Арабінавая ноч  Васіль Жуковіч

Арабінавая ноч

Васіль Жуковіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 192с.
Мінск 2015
38.75 МБ
Моі жолнежыкі, як я вас чэкалэм!
Паіла, карміла. Ды неўзабаве з-за могліцаў выскачыў, затарахцеў нямецкі танк. Спуджаныя палякі-вайскоўцы павыбягалі на двор, ускочылі на коней, каб даць драпака туды, адкуль прыскакалі. Але да лесу дабрацца ім не ўдалося, бо па іх, уцекачах, няспынна лупілі немцы з гарматы, пакуль усіх не паклалі на дарозе.
Тыя немцы-танкісты пасля расправы з польскімі кавалерыстамі знайшлі калодзеж каля школы, ля якога пілі ваду і частавалі шакаладам дзяцей і падлеткаў, якія, як і ты, упершыню ўбачылі танк і з захапленнем аглядвалі яго з усіх бакоў.
Русішэ кіндэр гутэ кіндэр! усміхаўся, агаляючы шырокія зубы, светлачубы немец, з рук якога і табе дасталася шакаладка.
Ты пішаш, было гэта на Прачыстую, дваццаць першага верасня, што напачатку падалося мне дзіўным, бо Беларусь адзначае дзень свайго уз’яднання, які ў маёй свядомасці атаясамліваўся з днём канчатковага вызвалення, раней сямнаццатага верасня. Але згаданы табою эпізод тадышніх вераснёўскіх падзеяў не выглядае выпадковым, ён, па-мойму, адлюстроўвае тагачасную палітыку саюзнікаў не толькі вядомую савецка-германскую дамову аб ненападзе, заключаную ў ноч з 23 на 24 жніўня 1939 года, якая атрымала назву «пакт РыбентропаМолатава», а й сакрэтны пратакол савецка-германскае змовы. Аказваецца, у дамову ўключылі строга сакрэтны дакумент мапу падзелу Польшчы з подпісам Сталіна, які выступіў ініцыятарам такога падзелу... Дык вось, згодна з тымі жнівеньскімі дамовамі, Германія вызваляла ад палякаў Берасце. Якраз у верасні. У сеціве знайшоў я фотаздымкі сумеснага парада Вермахта і РККА ў Берасці 22 верасня 1939 года ў часе афіцыйнае перадачы горада Брэста і Брэсцкае крэпасці савецкаму боку. Толькі тады, відаць, была ўстаноўленая дэмаркацыйная лінія... Я, дзядуля Мікола, міжволі ўсё больш цікаўлюся палітыкаю, мо таму, што цяпер побач з нашаю краінаю ідзе вайна ліецца кроў на ўсходніх землях Украіны, а Крым ад яе ўжо адрэзалі і намалявалі яго на мапе Расеі. Так што ў дваццаць першым стагоддзі свет ненашмат стаўся больш цывілізаваны. А Зямля дык яшчэ болей стогне ад назапашанае зброі.
Аднак я вяртаюся да твайго вымушанага шляху на чужыну. У той жа дзень вы, юныя нявольнікі, былі на станцыі, дзе паліцаі здалі вас нямецкім уладам. Там і пасадзілі вас, як ты пішаш, у вагон-цялятнік і адправілі ў Бельск. У тым гарадку, які нагадаў табе твой раённы цэнтр, зняволеных маладых людзей набралася ўжо з паўтысячы; хлопцаў і дзяўчатаў раздзялілі на дзве калоны, затым усіх, нібы жывёлу, размясцілі ў нейкім цьмяным памяшканні, падобным да хлява. Дзяўчаты пайшлі ў адны дзверы, а хлопцы, праз
перагародку, у другія. Калі ты пераступіў парог, то ўбачыў людзей, прыгнаных сюды раней. Адны сядзелі, другія ляжалі на саломе, пасцеленай заміж падлогі. Пачаліся новыя знаёмствы. Ты пішаш, пазнаёміўся з цудоўным хлопцам Сярожам Прыбылоўскім. Ен табе распавёў пра вельмі скрушную гісторыю: ягоную вёску, што знаходзілася за восем вёрстаў ад Бельска, немцы спалілі ноччу, а людзей пастралялі. Сярожа ўратаваўся, бо ў тую ноч быў у каханае, якую назваў нявестаю. Яна жыла ў гарадку, там працавала ў немцаў у камендатуры машыністкаю. У хлопца ззялі вочы, калі казаў пра яе красу (яна стройная, пухленькая, кучаравая) і ледзь не плакаў ад вымушанага расстання.
Дзяўчына, калі даведалася, дзе ён апынуўся, змагла яму перадаць нейкую мазь, і ён, усміхаючыся і раз-пораз прыгладжваючы рукою неслухмяную пасму русых сваіх валасоў, якая ўсё спадала на брыво, пахваліўся табе, што варта толькі змазацца тою маззю і немцы адпусцяць, бо на целе з’явяцца прышчы, пачнецца і страшны сверб, гэта будзе падобна на каросту, чаго яны баяцца як агню. I вы паздымалі з сябе рубашкі і нашмаравалі кожны сабе нанач грудзі, рукі, шыю, жывот. He паспелі пераначаваць, як і сверб пачаў даймаць, і прышчы з’явіліся на целе, і вы ад нясцерпнага свербу раздзіралі скуру.
Вядома, ад такога дзейснага сродку, ад вострай рэакцыі вашых арганізмаў на яго вы ўжо зарадаваліся: вось яна, свабода, маўляў, немцы з вамі не стануць цацкацца выправяць зараз жа дадому... Ого, не настолькі яны дурныя, як іх часта малявалі ў нашай літаратуры! Як толькі вы паскардзіліся на заразу, вас неадкладна накіравалі ў Беласток, у нейкую лякарню. А там абстрыглі нагола і распранулі дагала, прынеслі ў вядры чарнаватае мазі і прымусілі грунтоўна змазацца. Сімульнуць не ўдалося. Вы сталі падобныя да чарцей, a пасля лазні-парылкі адчуліся анёламі. Праз суткі вас, няўдалых хітруноў, увапхнулі ў вагон да вашых старых знаёмых па Бельску, і цягнік папёр усіх вас ва Усходнюю Прусію.
Дзверы ў вагонах былі адчыненыя, а ў тамбурах стаялі ўзброеныя нямецкія салдаты і ўздоўж чыгункі паўсюль ля-
жалі запасныя шпалы і рэйкі, так што скакаць з вагона было б вельмі небяспечна.
«Цягнік прайшоў ад Беластока вёрстаў сто і раптам супыніўся, можна сказаць, сярод поля», пішаш, дзядуля, ты. Вы з Сярожам убачылі вялікія горы камянёў, горкі шчэбеню, а далей, метраў за дзвесце ад чыгункі, шмат людзей, якія молатамі раздрабнялі камяні. Праз некалькі хвілінаў паказалася група палонных, чалавек пятнаццаць, іх да цягніка падвялі ўдвух немец у вайсковай форме і падобны да тых жа палонных, толькі даволі гладкі і ўпэўнены, каржакаваты і мускулісты тып. Быў ён у кірзавых ботах. На ім добра сядзелі чырвонаармейскія нагавіцы. На голых грудзях (ці то загараў ён, ці, хутчэй, фарсіў) выразна віднелася татуіроўка вялікі арол, і ты, дзядуля, падумаў, што ён расіянін, які ў немцаў на правах памагатага. Твая здагадка хутка пацвердзілася. Неўзабаве менавіта ён загадваў усім прыведзеным да цягніка залазіць у вагон.
Калі састаў адышоў ад станцыі, ты і Сярожа Прыбылоўскі першыя адазваліся да незнаёмых. Яны ўсе былі змардаваныя і зусім панылыя, на вашыя пытанні адказвалі вельмі неахвотна. Назвалі сябе рускімі ваеннапалоннымі. Ад іх вы яшчэ даведаліся, што яны, як і сотні тых, што засталіся ў Беластоку, ля чыгункі, займаліся катаржнаю працаю трушчылі камяні на шчэбень.
У палонных, што ехалі з вамі, не было нічога з сабою, a ў вас былі клункі з прадуктамі, і вы адчулі, што яны галодныя, таму іх пачаставалі хлебам і салам.
Дарагі дзядуля, мая маці часам кажа, што я «крошкі дзедавы пабраў», гэта значыць, вельмі падобны да цябе. Пэўна, праўду кажа. Толькі ж я, на жаль, да цябе не дарос духам сваім. Але я на тваім месцы гэтаксама падзяліўся б сваёй ежаю з галоднымі і змардаванымі людзьмі.
Я з радасцю прачытаў твае далейшыя радкі, дзе ты пішаш пра тое, што, падсілкаваўшыся, яны, вашыя часовыя спадарожнікі, крыху павесялелі, з вамі пачалі ахвотна размаўляць. I вы пачулі іхнія горкія скаргі на таго размаляванага татуіроўкамі суайчынніка, які разам з імі трапіў у па-
лон, але стаўся памагатым у фашыстаў, здрадзіў сваім. Яны называлі яго гадам, бо здзекаваўся з іх, пільна сачыў, каб ніхто ні хвіліны не пастаяў на працы, прымяняў і лаянку, і фізічную сілу.
3 тваіх словаў, дзядуля, я зразумеў, што і ты разам з ваеннапалоннымі асудзіў таго падлюгу і здрадніка. Я гэтаксама найболып не цярплю ў людзях, апрача вераломства, подласць і здраду, словам, асуджаю ўсялякую шкурную душу. Неяк мне распавёў адзін гулагавец, што былы ягоны сябра рэзка перамяніўся, калі там, у сібірскім сталінскім лагеры, займеў нейкія сабачыя правы. Ён, падымаючы на працу зняволеных, лупіў кіем тых, каторыя цяжка падымаліся. Мабыць, лічыў, што не выжывуць сведкі ягонае жорсткасці.
А вось табе эпізод з майго працоўнага вопыту. Калі адзін прараб наймаў мяне на будоўлю аб’екта, абяцаў за акрэслены фронт работ тысячу даляраў, а калі я справіўся з заданнем, ён налічыў толькі палову абяцанага, матывуючы тым, што давялося ўлічыць непрадбачаныя выдаткі... Такі прыкры выпадак наводзіць мяне на думку ўсё ж пра далейшае навучанне ў ВНУ. He выключана, што свой лёс я звяжу з музычнаю адукацыяй, бо сяды-тады да мяне прыходзяць, нібы спускаюцца з нябёсаў, мелодыі, я нават не паспяваю іх занатоўваць. Мне часам карціць распачаць, нават не маючы кансерваторскае адукацыі, цэлую музычную паэму пра тваё, дагэтуль невядомае мне, жыццё. He, хлушу! Непараўнальна больш узрушальную музыку я стварыў бы на матэрыяле «Алыіійскае балады» Васіля Быкава. He выпадкова ў Яўгена Глебава з’явіўся балет на аснове «Альпійскай сімфоніі-балады»... Але найперш трэба мне набыць паўнавартасную адукацыю.
А што да людскіх учынкаў, дзядуля, то міжволі ўзгадалася мне яшчэ гісторыя пра чалавечае крывадушша, што мяне гэтаксама засмуціла; я лічу, яно мяжуе са здрадаю. У адным рэгіянальным шахматным турніры браў я ўдзел з калегам, які ўвесь час называў мяне сябрам. Тады мы абодва былі першаразраднікі. Ён заўсёды гуляў слабей за мяне. Але пасля таго як мяне, нечакана перамогшы, апярэдзіў на палову бала, пастараўся тайком купіць перамогі ў двух
наступных турах, каб толькі захаваць перавагу нада мною. Няхай бы хоць маўчаў пасля такіх неспартыўных паводзінаў, ды дзе там! Думаючы, што не выкрыецца ягоная чычыкаўска-манілаўская натура і гэтая дробная амаральная здзелка, ён сачыняў мне, быццам абедзве тыя партыі правёў у атакуючым стылі і, маўляў, таму лёгка перамог. Як жа ён мог мяне называць сябрам і частаваць такою порцыяй хлусні! Мне ж прызналіся тыя самыя слабакі ў шахматах і мацакі ў запойных справах, што яны прадалі яму ачкі ў дагаворных партыях за пару пляшак, бо ён не ўтойваў ад іх, што вельмі карціць упершыню ў жыцці, па выніках усяго турніру, абагнаць «свайго сябра». Абагнаць жа мяне яму не ўдалося, бо я ва ўсіх наступных турах атрымаў перамогі, тады як ён ні ў кога больш не змог купіць халяўныя ачкі. Дзівак чалавек: не мог проста парадавацца няхай і выпадковаю перамогаю над мацнейшым за сябе шахматыстам...
Ах, дзядуля, прабач, я развёў доўгую гамонку пра чалавечка, які не варты такой гаворкі. Проста, ведаючы, што шахматы былі і тваёй стыхіяй, дазволіў сабе гэтак паразважаць.
Далей ізноў рухаюся тваім змушаным шляхам. Вось цягнік з вагонамі, напоўненымі рабочаю сілаю, часцінай якое было наканавана стацца табе, дасягнуў зямлі Усходняе Прусіі. Тут ужо напоўніцу павеяла ЗАХАДАМ; сама чыгунка выглядала не так, як у нас: шпалы не драўляныя, а металёвыя, між рэек і шпалаў не пясок, а шчэбень. Праз некалькі станцыяў на даляглядзе заззялі вечаровыя агні горада гэта быў Аленштайн. Калі цягнік пры пероне супыніўся і вагоны апусцелі, вас, нядаўніх пасажыраў, пералічылі і загналі ў двор, абгароджаны шчытным і высокім, метры два з паловаю, плотам. У прыцемку праявіўся, бы негатыў фатаграфіі, невыразны будынак царквы, куды вас, на тваё здзіўленне, і павялі. Пакуль набліжаўся ты да тое царквы, успамінаў прасторны храм у родным сяле і тое, як матуля прыводзіла цябе, падлетка, на споведзь і на прычасце, узгадваў цудоўныя святы Каляды і Вялікдзень, якія маці спраўляла так, як спраўлялі іх дзяды і прадзеды. Калі ж апынуўся ты ў сярэдзіне царквы, як аказалася, былой, то дужа быў здзіўлены: