Арабінавая ноч  Васіль Жуковіч

Арабінавая ноч

Васіль Жуковіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 192с.
Мінск 2015
38.75 МБ
Калі, дзядуля, глянуць на незалежнасць па-філасофску, то лёгка заўважыць: абсалютнае незалежнасці няма. Кожны чалавек ад слугі і ажно да караля, цара, прэзідэнта залежны. Табе змалку, як і ўсім дзецям, даводзілася выконваць бацькаву і матчыну волю, але гэта ішло на карысць усёй сям’і. Цябе ў польскай гімназіі, якую не паспеў скончыць, прымушалі паспяхова вучыцца і прыстойна паводзіць сябе, быць акуратным (часам давалі дубчыкам па руках!), то гэта спрыяла тваёй адукацыі і выхаванню, выпрацоўвала пэўную ступень адказнасці. I як тут не ўсведамляць: ад таго, што ты будзеш ішачыць на чужынцаў, ні табе самому, ні тваёй сям’і, ні Бацькаўшчыне аніякай карысці. 3 такімі думкамі, мой дзядулечка, ты вылазіў з брычкі.
Дарагі мой! Я люблю разважаць, асабліва калі атрымаю зарад ад твайго пісьма. Ты стымулюеш і сілкуеш энергію майго мыслення. Вось я, працягваючы тваю думку, скажу: чалавечая залежнасць пачынаецца нават не ад нараджэння чалавека, а раней, яшчэ ў чэраве, ва ўлонні маці, калі ён пупавінаю звязаны з ёю. Чалавек-зародак цалкам залежны ад той, каторая яго носіць пад сэрцам, корміць, люляе ў сабе. Ад таго ж, як жанчына выношвае і чым корміць, і ад таго, як песціць у думках сваіх яшчэ ненароджанае дзіцё, залежыць тое, наколькі паспяховы атрымаецца з яго дойлід свайго жыцця.
Залежны чалавек і ад таго, якія былі ягоныя дзяды і прадзеды, бабулі ды прабабулі, словам, продкі... I да нараджэння, і па нараджэнні, і далей-далей усё сваё жыццё па дадзенай Богам дарозе ад матчынага чэрава, ад калыскі і аж да труны, да магілы ён залежны. Залежнасць падрастаючага і дарослага, сталага чалавека вынікае і з таго, у якой краіне ён з’явіўся на свет, ад таго, хто стаўся ягонымі выхавальнікам і настаўнікам, школьным бібліятэкарам, хто і як ахоўваў яго ад недарэчных і выпадковых выбараў і крокаў.
Як жа тады фармуецца чалавечая незалежнасць, свабода, моц духу? Цяжка сказаць, што тут галоўнае, але зразумела: усё важнае, тое нават, пад якою зоркаю, пад якім знакам задыяка народжаны чалавек. Аднак, думаю, вызначальным фактарам з’яўляецца самаадукацыя і самавыхаванне. Як бы ні было, ты выхаваў у сабе моцны дух, прагу справядлівасці і арганічную патрэбу ўмяшання ў свой лёс, каб змяніць яго да лепшага.
4
Ты, дзядуля, падрабязна пішаш пра сядзібу, куды цябе прывяла ваенная пуцявіна. Намаляваў з краю аркуша яе план, нават дарогу перад жылым домам і садовыя дрэвы наўкруг яго, і гэта мне даспадобы: хачу ведаць, дзе пабываў і што перажыў мой любімы чалавек. Бачу хлебную стадолу, размешчаную літарай г, яна цягнецца ўдаўжкі больш за сто метраў. Хлеў для ўтрымання хатняе жывёлы, гэтаксама доўгі і шырокі, ты паказаў у форме літары п. На ўсіх пабудовах дахі з чырвонае чарапіцы.
Баўэр жыў з жонкаю і дзвюма дочкамі ў раскошным двухпаверхавым доме. Ім прыслужваў адзін немец, імя якога ніхто не называў, быццам і не было таго імя. Гаспадары і іх дочкі да яго звярталіся зневажальным словам «кнэхт», што азначае: «лёкай, батрак, халоп». У таго кнэхта ажно чатырох сыноў забралі на фронт, два з іх загінулі ў першы год вайны. Апроч немца-батрака, на баўэра і ягоную сям’ю працавалі два палякі і палячка. Надышла і твая чарга. Цябе, кажаш, пасялі-
лі у цагляным хляве, у прыстасаваным пад жытло куце, адгароджаным ад кормараздатачнага цэха. Сцены і столь былі атынкаваныя, падлога бетанаваная. Вакно паўкруглае, рыхтык у кельі манаха, глядзела ў двор. На драўляным ложку ляжалі пуховыя падушкі і коўдры. Першае ўражанне склалася неблагое: жыць можна. Там ужо пражывалі два палякі, якія трапілі ў палон, калі Германія акупавала Польшчу. Адзін з былых польскіх жаўнераў той самы, што надта завіхаўся ля брычкі баўэра, у якой цябе прывезлі з Аленштайна. Ён, хоць ростам і абліччам нагадаў аднаго твайго добрага сяльчаніна Сёмку Мацкевіча, табе не мог спадабацца за ягонае бязглуздае рабалепства, гатоўнасць разбіцца ў шчэпкі пры выкананні любога загаду. Затое ў другім паляку ты адчуў сябра, і вы з ім адразу пазнаёміліся. «Кемпка Вальдак», назваўся ён, абняўшы сваёй цёплаю далонню тваю далонь. Кажаш, быў ён старэйшы за цябе гадоў на дзесяць, даволі глыбокія залысіны прыкметна прарэдзілі некалі пышную шавялюру. Вочы цёмна-карыя ахоўвалі нейкую таямніцу. Сваім абліччам ён табе нагадваў адважнага рыцара. Потым аказалася для цябе нечаканасцю, што ён непісьменны, і ты ад яго імя складаў лісты яго родным і зачытваў яму тыя, што прыходзілі з ягонае радзімы.
Між іншым, скажу табе, дзядуля, што і мне даводзілася па просьбе знаёмых пажылых людзей занатоўваць іхнія думкі і ад іх імя пасылаць лісты-скаргі ў розныя ўладныя інстанцыі, у тым ліку у самую высокуіо. Ды яны, бабулі і дзяды, усё больш расчароўваліся ў начальніках, таму сталі зацята маўчаць. А было прыемна, калі людзі давяралі тое, што іх надта хвалюе.
Ты пішаш, да вашае хлапечае польскамоўнае кампаніі вечарамі далучалася сямнаццацігадовая Марыська, яна любіла «порозмавяць» пра жыццё-быццё з «хлопакамі». У іх, палякаў (і ў гэтае юнае асобы, і тым больш у былых жаўнераў, каму давялося панюхаць пораху нямецка-польскае вайны), скаргаў на лёс набралася цераз край... Аднак Вальдак трымаўся па-мужчынску мужна, стрымліваў залішняе ныццё земляка, стараўся зрэдку жартаваць з Марысяю.
А тады, пасля знаёмства з табою, менавіта ён павёў цябе на кухню (думаю, па даручэнні гаспадароў). На хаду бегла казаў пра гаспадарку: зямлі процьма, дваццаць коней, кароў дойных трыццаць, маладняку дваццаць, свіней дваццаць пяць, курэй ды гусей сто дваццаць. А якая тэхніка! Усяго й не пералічыць: і трактар, і жняяркі, і малацілка, нават станкі, і процьма ўсялякага-рознага інвентару... Ты зразумеў: тут кантавацца з кутка ў куток не атрымаецца, давядзецца запрагацца і цягнуць воз...
Прыкметнае месца ў жылым доме заняла кухня, вялізная, падлога акуратна высцелена пліткамі каляровымі, сцены белымі глазіраванымі. У цэнтры стол, за якім падсілкоўваліся ўсе чужыя (баўэр і сямейнікі харчаваліся ў сталоўцы на другім паверсе). У куце вялікая пліта з масіўным выцяжным металёвым абажурам над ёю.
Цябе, здарожанага і згаладнелага без хатняй ежы, прапанаваная ў кухні вячэра ледзь не званітавала, бо побач з варанаю бульбаю, якую хацелася паспытаць і параўнаць з сваёй, з беларускаю, стаяла ў другой талерцы поліўка з гусінаю варанаю крывёю, там плавалі дзве гусіныя лапы з пазурамі.
Свінске ядло! з горкаю ўсмешкаю сказаў Вальдак, калі ўбачыў, як ты гідліва паглядзеў на тую страву.
Ён, хлопец-аптыміст, правёў з табою кухонную экскурсію, паказаў, так сказаць, побытавую тэхніку цэлы набор зручных прыстасаванняў: хлебарэзку, сокавыціскалку, кававарку, машыну для мыцця посуду...
Цябе, натуральна, апанавала думка пра тое, навошта немцам вайна, калі ў іх высокі ўзровень жыцця. Ты ж не ўлічваў, што войны распачынаюць не народы, а іхнія правадырысамадуры, дыктатары, у каго недалёкі розум, ды неабмежаваная ўлада, гарачыя галовы і брудныя рукі.
Вядома, цябе абурыла, як, напэўна, абурыла б і мяне, абыякавае стаўленне баўэра і ягонае сям’і да прыніжаных і зняважаных, да бяспраўных людзей, перададзеных канкрэтна ў яго распараджэнне. Усе вы і палякі, і ты, беларус, ды і той немец-кнэхт, перажылі маральныя траўмы, і кожнаму з вас пагражала фізічнае і нервовае знясіленне пры
нікчэмным харчаванні. Так рэзка з багаццем фальварка кантраставала ўбогая ежа для ўсіх, сілком прывезеных сюды ў якасці рабочае сілы!
У цябе ніхто не пацікавіўся, не запытаўся, ці спадабалася табе гусіная кроў і ўвогуле, вячэраў ты ці не вячэраў. А назаўтра, з першага ж працоўнага дня, ад цябе патрабавалася максімальная аддача сілаў. Раннім ранкам, пасля пад’ёму a шостай гадзіне, табе ўручылі касу і павялі да жытнёвае нівы: трэ было абкасіць ладны ўчастак перш чым уключыцца ў жніво жняярка. Рыжы ўласнік не пытаўся, ці даводзілася табе касіць. Мабыць, адчуў, што ты пакуль не займеў практыкі кашэння: юнак жа... У тэмпе паказаў: вось так касу трымаць, а вось гэтак цягнуць; давай дзейпічай! Ты пачаў касіць першы, а ён за табою, літаральна ля тваіх пятаў ціснуў так, што здавалася: зараз сваёй касою жарне па тваіх нагах.
Пасля пайшоў новы працэс, нашмат болып напружаны: жняярка збажыну зжынае, а ты павінен за ёю вязаць снапы. Ёсць у баўэра і жнейка, якая сама вяжа снапы, але ад гэтага табе не лягчэй яна прастойвае сапсаваная: праблема рамонту, бо каваль, які працаваў у кузні, добра аснашчанай інструментамі, пайшоў на вайну. I вось сонца пячэ, пот ледзь не засцілае вочы, а над вухам і над душою аднастайныя каманды: «schnell!» (хутка!) ды «schneller!» (хутчэй!) Пры гэтым рыжы паказвае рукою на хмарку, што набліжаецца да сонца. Маўляў, глядзі, дажджом пахне, давай варушыся, мусова да дажджу ўправіцца!..
Такі ж высокі працоўны тэмп патрабаваўся паўсюль, на кожнай рабоце, нанрыклад, на пагрузцы снапоў у полі і загрузцы іх у стадолу. Сноп за снапом ты павенен быў кідаць як на воз, так пасля з воза машынальна, з такім спрытам, які ў цырку дэманструе жанглёр. I як бы ты ні стараўся дагадзіць таўстуну усё адно з яго шырокіх вуснаў зрывалася і гучала быццам на мове кароткае пугі агідна-надакучлівае «шнэль!». Шанцавала больш, калі даручалася табе накарміць і напаіць жывёлу ці адвезці на станцыю намалочанае зерне, а адтуль прывезці мінеральныя ўгнаенні пад будучы ўраджай, тады, вядома, не тырчэў над душою твой апан-
таны эксплуататар і ты не горш спраўляўся з заданнямі без яго ўдзелу і нядрэмнага кантролю. Але такая лафа здаралася вельмі рэдка.
Мне, дзядуля, цікава тое, што ён таксама шмат працаваў. Як на полі ды на сенажаці, так і на сядзібе. Быў, як гаворыцца, на «ты» з палявою тэхнікаю, часам у кузні вырабляў якую-небудзь дэтальку. Нават свіней сам калоў. I дочкі ягоныя не гультаявалі, амаль штодня даілі кароў. Фрау таксама не жыла без клопату, ейная стыхія кухня. Яна табе нагадвала адну багатую хутаранку Міканорчу, такая ж маларослая, хударлявая і цікаўная. Як ты зразумеў, ёй карцела ведаць, чым вы, нявольнікі, дыхаеце. Была скупая. Апраналася амаль заўсёды ў доўгую чорную сукенку, быццам прадчувала паразу сваёй ваяўнічае краіны ў непрадбачана зацяжной і цяжкай кампаніі і перажывала скруху з прычыны немалых стратаў на ўсходніх франтах. Разам з мужам і з дочкамі кожную нядзелю наведвала храм. Кажуць, у салдатаў Гітлера на спражках рамянёў былі словы: «Got mit uns!» (3 намі Бог). Дзіўная логіка весці крывавую сусветную бойню і спадзявацца на Бога, блытаючы святое з сатанінскім! А ты не ўяўляў, як можна наведваць храм і ў той жа час крыўдзіць бліжняга, хоць бы свайго суайчынніка: баўэр, яго жонка і дочкі па-ранейшаму ніколі-ніколі не называлі немца-батрака ягоным імем, ён для іх існаваў толькі як кнэхт. Зрэшты, не чуў ты, каб і палякаў імёны хоць калі ў сям’і баўэра называліся, хоць яны, апроч Марысі, працавалі тут ужо не адзін год. Больш за тое на іх вопратцы, на грудзях і на плячах, меліся жоўтыя нашыўкі з лацінскаю літараю Р.