Арабінавая ноч  Васіль Жуковіч

Арабінавая ноч

Васіль Жуковіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 192с.
Мінск 2015
38.75 МБ
2
Дарагі дзядуля Мікола! Ты пішаш, твая няволя пачалася пасля таго, як адмовіўся пайсці на службу немцам у паліцыю. Бацька твой, чалавек, як кажуць, біты, які падлеткам бачыў і расейскіх і нямецкіх вайскоўцаў, удзельнікаў Першае сусветнае вайны, прадбачыў, чым абернецца твая нязгода служыць гітлераўцам, ён папярэдзіў: «Цяпер чакай начных гасцей...» Кажаш, няпрошаныя госці з’явіліся, не запыліліся. Ты, як і маці, прачнуўся ад несупыннага сабачага брэху, які хутка перайшоў у скавытанне. Ты адарваў ад падушкі галаву і ўбачыў: па акне, якое выходзіла ў сад, слізгануў нейкі цень. Гэта на ўсялякі выпадак там прашмыгнуў стараста: a раптам надумаеш уцякаць праз адчыненае акно! Амаль у тую ж хвіліну моцна заторгаліся ў сенцах дзверы гэтак пра свой візіт заявіў сам начальнік паліцыі Бронек Катаеўскі. Калі бацька адчыніў дзверы, ён, доўгі, як аглобля, і нязграбны, увайшоў праз сенцы ў хату, не вітаючыся, а за ім парог пераступіў і стараста, выціраючы кепкаю лоб ды бліскаючы ранняю лысінаю.
Ёсць загад, панімаеш, адправіць у Германію вашага сына Мікалая,ківаючы доўгаю, як у каня, галавою ў такт
прамоўленым словам, сказаў Катаеўскі. Даем, панімаеш, пятнаццаць хвілінаў на зборы.
Пакуль ты збіраўся, апранаў даматканыя нагавіцы, кашулю, зялёны пінжак са стаячым каўнерыкам, перашыты з бацькавага кіцеля, у якім ён вярнуўся з польскага войска, лёгкую кепачку, пакуль збіраў дробныя асабістыя рэчы, твая маці, плачучы, напаўняла торбачку хлебам, салам, часнаком, цыбуляю. Яна пакутавала, бо цябе, юнага, забіраюць невядома куды і на які тэрмін, адно вядома, што ў Нямеччыну. «А больш за ўсё, ты пішаш, трывожыла яе, напэўна, тое, як я, не бывалы, не цёрты між людзей, змагу перажыць расстанне з сям’ёй, чужыну, няволю і, галоўнае, ці не загіну». Ты сэрцам адчуў матчыны хваляванні і, стараючыся яе супакоіць, сказаў:
He плачце, мама, я хутка вярнуся.
Яна, худзенысая, абняла цябе і яшчэ болып расплакалася, пасля, выціраючы далонямі твар, выдыхнула:
Беражы, сынок, сябе! I няхай ахоўвае цябе святы Бог і Багародзіца.
Яна адвіхнулася да покуці і за вялікім абразом дастала маленечкі, вярнулася і ўручыла яго табе, перахрысціла на дарогу і дала наказ:
-	Насі яго, родненькі, заўшы з сабою.
Падышоў бацька. Гледзячы табе ў вочы, стараўся цябе супакоіць:
-	Ты не вельмі бойся. Гэта не на фронт і не ў астрог; папрацуеш і вернешся. He прападзеш.
Твае малодшыя брат і тры сястры яшчэ спалі.
Пасля твайго развітання з роднымі цябе паліцай і стараста вялі пад канвоем па сяле на світанку да будынку жандармерыі. Пакуль вялі, ты многа думак перадумаў. Тваю душу перапаўняла пачуццё ростані з родным кутом і трывога за будучыню. Тваёй вольналюбівай натуры цяжка было змірыцца з гвалтам, учыненым над табою вернымі паслугачамі акупантаў. Аднак ты разумеў: выпрабаванне тваё толькі пачалося. «У свеце ідзе вайна, думаў ты, такія, як я, хлопцы, толькі што ў салдацкіх мундзірах, недзе падаюць,
як трава пад касою. Са мною гэтаксама можа здарыцца ўсялякае. Маладому здароваму і дужаму, несправядліва, нават абсурдна загінуць, тым больш загінуць недарэчна, выпадкова. У баі ўсё інакш, бо ў руках зброя і ты можаш абараніць сябе, і не толькі сябе. А ў чужых, у варожых руках цалкам залежны ад ступені чалавечай жорсткасці. Што да Божае ласкі-літасці, то яе неяк трэба заслужыць А як?..» Далей, мой дарагі, ты разважаў пра сваіх бацьку і маці: яны многа працуюць, жывуць сумленна, нікога не крыўдзяць, маці набожная, ды асабліваю аховаю Усявышняга, па ўсім відаць, яны не забяспечаны. Маці пасля смерці дзвюх маленькіх дачушак ледзь не памерла сама ў трыццаць восем гадоў ад двухбаковага запалення лёгкіх. А бацьку паклёпнікі ледзьве не давялі да магілы. Прытым двойчы: як пры саветах, у трыццаць дзявятым годзе, так і пры немцах, у сорак другім.
У 1939 годзе, калі ў былой Заходняй Беларусі ўсталявалася жорсткая, здзеклівая савецкая ўлада, да яе адразу прыклеіліся п’яніцы, злодзеі, гультаі. Недзе чытаў, мабыць, у Васіля Быкава: «Якая ідэя, такія і прыстасаванцы да яе». Яны зайздросцілі добрым гаспадарам, якім быў і твой бацька, таму шкодзілі ім. Зладзюгі Пацукі (бацька і сын) пад’юдзілі Паўла Шуляка, Івана Трутня і Георгія Тхара (нейкія надта гаваркія прозвішчы ў тваім сяле, хутчэй за ўсё гэта мянушкі) разам з імі накляпаць на твайго бацьку, выдатнага на ўсю ваколіцу бондара і цеслю, а яшчэ й пчаляра. I дружна сфабрыкавалі данос: быццам у яго ёсць нямецкая вінтоўка і наган і што да яго многа наязджае падазроных незнаёмцаў, якіх ён настройвае супраць улады бальшавікоў, праводзіць прапаганду і агітацыю за стварэнне контррэвалюцыйнай арганізацыі. Паклёпнікі прасілі ліквідаваць яўнага ворага народа. Накіравалі ліст у органы дзяржаўнае бяспекі. I жнівеньскаю ноччу твайго, дзядуля, бацьку майго прадзеда, з якім ты начаваў на сене ў клуні, забралі тры ўзброеныя тыпы, адвялі ў машыну і адвезлі ў Камянец. Туды падобных «ворагаў» назвозілі, можа, добрую сотню. 3 Камянца яго разам з імі завезлі ў Берасце, у турму. Там ажно восем месяцаў доўжылася следства. Суровыя ўлады ўсё-ткі высветлілі: паказанні
супраць яго ўсе ілжывыя. У сакавіку 1940 года пацярпелага вызвалілі. Начальнік турмы раіў напісаць заяву ў суд дзеля спагнання з кожнага паклёпніка па сем рублёў сутачных за ўвесь тэрмін следства. Ды ён, твой бацька, а мой прадзед, пашкадаваў сваіх злосных крыўдзіцеляў. Як ні дзіўна, ён, невінаваты, баяўся граху. Тыя, што награшылі, не баяліся. He ведаю, як ты, а я паганцаў не пашкадаваў бы.
Ты, мой дзядулька, ідучы пад канвоем, не мог пазбавіцца сумных думак, узгадваў гэтаксама і падзеі нядаўняга часу, якія папярэднічалі твайму захопу. У пачатку лета 1942 года немцы, як ты кажаш, рукамі нашых паслугачоў, якія пры ўсіх уладах шчыравалі ў якасці паклёпнікаў-даносчыкаў, забралі ў вас добра дагледжанага каня і двух адкормнікаў. Трэцяга твой бацька закалоў на патрэбу сям’і, не маючы на тое дазволу акупацыйных уладаў. А таго толькі й чакалі тыя самыя злыдні, што і пры паляках і пры саветах стараліся ўтапіць твайго бацьку. Пацукі першыя перадалі пранюханую навіну Тхару, Тхор Шуляку, а Шуляк, чыя дачка была замужам за старастам, данёс яму, уплывоваму зяцю, а той, адпеты служака, з уведанаю навіною пакланіўся амскамісару, добра ўсведамляючы, чым пахне такі данос. Суровы камісар заявіўся да вас разам з старастам і, пагражаючы пісталетам, запытаўся ў твайго бацькі па-польску, відаць, каб зразумела было:
Забіл вепша?
Бацька адмоўна пахітаў галавою. Камісар і стараста пераглянуліся і давай шукаць свежыну. Ды, як ні шарылі паўсюль, нічога не знайшлі. Бацька іх перахітрыў схаваў надзейна, бо ведаў, што ў вёсцы Гароднікі гэты самы амскамісар застрэліў аднаго гаспадара за падобную правіну...
Твой бацька аніяк не адпомсціў паклёпнікам. Але хіба гэта іх супакоіла? Ніколечкі! Наадварот, падбадзёрыла на новыя «подзвігі». Пасля вайны зноў асабліва запатрабаваліся паклёпы. Зноў, як заўсёды, спеліся Пацукі, Тхор, ТІІуляк і нядаўні стараста (хаўруснікі з яго ледзь не зрабілі героя для новае ўлады: прыдумалі, быццам ён абараняў сяльчанаў і спрыяў партызанам), яны аб’ядналіся супраць твайго
бацькі, накаталі карным уладам, нібыта ён небяспечны контррэвалюцыянер, быў асуджаны ў 1939-м, але ўцёк з турмы. Словам, вораг народа не ліквідаваны і нават не ізаляваны!.. Гэтым разам яго схапілі і без суда прышылі віну. Так ён патрапіў у Горкаўскую вобласць, на Сухабязводную станцыю. Працаваў пяць гадоў на лесапавале, і толькі хвароба дапамагла вярнуцца на волю, але без права пасялення на радзіме... Дзякуй, што ты і пра гэта распавёў на сваіх нетаропкіх аркушах.
Па-ранейшаму ў цяжкіх роздумах ты набліжаўся да цэнтра сяла, дзе размяшчалася нямецкая жандармерыя. Праходзячы ля сядзібы Трахіма Конана, ты павярнуў галаву на маладыя бярозкі, што стаялі каля варотаў, і заглядзеўся на іх, бо надта хораша выглядалі яны на барве золаку.
Валяй-валяй! вызверыўся Катаеўскі. Круцішся, як быдло, панімаеш. Куды морду адвярнуў? Мо ўцякаць хочаш? Ад нас не ўцячэш!
Ду біст эзэль! агрызнуўся ты наўмысна па-нямецку.
Што ён, панімаеш, вярзе? звярнуўся паліцай да старасты.
Точна не скажу, але штось такое абы-якое.
Катаеўскі на ўсякі выпадак даў табе ў плечы прыкладам штурхаля:
Вумнік знайшоўся тут, панімаеш!
Хоць сам, дзядуля, ты зарабіў штурхаля, затое мне памазаў мёдам па сэрцы: як жа дарэчы ты ахрысціў яго, тупога прыслугача, аслом! Вядома ж, мне прыйшлася даспадобы твая думка пра тое, што не прадаў ты сваю душу, не пагадзіўся пайсці ў зграю Катаеўскага. He толькі думка, вядома, a найперш сам факт. Я ганаруся, дзядуля, табою і тваім бацькам, а маім дзедам, які ні да якіх уладаў не прымазваўся, ворагам не служыў. Шкада толькі, што і ён, і ты многа цярпелі ад савецкае ўлады. А душу маю, мушу прызнацца, гняце сорам за твайго дзеда, а майго прапрадзеда. Аказваецца, як пішаш ты, ён, Іван Іванавіч, пад Петразаводскам у 1886 годзе служыў у войску ў генерала Мураўёва ардынарцам. Божа мой, яшчэ жыве нейкая долечка спадзявання, што мо
гэта быў не той Мураўёў-вешальнік, закляты вораг нашае Бацькаўшчыны, які прысланы быў сюды падаўляць рух за свабоду і які, лічы, накінуў пятлю на шыю нашага незабыўнага народнага героя, кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага. Калі ж то быў менавіта той самы Мураўёў і мой прапрадзед хоць бы паіў ягонага каня, а больш нічым сябе не запляміў, я ўсё адно пажыццёва буду на зямлі гарэць у пекле ганьбы. А ён, непісьменны сірата, напэўна, ганарыўся тым, што кат абвясціў яму падзяку за добрую службу. Адным словам, дэталёва займуся звесткамі пра вайсковую службу прапрадзеда, а яшчэ грунтоўна сваім генеалагічным дрэвам.
Ідучы, дзядуля, у сваіх думках скрозь за табою, бачу цябе ўжо ля будынка жандармерыі, на зборным пункце, куды назганялі чалавек пяцьдзясят хлопцаў і дзяўчатаў. I вось па брукаванцы, у суправаджэнні фурманак з паліцаямі, усіх вас пагналі праз Каралёў Мост і праз пушчу на чыгуначную станцыю Белавежу.
Мне цікава, што ты, ідучы па брукаванцы, узгадваў, як у верасні 1939 года ў цэнтры сяла пачалася страляніна. Было табе пятнаццаць гадоў, і ты, дапытлівы і бясстрашны, пабег туды. Там даведаўся, што з Белавежскае пушчы былі прыскакалі ў сяло польскія кавалерысты, чалавек дваццаць. Іх ласкава сустрэла камендантка: