня, каб хутчэй дасягнуць гранічкі, што вяла ў Падлессе, і там развітацца з Беркутам. У Кволага расла непрыязь да Беркута, яна пачынала вылівацца ў агіду. У яго вачах стаяла крывая ўсмешка Беркута, у вушах яго жаргон і хіхіканне. «Знайшоў памочніка...» з горыччу падумаў Кволы пра тое, як яго ўсё-такі лёгка завяло ў гнілое, смярдзючае балота, з якога паспрабуй цяпер выцягнуць ногі...
Беркут усё яшчэ спаў, нягледзячы ні на холад, ні на тое, што воз валюхаўся на траскіх, расшэйганых каляінах.
Ля скрыжавання дарог стаялі тры дубы. Кволы пад шэлест амярцвелага на дрэвах лісця перасек гранічку і спыніў каня.
Вылазь! пырнуў ён пугаўём Беркута у плячо.
Той імгненна праханіўся і гэтак жа імгненна ўцяміў, чаму перарваўся яго сон.
Кажаш, прыехалі? Беркут стаў на адно калена, абцягнуў на сабе скуранку, паправіў на галаве кепку, саскочыў з воза, яшчэ трымаючыся за край скрыні. To бувай.
Ен працягнуў руку на развітанне.
Трымай свае брудныя рукі пры сабе! з гневам сказаў Кволы і тузануў лейцамі каня.
Беркут, аднак, перахапіў лейцы.
Цю-цю-цю! падражніўся ён. He спяшайся, дзетка, у рай, пабудзь у пекле. He забудзь, як ты гэтымі бруднымі рукамі грошыкі здабыў.
Ах вось як, мой ты карміцель, Кволы энергічна расхінуў на сабе плашч-палатку і, падымаючы крыссё ватоўкі, пацягнуў з-пад рэменя рубашку. Ён выхапіў цэлую кучу цёплых ад жывата грошай і шпурнуў іх Беркуту ў твар. На, жары!
Беркут ніяк не чакаў такога ўчынку. Ен запознена выпусціў лейцы з рук, затуліцца не паспеў, як не паспеў затрымаць ніводнага рубля грошы нібы аплявухай шлёпнулі яму па твары, рассыпаліся і, падхопленыя моцным парывам ветру, зніклі ў вячэрнім змроку.
Тым часам і Кволы з канём і возам таксама нырнуў у змрок. Беркут кінуўся быў удагонку, каб зрабіць Кволага шоўкавым, але падвярнуў нагу. Ен застагнаў, сціскаючы ад злосці кулакі... Дадому Беркут вяртаўся кульгаючы.
АБРАЗКІ
ПАЦАЛУНАК
У шпіталі трызніў смяротна паранены воін. «Ларыса! Ларыса! Ла-ры-са»паўтараў ён імя любай збялелымі сасмаглымі вуснамі.
Параненага першая пачула санітарка, яна і паклікала медсястру, у якой было якраз такое імя, якое пачулася з вуснаў салдата:
Ларыса, хутчэй сюды!
Медсястра жвава падышла да няшчаснага байца.
Што, мілы? Я з табой! дрыготкі дзявочы голас прагучаў так ласкава, так сардэчна, што ў параненага не засталося сумнення: поруч з ім каханая, якую ён, калі выпраўляўся на фронт, не пацалаваў: у вялікага пачуцця не знайшлося тады рашучасці.
Пацалуй мяне, папрасіў юнак, не ў стане падняць вейкі вачэй.
Hi ён, ні медсястра ні з кім яшчэ не цалаваліся.
Ларыса нахілілася да схуднелага бязвусага твару юнака і па-дзіцячы прытулілася вуснамі да вуснаў.
Баец паміраў лёгка, што засведчыў выраз твару як бы з невымоўна-затоенаю ўсмешкаю. Збавенне ад пякельнага болю прыйшло з радасцю першага і апошняга пацалунка.
«...БЫЎ БЫ НЕЦІКАВЫ ДЗЯЎЧАТАМ»
Вячаслаў на фронце ваяваў у складзе 58-й матарызаванай брыгады аўтаматчыкаў на танку Т-34. У верасні 1944 года ўдзельнічаў у баях на Нараўскім плацдарме (найменнеад рэчкі Нараў, што ўпадае ў Віслу).
Доўгі час яму шанцавала. Вось і ў часе пераправы па падводным мосце ён ацалеў, у той час як асколкамі варожых снарадаў параніла абодвух аўтаматчыкаў, што сядзелі поруч, аднаго ў плячо, другога ў нагу. Аднак пасля пераправы і яго не абышлі асколкі: дробныя ўпіліся ў нагу, а яшчэ адзін, больш буйны, у пахвіну.
Здарылася гэта ля вёскі Цэпяліны.
Пакуль выносілі з поля бою, салдат сцёк крывёю, пальцы звяло, зубы сашчапіліся. «Ну, усё, падумалася вайскоўцу, гэта смерць». Але пасля таго, як улілі ў вену донарскую кроў, ён ажыў, стала горача...
Паранены пасля палявога шпіталя трапіў у эвакашпіталь. Хірург Юлія Аляксандраўна ў той дзень зрабіла сорак аперацый. Аўтаматчык быў дваццаць пяты. Папрасіў, каб зрабілі мясцовы наркоз. Хірург пагадзілася, але пасля таго, як ён дазволіў сабе ў часе аперацыі пажартаваць: «О, бачу, добрыя кавалкі выразаеце!», зазлавала і загадала анестэзіёлагу: «Зрабіце агульны наркоз!»
Пасля аперацыі, калі баец ачуняў, хірург, жанчына бальзакаўскага ўзросту, успомніла ягоны жарт і сама пажартавала:
Ну, малады чалавек, асколак, лічы, прамазаў. Бо, калі б на адзін сантыметр ніжэй трапіў ты быў бы нецікавы дзяўчатам.
Ветэран вайны і працы з некалькімі асколкамі ў назе дажыў да свайго 90-годдзя. Святкаваць юбілей прыйшлі сын, нявестка, дачка, зяць і ўжо дарослыя ўнукі, а яшчэ суседзі і настаўнікі школы, дзе ён пасля вайны ажно пяць дзясяткаў гадоў выкладаў родную мову. Юбіляр, як звычайна, распавядаў цікавыя гісторыі са свайго школьнага і даўнейшага вайсковага жыцця. Але ні тады, ні раней і ні
пазнен ніхто, апрача жонкі, не пачуу ад яго пра тое, як яму, цяжка параненаму, пашанцавала на вайне...
МАЛЫ РОСТ ВЫРУЧЫЎ
...1938 год. Інтэрнат педвучэльні. Вечарынка. Юныя хлопцы і дзяўчаты ў вялікай зале танчаць беларускія танцы; тыя, што не танчаць, стаяць бліжэй да гарманіста. Хто на яго пазірае, хто на танцораў; у бліжнім ад уваходу куце моладзь утварыла кружочак, гамоніць. На фоне вядомых мелодыяў чуваць то смех, то рэплікі, то ажыўленая гамана. Пануе скрозь родная мова.
Гэй, малы! На выхад! раптам паклікалі аднакурснікі Вячаслава, светлавалосага хлопца.
Вячаслаў, які даўно змірыўся з такой мянушкаю, бо на сваім трэцім курсе ён самы малы, азірнуўся на выкрык і зразумеў: яго чагось выклікае дырэктар. Вунь жа ля дзвярэй, як скала, стаіць ён, мажны, рослы і смуглы.
Табе як выдатніку і рэдактару насценнай газеты даручаецца важнае заданне, сказаў дырэктар навучэнцу і тыцнуў яму ў рукі аркуш паперы з выразным доўгім спісам, які сваёй формаю нагадваў верш.
Вячаслаў адразу заўважыў прозвішчы аднакурснікаў, a пад спісам нейкі адрас.
Кеміш? працягваў дырэктар. Неадкладна збірайцеся і прыходзьце на збор. Гэта вельмі адказна... Дзейнічай! Трыццаць юнакоў сустрэў, сыходзячы з ганка, чорны гэпэушнік у чорных галіфэ і чорнай скураной тужурцы. Ён лёгкім жэстам рукі паказаў у бок двара і сам пайшоў туды паперадзе моладзі. Праз колькі хвілінаў будучыя настаўнікі ўжо стаялі ў калоне поруч з рабочымі, якіх тут было ўдвая болып. Вячаслаў з ростам метр шэсцьдзясят замыкаў сваю калону. Ён бачыў, як гэпэушнік браў двух дарослых і аднаго навучэнца ды падводзіў іх да чарговага грузавіка, у кабіне якога ўжо сядзеў нехта ўзброены. Як толькі тройка «дабравольцаў» размяшчалася ў кузаве, ён падаваў шафёру знак, і машына адпраўлялася.
Набор спыніўся на юнаку, што стаяў трэці з канца калоны.
Усе машыны адпраўлены, гэпэушнік звярнуўся да тых, што засталіся. Вам ехаць не давядзецца. Толькі папярэджваю: пра гэты збор нікому ні слова!..
Як высветлілася, у вёскі, дзе людзі свету белага не бачылі за працай, пасылалі машыны, каб забіраць так званых «ворагаў народа», колькасць якіх загадзя дыктавалася мясцовым уладам зверху. Людзі хаваліся хто дзе мог у падпеччы, на гарышчы, у сене, але ж іх усіх знаходзілі і забіралі.
«Малы» пачуў, што і ў яго родным сяле забралі сем чалавек. I калі б ён прыехаў сюды разам з гэпэушнікам, то пасля, пры сустрэчы з землякамі, даводзілася б у сабакі пазычаць вочы... На шчасце, гэта не здарылася: дапамог малы рост.
«ЖЫЎ-БЫЎ ЦЯГНІК...»
У вагоне маленькі бялявы хлопчык ніяк не хацеў засынаць на руках у маці, сімпатычнай модніцы. «Спі, сказала! крычала яна. Нам далёка ехаць!» Але такое ўнушэнне не дасягала мэты, малы яшчэ болып капрызіў і плакаў.
Тут хлопчыка ўзяў на рукі ягоны бацька, кучаравы, з маленькімі тонкімі вусікамі малады чалавек, апрануты ў блакітныя джынсы і тэніску. Ён лёгкім дотыкам вуснаў пацалаваў дзіця ў галаву і пачаў расказваць яму казку. Чуваць было слаба: заміналі чужыя галасы ды грукат колаў, але пачатак казкі пачуўся. «Жыў-быў цягнік, у яго было дзесяць вагонаў і ў кожным вагоне па дзесяць вокнаў» так нечакана свежа і проста пачынаў малады бацька малому сыночку дарожную казку, прыдуманую, пэўна, толькі што, канца якой хутчэй за ўсё яшчэ не ведаў і сам. Зрэшты, яму дапамагаў малы: ён перастаў плакаць і раз-пораз пытаўся пра нешта. На ягоныя пытанні бацька адказваў з усмешкаю. Пасля ён даў малому булачку Той з апетытам еў, а неўзабаве пачаў пазяхаць і засынаць. Гэтак жа, як яшчэ нядаўна дзіцяці перадавалася мацярынская нервовасць, зараз перадаўся бацькаў супакой.
СТРАТА
Перад Калядамі муж не атрымаў заробку, а дужа хацеў купіць жонцы дарунак. У яе сапсаваўся наручны гадзіннік. Чым плаціць за рамонт, лепш набыць новенькі хоць бы з нагоды свята. Суботнім днём ішоў ён да свайго даўняга сябра пазычыць грошай, каб неўзабаве справіць пакупку.
Праходзячы паўз краму, зірнуў на нешырокі ганак і здзівіўся, бо на ніжняй прыступцы блішчаў на снезе жоўты гадзіннічак з жоўтым бранзалетам, такі маленькі і далікатны, чымсьці падобны на талісманчык. Было зразумела: ён зляцеў яўна з жаночае рукі. Мужчына падняў знаходку. Першая думка прыйшла: трэба гадзіннік занесці ў краму, пакласці навідавоку ля касіркі: мо забяжыць ягоная гаспадыня, будзе, хвалюючыся, казаць пра сваю страту, пытацца, ці ніхто не знайшоў пасеяную ёю рэч. Ды ён хутка прызнаў недасканалаю сваю думку, бо незнаёмая касірка магла прысвоіць яго знаходку, яшчэ й назваць яго моўчкі дурнем.
Ён паклаў гадзіннік у кішэню, панёс дамоў паказаць жонцы. Спадабаецца то няхай носіць.
Жонка ўпадабала знаходку, асабліва бранзалет.
Увечары да іх завітала замужняя дачка. Як толькі скінула з плеч дублёнку, жвавенька пачала, ззяючы ад радасці, паказваць новенькі гадзіннік, што ўпрыгожваў яе левую руку.
-	Вам падабаецца? пыталася ў бацькоў. Швейцарскі, каштуе пяцьсот еўра.