Арабінавая ноч  Васіль Жуковіч

Арабінавая ноч

Васіль Жуковіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 192с.
Мінск 2015
38.75 МБ
Выняткам з правіла чамусьці быў толькі ты. Цябе баўэр і фрау называлі Ніколаус, а дочкі Ніколь. Відаць, ты ім спадабаўся болып за іншых, можа, лічылі самым дужым ці спрытным працаўніком. Ды цябе гэта не цешыла, бо фізічныя нагрузкі і перагрузкі з цябе ніхто ні разу не зняў і ніхто ні разу смачна не пакарміў. Затое тваё імя гаспадыня засвоіла (вядома, па-свойму) з першага дня. Ты пішаш, зайшла да цябе ў пакой, наблізілася да цябе, наставіла свае рукі ў пальчатках і сказала: «Ніколаус, пакажы мне рукі свае». Так
яна праверыла, ці не прывёз ты з сабою каросту. Пэўна ж, ёй далажылі пра тваю бельска-беластоцкую прыгоду, пра тое, як пасля нейкае мазі цябе доўга мылі-парылі ў Беластоку.
Ты, мой дзядуля, зведаў на чужыне пік жніўнае пары, пякельна-гарачыя, напружаныя, бясконца-доўгія дні збору каласавых.
«Так ішоў час, пішаш ты, кожны наступны дзень быў падобны на папярэдні: праца, праца і праца да знямогі і бясконца жорсткае: «шнэль!» і «шнэлер!». Усё гэта назапашвалася і асядала на душы, рабілася невыносным грузам».
5
Жнівеньскай зорнаю ноччу ты пакінуў фальварак. Сала і хлеб сунуў за пазуху. На плечы наапашкі накінуў пінжак. На галаве не было шапкі, яе запхнуў у кішэню. Загадзя прадумаў: трэба выглядаць так, каб ніхто сустрэчны не западозрыў у табе, юнаку, уцекача. Па шырокім і сухім яры прайшоў метраў чатырыста-пяцьсот і раптам пачуў шум і тупат. Гэта цябе насцярожыла, стала страшнавата, падалося, нехта цябе даганяе, і ты прысеў на траву, прыслухаўся. Хутка ўцяміў, што гэта коні, бо ўспомніў: у немцаў каровы ўсё лета ўтрымліваюцца на пашы і коні пасвяцца па начах. Але, каб пераканацца, што там за жывёла, ты выскачыў з яра, тым самым напалохаў цэлы табун: коні, як ад ваўка, рэзка падаліся ўбок.
Твае ўцёкі толькі пачаліся, і табе падумалася, што, калі на кожным кроку палохацца, дрыжэць, ці не лепш адразу вярнуцца. Але рашэнне тваё было цвёрдае, і ты, помнячы, дзе сонца ўзыходзіць і заходзіць, рушыў на паўднёвы ўсход, бо добра ўяўляў, што менавіта ў такім накірунку знаходзіцца твая родная старонка: ты ж памятаў, твой шлях з дому пралягаў на паўночны захад. Адным словам, пашыбаваў напрасткі.
Аддаляючыся ад фальварка, ты найперш падумаў пра Вальдака, хлопца з-пад Варшавы, з якім дамаўляўся ўцякаць разам і які ў апошні момант рашуча адмовіўся ад уцёкаў.
Спачатку пашкадаваў ты, што не будзе да каго азвацца, з кім параіцца. 3 ім было б камфортна, бо і мову польскую ты ведаў дасканала. Пасля падумаў, што, можа, так і лепш: не будзе з боку баўэра вялікага абурэння; яму, апантанаму прускаму памешчыку, усё адно будзе яшчэ каго падганяць звыклымі камандамі: «schnell» ды «schneller». Вядома, паколькі меней станецца рабочых рук, большая пагрузка ляжа на тых, што засталіся. Ды і гневу больш будзе вылівацца з шырокага рота і лупатых вачэй баўэра на паляка. Але ж сам Вальдак вінаваты: ці то не адважыўся, ці проста паленаваўся. Зрэшты, павінен памякчэць пан гаспадар, бо жніво завяршаецца, напруга паціху спадацьме...
Ты ішоў па чужой зямлі, а ў думках сваіх залятаў на родную: калі падымаўся на горку, узгадваў найперш горку свайго дзяцінства, тую самую, з якой узімку спускаўся на саначках, а ўлетку вучыўся з’язджаць на ровары і, пакуль навучыўся, не раз разбіваў сабе калені ды локці да крыві. А потым успамінаў тыя горкі, ля якіх размяшчаліся хаты Вераб’я і Казака. Пасля, калі апускаўся ў даліну, бачылася табе ўрочышча Дзягцярня паміж Мышлінікавай і Жыгалавай сядзібамі. Дзіўна, але нямецкая зямля сваім рэльефам, а мо, лепш сказаць, хоць нечым нагадвала беларускую.
Прайшоў ты вёрстаў дзесяць, крыху прытаміўся, сеў на прахалодным ад начы полі і, калі прыйшло неадолыіае жаданне прыкархнуць, ты падаслаў пад бок пінжак і хутка адчуў сябе анёлам на белым воблаку... Прачнуўся з узыходам на чыстым бязвоблачным небе ласкавага сонца. Падумалася табе, што яно, ідучы насустрач, вітае сваімі промнямі тваё памкненне на свабоду і перадае прывітанне з тваёй радзімы. Ты падняўся з такім адчуваннем, быццам адпачываў на пуховай пасцелі і нібыта не было працоўнага ўчорашняга дня і амаль бяссоннае прамінулае начы: паспаў жа ты ўсяго гадзінкі паўтары.
Скажу табе, дзядуля, пра адзін выпадак з майго жыцця. не так даўно я сустрэўся ўвечары з адным шахматыстам, такім жа азартным, як і я. Вольнага часу мелі мы процьму, таму распачалі спаборніцтва. Гульня ішла з пераменпым поспехам,
таму стала цікава пазмагацца без аглядкі на час. Мы змагаліся дзве начы запар, толькі пару гадзінаў паспалі ўдзень. Мы былі такія бесклапотныя у сябе ж дома і ў мірны час! Гэта не ідзе ні ў якае параўнанне з тваёй сітуацыяй. Проста я падумаў, што ў юнацтве і вялікія нагрузкі могуць давацца лёгка. Тым больш, мабыць, у экстрэмальных умовах... Мне казаў адзін ветэран, што на фронце воіны, бывала, не спалі начамі, асільвалі цяжкія маршы і вялі зацяжныя баі, часам пілі з балотаў і лужынаў ваду і былі здаровыя, калі толькі асколкі ды кулі абміналі. А як скончылася вайна, нядаўнія салдаты перапаўнялі ўсе шпіталі, лазарэты, лякарні.
Ты, дзядуля, пасля кароткага сну смела прадоўжыў свой маршрут. He маючы ні компаса, ні нават гадзінніка, але дзякуючы сонечнаму надвор’ю ўвесь час лёгка вызначаў арыенцір. He шукаў ні дарог, ні сцежак ішоў палямі, лугамі, балотамі, каб як мага далей паперадзе відаць было. Перасякаў раўніны, узгоркі, даліны, прабіраўся дзе праз пожні і пяскі, дзе праз купіны і канаўкі на тое і даецца бездарожжа.
Кажаш, у цябе па тэрыторыі Усходняе Прусіі, калі б ісці па трасе, было б сто вёрстаў, а ты адмераў нашмат больш, бо ішоў ажно дзесяць дзён. Даводзілася абмінаць-абыходзіць то вёску, то возера, то лес. Найбольшую небяспеку ўтойвалі ў сабе якраз лясныя масівы: там магла аказацца нечаканая пастка. Напароўся на патруля, на гестапаўцаў ці нават на адпачываючых вайскоўцаў лічы, прапаў. Ты ж аніякага не меў дакумента. Затрымаюць такога тыпа на Нямеччыне, пішаш ты, то яшчэ паўбяды. Добра растлумачыш, адкуль ты збег, ну ўкінуць табе дзясятак гарачых ды адправяць туды, дзе быў. Калі ж уцякач без аніякіх дакументаў трапіў у рукі гітлераўскіх малойчыкаў на тэрыторыі Польшчы ці Беларусі, тут яны не разбіраюцца, не чыкаюцца, прымуць за партызана ці проста падазронага і расходуюць як сабаку. Атрымліваецца, чым бліжэй ад дому, тым небяспечней.
Але да роднага кута было яшчэ так далёка! Чужына ёсць чужына: мясціны незнаёмыя. Вось высунуўся ты з-за горкі наперадзе, амаль у цябе пад нагамі, дарога. А тут, як назло, матацыкл, і падзецца няма куды. I ты ідзеш проста,
ні на крок ні ўправа, ні ўлева не адступіўся. На шчасце, міма праехаў за крокаў дваццаць ад цябе нехта са свастыкай на рукаве. «Затрымай мяне той звяруга, пішаш ты, і непрыемнасцяў я займеў бы па самыя вушы».
Праз некалькі хвілінаў ужо спакойна ты пераходзіў шасейку, папраўляючы на плячах скасабочаны свой усё яшчэ прыгожы пінжак, перавёў дыханне і рынуў далей. •
Надвор’е стаяла цудоўнае. Перад табою расхінулася панарама нейкае гаспадаркі. Людзі жалі жыта. А цябе прывабіла ўтульная мясцінка ў лазняку, там прымасціўся, падсілкаваўся хлебам і салам, паляжаў да вечара. Увечары заўважыў, дзе зайшло сонца, каб раніцаю лягчэй вызначыць далейшы арыенцір, і сам сабе пажадаў: «Дабранач!»
6
Я дзіўлюся, дзядуля Мікола, як ты ўсё ж лёгка арыентаваўся на чужой, далёкай ад дому мясцовасці. Скажу табе зараз пра маю нядаўнюю прыгоду. Ты ведаеш, у мяне ёсць яшчэ адзін дзед і яшчэ адна бабуля, гэта мамін бацька Павел і маміна маці Кацярына. У іх ёсць лецішча, вакол якога грыбныя ды ягадныя лясы. Аднаго разу цёплаю ліпеньскаю раніцаю мы з бабуляй Кацярынай пайшлі па чарніцы. Натрапілі на багаты і амаль некрануты ягаднік: на кожным кусточку чарніцаў, буйных, даспелых, салодкіх, больш чым лісточкаў. Раніца ўдалася пагодная: сонца свеціць, яго промні, што прабіваюцца праз галіны соснаў і бярозаў, у росах срабрыстых купаюцца. I птаства шчабеча так гожа! I ўся гэтая ўцеха побач з нашым жытлом: з лецішча ў лес мы прыйшлі хвілінаў за дваццаць. I нам не існуе пытання, у які бок спатрэбіцца ісці, каб вярнуцца дамоў. На небе яснае сонца. Блізка ад нас шырокая сцяжына, што ідзе паралельна з бойкаю асфальтаваю дарогаю, якраз па ёй мы і прытэпалі сюды. Адсюль чуваць, як праносяцца па асфальце машыны.
Але спакойнае надвор’е імкліва пачынае мяняцца. У кронах зашумеў вецер, які ўсё болей заглушаў іншыя гукі. 3 дарогі перастаў даносіцца шум машынаў. Тым часам густыя
свінцовыя хмары завалаклі сонца, наш нязменны касмічны компас і арыенцір. У лесе пацямнела, нібыта надышоў вечар. I мы з бабуляю ўмудрыліся заблукаць у, здавалася, бяскрайняе балота. У які бок ні кідаліся, паўсюль чвякаў пад нагамі мох ды хлюпала багна. Пачынаў даймаць моцны і назойлівы пах багуну. А за нашымі галовамі цягнуўся шлейф настырных, пякучых камароў. Нам стала не да ягад. Ад вялікага жадання знайсці хоць якую сцяжыну мы апынуліся сярод даўно паваленых ураганам ялінаў, соснаў ды бярозаў. Некаторыя камлі нагадвалі шкілеты велізарных дыназаўраў. Да таго ж чуўся пранізлівы крык нейкае птушкі.
Як жа нам, галубок, выбрацца адсюль? разгублена глядзела на мяне бабуля Кацярына. Што ж гэта за насланнё такое, га, дзіцятка?
Выручыў нас мабільнік. Па тэлефоне, які ледзь-ледзь не разрадзіўся ў непрывычным для яго асяроддзі, звязаліся з дзедам Паўлам, які да пенсіі працаваў ляснічым, і ён, добра ведаючы гэты лес, сваімі трапнымі камандамі хутка памог нам выйсці на дарогу, адкуль мы і вярнуліся на лецішча.
Гэтым дробным эпізодам я хачу сказаць пра тое, як няпроста арыентавацца нават у роднай прасторы, калі няма сонца. А ў тваёй, дзядуля, адысеі, трэба думаць, не заўсёды былі сонечныя дні, а ты ж ні разу не збіўся з дарогі. Гэта таксама талент, мой дарагі!
Магчыма, здараліся і навальніцы. Лета іх, так бы мовіць, законная пара. Як жа ты сябе паводзіў у такой стыхіі? Пра гэта нідзе не кажаш. Мабыць, палічыў за дробязь. А я ўспамінаю сябе, чатырнаццацігадовага, у той час, як на тым жа лецішчы дзядулі Паўла і бабулі Кацярыны быў неяк забавіўся ля вогнішча, метраў за сорак ад хаты. Там знянацку наляцела навальніца, і грымнула так блізка, што здалося: роўна над маёю галавою. Я выкінуў з кішэні мабільнік, лёг на зямлю і па-пластунску поўз, бы вужака, бо памятаў з бабулінага расповяду, як загінуў ад маланкі яе аднакурснік, бегучы з вясковае лазні, каб не намокнуць пад ліўнем.